. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за люты-сакавік 2004


Сяргей Міхалок: "Мне трасянка смачная" | 26.02.2004 | Небеларускі "J_морс" | 01.03.2004 | Безь зьменаў | 02.03.2004 | Крызыс 14-ці год | 02.03.2004 | Рок-каранацыя. Падрабязнасьці. | 04.03.2004 | Крамбамбуля: вачыма Кулінковіча | 05.03.2004 |


Сяргей Міхалок: "Мне трасянка смачная" | 26.02.2004 |
газэта Наша Ніва
«Ляпіс Трубяцкой» зьвіў сабе гнязьдзечка ў былым дзіцячым садку ля плошчы Прытыцкага — у раёне не старым, але абжытым. Справа ад ляпісаўскага садка — пункт прыёму шклатары й элітны салён прыгажосьці (у адным будынку). Зьлева, за якія пару мэтраў, — апарняк міліцыі. Дабрэнныя дзядзькі ў форме са сьмешкамі й пацешкамі назіраюць за пляшачнай мафіяй. Жыцьцё кіпіць і на вачох нараджае гарадзкі фальклёр. Мабыць, хлопцы пачуваюцца тут зусім утульна.
«НН»: Заўважна, што Вы інтэлігентны чалавек і ня любіце хамства, але паважаеце гарадзкі фальклёр, дваровую культуру. Як гэта можна спалучаць?
С.М.: Мая «інтэлігентнасьць» пакрыўленая. Сярод маіх літаратурных жарсьцяў — інтэлектуалы з паўкрымінальным, напаўалькагалічным налётам — Марцін Эміс, Уладзімер Букоўскі, Сяргей Даўлатаў. Я не з рафінаваных хлопчыкаў, якія ранкам беглі ў музшколу. Я ведаю, што такое двор. Мы ўмелі за сябе пастаяць пад націскам гапаты і ў тусоўках ля «Пінгвіну», і ў іншых пажыўных месцайках. Я не чалавек, які церпіць хамства ў адносінах да сябе, і не чалавек, які ня будзе біцца. І сябры мае такія ж — я называў іх раней агрэсіўна-піяцкі бамонд. Гэта разумныя людзі, якія без асаблівай складанасьці арыентуюцца ў культуры — тэатры, музыцы, літаратуры. Але яны арыентуюцца і ў іншым баку жыцьця. Дваровая культура вельмі важная для мяне. Гарадзкі фальклёр вельмі важны. Я не разумею людзей, якія лаюць гарадзкі фальклёр і цягнуцца толькі да вясковай аўтэнтыкі. Я з пакаленьня, якое памятае дваровыя песьні й ведае кодэкс гонару: калі ідзеш чувіху праводзіць, цябе не зачэпяць, а вось як будзеш брысьці назад, тут ужо не наракай… Альбо ў школу ў падлу было ісьці ў новых чаравіках, трэ было іх абшаркаць адзін аб адзін. Або крута было запальваць запалкі аб трэнікі, аб бядро. Кожны пацан знаў, як сябе паводзіць, як размаўляць, што сьпяваць. У дзяцінстве было «Самалёт, самалёт, забяры мяне ў палёт, а ў палёце пуста, вырасла капуста». Рэальная абсурдысцкая песенька. Глябальная такая. Потым юнацкі фальклёр з матам… Горад жыў сваім жыцьцём, ня зьвязаным з афіцыйнай культурай, з палітыкай. Гэтыя дробязі для мяне цікавыя, але я пакрываю іх пацінай гумару і не спрабую паказаць паўкрымінальнае жыцьцё крутым і прывабным. Хоць бандыты мяне слухаюць.
«НН»: Сьведчу, што міліцыянты таксама.
С.М.: Не зразумець, хто болей. Мне падабаецца гэтая дыфузія ў жыцьці, гэтае некарпаратыўнае дачыненьне. Для мяне гэта сур’ёзная жыцьцёвая камунікацыя. Людзі ня могуць існаваць кожны ў сваёй фармацыі ці групе — музычнай, клясавай, рэлігійнай. Гэта было б нецікава.
