. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за люты 2004


Шалкевіч - жахлівы й сьмешны | 02.02.2004 | "Стары Ольса" і Караткевіч | 02.02.2004 | Памылка Тодара | 02.02.2004 | Маленькая нацыянальная перамога | 02.02.2004 | Хто наступны "пераможца"?... | 02.02.2004 | Дзесяць год з "N.R.M.", дваццаць з "Мрояй" | 05.02.2004 | Жыцьцё N.R.M. | 05.02.2004 | У P.L.A.N.а зьнесла дах | 06.02.2004 | Намёк "Беларускіх Песьняроў" | 09.02.2004 | Абноўлены "Нэйра дзюбель" | 09.02.2004 | "Крама" вяртаецца | 09.02.2004 | На мяжы канфлікту | 09.02.2004 |


Шалкевіч - жахлівы й сьмешны | 02.02.2004 |
14 лютага гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч ізноў прыязджае ў Менск, каб паказаць сваю праграму пад назвай "За сто крокаў ад Вострае Брамы або геаграфія ВКЛ і ваколіцаў", куды ўключна з новымі песьнямі ўваходзіць ня надта аптымістычная п'еса, дзе распавядаецца пра суд над апошнім дыктарам невялікай краіны з уласьцівым толькі Шалкевічу гумарам.
Прэзэнтацыя гэтай праграмы адбылася пры канцы мінулага году. Тады заля была паўнюткая. Усе пабачылі Шалкевіча - сапраўднага й жахлівага. Маладзейшыя сьмяяліся, старэйшыя ніякавата аглядаліся па баках. Скончылася авацыямі...
Віктар Шалкевіч выходзіць на "біс" 14 лютага а 19-ай у Палацы культуры ветэранаў. Кошт квіткоў ад 5000 да 7000.
Сяргей Будкін



Стары Ольса" і Караткевіч | 02.02.2004 |
Спадчыну беларускага пісьменьніка працягваюць перабіраць: спачатку айчынныя рок-зоркі зрабілі праект на яго вершы, потым Караткевічам заняўся Фінберг са сваім аркестрам. Да музычнай адаптацыі твораў клясіка беларускай літаратуры далучыўся гурт "Стары Ольса".
Музыканты распачалі працу над фолькспэктаклем паводле аповесьці "Ладзьдзя роспачы". У пастаноўцы таксама возьмуць удзел акторы Гомельскага драматычнага тэатра.
Паралельна гурт працуе над сваім пятым дыскам з працоўнай назвай "Полацкі сшытак". Лідэр групы Зьміцер Сасноўскі кажа, што перлінамі дыску будуць два творы: "Бітва пад Воршай" і "Песьня пра Вітаўта". Справа ў тым, што дадзеныя песьні ўпершыню запісаны на арыгінальную мэлёдыю, так што яны ўяўляюць цікавасьць ня толькі як музычны твор, але і як гістарычная каштоўнасьць. Таксама музыкі зьбіраюцца запісаць унікальную мэлёдыю, ачышчаную ад напластаваньняу часу - гімн ВКЛ 14-17 стагоддзяў - малітву "Багародзіца".
Акром усяго "Стары Ольса" прапануе ўсім жадаючым правесьці вечар 19 лютага ў незвычайных умовах, а менавіта наведаць сярэднявечную дыскатэку ў клюбе "Тунэль" асноўны сэнс якой - перанесьціся ў далёкія 14-16 стагоддзі, паслухаць жывую старавечную музыку і даўно забытыя інструменты, папіць непастырызаванае беларускае піва й патаньчыць старадаўнія танцы. Акцыя ладзіцца пры падтрымцы БМА. Пачатак а 19-ай. Квіток каштуе 6500. Кожнаму наведвальніку абяцаны вялізны плякат з выявай "Старога Ольсы".
Сяргей Будкін






