|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Рок-Кола. Гурты-ўдзельнікі
«Версия» Рок-гурт «Версия» – гэта калектыў з чатырох музыкаў. 26 кастрычніка 2007 году на фэстывалі «Рок-Кола» будзе прадстаўлена самая апошняя вэрсія складу гурта: Павал Сьляпцоў (вакал, гітара), Сяргей Гарошка (сола-гітара), Дзяніс Ганебны (бас-гітара) і Сяргей Арлоўскі (бубны). На фэстывалі, згодна рэглямэнту, прагучыць тры кампазыцыі. Дзьве першыя песьні, «Спетые» і «Рассвет», – з новай праграмы, якую гурт рыхтуе як сольны канцэрт. Трэцяя песьня «Сверхкомпенсация», з альбома «Век Змеи», перакладзеная на беларускую мову. Аўтар вершаў і музыкі песень – Павал Сьляпцоў. За ўвесь час існаваньня гурта музыкі шмат разоў прымалі ўдзел у розных фэстывалях, канцэртах, шоў-праграмах і сьвятах – усё гэта жыве ў памяці кожнага удзельніка гурта. У новым складзе гурт яшчэ не выступаў на канцэртных пляцоўках, таму галоўным дасягненьнем лідэр каманды лічыць захаваныя якасныя адносіны да музыкі і творчасьці, жаданьне і магчымасьць самарэалізавацца праз гук і словы. Сайт гурта: versiya-group.narod.ru «М. Такси» Гурт «М. Такси» ўтвораны ў 1999 годзе ў Наваполацку. З 2000-га прымаў удзел у канцэртах на гарадзкіх мерапрыемствах. З 2002-га зьяўляецца пастаянным удзельнікам фэстывалю «Рок-Кола». Гурт запісаў два альбома: «Все дела» (2005), «Всем привет» (2007). Wild Heaven У 2003 годзе на фэстывалі «Рок-Кола» выступалі гурты «Гринбус» і «Дисмайлэнд». У грымёрцы перад выступленьнямі Мікалай (гітарыст «Гринбуса») трэніраваўся на песьнях Iron Maiden, да яго падыйшоў вакаліст гурта «Дисмайлэнд». Так нарадзілася ідэя праекту, які б граў музыку ў стылі клясычнага хэві-металу. У 2006 годзе гурты «Гринбус» і Noname перасталі існаваць. Лідэр гурта Noname Аляксандар прапанаваў музыкантам былога «Гринбуса» стварыць новы гурт – Wild Heaven. Сёньня гурт мае ў сваім «архіве» выступленьні ў Полацку, але плянуе большую геаграфію канцэртаў, а таксама запіс альбома. Гурт Wild Heaven зьяўляецца сябрам Наваполацкага рок-клюбу, які знаходзіцца ў будынку ГДК Наваполацка. У Беларусі стыль «хэві-мэтал» прыйшоў у заняпад. Менавіта таму мэтай гурта зьяўляецца адраджэньне цікавасьці моладзі да музыкі ў клясычнай праяве вышэйазначанага стылю, але ў сучаснай інтэрпрэтацыі. «Акропаль» Афіцыйна гурт «Акропаль» утварыўся ў 2001 годзе, у выніку лёсавызначальнага злучэньня двух калектываў у адзін. Элемэнт лёсу прасочваецца ў многім: першая праграма «Фабрика мягких игрушек» была напісаная ў 1994 годзе і сем год чакала свайго часу, асноўны склад гурта амаль не зьмяняўся ўвесь гэты час, і шматлікае іншае, расказваць пра што будзе занадта доўга. Спачатку «Акропаль» задумваўся як арт-калектыў: музыка павінна была злучацца з тэатральнымі пастаноўкамі на сцэне. Менавіта гэты факт тлумачыць дастаткова вялікі першы склад гурта - 9 чалавек. Зь цягам часу падыход да музычнай творчасьці зьмяніўся, але засталося галоўнае – канцэптуальнасць у кожнай праграме. Другая праграма («В двух шагах от жизни») была запісаная і ўбачыла сьвет у 2003-2004 гадох. На жаль, у канцэртным варыянце яна амаль не гучала па шматлікіх прычынах, якія не залежалі ад калектыву. Але галоўнае – гэта быў крок наперад. І не