«НН»: Самы экстрэмальны ўчынак Вашага жыцьця?
С.М.: Я лічу, што людзі, якія шукаюць экстрыму па-за жыцьцём… ну, можа, ім занадта добра жывецца? Для мяне ўсё жыцьцё — экстрэмальнае задавальненьне. Калі мне кажуць, што толькі на роліках можна атрымаць сапраўдны адрэналінавы выбух, я ім раю пад’ехаць на роліках да кінатэатру «Дружба» дзесьці ў Чыжоўцы. Вось там будзе экстрым. Я зьдзяйсьняў учынкі на грані фолу, гэта зьвязана з п’янствам або юным нігілізмам, але ня буду распавядаць. Не люблю распавядаць пра сябе ўсё. Ня хочацца ператвараць інтэрвію ў флюараграфічны здымак.
«НН»: Вы кажаце, што не жадаеце мець ані сталае кватэры, ані машыны. Запабягаеце прывязкі да чагосьці?
С.М.: Гэта мне пакуль ня трэба. Хоць я маю грошы на ня самую горшую кватэру і машыну і не саромеюся ў тым прызнацца. Гэта зароблена, а ня выйграна ў лятарэю. Я жыву ў здымных кватэрах і мяняю іх. Гэта ня вельмі ўтульна, але мяне задавальняе. Хоць побыту я не баюся і вырашаю гэтую праблему на хаду. Іду ў краму «Зрабі сам» і латаю гаспадарку.
«НН»: Фотамастачка Ксенія Нікольская з Санкт-Пецярбургу ня ведае, хто такі калдыр. Мы ня здолелі растлумачыць, хоць усім нутром разумеем, хто гэта. Дайце дэфініцыю. Тым больш што ўзьнікла цэлая парадыгма — калдырыцца, закалдыраны, калдырны й г.д.
С.М.: «Калдыра» выдумаў Лёша Хацкевіч, Хацон, мой сябар. Дарэчы, «Саша й Сірожа» — таксама вельмі раскручаны брэнд. Мы з Хацонам даўно працуем. Спачатку быў гурт «Мэталёвы буралом», потым такі сьмешны з назваю «Блакітныя пеўні», а потым тэатар «Бамбукі». Тады і ўзьнік панятак «калдыр». Ня блытайце калдыра з гапатой і уркамі ды з голенымі пацанамі з Шабаноў. Калдыр жыве ў кожным чалавеку, незалежна ад сацыяльнага стану. Ня вычысьціў зубоў ранкам — гэта калдыр у табе аджыў. Пайшоў у трэніках у краму — калдыр. Хочаш котцы нагою нападдаць, але стрымліваешся — перамог у сабе калдыра. Чорнае альтэр-эга чалавека — калдыр. Забі калдыра ў сабе й г.д. Такая ідэя. Мы цяпер яе раскручваем у сэрыі тэлепраграмаў, на ўкраінскай тэлевізіі пойдуць неўзабаве. На Беларускай тэлевізіі мы працаваць болей ня будзем. Ня будзем калдырыцца.
«НН»: Вас называюць лідэрам крэольскага мастацтва ў краіне. Вы бачыце ў крэольстве будучыню нашай нацыі?
С.М.: Гэта ня тэма маёй дысэртацыі — куды Беларусь паверне. Я ня надта добра ведаю гісторыю й геапалітычныя рэаліі, бо прыехаў сюды ў 18 год, калі ўжо цалкам склаўся. Я — сын вайскоўца, нарадзіўся ў Нямеччыне і добра папаезьдзіў, пакуль трапіў у Менск.