Памылка Тодара | 02.02.2004 |
Тое, што Зьміцер Вайцюшкевіч наважыўся даць сольны канцэрт у КЗ "Менск" робіць яму гонар, але тым не менш гэта было памылкай.
Зразумела, што ўсю "Казу" гледачы не занялі, але першыя 15 шэрагаў былі запоўненыя даволі шчыльна. Падаецца, што людзей сталага ўзросту было болей за маладых (на пачтаку сольнай кар'еры Тодара было наадварот).
Вялікая заля вымагае добрага, насычанага гуку. "WZ-orkiestra" гэты чыньнік пад увагу не ўзялі: музыкі згрупаваліся на трох чацверцінах сцэны й відавочна пачувалі тут сябе гасьцямі. Алег Івановіч узяў электрычную гітару, але ледзь торгаў струны, баян Аляксандра Шувайлава на гэтым тле перабіваў усе астатнія інструмэнты, а гульню на клявішах Андрэя Лабчэўскага было цяжка ацэніць, бо фартэпіяна было ледзьве чутна.
Тодару, здаецца, таксама такое вялікай сцэны было зашмат. Адчуваўся нейкі агульны дыскамфорт, якога ніколі не было ў дольнай залі Чырвонага касьцёлу, залі ТЮГа ці на іншых пляцоўках, дзе граў раней "WZ-orkiestra".
Тодар спрабаваў наладзіць сувязь з заляй. На песьні "Прыйдзі, мой каханы" выйшаў нават у партэр ды прайшоўся між радоў. Пасьмяшыў залю нейкі 50-гадовы заўзятар творчасьці "WZ-orkiestra", які на словах "Прыйдзі, мой каханы" падараваў Зьміцеру кветкі, а потым выйшаў на сцэну, дзе распавёў гісторыю пра тое, як упершыню пачуў песьню Вайцюшкевіча на дачы. Пасьля на сцэну падняўся прадстаўнік завода "Крышталь" ды прэзэнтаваў новы фірмовы напой пад назвай ..."Паравіны году". Музычная алькагалізацыя, распачатая "Крамбамбуляй" працягваецца (магчыма хутка зьявіцца напой "Танкі" у падтрымку аднаіменнага альбома "Нэйра дзюбеля").
Канцэрт Тодара яскрава давёў, што не ў патасных залях яму сьпяваць, а ў ціхмяных і ўтульных кавярнях, якіх, на вялікі жаль, у Менску бракуе.
Сяргей Будкін




Маленькая нацыянальная перамога | 02.02.2004 |
У суботу ў жывым этэры Першага нацыянальнага тэлеканала, а таксама на сайце тэлекампаніі адбылося галасаваньне за беларускага кандыдата на прэстыжны эўрапейскі музычны конкурс "Эўравізія-2004". Перамог, як і прагназаваў "Тузін Гітоў", фольк-дуэт "Аляксандра і Канстанцін".
Галасаваньне доўжылася цягам паўгадзіны, але ўжо на першых хвілінах "A&K" выйшлі наперад, захоўваючы свае лідарства ўсе 30 хвілін.
"На нас ляжыць вельмі вялікая адказнасьць", - зазначыў Канстанцін Драпеза ў экспрэс-інтэрвію для нашага партала. "Заўсёды на розных конкурсах мы займалі то другое, то трэцяе месца, а тут адразу першае. Гэта для нас вельмі прыемная неспадзяванка".
Нагадаем, што ўсяго ў конкурсе бралі ўдзел 15 выканаўцаў, сярод якіх можна было ўбачыць постаці як "цемных лашадак" (Карыяна, група "MiLD", etc.), так і акулаў беларускай эстрады кшталту Сашы Саладухі зь Ірынай Дарафеевай...
Вынікі галасаваньня сапраўды выявіліся досыць нечаканымі. Паводле нашых зьвестак, плянавалася, што на "Эўравізію" паедзе Ірына Дарафеева, але, падобна на тое, што галасаваньне было сапраўдным. Дублёрам пераможцаў сталася Натальля Падольская, якая глядзелася ці ня лепш за ўсіх: добра пастаўлены голас, прываблівая мэлёдыка й прафесійны падыход. Аляксандра ўзяла іншым. Па сутнасьці, галасавалі ня столькі за песьню, колькі за беларускасьць выканаўцы - толькі ў песьні, што выконвала Аляксандра прысутнічаў яркі нацыянальны калярыт і, канешне, той самы адметны гарлавы вакал сьпявачкі. Падаецца, што была бы "Юр'я", дык маглі абраць і яе.
Удзел вакальна-джазавага бэнда "Камэрата" на падпеўках у Саладухі - удар ніжэй пояса. Наколькі ніякавата глядзеліся сапраўдныя музыканты, што выконваюць Клясіку на тле калгасных сьпеваў і няўклюдных целарухаў гэтай местачковай поп-зоркі!
Пра астатніх удзельнікаў лепей казаць ня будзем, каб не пакрыўдзіць.
Віншуем Аляксандру і Канстанціна з перамогай. Спадзяемся, што яны адрэпетуюцца як сьлед ды атрымаюць перамогу на самой "Эўравізіі".
Кампазыцыю "My Galileo", якую й выконвалі пераможцы "A&К" слухайце ў наступным туры гіт-параду "Тузін Гітоў".
Аляксей Мінчонак, Сяргей Будкін





