. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за студзень 2004


"P.L.A.N." заводзіць этэр | 15.01.2004 | "Юр'я" на "Еўрабачанні"? | 16.01.2004 | Лепшая "Паравіна" для Вайцюшкевіча | 16.01.2004 | "Ляпіс" у Расеі папулярней за "Песьняроў" | 16.01.2004 | Псіхадэліка ў вучэльні | 19.01.2004 | "R.E.M." і "N.R.M." | 19.01.2004 | Жахі на Першым музычным | 19.01.2004 | "Нэйра дзюбель" распаўся? | 22.01.2004 | Гэнэралы лядовых палацаў | 22.01.2004 | Выключэньне "Юр'і". Падрабязнасьці. | 23.01.2004 |


“P.L.A.N." заводзіць этэр | 15.01.2004 |
Гурт "P.L.A.N." які летась засьведчыў сваю прысутнасьць на беларускім музычным рынку аж двума поўнафарматнымі альбомамі (глядзіце нашую cd.краму), новы год пачаў новымі гучнымі прэм'ерамі: 9 студзеня маштабная перадача Надзеі Кудрэйкі пра "P.L.A.N." прагучала ў этэры Радыё 1 (106,2 FM), а 14 студзеня штодзённая тэлепраграмма "Добрай Раніцы Беларусь" зрабіла зьмястоўную прэзентацыю двух новых песняў калектыву. Гэта ўсё павінна стаць прадвеснікам новых рэлізаў.
Магчыма песьня "Ранішнія адчуваньні" стане пазыўным джынглам перадачы, а "Калядны рок-н-рол", бадай, завяршыў у першы дзень Старого Новага Года, пераможнае шэсьце на хвалях разнастайных электронных мас-мэдыя ("Радыё - 1", "Polonia", "Альфа", БТ).
А "P.L.A.N." ужо працуе над новым альбомам "Песэнкі самотнего беларусіна" песьня зь якога "Туман-бацюхна" 5 тыдняў трымалася ў ліку лідэраў у гіт-парадзе "Наша музыка" на "Альфа радыё", а "Ранішнія адчуваньні" ў гіт-парадзе "Радыё 1".
Вітаўт Мартыненка для Тузіну Гітоў




