. .
home
home



"Басовішча-2005": слова пераможцам


Народны фотарэпартаж з Басовішча 2005!




Янак. Tav.Mauzer Для маладых беларускіх музыкантаў "Басовішча" зьяўляецца ці не адзінай магчымасьцю паказаць сваю творчасьць шырокаму колу гледачоў. Але ж самае галоўнае тое, што ўдзел у конкурснай частцы гэтага фэсту для большасьці ўдзельнікаў становіцца сапраўдным штуршком да пачатку прафэсыйнай музычнай кар'еры. Паназіраўшы за музыкантамі спачатку на адборачным канцэрце, а потым і на самім конкурсе можна зразумець, наколькі адказна ставяцца яны да свайго выступу, як яны спадзяюцца на перамогу. У адных дрыжаць рукі, другія стаяць за сцэнай абняўшыся, паўтараючы ў паўголас нейкую вядомую толькі ім мантру...
Перад тым, як апытваць пераможцаў пра іхнія ўражаньні ад конкурсу і пляны на будучыню мы адмыслова пачакалі пару дзён, каб постконкурсныя эмоцыі прайшлі й адказы на пытаньні былі больш абдуманымі й узважанымі.

Узнагароду радыё "Беласток" - права запісу свайго дэбютнага альбому на добраабсталяванай беластоцкай студыі "Rembrant" сёлета атрымаў гурт "Tav.Mauzer". Лідэр гэтай каманды прадставіўся Янкам, адмовіўшыся раскрываць сваё сапраўднае імя й прозьвішча, бо, па ягоных словах, "жывем мы ў такой краіне, дзе лепш назвацца проста Янкам". Свой выступ музыкант ацаніў так: "Мы нармальна адыгралі, канцэрт быў супэр-файным, народ нас прымаў добра". Па словах Янкі тое, што ў іх усё атрымаецца ён зразумеў яшчэ падчас выступу, пабачыўшы як фатограф, што працаваў у гэты час на сцэне узьняў угару вялікі палец.
Imprudence Запісаць альбом "Tav.Mauzer" плянуе ўвесну, так што да наступнага "Басовішча" ён павінен быць ужо гатовы. Ніякіх прапановаў супрацоўніцтва ад выдавецкіх кампаніяў ці лэйблаў музыканты пакуль не атрымлівалі. Грошы, якія яны атрымалі ў якасьці ўзнагароды ад радыё "Палёнія" хлопцы зьбіраюцца банальна прапіць. "Але нейкую рэшту мы усё ж адкладзем на прамоцыю дыска", - жартуе Янка. На заяву журы пра тое, што усе ўзнагароды "Басовішча" зьяўляюцца роўнымі і на конкурсе няма выключна аднаго пераможцы Янка адказаў нахабна: "Мы лепш за ўсіх! Прыехалі хлопцы, невядома адкуль, зь нейкага Магілёву і атрымалі прыз, пра які марыць кожны канкурсант".

Гурт "Imprudеnce" атрымаў узнагароду ад Беларускага аб'яднаньня студэнтаў. Вынікамі конкурсу музыканты гэтай каманды засталіся задаволеныя. "Мне на "Басовішчы" вельмі спадабалася, была вельмі моцная падтрымка публікі, мы адкіўбасілі проста супер!", - сказаў нам прадстаўнік гурта, якога завуць Павал. "Разьмеркаваньне прызоў было цалкам прадказальным, мы разумелі, што нашая музыка не зусім у фармаце "Басовішча" і таму на большае не разьлічвалі", - дадаў ён. Выступ "Tav.Mauzer" Павалу спадабаўся: "Малайцы хлопцы, такое шоў на сцэне зрабілі! Праўда, папрацаваць ім яшчэ з рытм-сэкцыяй трэба".

Зоя. Зьмяя А вось Зоя - вакалістка гурта "Зьмяя" - не задаволеная вынікамі конкурсу. "Я была ў шоку ад таго, што мы не перамаглі!", - гэта было першае што сказала нам Зоя на пытаньне пра ўражаньні ад конкурсу. "Я лічу, што мы занялі трэцяе мейсца! Тое, што ўсе прызы роўныя - лухта! Гэта кажуць для таго, каб ніхто не крыўдаваў", - канстатавала яна. "Ну вы самі падумайце, вось "Indiga" атрымала права на запіс пазалетась - усе кажуць толькі пра "Indiga", у тым годзе гэтую ўзнагароду атрымаў "Тарпач" і ўсе зноў кажуць толькі пра "Тарпач", - працягвае яна. На меркаваньне Зоі, "Зьмяю" засудзілі: "Да нас падыйшоў адзін зь сябраў журы і сказаў, што нам адмыслова зьнялі некалькі балаў за тое, што мы гралі новую праграму. Каму якая розьніца якую праграму я граю? Якое гэта можа мець значэньне пры вынясеньні рашэньня? Нас засудзілі адмыслова". Імя гэтага сябры журы Зоя назваць адмовілася.
Нагадаем, што партал "Тузін Гітоў" таксама быў прадстаўлены ў журы "Басовішча", наш прадстаўнік RWD сказаў на такія словы Зоі наступнае: "Такое ўвогуле не абмяркоўвалася, што нехта граў тую, ці іншую праграму. І што значыць "засудзілі", калі "Зьмяя" ў ліку пераможцаў?!"
Даволі жорстка Зоя адгукаецца пра гурт, які на яе думку перамог. "Tav.Mauzer" увогуле не павінны былі прайсьці адбор! Мне яны зусім не спадабаліся!".
Зоя кажа, што падчас выступу яна вельмі хвалявалася, таксама яна наракае на дрэннае надвор'е: "Вы ж чуеце, я нават зараз хрыплю, вельмі халодна было на "Басовішчы", мы спалі ледзь не на голай зямлі. Я ніколі на канцэртах голас не зрывала, а тут ад надвор'я такое стрэслася". Тыя грошы, што яны атрымалі ў якасьці прызу музыканты плянуюць патраціць на запіс сваіх новых песень: "Але ж запісвацца мы будзем у Беларусі, а гэта зусім не тое".

Ілона Карпюк, вакалістка польскага гурта "5set5", які атрымаў узнагароду ад войта гміны Гарадка вынікамі конкурсу задаволеная і крыўдаваць і не думае. За грошы, якія яны атрымалі за перамогу (гэта 1000 польскіх злотых), музыканты зьбіраюцца запісаць бубны. Але, па словах Ілоны, "нешта застанецца і на кішэнныя выдаткі. Я, прыкладам, дабіраюся на рэпэтыцыі за 40 кілямэтраў на машыне, вось зараз будзе чым разьлічвацца за паліва".

Аляксей Мінчонак
фота: WM, RWD
26.07.2005.



рэкляма. чырвоная й банэрная:





вярнуцца на галоўную разьдзела Басовішча



рэкляма. чырвоная й банэрная:







мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Guda. Афіцыйны сайт гурта



©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпедыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!