апошні! Гурт імкнуўся да разьвіцьця, што адлюстроўваецца ў яго творчасьці. Новая работа «Дзе вы згубілі мяне?» таму доказ. Канцэптуальная праграма з новым для «Акропаля» падыходам, добрым гукам, зьяўляецца яшчэ й доказам росту калектыву. «Няма межаў для дасканаласьці» – так лічыць гурт. Цяпер у складзе каманды чатыры чалавекі, але гурт гатовы экспэрымэнтаваць. За гэты час калектыў пасьпеў «засьвяціцца» на канцэртах ў гарадох Смалявічы, Жодзіна, Барысаў, Горкі, Крэва, Менск. Выступалі таксама на фэстывалі «Рыбка» ў Карэліі ў 2007 годзе. Tarpach Гурт Tarpach зьявіўся ў Менску вясной 2002 году. Праз год музыкі вырашылі ўзяць удзел у фэстывалі музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Але першая спроба па розных прычынах не прынесла жаданых вынікаў. Паўнавартасны год працы над сабой і музычным матэрыялам прывёў да перамогі гурта на фэстывалі «Басовішча 2004». У якасьці галоўнага падарунку калектыў атрымаў восемдзясят гадзінаў работы ў адной зь лепшых гуказапісваючых студыяў Беластоку. Летам 2005 году Tarpach выпускае свой дэбютны альбом пад назвай «Усё будзе…». Стыль, у якім грае гурт, многія называюць «цяжкім беларускім панкам». Да ўсяго гэтага Tarpach ставіцца па-філязофскі й працягвае расьці й працаваць. У выніку ў сёньняшнім Tarpach ад панку прысутнічаюць толькі невялікія элемэнты, якія вельмі добра й гарманічна падкрэсьліваюць характар і настрой асобных момантаў той ці іншай кампазыцыі. Безумоўна, гурт працягвае граць цяжкую музыку. Але яна стала больш харАктарнай і характЭрнай. Хтосьці чуе ў ёй перавагу metal-core, камусьці чуецца new-metal… «Тое, што мы граем, мы называем crossover, - гаворыць вакалістка Вольга Самусік. – Аднесьці сябе да якога-небудзь напрамку мы й самі не наважыліся б. Арганізатары канцэртаў у Беларусі таксама часта доўга думаюць, зь якімі камандамі нас лепш ставіць: і не „мэталісты“, і рок у яго клясычным выглядзе ня граем…» Ясна адно: музыка гэтага калектыву даволі жорсткая і …упартая. Гэта ж тычыцца й самой каманды. Нездарма ў перакладзе зь беларускай на расейскую «тарпач» азначае «коряга». У гурта Tarpach ёсьць адна на ўсіх мара. Лепш за ўсіх яе агучвае сола-гітарыст Зьміцер Астапук: «Я мару пра тое, каб у якім-небудзь штаце Тэхас які-небудзь каўбой аднойчы ўключыў сваё амэрыканскае радыё, злавіў сваю амэрыканскую хвалю і пачуў там песню БЕЛАРУСКАГА гурта. І прыбалдзеў. І хай гэта будзе нават не Tarpach…» На рахунку калектыву чатыры выступленьні на фэстывалі «Басовішча», канцэрты ў Польшчы, тыднёвы польскі тур, шматлікія выступленьні ў Беларусі. Бліжэйшыя пляны гурта Tarpach – адзьняць два відэа ў Варшаве (на песні «Нечакана» і «Люблю людзей»), а таксама запіс другога альбома й запуск сайта каманды. Вясной 2007 году ў менскім клюбе «Катакомбы» Tarpach разам са сваімі сябрамі (гурты IQ48, Insilica, Partyzone і іншыя) і слухачамі адзначыў сваё пяцігодьдзе. «ДОЩ» «ДОЩ» – свабода, натуральнасьць; тонкая лінія між ласкавасьцю й страсьцю, лёгкасьцю й глыбінёй, любоўю й нянавісьцю; яскравы кактэль з ukr-pop, fank, jazz, прыгатаваны згодна лепшых рэцэптаў украінскіх мэляманаў; гэта прызма, з дапамогай якой можна зазірнуць у таямніцы чалавечага сэрца. «ДОЩ» – гэта чатыры стыхіі: зямля – Юра (Kozluk) і Тарас (Norton) – гітары, агонь – Дзяніс (Maliy) – бубны, вада – Яна Паўлава – вакал, паветра – Жэня (Kompozitor) – тэксты, музыка, клявішы. Кожны канцэрт для гурта – гэта сваеасаблівы інтымны акт, індывідуальная гісторыя адносінаў і абмену энэргетыкай. На іх выступах знойдзецца месца для рамантыкаў і прагматыкаў, панкаў і музычных эстэтаў, для старэйшага пакаленьня зь іх «саўковым» мэнталітэтам і для навамодных клябэраў. Голас «ДОЖДЯ» эмацыйны. Ён заварожвае, акутвае, дае памарыць пра вечнае, напіцца патаемным, сутыкнуцца зь невычарпальнай крыніцай космасу. Пад пульс драйвовых бубнаў, зь лёгкім ветрам джазавых клявішаў і нечаканымі зьяўленьнямі фанкавай гітары, музыка «ДОЖДЯ» падыходзіць як для тэмпэрамэнтных людзей, так і для мэлянхолікаў. Пры ўсім гэтым у гурта атрымліваецца не згубіць пачуцьцё гумару й самаіроніі. Менавіта таму кожнае дзеяньне, якое здараецца на канцэртах, прымушае зьдзіўляцца, суперажываць, сумаваць, кахаць, радавацца, сьмяяцца, адкрывацца разам з калектывам – бачыць усю гаму пачуцьцяў, якая характэрная для кожнага здаровага чалавека. Усе музыканты гурта «ДОЩ» адкрытыя для экспэрымэнтаў у творчасьці, добра ставяцца да крытыкі, сугучныя зь людзьмі, якія не баяцца быць індывідуальнымі. SKYNET Гурт актыўна працуе над праектам «Горад», куды уваходзяць 15 твораў: з адценьнем лёгкага суму, дынамічныя, вясёлыя й сур'ёзныя… Яны робяць гэты праект па-сапраўднаму прыемным для праслухоўвання. Утварыўся гурт SKYNET у лютым 2005 году. І ўжо ў траўні на фэстывалі рок-музыкі, прысьвечаным 60-годзьдзю Перамогі, каманда атрымала дыплём за прафэсійнасьць і дыплём за лепшую музыку ў горадзе Бабруйску. У 2006 годзе адбылася прэзэнтацыя чатырох песень на радыё «Сталіца» ў жывым этэры. У гэтым жа годзе SKYNET выступіў на дзень горада ў Сьветлагорску, на «Дажынках» у горадзе Бабруйску (моладзевая пляцоўка), на сьвяце піва каля Палаца Мастацтваў у Бабруйску. На мінулым фэстывалі «Рок-Кола» бубнач SKYNET стаў лепшым! 2007 год. Выступ на канцэрце «Экспресс в твоём городе» (Рэчыца); сумесны праект у пастаноўцы й выступ ў п'есе «Песочные часы» ў Магілёўскім абласным тэатры драмы й камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск); перамога ў гіт-парадзе «Взлётная полоса» (Гомель); запіс дыска «Молодые голоса Беларуси-2» (Менск); сольны канцэрт сумесна з гуртом «Тяни-Толкай» (Бабруйск); выступ у Рэчыцы на «Дажынках». У верасьні таго ж году SKYNET стаў супэрфіналістамі ў Віцебску, падчас праекту «Большие гастроли ОНТ». 5 кастрычніка музыкі выступілі ў родным Бабруйску на канцэрце, прысьвечаным памяці Віктара Цоя. Cross B. Band Гурт Cross B. Band зьяўляецца адносна маладым на беларускай сцэне. Маладым, бо ўтварыўся ён толькі ў 2006 годзе, а поўнасьцю склад усталяваўся толькі на пачатку 2007 году. Адносна яшчэ і таму, што непасрэдныя яго арганізатары - Слава ды Сяргей - ужо больш за 7 гадоў працуюць разам, і асноўныя традыцыі стылю (гэта значыць блюз і рок-н-рол) яны перанесьлі са свайго папярэдняга гурта (Mary Long). За невялічкі час існаваньня Cross B. Band гурт ужо пасьпела ўпадабаць менская публіка (у асноўным гэта клюбы «Катакомбы», StarClub, Graffiti, а летам гурт нават прымаў удзел у