“Юр’я” на “Еўрабачанні"? | 16.01.2004 |
Вядома, што “Еўрабачанне” – конкурс выключна “папсовы”, і нават крыху болей, існуе спецыфічны стандарт паспяховай песні конкурса “Еўрабачанне”, які тлумачыццца неабходнасцю за тры хвіліны спадабацца большасці жыхароў Еўропы. Таму вельмі здзівіла, што і група “Юр’я”, далёкая ад стандартаў камерцыйнай музыкі, уключылася ў гэтае спаборніцтва.
І вось цяпер ажно дзве песні “Юр’і” трапілі у спіс 15 фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура, і ў ім будуць спрачацца з Аляксандрам Саладухам, Ірынай Дарафеевай, Аляксандрай Гайдук і іншымі.
Калі не ведаць, можна падумаць, што Юрый Выдронак – кіраўнік “Юр’і” – дзеля такой справы стварыў на фальклорным матэрыяле нешта больш даступнае, традыцыйнае, такое як пад час працы ў групе “Палац”. Не, дзве калядныя песні “Калі-чакра” і “А ў лузі” – гэткія ж “нефарматныя” у сучасным разуменні, як і ўсе творы “Юр’і”.
Спадар Выдронак расказвае гісторыю, што ўсё атрымалася выпадкова. Проста ён разносіў па радыёстанцыях свае новыя запісы, а тут убачыў рэкламу па тэлебачанні, што да заканчэння тэрміну падачы заявак на “Еўрабачанне” засталося два дні. Яго маршрут пралягаў якраз недалёка ад Макаёнка, 9 , вось і зайшоў, аддаў песні. І яны трапілі ў фінальны спіс канкурсантаў.
Юрый Выдронак – заўсёдны максімаліст у сваіх памкненнях – упэўнены, што менавіта “Юр’я” павінна прадстаўляць нацыянальную беларускую культуру на конкурсе “Еўрабачання”, каб паказаць усёй Еўропе чаго вартая наша музыка: “Праўда, і фармат, і самі конкурсныя моманты фестывалю нам не істотныя, прываблівае менавіта масавасць аўдыторыі конкурса. Нават калі мы не трапім у Турцыю, то нас пабачыць вялікая беларуская тэлеаўдыторыя. Тым больш, напрыканцы красавіка, незадоўга да фінала ў Турцыі мы якраз будзем выступаць у Стамбуле у якасці гасцей вялікага фестывалю “world-music”. Я лічу, што беларуская песня павінна гучаць толькі на беларускай мове, а не на англійскай, і тым больш рускай. Самымі сур’ёзнымі і дастойнымі канкурэнтамі “Юр’і” я лічу дуэт “Аляксандра і Канстанцін”.
Вось такім чынам нечакана заявіла пра сябе амаль забытая група “Юр’я”. Увесь 2003 год не было ніякіх навін ад калектыву, пасля дэбютнага альбома ў групе адбыліся змены ў саставе. Зараз “Юр’я” – акрамя музыкантаў-інструменталістаў – гэта і дзявочая вакальная група. Сам Выдронак кажа, што ў іх усё выдатна, гэта ўвогуле яму ўласціва – ніколі не здавацца, мець напалеёнаўскія планы і абсалютна фантастычныя творчыя ідэі: ”Так, можна сказаць, што “Юр’я” на некаторы час знікла з вачэй беларускай публікі, сорамна сказаць – у нас за ўвесь год было толькі тры выступленні ў Беларусі. Затое мы пастаянна канцэртуем за мяжой, у асноўным – у Польшчы. А на 2004 год у нас ужо запланаваныя фестывалі ў Турцыі, Германіі, у той жа Польшчы. Адразу пасля Новага года прыйшло запрашэнне з Балгарыі. Шведская фірма прапануе прафесійны тур па Злучаных Штатах Амерыкі, але ім трэба прадаставіць поўны дэма-пакет, з прафесійным відэакліпам, з лічбавай здымкай канцэрта”.
Да напалеёнаўскіх планаў можна аднесці і жаданне выдаць у 2004 годзе ажно два новыя альбомы. Так і не дайшоўшы да выдання “Folк-and-roll”, і другі – з новымі “фантастычнымі” ідэямі Выдронка: ”Мы абавязкова даробім “Folk-and-roll”, але мяне зараз захапляе ўжо зусім іншая ідэя. Наша музыка стане касмаганічнай. Што гэта? Больш сувязі з арнаментамі, з сузор’ямі, з уплывам космаса на музыку і чалавека. Напрыклад, я магу па нотах сыграць беларускі арнамент. Гэта будзе значна адрознівацца ад таго, што зараз”.
Тэлетрасляцыя нацыянальнага адборачнага тура конкурса эстраднай песні “Еўрабачанне-2004” адбудзецца 31 студзеня.
Н.К. Слыхавы Апарат