Хто наступны "пераможца"?... | 02.02.2004 |
Як і меркавалася, сёньня ў панядзелак прадпрынятая першая спроба аспрэчыць вынікі адборачнага туру на "Эўравізію-2004".
Спрэчка пакуль толькі разгортваецца. Нават не спрэчка а толькі аднабаковыя захады ў бок БТ (на старонцы http://interopros.beltelecom.by/Default.asp?mode=prev&vote=4 зьявіліся нібыта сапраўдныя вынікі 30-хвіліннага тэлефоннага галасаваньня). Згодна гэтых "дадзеных" перамогу павінна была атрымаць Натальля Падольская. Але ж ёсьць афіцыйныя дадзеныя на http://www.tvr.by/rus/euv.asp...
Таксама нашая рэдакцыя прагназуе, што днямі зьявяцца трэція вынікі, якія будуць "заточаныя" пад Аляксандру Гайдук. Застаецца толькі дачакацца ў якой форме гэта будзе пададзена ...
У любым выпадку мы будзем сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.
Таксама нагадваем, што ў наступным туры гіт-параду песьня-пераможца адборачнага туру на "Эўравізію" Аляксандры й Канстанціна My Galileo ўключыцца ў барацьбу на "Тузіне Гітоў".
Рэдакцыя ТГ





Дзесяць год з "N.R.M.", дваццаць з "Мрояй" | 05.02.2004 |
8 лютага ў "Казе" выступіць "N.R.M.". Гэта будзе зусім не шэраговы канцэрт айчынных рок-зорак. Дадзены выступ станецца своеасаблівай справаздачай за мінулае дзесяцьцігоддзе, за якое экс-"Мроя" - ужо музычная лягенда - набыла звышзоркавы статус. 5 студыйных альбомаў і болей чым 100 песень, стварэньне сваёй віртуальнай рэспублікі з пашпартам і візай, больш за 10 вялікіх і маленькіх "Рок-карон" і , самае галоўнае, непасрэдны ўдзел у фармаваньні сьвядомасьці новага пакаленьня моладзі.
Навейшую айчынную рок-гісторыю ў будучым падзеляць на два этапы - "песьняроўскі" і "мроеўска-энэрэмаўскі". Цікава, што ў гэтым жа годзе можна справіць яшчэ і 20-годдзе першага буйнога выступу групы "Мроя" на Сьвяце выяўленчага мастацтва ў Траецкім прадмесьці. "Мроя" - падмурак існаваньня "N.R.M."
Ідэя "Мроі" паўстала шчэ ў 1981 годзе, тады шчэ хлапчыска Леанід сьпяваў па-расейску, у 1983г. ён стаў Лявонам, а група "Фаворит" пераўтварылася ў "Мрою". Зь песьні "Стары храм" і аднаіменнага альбому распачалася гісторыя айчыннага Музычнага Супраціву. Чыноўнікі былі шакаваныя такой "антысаветчынай" і толькі пасьпявалі забараняць ды разганяць канцэрты, покуль "Мроя", нарэшце, не набыла ў 1988г. атэстацыю ў гарвыканкамез дазволам на канцэртную дзейнасьць.
У гэтым жа годзе "Мроя" выбухнула па-сапраўднаму. Тлумачыцца гэта ня толькі станаўленьнем удзельнікаў гурта, як музыкаў, але й зьнешнімі фактарамі: камсамольскія арганізацыі актывізавалі працу з моладзьдзю, рок-музыка пазбавілася ўсялякіх забаронаў, канцэрты й фэсты пачалі праводзіцца абсалютна легальна.
Узімку 1988г. у Менск (з самой сталіцы!) прыехала перасоўная студыя манапаліста ў галіне гуказапісу - фірмы "Мэлёдыя". Тры дні амаль бесперапынна "Мроя" запісвала "28-зорку". Па "рэглямэнту" працаваць можна было толькі ўдзень, але музыкі за дадатковую плату й "праставон" працавалі ўначы. Вольскі ўзгадвае, што падчас запісу ў студыі было вельмі халодна - на двары зіма, а памяшканьне не ацяплялася. Гукарэжысэрам альбому быў Аляксандр Шцільман - той самы, які 18 год да гэтага запісаў першы альбом "Песьняроў".
На кружэлку, якая выйшла масавым накладам на ўсю Савецкую рэспубліку у 1990г., патрапіла 8 песень. Музыкі стварылі невытлумачальную й запатрабаваную "перабудовачным" слухачом атмасфэру: цяжкі хардавы гук, надрыўны вакал і абавязковая сацыяльная заклапочанасьць у тэкстах. "У гэтым альбоме быў налёт арт-року, уплыву якога мы ў далейшым намагаліся пазьбягаць" - кажа Вольскі. Вокладку аформілі ў цьмяных "пінкфлойдаўскіх" традыцыях: Вольскі й Дземідовіч зрабілі з пластыліну твары ўдзельнікаў гурта, абгарнулі пап'е-машэ й сфатаграфавалі. Гэты альбом стаўся "лебедзінай песьняй" "Мроі". Пасьля распаду вялікай краіны, гурт ня здолеў упісацца ў новую грамадскую сытуацыю. Гітарыст Піт Паўлаў кажа, што гурт "Мроя" забіла дэмакратыя. "Думаю, варта было пасьля гэтага запісу распусьціць гурт", - кажа сёньня Вольскі.
Усё ж, "Мроя" праіснавала яшчэ чатыры гады - да верасьня 1994г. Сам Вольскі так патлумачыў "мроеўскі" крызыс: "Праз пастаянныя зьмены гiтарыстаў каманда дайшла да банальнага хард-року. I самае галоўнае, што зьнiкла йдэя ўсяго гэтага працэсу, ня кажучы ўжо пра iдэалёгiю гурту. Усё ператварылася ў сачыненьне музыкi й складаньне тэксту, якi б гэтай музыцы адпавядаў (не перашкаджаў). Такая вось зрабiлася "Мроя"."
1 верасьня 1994г. дала свой апошні канцэрт на фэсьце "Рок па вакацыях" і рашэньнем Лявона самараспусьцілася. Каб літаральна празь месяц сабрацца ізноў, і не мяняючы складу музыкаў, нарадзіцца наноў пад назвай "Незалежная рэспубліка Мроя" ці папроссту - "N.R.M." - гурт з зусім іншымі музычнымі арыентырамі, іншай ідэалёгіяй.
Гітарныя экспэрымэнты Паўлава ды вострыя тэксты Вольскага аказаліся ў гэтыя "смутныя часы" яшчэ як да месца. Хоць канцэпта ў першых альбомаў "N.R.M." й няма - яны больш паходзяць на зборнікі песень - але ёсьць агульнае пасланьне. Вольскі не выпадкова ўжыў у сваіх цэнтральных песьнях займеньнік "мы" ("Мы самі па сабе", "Нас не спыніць, нас не стрымаць","Мы жывем апошні раз" і г.д.) - гэтым ён падкрэсьліў адзінства аўтара й аўдыторыі, іх агульныя погляды на сусьвет. З дапамогай гэтага атаясамленьня, Вольскі стаўся лідарам ужо новага пакаленьня моладзі, якая мо й ня чула "Стары храм" і "28-ую зорку".
Сяргей Будкін





