|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за люты 2005 "Палац" жывее ўсіх жывых | 03.02.2005 | Агурбаш едзе на "Эўравізію" | 03.02.2005 | Тры жыцьці Сасноўскага | 08.02.2005 | Шляхі, якія нас абіраюць. Беларуская музыка: вэктары экспарта | 08.02.2005 | Джул упадабала "Indiga" | 08.02.2005 | Сярогу пірацяць | 10.02.2005 | "beZ bileta": першы канцэрт за тры гады | 10.02.2005 | IQ48 - сапраўдны беларускі рэп | 11.02.2005 | "Drum Ecstasy" эмігруюць? | 16.02.2005 | "Краскі" арыштавалі | 16.02.2005 | "Крамбамбуля" у краіне свабоды | 25.02.2005 | Канцэрт для Барадуліна з аркестрам | 25.02.2005 | "Палац" жывее ўсіх жывых | 03.02.2005 |
У асяродку айчыннага шоў-бізу пачалі распаўзацца чуткі пра тое, што група "Палац" прыпыняе сваю дзейнасьць - ні новых песень, ні ратацый на радыё і тэлебачыньні,
адсутнасьць выступаў. Лідэр "Палацу" Алег Хаменка з таго толькі сьмяецца. Сапраўды, яго група не выступала ў афіцыйных мерапрыемствах і не давала сольных канцэртаў у межах Беларусі ўжо болей чым поўгады, але музыканты працягваюць рэпетаваць і працуюць над запісам новага альбому. У сярэдзіне студзеня "Палац" граў у Варшаве, дзе яго даволі цёпла сустрэлі. Там прысутнічалі некаторыя журналісты з беларускіх дзяржаўных СМІ, але данесьці навіну пра пасьпяховы канцэрт яны так і ня здолелі - "Палац" па-ранейшаму знаходзіцца пад забаронай у дзяржаўных СМІ. "Але адна з менскіх фм-станцый наважылася паставіць нашу песьню ў эфір", - прызнаецца Хаменка. Сёлета "Палац" мяркуе выдаць свой новы альбом, куды ўвойдуць ужо вядомыя песьні "У лузе" (з блякбастэру "Настасься Слуцкая"), "Васілейка", "Кола грукатала". Музыканты рыхтуюцца да сольнага канцэрту, які мяркуюць правесьці ў сакавіку і пра забароны не думаюць. Хіба можна забараніць беларускую песьню? SB Агурбаш едзе на "Эўравізію" | 03.02.2005 |
На міжнародным конкурсе "Эўрабачаньне-2005" Беларусь будзе прадстаўляць жыхарка Расеі Анжаліка Агурбаш. Такое рашэньне, якое ўвечары 31 студзеня
прыняло журы Нацыянальнальнага аргкамітэту конкурсу, не зьдзівіла незалежных крытыкаў. Яны называюць гэтае рашэньне не прафэсійным, а ідэалягічным,
ад якога церпіць паразу нацыянальная культура і міжнародны прэстыж краіны.Трох фіналістаў, адзін зь якіх урэшце паедзе ў Кіеў на сёлетні конкурс "Эўрабачаньня", як і летась, вызначалі тэлегледачы шляхам тэлефоннага галасаваньня пасьля паказу тэлевэрсіі канцэрту ўсіх прэтэндэнтаў. Найбольшую колькасьць галасоў набралі Паліна Смолава, якую актыўна раскручваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, гадаванка Нацыянальнага канцэртнага аркестру Міхаіла Фінберга Натальля Тамела і былая салістка ансамблю "Верасы" Ліка Ялінская, якая пасьля шлюбу з расейскім бізнэсоўцам памяняла краіну жыхарства і прозьвішча, стаўшы Анжалікай Агурбаш. Вось як патлумачыў выбар журы кіраўнік ансамблю "Сябры" Анатоль Ярмоленка: (Ярмоленка: ) "Я аддаў перавагу Ліцы, таму што і вобраз быў больш закончаны, і выглядала яна больш гатовай да гэтага конкурсу". Тое, што Анжаліка Агурбаш цяпер жыве ў Маскве і актыўна ўлілася ў шэрагі расейскае эстрады, не засмуціла сябраў журы. Гаворыць Анатоль Ярмоленка: (Ярмоленка: ) "А тое, што яна не грамадзянка, я нават ня ведаю… Для мяне яна Ліка, так, як і была. А за каго яна яшчэ выйдзе замуж, хто яго ведае! (Сьмяецца.)". А вось што сказала нашаму радыё пра грамадзянства прадстаўніцы Беларусі на міжнародным конкурсе яе дырэктарка Вольга Смаляк: (Смаляк: ) "У яе атрымліваецца падвойнае грамадзянства: і расейскае і беларускае". (Карэспандэнтка: ) "Але паводле беларускага заканадаўства нельга мець падвойнае грамадзянства?.." (Смаляк: ) "Ёсьць выключэньні. Вы ж не забывайцеся, што Ліка ў пасольстве Беларусі ў Маскве выконвае функцыі дарадцы па культуры. Таму ў выглядзе выключэньня некаму і робяць такое". Спадарыня Смаляк паведаміла, што сёньня яна абвясьціла конкурс сярод мадэльераў на лепшыя канцэртныя ўборы для Анжалікі Агурбаш, а вядомы беларускі кампазытар Васіль