Лепшая “Паравіна” для Вайцюшкевіча | 16.01.2004 |
Паўтары гады як Зміцер Вайцюшкевіч пакінуў групу “Крыві” і распачаў сольную кар’еру з новым калектывам “WZ-оркестра”, і вось замахнуўся на вялікую канцэртную залу “Мінск”. Трэба сказаць, што многія папулярныя артысты і групы “абламываліся” з гэтай залай, не збіралі нават і паловы. Але ёсць падставы думаць, што першы такі вялікі канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча і “WZ-оркестра” 30 студзеня будзе паспяховым. Са сваімі новымі “гарадскімі” песнямі, песнямі на вершы Алеся Камоцкага, Вайцюшкевіч дагадзіў самай разнастайнай публіцы, і да звыклага маладога кола прыхільнікаў папулярнай беларускай музыкі далучыў вялікую армію зусім дарослых і нават пажылых людзей, асабліва жанчын.
Альбом “Паравіны года” разыйшоўся ў крамах выдатна, за два месяцы амаль прададзены ўвесь першы тыраж у тысячу асобнікаў, па выніках музычнага года менавіта гэты альбом часцей за ўсё называецца лепшым альбомам, ды яшчэ і сам Зміцер Вайцюшкевіч не дае пра сябе забыцца пастаяннымі новымі праектамі.
Канцэрт 30 студзеня у КЗ “Мінск” будзе называцца “Паравіны года”, і ў першым аддзяленні прагучыць цалкам, на гэты раз музыкі будуць у адмысловых строях, сцэна будзе ў выглядзе ўтульнага кафэ –усё як належыць у жанры шансона ў сапраўдным, французскім разуменні гэтага слова. “Выдатны гук, выдатнае святло – пра гэта нават няма чаго казаць” – дадае Вайцюшкевіч. І хутчэй за ўсё на сцэне з’явяцца паэт Алесь Камоцкі, і сябра Камоцкага, а цяпер ужо і самога Зміцера Вайцюшкевіча, наш легендарны паэт Рыгор Барадулін.
А вось другое аддзяленне канцэрта пакажа Вайцюшкевіча і “WZ-оркестра” ва ўсёй красе. Многае з таго, што вы зараз прачытаеце, планавалася сюрпрызам, але, як кажуць – “лепшыя сюрпрызы – добра падрыхтаваныя”. Прыкладна з пяці частак будзе складацца другое аддзяленне.
Першая, традыцыйная: песні з альбомаў “Цацачная крама” і “Балады”, песні на вершы Уладзіміра Караткевіча і проста народныя песні, такая невялічкая справаздача.
Другая, перспектыўная: натуральна, што пазнаёміўшыся з Рыгорам Барадуліным, Вайцюшкевіч не мог абыйсці яго творчасць увагай. Пачынаецца новы этап – падрыхтоўка альбома на вершы Рыгора Барадуліна, некаторыя песні напісаны, і прагучаць на канцэрце. Стылістычна гэта будзе працягваць “Паравіны года”, але на гэты раз Вайцюшкевіч хоча стварыць песенны альбом з адкрыта эратычным зместам, у сэнсе – любоўная лірыка з грыфам “Дзецям да 16-і...”. Відавочна, што абодва – і Рыгор Барадулін, і Зміцер Вайцюшкевіч -- добра разбіраюцца ў гэтай тэме.
Частка трэцяя, бардаўская: чарговы праект – альбом з песень знакамітых беларускіх бардаў – Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча, Андрэя Мельнікава, Алены Казанцавай і іншых. На канцэрце прагучыць самая дасціпная, на мой погляд, песня Андрэя Мельнікава “Пагарэў сусед”.
Частка чацвёртая, японская: яшчэ адзін праект Вайцюшкевіча і “WZ-оркестра” – японскія песні ў перакладах на беларускую мову, на канцэрце прагучыць “Вішня” у перакладзе Камоцкага.
Частка пятая, італьянская: рыхтуецца зборны альбом беларускіх выканаўцаў як знак удзячнасць тым італьянцам і італьянскім сем’ям, якія прымалі ў сябе беларускіх дзяцей, “дзяцей Чарнобыля”. Вайцюшкевіч праспявае “Бывайце здаровы” на італьянскай мове. І калі вы думаеце, што гэта ўсе праекты Вайцюшкевіча, то вы памыляецеся. Гатовы, запісаны альбом песень на вершы Уладзіміра Маякоўскага б удзе выдавацца ў Маскве, і ў Беларусі.
Распачата праца над альбомам з песнямі на вершы, ці больш дакладна – на вершаваную прозу Уладзіміра Арлова. Пішуцца песні для праграмы на вершы беларускіх яўрэйскіх паэтаў. А яшчэ ёсць два польскія праекты – удзел у альбоме вядомай фолк-групы “Чарамшына” і сумесны “цыганскі” альбом з групай “Квартэт Ёргі”.
Далей я пералічваць проста не буду, хаця гэта, праўда, не ўвесь спіс. На прыкладзе Зміцера Вайцюшкевіча, які сёлета дакладна што-небудзь атрымае на нядобрай памяці “Рок-каранацыі”, можна правяраць праўдзівасць прыказкі, што “пад ляжачы камень вада не бяжыць”. Вось перажыць бы праверку канцэртнай залай “Мінск”!
Н.К. Слыхавы Апарат