Жыцьцё N.R.M. | 05.02.2004 |
Супольнае "мроеўскае" жыцьцё распачалося яшчэ за пракаветнымі часамі, калі Лявон і Алезіс сталіся студэнтамі пэдагагічнага аддзяленьня Менскай мастацкай вучэльні (было гэта ў 1980г.), прычым патрапілі ў адну групу. Зь імі ж вучыўся Ўладзімер Давыдоўскі - таксама адзін з заснавальнікаў "Мроі". Ён якраз і прывёў у гурт свайго сябрука - Юрася Ляўкова (у 1981г.). Знаёмства з Пітам адбылося ўвосень 1993г.
Лявон спраўляе свой дзень народзінаў увосень - 14 верасьня (Панна па знаку Задыка). У музыцы з 16 год, акром N.R.M. бярэ ўдзел у безьлічы музычных праектаў. Мае стабільную сям'ю, гадуе дачку Адэлю (увясну ёй будзе шэсьць год), а жонка Ганна дапамагае яму ў музычных справах (яна, напрыклад, выступіла прадзюсаркай "Крамбамбулі").
Дрэнных звычак амаль не мае. Паліць зрэдчас - на розных застольлях, калі лягчэй паліць, чым не паліць. Зь месяц алькаголю не спажывае наагул, пачаў нават на трэнажорах займацца. Музыка забірае амаль увесь час, але калі надараецца вольная часіна - піша і малюе. Адзін зборнік ужо выдаў (у 1993г.), цяпер рыхтуе да выданьня другі - сярод вершаў і апавяданьняў там будзе аповесьць. Малюе апошнім часам толькі з нейкай нагоды - калі, напрыклад, трэба зрабіць камусьці падарунак.
На жыцьцё асабліва не наракае.
Піт адзначае дзень нараджэньня 7 лістапада (Скарпіён). Асноўны занятак - гітара, акром музыцыраваньня ў шэрагу гуртоў, дае прыватныя ўрокі. Кажа спачатку даваў бясплатна, але вучні часьцяком прапускалі заняткі, як прызначыў плату - дык чэргі стаялі. Кіруецца прынцыпам быць максымальна шчырым. Па ўласнаму прызнаньню занадта бурклівы, невыносны ў побыце ды яшчэ й выхваляка. Пры гэтым з жонкай - вядомай мастачкай Зояй Луцэвіч- жыве разам ужо 10 год. Праўда, шлюб грамадзянскі, бо ня хоча Піт падначальвацца гэтым "грамадскім абрадам". Сыну - Яну-Вінцэнту ўжо сем год.
Піт ня п'е, ня паліць ды яшчэ займаецца спортам (плаваньнем у прыватнасьці).
Юрася можна віншаваць з уласным сьвятам 23 чэрвеня (Рак). Адзіны з "энэрэмаўцаў", хто ня быў жаўнерам - адкасіў у свой час. Абсалютна шчасьлівы ў шлюбу, з жонкай Дзінай жыве разам 5 год, дачцэ Яне - таксама 5 год. У рукох калі не гітара, дык майстравыя інструмэнты. Любіць Юрась заняцца "хатнімі мужчынскімі справамі": зрабіць мэблю з нуля, пакласьці паркет, што-нішто падправіць, падкруціць. Мае сарамлівы характар (зрэшты, як і большасьць басістаў).
7 лютага нарадзіўся Алезіс. Кажа, што няма яму адпаведнага знаку задыяку. Жыве па прынцыпу: "як паставішся да іншых, так яны паставяцца да цябе". Увесь час займае музыка й сям'я. Шмат сілаў ідзе на гадаваньне дачкі - Паўліны (цяпер ёй 2 гады). З жонкай Інгай жыве разам тры гады. Малюе, як і Лявон, зь якой-небудзь нагоды.
Гастраномія N.R.M.
У Лявона ў розную пару года - розныя ўлюбёнасьці, да таго ж ён добра гатуе, і, пры наяўнасьці часу можа згатаваць сабе ўсё, што заўгодна. Узімку ня супраць выпіць глінтвэйну ды гарэліцы грам 100 пад чырвоную рыбу (бр-р, толькі ня піва ўзімку!). У астатнім, горла прамачвае добрай французскай мінеральнай вадой.
Алезіс з радасьцю "пажывіцца" сьвінінай і курацінай. Зрэшты, як і Піт, што абірае перадусім сьвініну, смажаную цэлымі кавалкамі. Алезіс можа дазволіць сабе хіба што разбаўленае віно, бо год шэсьць з таму з алькаголем завязаў ("і безь аніякага кадзіраваньня, на ўласнай сіле волі", - хваліцца). А так - п'е каву.
Піт таксама антыалькаголік ("Фу! Якая брыдота!"), аматар журавінавага напою.
Юрась заўсёды ня супраць спажыць драннікі са сьмятанай. З напояў - кава, калі-некалі гарэлка.
Побыт N.R.M.
Лявон жыве ў Фрунзенскам раёне ў двухпакаёвай кватэры "сярэдняй паганасьці" з жонкай і дачкой. Кажа, што "вузка, цесна, мала", але зважае, што бывае й горш, таму наракаць ня варта. Хоча пабудаваць "дом намераў" у якасьці "запаснога аэрадрому": прасторная хата (не катэдж!) дзе-небудзь у вёсцы, побач - лес, возера. Ездзіць Лявон на "Mazda-323".
Юрась ездзіьць на звычайнай "сямёрцы", жыве ў трохпакаёцы з жонкай і дачкой і таксама марыць пра "домік у дзярэўні" на паверхі два (менавіта катэдж!), каб там была прастора для дзіцячых забавак, і для музычнай студыі месца знайшлося.
Піт дык наагул здымае двухпакаёку на вул.Захарава, дзе жыве з жонкай і сынам. Зьбіраецца Пітава сям'я ў залі, бо на кухне зьмяшчаецца хатняя музычная студыя. Хацелася б яму вялікі прасторны дом у межах горада. Затое ў ягонай сям'і ажно дзьве машыны - "Ford Sierra" і "Audi", толькі вось правоў ён не мае ("лянота!"), таму машынай кіруе жонка.