На пачатку свайго шляху мы сьпявалі па-беларуску. Я слухаю, як Лявон Вольскі ці наш гукарэжысэр Саша бліскуча гавораць на мове. Але зь цяжкасьцю даю рады зь беларускай. Ва ўнівэрсытэце культуры, які я скончыў, выкладчыкі стараліся ўбіць яе мне ў галаву, і ў мяне было пачуцьцё пратэсту, як супраць любога інтэлектуальнага гвалту. Я выхоўваўся на расейскай клясыцы зь невялікімі адхіленьнямі ў бок абэрыутаў, Платонава й г.д. Скажу шчыра, шмат што зь беларускай літаратуры мне так тады й не закаціла. Напрыклад, гумару Цёткі я абсалютна не разумею. Я ня быў крануты і Максімам Багдановічам. Калі мае беларускамоўныя выкладчыкі ў нашых ідэйных спрэчках ставілі Багдановіча побач з Забалоцкім або Вэрленам, мяне гэта падтрэсвала. Брэнд «Багдановіч» быў мне незнаёмы. Я проста ня ведаю беларускай мовы ў такой ступені, каб іранізаваць. Па-расейску я валодаю поўнай знакавай сыстэмай. Калі я сьпяваю «сады-стады» і «калье-аліўе», усе разумеюць, пра што вядзецца.
«НН»: А трасянкавай сыстэмай вы, па-мойму, цудоўна валодаеце.
С.М.: Гэта мой фальклёр, мова вуліц. Я ведаю падшэўку жыцьця. Я п’янстваваў, бываў на піўніках, панкаваўся, езьдзіў па мястэчках. На трасянцы нават крымінальнікі гавораць: «Маць, нясі брагу, пасьпела!» Таму мая трасянка смачная, бо эклектыка — самы смачны элемэнт мастацтва. Трасянка — кіч, несур’ёзная мова, мова багемы. На трасянцы гавораць мае сябры — Хацон, паэты, мастакі, тэатралы. Трасянка мне далася лягчэй, чым беларуская. Я ня ўмею іранізаваць па-беларуску.
«НН»: Мой любімы Сяргей Даўлатаў сказаў бліскуча: «Тысячы кніг напісана пра шкоду алькаголю і ніводнае — пра ягоную карысьць. Дарма». І гэта напісаў чалавек з цырозам пячонкі. Перад шоў «Крамбамбулі» належыць гаварыць пра алькаголь...
С.М.: Алькаголь важны для мяне. Я вітаю ўсё, што зьвязана з алькаголем. Мне гэта цікава. У маім жыцьці розныя пэрыяды бываюць. Часам я жадаю піць, а часам мне неабходны цьвярозы погляд на рэчаіснасьць. Цяпер мне ўжо паўгоду няма як піць — няма калі. Для стымуляцыі творчых справаў мне алькаголь не патрэбны. Я не пішу п’яны. Але алькаголь даў мне гаму перажываньняў, станаў, поглядаў на жыцьцё. Я зазнаў рэчы, якіх не спазнаў бы, каб быў цьвярозьнікам. Раней вельмі хацелася піць, але грошай не было й ніхто не прастаўляўся. А цяпер грошы ёсьць і кожны другі прагне мне праставіцца, але няма ахвоты піць. Такі парадокс! Каб у маладосьці гэтыя фазы супалі, вось было б добра.
Аднак калі я апынаюся з раніцы ў нейкай «пажыўной мясьціне з п’янымі пэрсанажамі», лічу, што найлепшым і найдарэчнейшым будзе выпіць. Карацей, я ня маю канонаў што да алькаголю.
«НН»: Складаецца ўражаньне, што Вы не жадаеце залежаць ні ад чога — ні ад маёмасьці, ні ад звычак. Гэта слушнае ўражаньне?
С.М.: Так. Гэта, можа, самы каштоўны набытак майго жыцьця, я моцна ганаруся гэтым. Ёсьць шмат апокрыфаў пра «Ляпіс Трубяцкой». Сотні людзей у горадзе распавядуць вам, як яны зь Міхалком сядзелі ў турме, у дурдоме, пілі й трэскаліся разам. Чысты гарадзкі фальклёр. Мы неаддзельныя ад жыцьця, ад вялікай тусьні. Мы ператварыліся ў пэўнае творчае аб’яднаньне. «Бамбукі», «Ляпіс Трубяцкой», «Саша й Сірожа», славуты клюб «Адыс-Абэба» з пэрформансамі, з панк-буфанадай — напэўна, гэта мая творчая ўдача. Бо ў творчасьці я гавару найперш пра працалюбнасьць, цярпеньне і ўдачу, чым пра талент і геніяльнасьць. Працалюбнасьць і ўдача — гэта рэчы, якія я выпрабаваў.