Раінчык з камандаў прафэсіяналаў распачаў падрыхтоўку творчае праграмы канкурсанткі. Незалежныя музычныя крытыкі ўспрынялі навіну пра рашэньне журы паслаць на "Эўрабачаньне-2005" Анжаліку Агурбаш без энтузіязму. Гаворыць музычны аглядальнік газэты "Наша Ніва" Сяргей Будкін: (Будкін: ) "Гэта чарговы кпін зь беларускай музычнай культуры, я так лічу, бо Агурбаш ня ёсьць прадстаўніком гэтай культуры. Беларускія чыноўнікі ад культуры ўжо робяць трэцюю памылку ў дачыненьні да гэтага конкурсу. Калі падыходзіць да "Эўрабачаньня" сур'ёзна, то я мяркую, што трэба ўсё-такі ставіць на фольк-выканаўцаў ці рабіць поп-праект, які грунтаваўся б на беларускіх традыцыях". Валянціна Аксак, Радыё Свабода Тры жыцьці Сасноўскага | 08.02.2005 |
Кіраўнік групы "Стары Ольса" Зьміцер Сасноўскі ў свае 30 год пражыў як мінімум тры жыцьці. Дзесяць год таму ён працаваў выкладчыкам філязофіі ў Полацкім
дзяржаўным універсітэце, граў на дудзе для свайго кола і меў спадзеў на навуковую кар'еру. Усё зьмяніў рэферэндум 1996г. - кажа, што жаданьне працаваць згасла."За часамі студэнцтва ў Гомлі, я ўзначальваў мясцовую "Талаку", мы ўсе думалі, што адраджаем сваю культуру і гісторыю для свайго ж народа, прыдушанага за часамі саветаў. Народ ружовыя акуляры зьняў, прагаласаваўшы супраць сваёй сымволікі і мовы", - узгагадвае Сасноўскі. Ён кінуў выкладчыцкую працу, навуковую кар'еру, музыку і займаўся, па яго словах, "абычым", называе той час "жахлівым" і ня хоча пра яго згадваць. Некалькі год правёў у стане перманентнай дэпрэсіі, пасьля чаго абудзіўся. "Неабыякавых да сваёй культуры беларусаў больш за мільён, мы - досыць вялікая еўрапейская нацыя," - падумаў тады Сасноўскі ды ізноў заняўся навукай (набыў другую вышэйшую адукацыю і стажыраваўся ў Мадрыдскім універсітэце), сабраў гурт, які назваў у гонар ручая на Магілёўшчыне - "Стары Ольса", ушчыльную заняўся аднаўленьнем і майстраваньнем інструмэнтаў. Свайго настаўніка - латвійскага рэстаўратара Донатса Вуцыса, у сям'і якога жыў, прыгадвае зь цеплынёй: "Пан Вуцыс быў заможным чалавекам, меў свой хутар і вялікую гаспадарку. Цэлы дзень мы працавалі на ягонай гаспадарцы, а потым ужо засядалі ў майстэрні. Мяне ўразіла, што ягоныя мэтады ў вырабленьні інструмэнтаў цалкам адпавядалі сярэднявечным". Сасноўскі мае зь дзесятак розных іпастасяў: музыкант, майстар, калекцыянэр старадаўніх інструмэнтаў, прадусар (акрамя "Ольсы" займаецца маладымі гуртамі свайго ўлюбёнага кірунку), рэжысэр (зьняў тры кліпа), навуковец (аўтар 13 навуковых артыкулаў), ды яшчэ кіраўнік Інфармацыйнага цэнтру ЗБС "Бацькаўшчына". Некалі ён паспрабаваў сябе ў арганізацыі рок-канцэртаў N.R.M, "Нэйра дзюбеля" і "ТТ-34" у розных гарадах Беларусі, пасьля чаго прыйшоў да высновы, што шоў-бізу ў нас няма. Бывае, што прыходзіцца абіраць між сваімі зацікаўленасьцямі. Так, Сасноўскі колькі год таму кінуў асьпірантуру: "Дасьледчыцкай працай займацца цікава, але з усімі рэцэнзіямі ды іншымі фармальнасьцямі - немагчыма, тым больш з гуртом стала нешта атрымлівацца". Свой стыль жыцьця характаразуе, як замкнёны. У вольны час слухае разнастайную музыку - ад джаза да цяжкога року, глядзіць фільмы Таркоўскага і чытае гісторычныя працы. Кажа так: "Калі ты займаешся рэканструкцыяй мінулага, адпаведна - рэканструеш будучыню. Гісторыя і фантыстыка вельмі шчыльна зьвязаныя". Пры ўсім гэтым зазначае, што нарадзіўся ў свой час. Вам даводзілася сустракаць чалавека, які імпэтна гарыць ідэямі і плянамі? Сасноўскі - з такіх. "Столькі працы яшчэ! Архіў ВКЛ яшчэ ніхто не перабіраў з гледзішча музычнай гісторыі. Там ёсьць шмат цікавостак і нікому невядомых фактаў: войскі ВКЛ, напрыклад, пры штурме Пскова гралі на дудах... У нас адсутнічае наогул сістэматычная гісторыя беларускай музыкі, бо нашыя дасьледчыкі лічаць, што музыка, якая не запісаная нотамі, не зьяўляецца прафэсійнай. Яны адмятаюць такую зьяву, як музыка г.