У цеснай "хрушчоўцы" туліцца сям'я Алезіса (жонка й двухгадовая дачка).
Культура N.R.M.
Ва ўсіх "энэрэмаўцаў" папросту бракуе часу на чытаньне сур'ёзнай літаратуры, таму збольшага музыканты бавяцца лёгкім чытвом. Алезіс і Юрась любяць пачытаць французскія дэтэктывы 50-х гг. (П'ер Буалё, Ноэль Калеф), Лявон адно толькі пасьпевае праглядаць газэты ды калі-некалі пакорпацца ў Інтэрнэце ("спакойнае існаваньне трэба мець, каб чытаць нешта сур'ёзнае").
Адзін толькі Піт чытае ажно 10 кніг адразу: у гэты час на палічцы ў яго ляжаць апошнія творы Пялевіна, Экі, Тацяны Талстой ды томік Караткевіча.
Што да візуальнага мастацтва, то Алезіс разам са сваёй двухгадовай дачкой апошнім часам цалкам пагружаны ў "саюзмультфільмаўскія" творы, Піт любіць пагледзець як і фільмы з катэгорыі "кіно не для ўсіх", так і расейскія "баявічухі". Юрась аддае перавагу лёгкаму кіно - клясічным вэстэрнам ды фільмам фармату тэлеканалу "ТВ-1000". Лявон упадабаў мастацкі фільм "Піраты Карыбскага мора" - надта спадабалася гэтая атмасфэры, што вярнула яго ў дзіцячыя гады. Ад "Настасьсі Слуцкай" уражаньні ў яго дваістыя.
Цікава, што лепшыя айчынныя музыкі ня надта цікавяцца ўласна музыкай. Апошняе, што слухаў Юрась, быў трыб'ют "Viza N.R.M.". Лявон асаблівых адкрыцьцяў за апошні час не зрабіў. Хіба што апошні альбом "ZZ TOP" і гурт "Queens of the Stone Age" (там на бубнах грае Дэйв Грол). Піт любіць пераслухоўваць альбомы "Red hot chilli peppers", Стынга, Брэгавіча і Тома Зэ. Алезіс паважае цяжкую музыку, з апошняга - "System of a down" ды "Linkin Park".
Дыскаграфія N.R.M.
Група мае 5 студыйных альбомаў ды адзін канцэртны. Да ўсяго, ўвесь склад групы браў удзел ва ўсіх супольных праектах (ад "Народнага альбому" да "Скрыпкі дрыгвы") і трыб'ютах ("Песьнярок" і "Personal Depeche").
Першы меў назву "Lalala" (паводле загалоўнай песьні на вершы Міхала Анемпадыстава). У яго ўвайшлі песьні, напісаныя яшчэ за часамі "Мроі", але гэткая "грамадзянская лірыка" не пасавала хард-эстэтыцы.
Альбом, запісаны ўсьлед "Lalala", прынес гурту сапраўды масавую папулярнасьць - "Партызанская", "Мы самі па сабе", "Лепей ня будзе" прыйшліся вельмі дарэчы ў тыя "смутныя" часы.
З "Одзірыдзідзінай" разьвілася ідэалёгія N.R.M. як віртуальнай дзяржавы: музыкі падзялілі паміж сабой "міністэрскія" паўнамоцтвы. Цікава, што першыя тры альбомы запісваў Слава Корань - лідэр групы "Ўліс". Менавіта ён знайшоў той фірмовы "энэрэмаўскі" гук.
Далейшымі альбомамі папулярнасьць N.R.M. толькі замацоўвалася - "Пашпарт грамадзяніна" прынес адну з самых адметных айчынных рок-кампазыцыяў "Паветраны шар".
"Трыма чарапахамі" група пашырыла сфэру свайго ўплыву ды выехала ва ўсебеларускае турнэ. Музыкі аб'ехалі ня толькі абласныя гарады, але наведалі й некаторыя раённыя цэнтры. Выхаду "Трох чарапах" папярэднічаў сынгл, ці як назвалі "энэрэмаўцы" - "самотнік" - першы прадукт такога кшталту на Беларусі.
Апошні пакуль што альбом - "Дом культуры" - быў выдадзены пры канцы 2002г. і разышоўся накладам каля 6000 асобнікаў (яго працягваюць няспынна набываць).
Палітыка N.R.M.
Незалежная рэспубліка Мроя была заснаваная ў 1994г. на аснове агульнай "Мроі" бацькоў-заснавальнікаў.
Ва ўрад рэспублікі ўвайшлі: Лявон Вольскі (гітара, вакал), Піт Паўлаў (сола-гітара, бэк-вакал), Юрась Ляўкоў (бас-гітара, бэк-вакал) і Алезіс Дземідовіч (бубны).
Лявон зьяўляецца міністрам працы й адпачынку, Піт займаецца пытаньнямі прапаганды, Юрась асвойтаўся на пасадзе міністра па барацьбе з карупцыяй і хабарніцтвам, Алезіс адмысловец у сфэры турызма.
Адразу ж, па прыходзе на свае пасады, кіраўніцтва N.R.M. абвясьціла, што формай дзяржаўнага кіраваньня будзе ваяўнічая дэмакратыя, дзяржаўныя сымбалі -Герб і Сьцяг.
Натуральна, што ў N.R.M. таксама пануе дзьвухмоўе - беларуская (кiрылiца) i беларуская (лацiнка). Кожны, хто хоча стацца грамадзянінам N.R.M. мусіць запоўніць адпаведную заяву (можна знайсьці на сайце гурта - www.nrm.by.com), сярод асноўных дакумэнтаў гэтага ўтварэньня - Пашпарт грамадзяніна N.R.M. (гл. аднаіменны альбом) і Віза N.R.M. (гл. аднаіменны трыб'ют).
Развагі пра народны гурт Беларусі вядомых музычных журналістаў, храналёгія N.R.M., лепшыя тэксты Лявона Вольскага з акордамі, рэдкія фотаздымкі - усё гэта ў новым нумары "Нашай Нівы".
Сяргей Будкін