"Ляпіс" у Расеі папулярней за "Песьняроў" | 16.01.2004 |
Піяр-агенцыя "Euro-Media" правела надоечы цікавую апытанку ў цэнтры Масквы з мэтай вывучыць месца музыкі з постсавецкіх краін у сэрцах расейцаў.
Усяго было апытана 2080 рэспандэнтаў Пры адказе на пытаньне "каго з выканаўцаў з краін былога СССР Вы слухаеце" большасьць жыхароў Масквы назвала ўкраінскіх артыстаў. У лідэрах - Верка Сярдзючка (72, 6%), "Віягра" (51,3%), "Океан Эльзы" (17,1%) і "Воплі Відаплясава" (11,7%). Лідэры сярод беларусаў - "Ляпіс Трубяцкой" - на шостым месцы. Цікава, што апошні альбом "Ляпісаў" выйшаў ажно два гады таму, але група мае сталую папулярнасьць з часоў выхаду альбома "Ты кінула" (1997). "Песьняры" занялі толькі дзевятае месца, перад імі "Здоб ші здуб" з Малдовы. Месца для астатніх беларускіх выканаўцаў у сэрцах расейцаў не знайшлося.
паводле інфармацыі "Вэст Рэкардз"




Псіхадэліка ў вучэльні | 19.01.2004 |
Надоечы ў залі менскай музычнай вучэльні адбылася досыць незвычайная й цікаўная вечарына. Гледачы атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з курдзкай музыкай. Выконваў яе Масуд Талебані - вядомы па супрацоўніцтву з гуртом "Крыві".
Сп. Масуд адвучыўся ў Менску на архітэктара, але па вяртаньню на сваю радзіму зразумеў наколькі ён моцна прырос да Беларусі: "Вось прыехаў у Іран, але засумаваўся там, нават показкі мясцовыя ўжо не разумеў, таму вярнуўся ізноў у Менск - я шчэ раз пабачыцца з сябрамі", - прызнаваўся музыка на імпрэзе.
Ён паказаў курдзскія народныя інструмэнты ды засьпяваў колькі песень. Вой, якая цяжкая на ўспрыманьне выявілася курдзкая музыка! Пакуты ад няшчаснага каханьня папросту не параўнальныя з нашымі. Вось, напрыклад, у адной з песень сьпявалася пра няшчаснага закаханага, які просіць сваіх сяброў прынесьці яе да любой, бо ён сам не ў стане ісьці - вось, маўляў, што зрабіла са мной твая пяшчота... Ды ўсё гэта пад музыку з адмысловай рытмікай - па-псіхадэлічнаму аднастайную ды ў чымсьці медытатыўную. Дах пачынае з'яджаць пасьля некалькіх такіх песень! Пачуцьцёвыя натуры, гэтыя курды.
Сяргей Будкін