«НН»: І яны працуюць?
С.М.: Безумоўна.
Гутарыла Сьвятлана Курс




Небеларускі "J_морс" | 01.03.2004 |
Посьпех песьні "Глядзі" усё ж не зварухнуў групу да беларускамоўнай творчасьці. Адзін з самых ратуемых на FM айчынных калектываў выдае ў сакавіку новы альбом, дзе за выняткам кавэра N.R.M. "Катуй-ратуй", будуць песьні толькі па-расейску.
3 сакавіка "J_морс" мае паказаць сваю плытку "Монтевидео", куды ўвойдуць трэкі зь невыдадзенага альбому "LSD или чай?" (2001), з сынгла "Вэб-дызайн" (2002) ды колькі новых песень ("Монтевидео", "Альбион"), што ужо добра знаёмыя слухачам FM-cтанцый.
Гэта будзе другі альбом (першы зваўся "Ассорти"). Лінгваэкспэрымэнты было вырашана пакуль не працягваць ды сьпяваць толькі па-расейску, хоць апошняя "джэйморсаўская" кампазыцыя на беларускай мове пад назвай "Глядзі" (у перакладзе Багдана Арлова) мела посьпех у гіт-парадах (у тым ліку і на "Тузіне") і выклікала выключна станоўчыя водгукі...
Распытаць лідэра калектыва Ўладзімера Пугача пра новы альбом, дазнацца пра новы кліп на песьню "Монтевидео" (рэж.Анатоль Вечар) ды проста ўзяць аўтограф у ўдзельнікаў гурта можна будзе 3 сакавіка ў 18.00 у краме "Містэрыя гуку" (вул.Няміга, 12). У гэты ж дзень адбудзецца канцэрт"J_морс" у клюбе "Воран" (вул.Доўгабродзкая, 24, у Палацы культуры Трактарнага завода).
Сяргей Будкін




Безь зьменаў | 02.03.2004 |
Некалькі месяцаў таму беларускія музыканты (Паўлаў, Кулінковіч, Камоцкая...), палітыкі (Сівярынец, Сіўчык, Высоцкі...), журналісты (Падбярэзскі, Безкаравайны, Будкін...) наладзілі круглы стол па праблеме беларускай музыкі на айчынных FM-станцыях.
Праблема насьпела - не жадалі ставіць у этэры беларускамоўнай музыкі. Тады ўдзельнікі падпісалі зварот да міністра інфармацыі з прапановай усталяваць роўныя прапорцыі беларускамоўнай і рускамоўнай музыкі ў 50-ай квоце, абавязковай для ўсіх радыёстанцый.
Казалі, што той зварот узялі ў міністэрстве да ведама, але прамінуў час і...нічога не зьмянілася.
Па вынікам нацыянальнага чарту беларускіх выканаўцаў за студзень, складзены на падставе галасаваньня слухачоў беларускіх радыёстанцый сытуацыя такая (лічба - колькасьць ратацый):
Беларускія песьняры Скажи про любовь 916
Грыбалёва Ларыса Что-нибудь 911
Хлястоў Аляксей Снег 868
Алеся Улетаю 805
Atlantica Behind the Destiny 703
J_Морс Альбион 605
Аня Багданава Просто слова 555
Ната Раманава Перезагрузка 645
Гайдук Аляксандра Старый Дом 579
Смолава Паліна Птицелов 505
Чехоff Папа 459
Хлястоў Аляксей Тик-Так 456
Яна Зима 404
Беларускія песьняры Не Забывай 387
Плотнікава Ольга Они 311
ВІА "Харлi" Танцы на Палянцы (new version) 276
Краскі Старший брат-2 270
Цягні-Піхай Небо ищет (rmx) 207
Іна Афанасьева Жемчуга 199
Влада Не торопись 165
(дадзеныя прадастаўленыя піяр-агенцыяй "ActiveMedia")
Мы маем тое, што маем - адзіная беларускамоўная песьня, што патрапіла ў 20-ку самых ратуемых - "Танцы на палянцы" групы "Харлі". Астатняе - спрэс расейскамоўная папса ("J_Морс" і "Беларускіх песьняроў" чапаць ня будзем). Ці доўга мы будзем жыць у расейскай правінцыі? Калі зьменецца стаўленьне да сапраўднай беларускай музыкі?