У P.L.A.N.а зьнесла дах | 06.02.2004 |
Начны пажар 5 лютага, чацьвертай ступені складанасьці ў элітным доме на праспэкце Скарыны, адзначаным васьмю мэмарыяльнымі шыльдамі (насупраць цырку), стварыў большыя клопаты не былым славутасьцям, што тут жылі раней, а менавіта сучасным.
Сярод іх --адзін з старэйшых рокмэнаў Беларусі, буйнейшы калекцыянэр сучаснага жывапісу, знакаміты ў сьвеце мастак, лідар гурта P.L.A.N. Андрэй Плясанаў.
Прычым ягоная кватэра знаходзіцца непасрэдна пад згарэлым ушчэнт дахам. Цікава: пакуль людзі пад час эвакуацыі, выносілі са сваіх кватэраў маёмасьць ды выводзілі дзяцей, Плясанаў жа адзінае што вынес з хаты, - гэта дзьве акустычныя гітары, сярод якіх і той самы знакаміты "Guild" Бруса Уіліса. Бачыўшы гэта, ягоная жонка Галіна, не зхнарок выгукнула: "Мо і ў цябе дах паехаў".
Дзякуючы апэратыўным дзеяньням пажарных зьнесены дах застаўся адзінай праблемай гэтага дома: наступныя пажары па бліжэйшым часе яму не страшныя, бо ён увесь наскрозь (ад сёмага паверха да падвала) прасычаны вылітай на яго вадой.
І ўсёж прыхільнікі гурта могуць не хвалявацца: студыйныя файлы новага Unplugged альбома "Пёсэнкі самотнэго беларусіна" захаваліся, а новы беларускамоўны кавэр "Czervvonych gitar" пад назвай "Анна-Мар'я", літаральна за хвіліну перад пажарам пасьпеў трапіць на email радыё "Polonia" па іхняй замове.
Вітаўт Мартыненка для ТГ