зв. "беларускіх скамарохаў" - гэта не блазны, што былі ў Масковіі, а прафэсійныя музыкі, якія проста не запісвалі музыку нотамі". Сасноўскі хоча сыстэматызаваць гісторыю музыкі ад самога пачатку (які сягае ў І тыс. да н.э., калі зьявілася касьцяная флейта) да нашых дзён. У сучасную беларускую музыку, дарэчы, "Стары Ольса" ўжо зрабіў свой унёсак. Пацьверджаньнем таму - 6 альбомаў і дзесяткі канцэртаў на год. Нядаўна група вярнулася зь Італіі, дзе гасьцявала і давала канцэрты па запрашэньню арганізацыі "Сардзінія-Беларусь", якая апекуецца беларускімі дзеткамі, што адпачываюць у гэтай краіне. Беларусы вандравалі па востраву Сардзінія, езьдзілі ў Рым, Ватыкан, Пізу, Флярэнцыю і далі шэсьць канцэртаў у такіх гарадах, як Кальяры, Домусновас, Карло дэ Фортэ, СанАнна. Адзьнялі матэрыял для кампазыцыі "Сальтарэла" са свайго рэпертуару - папулярнага эўрапейскага сярэднявечнага танцу, напісанага якраз у Італіі ў 14-15 стагоддзях. Здымкі праходзілі на скалах і ўзбярэжжы Міжземнага мора, у манастыры Сан Маўро, на дахах старых дамоў горада Кальяры. Сапраўдныя італьянскія дэкарацыі надалі здымкам кліпа непаўторную натуральнасьць. На канцэртах "Ольсу" мясцовыя слухачы прымалі зь цікавасьцю, але "беларускія народныя сьпевы ў нашым выкананьні яны прымалі куды цяплей, чым інструмэнтальныя творы", - распавядае Сасноўскі. Тым не менш, "Стары Ольса" праз колькі месяцаў ізноў паедзе ў гэтую краіну - цяпер у яе паўночную частку. Сяргей Будкін, Наша Ніва Шляхі, якія нас абіраюць.
Кожны больш-менш вядомы беларускі музыка мае свае працоўныя маршруты. Адны добра замацаваліся ў менскіх клюбах, дзе гатовыя граць за паў-сотні амэрыканскіх
рублёў (а то й проста за піва ці "на таксоўку"). Іншыя даюць канцэрты ў мясцовых канцэртных залях - зрэдчас, але з густам. Больш актыўныя гатовыя рызыкнуць і
праехацца з канцэртамі па абласных цэнтрах. І, нарэшце, вышэйшы пілятаж: пацешыць сталічную публіку, паказацца колькі разоў на год на перыферыі ды яшчэ
зьлетаць у замежны гастрольны тур. Пакуль у асноўным па блізкім замежжы. У лютым-сакавіку "канвертуемыя" музыкі актывізуюцца. Беларуская музыка: вэктары экспарта | 08.02.2005 | Усходні вэктар: чамадан, вакзал, Расея ВІА "Сябры" - частыя госьці ў Расеі. Толькі за апошнія месяцы група дала канцэртавала ў Маскве, Кастраме, Саратаве, Нарыльску і Хабараўску. Лідэр ансамбля Анатоль Ярмоленка кажа, што "Сяброў" радыя бачыць і на здымках розных расейскіх тэлешоў. Пры канцы 2004г. артысты зайгралі на ўручэньні міжнароднай прэміі "Прафэсія - жыцьцё" ў маскоўскім Храме Хрыста Збавіцеля, на ўручэньні прэміі "Музычны Алімп" у Дзяржаўным Крамлёўскім Палацы, зьняліся ў праграме "Пазнай мэлёдыю". Такую шчыльную сувязь з Расеяй Ярмоленка тлумачыць тым, што былыя суседзі па СССР ягоны калектыў даўно ведаюць, памятаюць і любяць. А таксама актыўнай працай маскоўскага прадстаўніка групы - кампаніі "Бравісіма прадакшн" у асобе Артура Цамая. "Ён даўні прыхільнік нашай творчасьці, да таго ж сам дасьведчаны музыка - удзельнік знакамітай групы "Арэра". Таму і прапанаваў супрацу". "Сябры" стабільна зьбіраюць поўныя залі ў Расеі (ад 1500 да 6500 гледачоў). Па словах Ярмоленкі, рэклямная кампанія іх канцэртаў зладжана як мае быць: "Мы маем жорсткія патрабаваньні да сцэнаграфіі і рэжысуры. Бігборды нам робяць такія ж, як Кайлі Міноўг! Заўважце, грошы, якія ў гэта ўкладаюцца, мы адпрацоўваем без праблем". Ярмоленка сьведчыць: у "Сяброў" на гастролях не бывае правальных канцэртаў. "Толькі аднойчы на канцэрце ў Адэсе зьнікла электрычнасьць, прыйшлося сьпяваць а капэла, і заля нам апладзіравала стоячы!". Цяпер Ярмоленка ў больніцы (праблемы зь ціскам), але ўжо праз тыдзень "Сябры" зноў выязджаюць у Расею. Гэтым разам выступы заплянаваны ў Санкт-Пецербурзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Сыктыўкары і гарадох Паволжжа. А ў сакавіку плянуецца сумеснае ўсерасейскае турнэ беларусаў зь легендарнай групай "Smokie". Сярод іншыя частых гасьцей у Расеі - "Ляпіс Трубяцкой", "Лепрыконсы" і ўсе віды "Песьняроў". Заходні вэктар: у бок