адмысловым фэстывалі «Сандалии на лето», што меў месца быць у Graffiti цягам 5 дзён. Мова песень гурта – ангельская, але беларускамоўныя кампазыцыі таксама прысутнічаюць у багажы Cross B. Band. Стыль нельга акрэсьліць адным словам: гэта і блюз, і рок-н-рол, і фанк. У размовах гурта нават праскоквала назва «агрэсіўны блюз». Склад гурта наступны: Сяргей Сьмірноў (гітара), Вячаслаў Мілаш (бас), Зьміцер Пасюкевіч (бубны), Дар'я Несьцярэнка (вакал), Віталь Шышпаронак (гармонік). «Спрат» «Спрат» – беларускамоўны гурт, які вызначыў вэктар свайго разьвіцьця гады тры таму ў Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце. Першы запіс – песьня «Пахне чабор», а ў 2006 годзе выпушчаны паўнафарматны альбом «Не чакай». Перад прэзэнтацыяй альбома адкрыўся сайт гурта: www.sprat.us. Большасьць выступаў «Спрат» адбываецца ў Берасьці й вобласці. У 2007 годзе гурт браў удзел у конкурснай частцы «Адборышча 2007» і фэстывалі «Sound of Borderland» (Польшча). Склад гурта: Зьміцер Сянько (гітара, вакал), Максім Меляшчук (гітара), Аляксей Сьлізюк (бубны), Сяргей Мікіцюк (бас). Ms Lemon Гурт Ms Lemon арганізаваны ў канцы 2004 году Маратам Шчурэвічам (гітара) і Андрэем Лісоўскім (гітара, вакал). На момант заснаваньня ў склад гурта ўваходзіла яшчэ два музыкі: Зьміцер Ражкоў (бубны) і Сяргей Капацэвіч (бас-гітара). Назвы на той момант каманда ня мела. Ад самага пачатку гралі толькі свае песьні. У сакавіку 2005 году старыя кампазыцыі загучалі па-новаму, што зьвязана са зьяўленьнем у складзе гурта саксафаніста Алега Богута, адзінага, дарэчы кажучы, прафэсійнага музыкі з усяго калектыву. Доўгі час «тапталіся» на месцы. Забываліся старыя песні, зьяўляліся новыя, але да выступаў і запісаў чамусьці не даходзіла. Было некалькі выступаў у студэнцкіх кавярнях, заснаваных на базе ВНУ, і зноў усё заціхала. Так было на працягу двух год. Але рэпэтыцыі працягваліся, узрастаў узровень музыкаў, музыка станавілася больш сьвядомай (маецца на ўвазе форма, стыль, зьмест), сур'ёзнай. Нарэшце стала зразумела, што трымаць сваю музыку ў сабе ўжо немагчыма. Зьявілася першая магчымасьць запісаць некалькі песень, і яна была тут жа выкарыстаная. А са зьяўленнем дэма-запісаў стала лягчэй трапіць на якую-небудзь канцэртную пляцоўку. Так у верасьні 2007 году ў менскім клюбе Step у канцэртнай праграме «Тишка party 2» гурт Ms Lemon паказаў сябе яскравым, арыгінальным, моцным калектывам, першым салодкім плёнам працы якога стаў выхад «на біс». Гэты выступ стаў вялікім стымулам для далейшай працы, а, магчыма, менавіта яго трэба лічыць пунктам адпраўленьня ў сьвет якаснай музыкі. UNIA Гурт UNIA зьявіўся ў 2006 годзе. Свой стыль вызначае проста – фольк-рок. Склад гурта неаднаразова зьмяняўся, і зараз у яго ўваходзіць дзевяць чалавек. Калектыў удзельнічаў у гіт-парадзе «Тузін Гітоў», здымаўся ў адборачным туры «The Global Battle of the Bands», дзе атрымаў высокую адзнаку, але ўжо не ад крытыкаў, а ад прыхільнікаў. Самым галоўным з пакуль што сыграных канцэртаў у Менску музыканты лічаць «Фолк-Безумие». Там яны выступалі на адной сцэне з такімі знакамітымі расейскімі фольк-гуртамі, як Tin Tal, «Тролль Гнёт Ель», а таксама з суайчыннікамі «Гурзуф» і OSIMIRA. У 2007 годзе UNIA