Намёк "Беларускіх Песьняроў" | 09.02.2004 |
5 лютага ў вялікую залю Палацу Рэспублікі сабраўся ў пэўнай меры нетыповы народ. Было шмат музыкантаў, людзей ад культуры і проста культурных. Давалі "Белорусских Песняров"...
Чатыры гады яны не выступалі ў Менску. Спачатку ім забаранялі палкоўнікі і міністры, потым палкоўнікі адышлі, а міністры раптам залюбілі "БП".
Рыхтаваўся гэты канцэрт на фоне патраеньня некалі адзінай і недзялімай назвы, таму, думаецца, многіх жадалі ўпэўніцца, хто ж насамрэч з трох больш сапраўдны. Мне так падалося, што праграму сваю "БП" пабудавалі так, как бяз лішніх дэклярацыяў і паказаць, хто ў хаце галоўны каля печы.
Праграма пабудавана была на клясыцы з часоў адзіных "П" і матар'яле апошняга двайніка 2003 г. Новага амаль нічога не было, апрача кавэраў песень "Because" ад "Beatles" i "How Deep Is Your Love" ад "Bee Gees". Прагучала дасканала, дарэчы! Нават боязь за арыгіналы ўзьнікла...
Старыя шлягеры ніяк не страцілі сваёй прыгажосьці -- што "Белоруссия", "Беловежская пуща","Алеся", "Каліна", "Вологда". А вось "Касіў Ясь", як і на дыску, была ўпрыгожаная працяглымі, разбудаванымі джазавымі імправізацыямі, што дало падставу сцьвярджаць: "БП" на месцы не стаяць і проста капіраваць тое, што было, не жадаюць. Шукалі і знайшлі сваё.Вакальная пачка гучала дасканала! З васьмі музыкаў сьпявалі сямёра. Час і Максіма Пугачова навучыць сьпяваць. Лучанок вунь пяе -- і людзі нічога, не паміраюць...
"Александрыну", у якой запяваў Алег Аверын, музыкі прысьвяцілі памяці Уладзімера Мулявіна. І каб лішні раз нагадаць пра вывучку, "БП" выканалі пару акапэльных песень ("Каліна", "Купалінка"), выдатна прагучалі "Рэкрут" і "Знай, не забывай", прычым рыф апошняй песьні, жорскі і пругкі, яшчэ раз паказаў, наколькі гнуткая каманда адносна стылістыкі і музычнай мовы. Гэтыя здольныя выканаць усё! На "біс" (ці, як цяпер модна казаць -- у якасьці бонусу) "БП" прасьпявалі стары шлягер "Я всё тот же...". Выразны намёк, канешне ж, у гэтай песьні быў. Група не проста трымаецца старых традыцый, але і пасьпяхова разьвівае іх. Гэта жывы калектыў, не музэй, ня збор рарытэтаў, хоць, канешне, Улад Місевіч, які адпусьціў гульлівы клінышак пад ніжняй губой, раптам зрабіўся вельмі падобным да Рыгора Барадуліна.
Гук (брыгада з Мазыра: асобнае "дзякуй") і сьвятло былі годнымі кожнага эўрапейскага канцэрту. Фанаграмка ўсё ж, здаецца, месцамі прысутнічала, аднак дужа дэлікатна і ашчадна. Так што ў цэлым для тых, хто яшчэ ў нечым сумняваўся, гэты канцэрт усе пытаньні пэўне зьняў. Дарэчы, пасьля канцэрту добры чалавек накрыў "паляну" ў "Beatles Cafe", куды прыехалі некаторыя з "БП". А там -- сюрпрыз! -- два былых "песьняра"-гітарысты -- Віця "Малыш" Малчанаў ("Баба Лена") і Валодзя Ткачэнка іграюць!!! Так што ўсё скончылася братаньнем, узьяднаньнем і ўзаемнымі воклічамі "брава" цяперашніх "БП" і былых "П".
Парада для ўсіх: калі ёсьць жаданьне нечаму навучыцца, пачуць, што такое ня пошлая, а класная папса -- не прапусьціце чарговы канцэрт "Белорусскіх Песняров". Абы толькі чакаць яго не давялося яшчэ чатыры гады...
Дзьмітрый Падбярэзскі для ТГ