року Гастрольныя пуцявіны Зьміцера Вайцюшкевіча цягнуцца на Захад. Ужо некалькі гадоў ён актыўна канцэртуе ў Польшчы: "Кантакты зьявіліся яшчэ з тых часоў, калі я выступаў у складзе "Палавца" і "Крыві". Зьміцер удала "засьвяціўся" у складзе гэтых груп на штогоднім рок-фэсьце "Басовішча" і замацаваў посьпех сольнымі выступамі на беларуска-польскім фэсьце "Бардаўская восень". Да таго ж з Польшай зьвязана і яго прыватнае жыцьцё - там жыве герлфрэнд музыкі. У лютым палякі з групы "Сваёй дарогаю" запрасілі Вайцюшкевіча ў международны музычны праект - трыб'ют польскай фолк-музыкі. У ім таксама возьмуць удзел музыкі з Чэхіі, Нямеччыны і, натуральна, з Польшчы. Зьміцер засьпявае песьню "Засьвеціць месяц" з рэпертуара нашага суайчыньніка, легенды польскага року Чэслава Нэмана. У падтрымку праекта мае адбыцца эўрапейскай турнэ. Група Вайцюшкевіча "WZ-Orkiestra" увесну паедзе ў клюбнае турнэ па Польшчы: Гданьск - Варшава - Беласток - Белавежа - Кракаў. І, як прызнаецца сьпявак, невыпадкова: "Беларускаму музыканту зручней граць канцэрты як на Ўсходзе, так і на Захадзе. У Польшы вельмі важнымі зьяўляюцца арганізацыйныя моманты: можна без праблемаў абраць месца для выступу, прыемней і прасьцей працаваць з арганізатарамі і гукарэжысёрамі. Тэхнічныя і фінансавыя аспэкты таксама адыгрываюць сваю ролю". У Польшы актыўна працуюць таксама беларускія рок-каманды, вядомыя тамтэйшым слухачам па фэсту "Басовішча": N.R.M., ZET, "Уліс", "БН", Аляксандр Памідораў. "Памаранчавы" вэктар: прымуць ды накормяць Рок-адкрыцьцё 2004г. - група "Indiga" па хуткім часе зьдзейсьніць трэці за апошнія два месяцы міні-тур па Ўкраіне. Распавядае вакалістка Руся: "З Украінай нас зьвёў лёс. Удзельнік групы Зьміцер Дзямідаў адшукаў гітару сваёй мары ў Харкаве. Яе прадавец выявіўся ўладальнікам аднаго з харкаўскіх клюбаў і папрасіў у Дзямідава наш альбом. Праслухаў і запрасіў выступіць у сябе. Ды яшчэ парэкамэндаваў сваім калегам зь іншых гарадоў". Ва ўкраінскіх культур-мэнэджэрах новая беларуская рок-княжна асабліва цэніць чуласьць і ўвагу да музыкаў: "Галоднымі ніколі не пакінуць. Да таго ж ім не ўласьцівыя цынізм, што маюць некаторыя беларускія арганізатары канцэртаў". "Крамбамбуля" ў лютым таксама паедзе ў тур па Ўкраіне, дзе яна заявіла пра сябе неаднойчы: як кліпам "Госьці", так і выступам на Майдане падчас "памаранчавай рэвалюцыі". Ва Ўкраіне часьцяком працуе і "Ляпіс Трубяцкой". Паўднёвы вэктар: паслы добрай волі Група сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" нядаўна вярнулася з гастроляў па Італіі. Беларусы сустрэлі Новы год на высьпе Сардзінія, далі шэсьць канцэртаў у розных гарадах. Лідэр групы Зьміцер Сасноўскі назваў дзьве асноўныя мэты італьянскага турнэ: набыць новыя сувязі/ўражаньні і зарабіць. Летась "Стары Ольса" граў за мяжой у чатыры разы часьцей, чым на Радзіме. Што абсалютна заканамерна: "Мы няе маем магчымасьці канцэртаваць па Беларусі. Гастрольнае пасьведчаньне на адзін канцэрт каштуе ў нас ад 450 да 800 даляраў. У Італіі, натуральна, такога няма. Існавала і падстрахоўка для арганізатараў: нашы канцэрты падтрымлівалі мясцовыя муніцыпалітэты". Мясцовая прэса выявіла вялікую цікавасць да беларусаў. Сасноўскі налічыў ня менш трыццаці газэтных матэрыялаў, прысьвечаных групе. У далейшых плянах - падобнае турнэ па Паўночнай Італіі. Паўднёвы вэктар беларускіх музыкаў адлюстраваны таксама ў праекце "Bella Ciao", дзе лепшыя альтэрнатыўныя выканаўцы перапелі па-свойму клясычныя італьянскія гіты. Выбар часу Можна сьмела канстатаваць: сфэры ўплыву паміж "выезднымі" музыкамі дакладна падзеленыя. "Сябры" здольныя знайсьці слухача толькі на постсавецкай прасторы, сярод настальгуючых па слаўнай эпосе "непарушнага саюзу". Палякам больш даспадобы альтэрнатыўныя групы ды інтэлігентны шансон: для мясцовай моладзі і прадстаўнікоў беларускай дыяспары адцягвацца і марыць куды цікавей, чым сумаваць па імперыі. Незалежніцкая музыка "Індыга" і пазытыўная разьняволенасьць "Крамбамбулі" зь "Ляпісам" сугучны фармату ўкраінскага шоў-біза. А вось у Польшчы апошніх могуць не зразумець. У далёкім замежжы найбольш запатрабаваны "дэкаратыўны" беларускі фольк. Вэктары беларускага музычнага экспарту адлюстроўваюць дух часу і рэальную шматстайнасьць айчыннага культурнага прадукта. Сяргей Будкін. "БДГ" Джул упадабала "Indiga" | 08.02.2005 |