заняла 3-е месца на фэстывалі «Басовішча». Зараз удзельнікі гурта рыхтуюцца да здымак кліпа ў Польшчы, працуюць над сайтам, а таксама працуюць у студыі над матэрыялам для дэбютнага альбома, некаторыя песьні зь якога хутка можна будзе пачуць у інтэрнэце й на канцэртах. Dark Deception Сёньняшні Dark Deception у музычным і ідэалягічным пляне кардынальна адрозьніваецца ад таго, зь якога ўсё пачыналася. Зьмянілася музыка й тэматыка лірыкі, склад. Таму зараз тое, чым зьяўляецца гурт, практычна ня мае нічога агульнага з Dark Deception 2002-2005 гадоў. 2002-2003. Назву гурта прапанаваў Дзяніс Лук'яновіч (гітара). Першыя рэпэтыцыі праходзілі ў кватэры Аляксандра Паўлоўскага (гітара, вакал). Там было запісана «Demo 2003». Першы канцэрт праходзіў у Наваполацкім Лядовым палацы «Хімік» (Ігар Мясьнікоў – бас, Аляксандар Паўлоўскі і Дзяніс Лук'яновіч). Хутка гурт пераходзіць з расейскамоўнай на беларускамоўную лірыку. 2004. Дэма Darkness было запісанае на маленькай хатняй студыі, на лецішчы ў Аляксандра Паўлоўскага. Пасьля гэтага Dark Deception граюць на адкрыцьці полацкага клюбу «Пираньи и Револьверы». Потым – «Рок-Кола 2004». Ігар Мясьнікоў ідзе ў войска, а яго месца займае Антон Гіраўка. Потым пакідае гурт і Дзяніс. 2004-2005. Другім гітарыстам становіцца Сяргей Рузікаў, які пазьней прывёў свайго сябра Зьмітра Валодзенку на месца драмэра. У гэты пэрыяд быў запісаны «Апафэоз Распаду», які прагучаў па інтэрнэт-радыё, але так нікуды і не ўвайшоў. 2005-2006. Выступ Dark Deception на «Рок-Кола 2005» паказаў, што прыхільнікаў у гурта шмат (прыз глядацкіх сымпатыяў і выступ ў фінале). Пачынае рыхтавацца новая, больш цікавая праграма са зьменай стылістыкі да DeathCore. Зьяўляецца новы вакаліст Мікіта Купрэйчык. Першыя выступы ў новым складзе з новай праграмай падымаюць гурт на новы ўзровень, і Dark Deception запрашаюць на «Metal Crowd-2006». Зноў зьмяняецца бас-гітарыст. Музыка становіцца лягчэй, але цікавей. Станіслаў Рымкевіч (Denial of Life) вельмі хутка займае вакантнае месца, і празь нейкі час Dark Deception зноў пачынаюць выступаць. Потым – Менск (Winter Breed of Evil Festival), Вялікія Лукі, Расея (Metal Zone Fest і Wings of Destruction). Водгукі фэнаў, журналістаў і крытыкаў пасьля выступаў Dark Deception – толькі самыя лепшыя. «Абвиотура» «Абвиотура» (Растоў-на-Доне/Масква) – калярытны калектыў, які грае этна-кор. У склад гурта ўваходзяць: Павал Лапыгін – песьні, голас, гітара, Андрэй Шэрамет – бас, кампутары, Раман Карабейнікаў – сола-гітара, хомус, Аляксандар Якаўлеў – бубны, пэркусыя, Аляксей Якаўлеў – гук. З 2003 году «Абвиотура» жыве і працуе ў Маскве. Ідэйная аснова, якая прасочваецца ў тэкстах, базуецца на расейскім фальклёры. Музычная стылістыка гурта прайшла шлях ад гітарнага року з элемэнтамі фолька да этна-кора. Сёньня музыка гурта «Абвиотура» – гэта спалучэньне жывых гітар, электронікі, сэмплаў народных інструмэнтаў. Яскравая асаблівасьць аранжыровак – прысутнасьць у кампазыцыях сэмплаў фрагмэнтаў народных песень у аўтэнтычным выкананьні. Гурт любіць выступаць на вялікіх канцэртных пляцоўках, на якіх ладзяць незабыўныя шоў. Менавіта таму яны прымаюць удзел у шматлікіх фэстывалях. Зь вялікай радасьцю гурт «Абвиотура» выступае ў клюбах Масквы («Б-2», «Точка», «SEXTON» і іншыя). Гралі таксама ў клюбах Санкт-Пецярбурга, Валгаграда, Растова-на-Доне, Краснадара, Тулы, Архангельска і іншых. Альбомы й сынглы гурта атрымалі высокія адзнакі журнала «FUZZ». У 2002 і 2003 гадох «Абвиотура» намінавалася на прэмію «FURROR», заснаваную часопісам «FUTURE TV». Аўтарамі аўтарытэтнага інтэрнэт-рэсурса «Наш НеФормат» (www.nneformat.ru) гурт «Абвиотура» быў прызнаны лепшым гуртом 2004 году разам з калектывамі «Гражданская Оборона» і «Телевизор». Гурт атрымаў прэмію «Золотой Архип-2004», заснавальнікам якой стала радыёстанцыя «Наше радио» (Архангельск), у намінацыі «Лепшы іншагародні гурт». Неаднаразова гурт запрашалі для ўдзелу ў сумесных праектах. «Абвиотура» прыняла ўдзел у трыб'юце Уладзімера Маякоўскага «Живой Маяковский» (2005), праекце «Колыбельные Холмов» (2007) і г.д. Кампазыцыі й відэаролікі гурта «Абвиотура» зьяўляюцца ў пастаяннай ратацыі радыёстанцыяў і тэлеканалаў. Aфіцыйны сайт калектыву: www.abviotura.ru the Planets Удзельнікі гурта сьцьвярджаюць, што іх музычныя інтарэсы вельмі рознабаковыя, таму й музыка, якую іграе гурт, даволі разнаплянавая: ад амэрыканскай альтэрнатывы а-ля Tool, Porcupine Tree і Staind да лёгкай мэлядычнасьці A Perfect Circle і Dredge. Аднак гурт ужо напрацаваў свой індывідуальны стыль. Асноўная стаўка робіцца на балядныя матывы. Тэксты песень выключна ангельскамоўныя. Па словах музыкаў, зь іншай мовай іх музыка не стасуецца, тым больш, што вакаліст каманды атрымлівае адукацыю на факультэце замежных моваў ПДУ. Гурт the Planets ужо напрацаваў матэрыял для дэбютнага альбома. Мэляманам жа застаецца толькі чакаць сьвежай музыкі ад маладога ангельскамоўнага гурта. ZATOCZKA На сучаснай беларускай сцэне гурт ZATOCZKA — зьява ўнікальная й неардынарная. Ад пачатку свайго існаваньня праект лічыцца некамэрцыйным і тыпова альтэрнатыўным. ZATOCZKA — гэта сумесь рытмаў панка, ска, дыска й шансона, аздобленая іранічнымі, часам зьедлівымі тэкстамі. Вялікую ўвагу на сваіх канцэртах гурт надае элемэнтам шоў, што дадае выступленьням асаблівую энэргетыку. «У музычным сэнсе мы знаходзімся ў рамках старога добрага брытанскага ска ўзору 80-х – гэта быў росквіт стылю» - заяўляюць удзельнікі гурта. 28 сакавіка гурт ZATOCZKA ўпершыню быў прадстаўлены масквічам у клюбе «Точка». 19-21 ліпеня музыкі пабывалі на «Басовішчы 2007». Зараз гурт працуе над запісам першай плыткі, а таксама чакае запрашэньні на канцэрты ва ўсе гарады Беларусі. Borealis Калектыў заснаваны ў 2005 годзе двума братамі-блізьнятамі Дзянісам і Аляксандрам Лутковымі. Індывідуальны стыль, які выпрацаваў гурт, умоўна можна назваць Progressive Power – гэта сумесь фолка, джаза, хард-кора, блюза... Арыгінальнае гучаньне цяжкай музыкі дапаўняе жаночы вакал. У пачатку 2007 года гурт канчаткова замацаваў свой склад і пачаў канцэртную дзейнасць. На рахунку гурта пакуль толькі два выступы: 3 лютага – канцэрт у клюбе «Арэна» і 18 траўня – Тэатр Юнага Гледача. Матэрыял для гурта пачаў стварацца яшчэ ў пачатку 2004 году, таму музыкі лічаць, што гатовыя да запісу студыйнага альбома. Яго выхад заплянаваны на канец 2007 году. <<< назад да галоўнай старонкі разьдзела Рок-Кола |
|
|