Абноўлены "Нэйра дзюбель" | 09.02.2004 |
15 лютага ў клюбе "NC" (вул. Кастрычніцкая, 17, ст.м."Першамайская") выступіць гурт "Нэйра дзюбель", абноўлены на дзьве траціны. Гітарыст Алег Громаў быў "звольнены" з прычыны непавагі да калектыву. Як кажа сам Кулінковіч за "откровенное хамство".
Громаў у сваю чаргу на афіцыйным сайце НД даволі цёпла выказаўся наконт сваёй працы ў калектыве ды заявіў, што Кулінковіч і надалей можа разьлічваць на яго.
Клявішнік Макс Івашын сышоў, каб заняцца сольнай праграмай і цяпер НД будзе выключна гітарнай камандай, бо па словам Кулінковіча замены Івашыну не знайсьці.
Па прыватным прычынам сышоў басіст Стас Паплаўскі. Заміж іх прыйшлі маладыя музыкі: Уладзімір Сахончык (гітара), Віталь Абрамовіч (другі гітарыст), Яўген Браўко (бас). Кулінковіч кажа, што калектыў малады й заўзяты. Будуць старыя гіты й новыя песьні.
Пачатак а 18-ай.
Сяргей Будкін

 

"Крама" вяртаецца | 09.02.2004 |
Часовы прастой легенды беларускага рок-н-ролу сканчваецца. "Крама" рыхтуе акустычную праграму й выдае дыск.
Як нам паведаміў лідэр групы Ігар Варашкевіч, прэзэнтацыю акустычнай праграмы плянавалася наладзіць ужо ў сакавіку, але праз праблемы са складам канцэрт пераносіцца на красавік. Акром таго, у хуткім часе абмежаваным накладам мусіць выйсьці плытка каманды з запісам аднаго з самых яркіх канцэртаў у гісторыі "Крамы" у Наваполацку ў 1996г.- час буйнога росквіту каманды.
Нагадаем, што ажно дзьве песьні ў выкананьні Варашкевіча ўвайшлі ў "тузінаўскі" "Клюб 100". Ня так даўно трэцім яго ўдзельнікам сталася песьня "Баба Лена" з праекту лідэра "Крамы" і гітарыста Віктара Маўчанава "Цмок і малыш". Ужо 100 дзён гэты твор трымаецца ў "Тузіне гітоў", прычым на верхніх пазыцыях гіт-парада. У "Клюбе" таксама "крамаўская" песьня з трыб'юту "Depeche Mode" ("Enjoy the silense").
Хутка на "Тузіне гітоў" адбудзецца прэм'ера яшчэ адной песьні з праекта "Цмок і малыш".
Сяргей Будкін

 

На мяжы канфлікту | 09.02.2004 |
Часовы прастой легенды беларускага рок-н-ролу сканчваецца. "Крама" рыхтуе акустычную праграму й выдае дыск.
Як нам паведаміў лідэр групы Ігар Варашкевіч, прэзэнтацыю акустычнай праграмы плянавалася наладзіць ужо ў сакавіку, але праз праблемы са складам канцэрт пераносіцца на красавік. Акром таго, у хуткім часе абмежаваным накладам мусіць выйсьці плытка каманды з запісам аднаго з самых яркіх канцэртаў у гісторыі "Крамы" у Наваполацку ў 1996г.- час буйнога росквіту каманды.
Нагадаем, што ажно дзьве песьні ў выкананьні Варашкевіча ўвайшлі ў "тузінаўскі" "Клюб 100". Ня так даўно трэцім яго ўдзельнікам сталася песьня "Баба Лена" з праекту лідэра "Крамы" і гітарыста Віктара Маўчанава "Цмок і малыш". Ужо 100 дзён гэты твор трымаецца ў "Тузіне гітоў", прычым на верхніх пазыцыях гіт-парада. У "Клюбе" таксама "крамаўская" песьня з трыб'юту "Depeche Mode" ("Enjoy the silense").
Хутка на "Тузіне гітоў" адбудзецца прэм'ера яшчэ адной песьні з праекта "Цмок і малыш".
Сяргей Будкін








рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!