"R.E.M." і "N.R.M." | 19.01.2004 |
29 студзеня мае адбыцца першы сапраўдны канцэрт групы "Pete Paff" - негітарнага праекту гітарыста Піта Паўлава.
Паўлаў на хвалі папулярнасьці яго "цяжкага" праекту - "Гарадзскія" - вырашыў рэпрэзэнтаваць зусім іншую музыку.
"Ніхто й ніколі не падыходзіў да выкананьня фольк-музыкі такім чынам, як гэта робіць"Pete Paff", - заўважае музыкант. У гэтым праекце задзейнічаны сем чалавек, кірунак сам Піт вызначыў, як "фолк з выкарыстаньнем традыцыйных інструмэнтаў", але пры гэтым арынжыроўкі аўтарскіх песень, стылізаваных пад народныя, і беларускіх народных досыць арыгінальныя. Да ўсяго, тут не надаецца вялікая роля гітары, Піт грае на домры.
Адна з разынак канцэрту - група выканае колькі сусьветнавядомых гітоў, сярод якіх будуць песьні з рэпертуару "Red Hote Chili Peppers", "Metallica", "REM", а таксама сёе-тое з "N.R.M." і "Воплі Відаплясава".
Дэбютны дыск праекту "Pete Paff" пад працоўнай назвай "Вясковы" рыхтуецца да выхаду ўвясну.
Слухайце Піта 29 студзеня ў Палацы культуры ветэранаў (вул.Янкі Купалы,21). Пачатак 19:00. Цана квітка 4500.
Сяргей Будкін




Жахі на Першым музычным | 19.01.2004 |
У нядзелю стартаваў сумесны праект Першага музычнага канала й інтэрнэт- сайта "Дазорац" - гіт-парад беларусіх кліпаў.
Што праўда, праграма "Музыка.by." выходзіць на музычным яшчэ са сьнежня мінулага году й ніякіх істотных адрозьненьняў паміж "тэставым рэжымам" і непасрэдна "запускам праекту" заўважана не было - на працягу поўгадзіны адзін за адным круцяцца кліпы айчынных выканаўцаў, а ў бягучым радку "People chat", тым часам, працягваюць знаёміцца хлопцы з Малінаўкі зь дзяўчынамі зь Юга-западу й наадварот. Адзінае - гледачы атрымалі мажлівасьць выключаць з этэру "поўны ацтой".
Па праглядзе шасьцёркі кліпаў у нядзелю прыйшла думка, што выключаць з гіт-параду варта было б большасьць кліпаў, бо нешта вартаснае напаткаць у этэры было амаль што немагчыма. З паказаных шасьці беларусіх кліпаў, толькі адзін беларускамоўны - "Госьці". Зроблены малымі сіламі, але хоць вясёлы сьцёб прыстунічае.
Пра астатнія трэба казаць альбо добра, альбо нічога.
"Вэб-дызайн" групы "J-Морс" выцягвае сама песьня, а ў відыёшэрагу можна было проста паставіць фотаздымак Пугача, і кліп не стаў бы ад гэтага горш. Відыё на нізкаякасны расейскі рока-попс "Сьлёзы пад дажджом" (група "Мэдуза") зроблены па эўрастандартам канца 80-х, калі недахоп мастацкіх сродкаў кампэнсуецца прыхаваным порна, толькі незразумела навошта некалькі разоў ў кадр трапляе журналіст "Радыё Свабода" з фірмовым мікрафонам... Ёсьць свая разынка ў "Stone People" (плястылінавая анімацыя на мяжы фола) ды ў "Красак" ("Старэйшы брат-2"), але яны крыху другасныя, а да таго ж цалкам адарваныя ад беларускасьці.
Між тым, падаецца, што айчыннае кліпавае мастацтва павінна ісьці па свайму шляху разьвіцьця, а не станавіцца бляклай копіяй таго ж расейскага.
Сяргей Будкін




"Нэйра дзюбель" распаўся? | 22.01.2004 |
Апошнім часам назіралася абвастрэньне чутак наконт распаду групы "Нэйра дзюбель". Як паведаміў нам лідэр групы Аляксандр Кулінковіч, гэта ўсё лухта: "Ёсьць праблемы кадравага кшталту, вось, напрыклад, сыходзіць клявішнік Макс Івашын, але група працягвае нармальна існаваць".
Сам Макс Івашын удакладніў: "Пакуль што я знаходжуся толькі ў працэсе сыходу". Івашын плянуе заняцца сваім сольным праектам, ён рыхтуе ўжо другі свой сольны альбом пад назвай "Manual" (першы меў назву "Песенки пожилого гоблина"). Цікава, што альбом будзе трохмоўным (беларуская, ангельская, расейская), акром аўтарскіх твораў туды ўвойдуць песьні на вершы Сяргея Грахоўскага, Ніла Гілевіча, Гарсіі Лоркі, і нават кавер на песьню Арабакайтэ). Апроч гэтага музыкант можа папросту зьехаць на доўгі час у Канаду.
Кулінковіч кажа, што замену Івашыну шукаць не будзе: "Наўрад ці хто-небудзь здолее яго замяніць, тым больш вялікай патрэбы ў гэтым інструмэнце мы не адчуваем".
Сяргей Будкін