У нядзелю ў адным зь менскіх клюбаў адбылася лесьбі-вечарына, на якой сабраліся дзяўчыны з розных куточкаў краіны, каб разам пабавіць час. У якасьці гасьцей на я
е былі запрошаны некалькі беларускіх груп і сьпявачка Джул - таямнічая прадстаўніца расейскай эстрады з незвычайна нізкім голасам.Некалькі год таму ўся расейская прэса раздавала ёй камплімэнты, называючы "сваёй Шэр". Асноўная фішка, на якую ставілі ейныя прадусары: падчас сьпеваў Джул б'ецца шкло і закіпае піва ў куфлях. На здымках кліпа на яе галоўны гіт "Чорны сьнег" на кінастудыі імя Горкага раптоўна загарэлася асьвятляльная тэхніка, як толькі Джул запяяла. Кажуць, што састарэлыя выкладчыкі Гнесінскай вучэльні, дзе сьпявачка вучылася па клясу "эстрадны вакал", не хацелі прымаць у яе экзамен, бо засьцерагаліся спыненьня сэрца. Яшчэ адна плётка: Барыс Грэбеньшчыкоў колісь надта зьдзівіўся, калі дазнаўся, што "Чорны сьнег" сьпявае не мужчына. Падчас выступу Джул на вечарыне ў Менску нічога экстраардынарнага не здарылася, хоць вакальныя дадзеныя сьпявачкі сапраўды ўразілі прысутных, нават пры тым, што яна сьпявала паверх фанаграмы. Перад Джул на імправізаванай сцэне клюба зьявіўся гоп-поп праект "Меленіум" - наіўнае "ўмца-ўмца" сярэдзіны 90-х з банальным трызьненьнем пра "любоў-нелюбоў". Адзін з удзельнікаў трыё не без гонару давёў да прысутных той факт, што іх калектывам зацікавіўся сам Фінберг. У акустыку зайграла салістка групы "Кэці Кэт" - гэткі дзявоцкі блатняк а-ля Зэмфіра-Арбеніна. Пацешыла сваёй прысутнасьцю вядомая тэлевядучая Каця Пытлева, якая сьпявала песьні з рэпертуару свайго музычнага праекту "Клёндайк". Вельмі багатыя, насычаныя пройгрышамі, аранжыроўкі, і праявы таго ж блатняку ў тэкстах (адна зь песень мае назву "Я - дура"). Закрывала канцэртную праграму група "Indiga" у акустычным складзе: толькі скрыпка, акустычная гітара і голас Русі. Цяплей за песьні "Цэпеліны", "Танга на краі" і "Заенька" дзяўчыны-слухачкі ў гэты вечар успрымалі хіба што песьню "Начных снайпераў" "Катастрофически тебя не хватает", што гучала між выступамі запрошаных. Уражаная выступам "Індыга" была і госьця з Масквы. Джул сказала, што беларуская група зьявілася для яе адкрыцьцём: "Руся шыкоўна працуе на сцэне, ад яе сыходзіць такая энэргетыка!". Джул прызналася, што зь беларускамоўных песень "Індыга" не зразумела не слова і больш зважала на музычны шэраг, які быў даволі эфектны. Зьвярнула ўвагу сьпявачка і на добрапастаўлены голас Русі і зазначыла, што "Індыга" мае не абыякія перспектывы ў далейшым. Сяргей Будкін Сярогу пірацяць | 10.02.2005 |
Пры канцы студзеня адна з украінскіх рэкард-кампаній абвесьціла пра выхад новага альбому гомельскага рэпера Сярогі пад назвай "Рымфатыт".
Але, як высьветлілася, дыск гэты - пірацкі і не мае аніякага дачыненьня да выканаўцы "Чорнага бумэра". Справа ў тым, што "Рыфматыт" быў запісаны яшчэ пяць год таму гомельскай групай "Контра да банда", дзе Сярога (тады проста Сяргей Пархоменка) быў адным з вакалістаў і стылістыка каманды зусім не нагадвае сёньняшнія сьпевы, якія сам Сярога называе "спартовымі частушкамі". Цікава, што на вокладцы дыску назва групы напісана маленечкімі літарамі, затое разьмешчана выява Сярогі на тле "бумэра" (свой мэгагіт ён напісаў крыху пазьней). Сьпевак зрабіў заяву для прэсы: такога альбому ў ягонай дыскаграфіі няма і ня будзе. У сваёй сольнай кар'еры ён мае пакуль толькі адну кружэлку - "Мой двор: вясельлі і пахаваньні" (для Расеі "Мой двор: спартовыя частушкі") і рыхтуе да выданьня складанку рэміксаў на свае песьні. 19 лютага Сярога дае свой першы вялікі сольны канцэрт - пройдзе ён у маскоўскім ДС "Лужнікі", 27 лютага праект гомельскага гіп-гопера нарэшце пачуе Менск. Сольны канцэрт Сярогі мае адбыцца ў Лядовым палацы. SB "beZ bileta": першы канцэрт за тры гады | 10.02.2005 |
Нарэшце, група "beZ bileta" наважыліся правесьці сольны канцэрт у Менску. Упершыню за тры гады. 25 лютага ў малой залі Палаца Рэспублікі адбудзецца
прэзэнтацыя альбома "narisovana". Імпрэза пачнецца а 19-й і абяцае стаць самым значным зьяўленьнем гурта на публіцы за апошні час.Праграма, якую beZ bileta мае прадставіць гледачам, базуецца на музычным матэрыяле з альбома "narisovana". На яго стварэньне "beZ bileta" спатрэбілася каля трох год. За гэты перыяд зьмяняўся як склад і стылёвая накіраванасьць гурта, так і ўласна канцэпцыя новай праграмы. Увесь час лідэр beZ bileta Віталік "Артыст", па яго словах, імкнуўся максымальна наблізіць гучаньне праграмы да таго, што ён лічыць музыкай. Як вынік - некаторыя музычныя крытыкі паставілі альбом "narisovana" у шэраг лепшых беларускіх леташніх рэлізаў. "На пачатковым этапе запісу альбома вялікі ўплыў на нас мела творчасьць гурта Radiohead, што асабліва заўважна ў песьні "Stop Business" і ў кліпе на яе. Калі ж мы працавалі над апошнімі трэкамі для "narisovana", мы больш арыентаваліся на трып-хоп каманды, такія, як Lamb ды Massive Attack, - распавядае Віталік "Артыст". - Маючы перад вачыма такія прыклады, мы імкнемся рабіць для нашых песень складаныя аранжыроўкі. Думаю, падчас канцэрту мы прагучым нават лепш, чым на дыску". Між іншым, з гуртом Radiohead "beZ bileta" сталіся сябрамі па няшчасьці. Справа ў тым, што ў конкурснай праграме Галяндскага фэсту анімацыі, што праходзіў увосень 2004 года, былі прадстаўленыя відыёкліпы абодвух гуртоў: на песьні "Went Further" (што была ўдзельніцай гіт-параду "Тузін гітоў") і "Sit Down Stand Up". Аднак гэтыя анімацыйныя работы (як і ролік "Take Me Out" вядомых брытанцаў Franz Ferdinand) саступілі першае месца кліпу "I Live For You" галяндзкай сьпявачкі Anouk. Квіткі на канцэрт beZ bileta каштуюць 10000 рублёў (можна набыць у касах Палаца Рэспублікі і ў грамадзкіх распаўсюднікаў, а таксама замовіць праз сайт гурта www.bezbileta.by.com) Павал Сьвярдлоў IQ48 - сапраўдны беларускі рэп | 11.02.2005 |
Беларускія гіп-гоперы з "IQ48" не гандлююць зброяй, не клеяць крымінальныя разборкі і не прымаюць наркотыкаў. Яны ходзяць разам у паходы,
сьпяваюць пад акустычную гітару, чытаюць Караткевіча, а ў працоўны час гандлююць плыткамі і будуюць мэтро.Вакаліст "IQ48" Аляксандр Ракавец ужо шэсьць год у рэпе. Хуткія чытанкі і своеасаблівы рэперскі рытм "Beaste boys" і "Cypress Hill" яго зачапілі яшчэ ў школе. Тады яшчэ не выйшаў ніводзін зборнік беларускага рэпу, а Памідор не прачытаў свае культавыя "Цуд на каляды" і "Крывавае сьвята". Удзельнік адной з самых папулярных цяпер груп у сваім кірунку згадвае, як яны падкладалі пад рытмы рэпу купалаўскія словы са "Спадчыны" - і нішто сабе атрымлівалася! Але юнацкія забаўкі адышлі на другі плян - трэ было набываць спэцыяльнасьць. Ракавец пайшоў на тыповай сьцяжыне хлопца з мікрараёну: "хабза" - каледж - завод. Атрымаў "корку" тэхніка-мэханіка і пайшоў працаваць на Менскі завод колавых цягачоў. Працаваў сумленна - маладога спэцыяліста прызначылі нават начальнікам участка, але перспектывы і наступствы заводскога жыцьця Ракаўца ня надта вабілі. Заміж таго, каб "адпачываць" разам з калегамі пасьля працоўнага дня, ён бегаў на рэпетыцыі свайго першага музычнага праекту "Эпіцэнтр". Аднойчы на плянёрцы загадчык аддзела зьвярнуўся персанальна на яго: маўляў, парадаваў ты мяне ўчора. Аляксандр зьдзівіўся, чым ён мог пацешыць свайго шэфа ў нядзелю. Высьветлілася, што той слухаў адну з радыёстанцый, калі гасьцямі ў этэры была група Ракаўца. "IQ48" сабраліся разам чатыры гады таму, першы час сьпявалі па-расейску (песьня "Толян повер" - трафей таго часу). Лідэрам тады быў Фройд (Павал Зыгмантовіч), які потым сыйшоў з гурта. Цяпер у групе лідэра