Гэнэралы лядовых палацаў | 22.01.2004 |
Посьпех леташніх канцэртаў айчынных выканаўцаў заахвоціў беларускіх прадзюсераў на далейшыя дзеяньні. У красавіку мусіць адбыцца адзін з самых буйных канцэртаў за ўсю гісторыю існаваньня айчыннай музыкі. Канцэртовая акцыя будзе мець назву "Гэнэралы айчыннага рока" і пройдзе ў менскім Лядовым палацы, разьлічаным на 3000-4000 гледачоў.
Канцэрт пад такой назвай прайшоў у мінулым годзе ў Парку Чалюскінцаў, тады ўдзел узялі такія гурты, як "Крама", "Уліс", "Нэйра дзюбель", "N.R.M.".
Ініцыятар правядзеньня фэсту Віталь Супрановіч кажа, што красавіцкі канцэрт станецца спробай выйсьці на яшчэ большую аўдыторыю. Плянуецца, што ўсе "гэнэралы" зьбяруцца 25 красавіка. Адзін зь інфармацыйных фундатараў гэтага канцэрту - "Тузін гітоў".
Сяргей Будкін




Выключэньне "Юр'і". Падрабязнасьці. | 23.01.2004 |
Учора са сьпісу прэтэндэнтаў на ўдзел у "Эўравізіі-2004" быў выключаны гурт "Юр'я" - адзіны з усіх кандыдатаў, што сьпяваў па-беларуску. Па камэнтар мы зьвярнуліся да лідэра "Юр'і" сп.Выдронка
"Трапіла "Юр'я" у сьпіс фіналістаў, няхай сабе, выпадкова. Заяву да ўдзелу я падаў толькі за два дні да канца іх прыёма. І тут такая неспадзяванка. Натуральна, на перамогу ніхто з нас не разьлічваў, але гэта была дадатковая рэкляма гурту. Мы прынялі ўмовы арганізатараў: песьню скарацілі да трох хвілінаў, колькасьць удзельнікаў да шасьці, пачалі рыхтавацца да выступу, і тут рэжысэр канцэрта сп.Пестаў паведамляе, што нас няма ў сьпісе ўдзельнікаў" - кажы Юры Выдронак.
Гэтай прыкрасьці можна знайсьці некалькі тлумачэньняў. Справа ў тым, што выключылі "Юр'ю" з прычыны непадпісаньня кантракта з арганізатарамі. Але, па словам Выдронка, дадзены кантракт яму даслалі па пошце 18 студзеня, калі апошні тэрмін яго запаўненьня скончыўся (якраз у гэты дзень).
Можна меркаваць, што арганізатары маглі даць адваротны ход, калі ўцямілі, што толькі "Юр'я" сьпявае па-беларуску (астатнія канкурсанты - па-ангельску ды па-расейску). Можна, канечне, спаслацца й на праблемы з дастаўкай лістоў (афіцыйная вэрсія). На пытаньне "навошта дражніцца" пакуль ніхто не жадае адказваць: прадзюсеры БТ упарта не здымаюць слухаўкі.
Цікава, што "Юр'я" у красавіку - за месяц да правядзеньня ў Стамбуле "Эўравізіі" - выступіць тутсама на буйным фольк-фэсьце.
Песьню "А ў лузі", што мусіла прагучаць у адборачным туры "Эўравізіі", слухайце толькі на "Тузіне гітоў" - яна станецца ўдзельнікам 7 тура.
Сяргей Будкін





рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!