няма, ці, як кажуць хлопцы, усе ў "IQ48" у некаторай ступені лідэры. Упершыню выступілі за межамі краіны на "Басовішчы-2003" і адразу ж сталіся ляўрэатамі фэста: "Во запаліў нас той прыз!", - згадваюць. "IQ-48" добра ведаюць у Салігорску, асабліва фэны тамтэйшай футбольнай каманды "Шахцёр" - словы зь песьні, што группа напісала адмыслова для іх, гучаць перад кожным матчам бронзавага прызэра чэмпіяната Беларусі. "Дазволілі сабе такую музычную халтурку, каб запісаць за атрыманыя грошы некалькі песень для альбома", - прызнаецца Ракавец. Адзін зь яго самых яркіх успамінаў зьвязаны менавіта з гэтым: "IQ-48" запрасілі на ўрачыстую цырымонію ўшанаваньня "Шахцёра". Калі хлопцы пачалі сьпяваць "Гімн заўзятароў", усе салігорскія чыноўнікі і спартоўцы ўзьняліся са сваіх месцаў, а ў залю ўварваліся дзеці зь клюбнымі сьцяжкамі. Музыканты з "IQ48" маюць спадзеў, што музыка калі-небудзь станецца асноўным іх заняткам і будзе прыносіць прыбытак. Пакуль жа яны шчыруюць, каб зарабіць на запіс. Ракавец з завода звольніўся (кажа, што не хацелі адпускаць) і пайшоў працаваць у сфэру, якая крыху бліжэй да шоў-бізу. Цяпер ён прадавец-кансультант у адной з дыскарняў. Гандлюе дыскамі і басіст групы Кастусь Калесьнікаў (колісь граў у "Лепрыконсах", "Hassta la filsta", а таксама ў "Жыгімонт Ваза"), адзін з заснавальнікаў групы - Буза (Яўген Бузоўскі) працуе ў "Мэтрастроі" майстрам горных работ, саксафаніст Дзяніс Дзеравенка і бубнач Антон Мацулевіч - студэнты. На запіс свайго дэбютнага дыска "Вар'яты" хлопцы затрацілі 2,5 гады, 600 даляраў і сотні гадзін рэпетыцый. "Галоўнае - працаваць" - такой дэвіз групы. Удзельнікі "IQ-48" кажуць, што менавіта музыка напоўняе іх жыцьцё сэнсам, таму яны імкнуцца зрабіць сваю важную справу як мага якасьней і цікавей. Сяргей Будкін "Drum Ecstasy" эмігруюць? | 16.02.2005 |
Беларускім музыкам вальней працаваць па-за межамі сваёй краіны. Сярога стаўся папулярным у нас праз сваю вядомасьць на Ўкраіне, Натальля Падольская і
ВІА "Харлі" удзельнічаюць у адборачных турах да "Эўрабачаньня-2005" ад іншых краін. На днях лідэр групы "Drum Ecstasy" Філ Чмыр заявіў пра магчымы пераезд
беларускага праекта ў Маскву. Справа ў тым, што гэтая група пасьля выступу на мітынгу апазыцыі 21 ліпеня не мае магчымасьці канцэртаваць на Беларусі, бо трапіла ў сьпіс "абраных-забароненых". Прапановы ж з Масквы "шалёныя бубначы" атрымліваюць пастаянна: іх ужо запрасілі да ўдзелу у саўндтрэку да фільма "Начная варта-2" (здымкі пачнуцца ўвосень), недаўна выдалі на тэрыторыі Расеі альбом - "Drums Only" і далі некалькі канцэртаў у маскоўскіх клюбах. SB "Краскі" арыштавалі | 16.02.2005 |
Удзельнікі групы "Краскі" правялі ўік-энд у турме горада Дюсельдорф. У суботу салістка групы Аксана, а таксама клявішнік, адміністратар і гукарэжысэр былі
затрыманы пры прахаджэньні пашпартнага кантролю ў нямецкім аэрапорце. У іх забралі тэлефоны ды пасадзілі ў камэры. Турнэ групы па Нямеччыне зь сямі
канцэртаў было сарванае. Праз дзень артысты вярнуліся ў Маскву. Аксана Кавлеўская зрабіла заяву для журналістаў: "Мы закон не парушалі і ўсе абвінавачваньні - незаконныя". Сьпявачка паабяцала распавесьці гісторыю з затрыманьнем ва ўсіх падрабязнасьцях праз некалькі дзёнь. Як атрымалася высьветліць, нагода затрыманьня палягала ў тым, што арганізатары гастролей зь нямецкага боку (кампанія "Эўраканцэрт") раптоўна анулявалі візу на ўезд у Нямеччыну. Групе "Краскі" цягам усёй кар'еры далёка не заўсёды шэньціла: колісь на Беларусі на іх была заведзена крымінальная справа за вымагальніцтва, у Расеі падчас перадвыбарчай кампаніі забаранілі іх кліп "Аранжавае сонца", бо ўгледзілі агітацыю за партыю "Яблыка". А летась гастролі "Красак" у Нямеччыне таксама былі сарваныя - тады артыстам не далі візы. SB "Крамбамбуля" у краіне свабоды | 25.02.2005 |
Праект "Крамбамбуля" вярнуўся з турнэ па Ўкраіне ў гуморы, хоць усе ўдзельнікі праекту прыхварэлі, а прадусарка Ганна Вольская нават падхапіла ангіну.
Новыя ўражаньні і знаёмствы, канцэрты ў культавых і экзатычных клюбах, эфіры на ўкраінскіх радыё- і телеканалах. Усё гэта дае нагоду музыкам цешыцца і
працаваць далей - кола прыхільнікаў "крамбамбульных" сьпеваў расьце і пачынае ахопліваць суседнія краіны! Дарэчы, прыхільнікі творчасьці Вольскага знайшліся і на памежнай зоне. І беларускія, і украінскія мытнікі прасілі ў яго альбом "Крамбамбулі". Цікава, што нашы пры гэтым задавольваліся касэтамі, а вось украінцам давай музыку толькі на СД-носьбітах: "Добра, калі б прасілі, а то ж яны патрабуюць - а не то будзеце тры гадзіны ў чарзе стаяць!"- кажа Лявон Вольскі. Калі музыкі вярталіся назад, дык на ўкраінскай мяжы прыкінуліся Сашам і Сірожам з групай акампанемэнту, якія там ледзьве не нацыянальныя героі - часопіс "FHM" прызнаў "Новыя калыханкі" телеперадачай году на Ўкраіне. Памежнікі далі веры і прапусьцілі без чаргі. 10 лютага Вольскі і Ка гулялі па Хрышчаціку, пілі піва ў браварнях і захапляліся сьвяточнай кіеўскай аўрай. Увечары ў іх быў канцэрт у культавым арт-клюбе "44", дзе часьцяком граюць вядомыя ўкраінскія каманды. Адна з арганізатараў кіеўскага турнэ Алёна Скарабагатая кажа, што ажыятаж сярод прадстаўнікоў украінскіх СМІ і шоў-бізу быў вялікі - на канцэрт з'ехаліся прадстаўнікі буйных телекалаў ("Інтэр", "М1"), завітаў дырэктар кампаніі "Лявіна Рэкардз", які выдае альбомы Скрыпкі і Вакарчука, ды і ўласна Вакарчук зь вялікай цікавасьцю назіраў за выступам "Крамбамбулі", і Вольскі падараваў дыск лідэру "Акіяна Эльзы". Пры канцы канцэрту беларусы паджэмавалі з шатляндзкім дударом. У наступны дзень "Крамбамбуля" грала ў Днепрадзержынску, радзіме Брэжнева. Мясцовыя жартавалі, намякаючы на маленькую колькасьць забаўляльных устаноў у параўнаньні з заводамі: у нашым горадзе заўсёды шмат людзей у клюбах і на кінасэансах, бо маем толькі адзін клюб і адзін кінатэатр. Сапраўды на канцэрце "Крамбамбулі" у мясцовым клюбе "Торба" быў аншляг. Але Вольскаму запомніўся прамысловы горад сваім гатэлем, дзе было толькі 6 градусаў цяпла. Бавіліся тым, што бегалі адзін за адным па доўгіх гатэльных калідорах у "ZETаўскіх" масках. Вольскі "пакаціў" у Данецку, хоць і не зьняў на канцэрце ў клюбе "Gung'ю" свой памаранчавы шалік: "Гэта ў нас адразу бы ў міліцыю забралі", - жартуе музыка. На канцэрт патрапіў мясцовы скінгэд, які была пачаў абурацца, як пачаўся "азіяцкі" блёк, але потым нічога, упадабаў, і набыў адразу 14 дыскаў "Радыё Крамбамбулі" - для сябе і сяброў. Мясцовыя арганізатары рэклямавалі "Крамбамбулю" як маглі, некаторыя перабіралі, называючы ў афішах і анонсах "беларускім "Ленінградам" і "сольным праектам салістаў Ляпіса Трубецкога". Аднак аніякія рэклямныя фішкі не дапамаглі сабраць "Крамбамбулі" залю ў Харькаве. На канцэрт у "Чэрчыль-пабе" набылі толькі 12 квіткоў. "У маім жыцьці такое здараецца не ў першы раз. Аднойчы на канцэрт "N.R.M." у Маладэчне прыйшло два чалавекі. Звычайнае выпрабаваньне для музыкі , - без роспачы кажа Вольскі. Вырашылі граць, чым пацешылі гэтых герояў-мэляманаў, што не пабаяліся 18 градуснага марозу. Скончылася турнэ ізноў канцэртам у Кіеве. Беларуска-украінская "Суседзі" у Кіеве прайшла незаўважанай, затое ў Данецку яе прынялі на "ўра". Вельмі ўпадабалі ўкраінцы "азэрбайджанскі" блёк у выкананьні Гюнэш Абасавай (адзін бізнэсовец набыў ёй шыкоўны букет кветак пасьля выканьня "Растаньня") , сярод "гарачых" гітоў на ўсіх канцэртах найбольш запалялі ўкраінскіх гледачоў "Мама дарагая" і "Госьці". Ад украінскай публікі Вольскі ў захапленьні: "Жвавасьць і надзвычай эмацыйнае і жывое ўспрыманьне ўкраінцаў нашых песень (і ня толькі песень - СБ) можна патлумачыць іншай ступеньню свабоды, якая разьвілася ў іх за апошнія дзесяць год, неглядзячы на млявую кучмоўскую манархію". Сяргей Будкін Канцэрт для Барадуліна з аркестрам | 25.02.2005 |
Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну - 70 год! З гэтай нагоды Зьміцер Вайцюшкевіч задумаў 6 сакавіка свой сольны канцэрт, які ён прысьвячае,
натуральна, юбіляру. Асновай канцэрту станецца апошні альбом сьпевака "Паравоз каханьня", запісаны пры непасрэдным удзеле клясіка беларускай літаратуры. Дзядзька Рыгор аддаў на водкуп Вайцюшкевічу свае вершы, ды прачытаў колькі сваіх эпіграм між песьнямі. Колісь да прэзэнтацыі на "Тузіне гітоў" баляды "Вясновы дзень" сьпевак зазначыў: "Я лічу Рыгора Барадуліна - галоўным рок-н-рольшчыка краіны, бо негледзячы на ўзрост, ад яго сыходзіць неверагодны драйв!". Барадулін, дарэчы, адказаў камплімэнтам на камплімэнт ды напісаў у гонар музыкі эпіграму: "Агонь у паглядзе, усе бл*дзі ў адпадзе". У канцэрце возьме ўдзел і бард Алесь Камоцкі, на вершы якога Вайцюшкевіч запісаў папярэдні свой альбом "Паравіны году". Дарэчы, менавіта Алесь зьвёў музыку і паэта. Што да юбіляра - дзядзькі Рыгора, то ён захварэў на грып. Але, кажа, калі ачомаецца да канцэрту, дык абавязкова прыйдзе. Ды ня проста паважна сядзе ў залі, а выйдзе на сцэну і засьпявае свае знакамітыя ўшацкія прыпеўкі. SB рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|