Сяргей Будкін




Крызыс 14-ці год | 02.03.2004 |
Нашыя карэспандэнты з'ездзілі на фэст "Рок-кола" - адзіны напамін пра росквіт беларускага року пачатку 90-х.
Чатырнаццаць год (менавіта у далёкім 1990 годзе пачыналася слаўнае жыцьцё адной з найтрывалейшых у гісторыі айчыннае музыкі традыцый) праводзіцца наваполацкі музычны фэст " Рок-Кола", дзякуючы якому на беларускі музычны алімп узышлі такія адметныя ў гісторыі нашай рок-музыкі групы , як " Мясцовы Час", " Стокс " ды іншыя.
Усяго ж за гады існаваньня ў гэтым фэсьце бралі ўдзел блізу 200 музычных гуртоў з розных рэгіёнаў Беларусі і краінаў постсавецкае прасторы. Па сутнасьці, гісторыя вышэйназванага фэсту ёсьць таксама і адлюстраваньнем гісторыі нашай маладой дзяржавы са сваімі дасягненьнямі і пралікамі, уяўнымі і цалкам відавочнымі памылкамі і новаўтварэньнямі. Чатырнаццаць год - досыць працяглы тэрмін , які выдатна сьведчыць пра жыцьцядзейнасьць дадзенай ініцыятывы і таксама пра тое, што паступова дзіця Сяргея Анішчанкі (былога фронтмэна культавай наваполацкай каманды " Грунвальд") - "Рок-Кола" сталася натуральнай кузьніцай новай гэнэрацыі беларускіх рок - пачаткоўцаў. Дзіця нарэшце дасягнула ўзросту, калі можа сьмела і ўпэўнена нагадаць уголас пра сваю новую пазыцыю, якая выяўляецца як ў знадворным выглядзе , так і ў манэрах.
Чатырнаццаць год - крызісны ўзрост , асаблівасьцямі якога зьяўляюцца асобасная нестабільнасць, схільнасць да дэманстрацыяў залішняй самастойнасьці і эгаістычнасьці.Аднак разам з тым менавіта гэтаму ж перыяду ўласьцівыя і нябачная раней самаадданасьць і самаахвярнасьць.
Цяперашняму фэстывалю наўрад ці можна надаць статус агульнарэспубліканскага, бо па пэўных прычынах , зьнітаваных, відаць, са зноў-такі складаным ўзростам дзіцяці, сталічныя каманды не былі прадстаўленыя, а мясцовыя выглядалі ўсё ж досыць няпэўна .
Цікава, што за два дні на "Рок-кола" прагучала ўсяго дзьве песьні па-беларуску: "Спадчына, я цябе кахаю", - раўлі панкі з "Агоніі" ды госьці зь Менску "J-Морс" засьпявалі мэлядычную "Глядзі". На гэта Сяргей Анішчанка толькі паціснуў плячыма: маўляў, не жадае наваполацкая і полацкая моладзь сьпяваць на роднай мове і анічога з гэтым не паробіш. Адзін з полацкіх музыкантаў зазначыў на гэта, што няма ў іх беларускіх рок-паэтаў, адсюль і моўная абмежаванасьць.
Журы (у ліку якога былі і "тузінаўцы") вызначыла наступных пераможцаў: найперш гэта група "Фляўс і Кляйн" - прыемны, якасна сыграны рокапопс з налётам "Radiohead". Гэты гурт з запамінальным сваёй экспрэсіўнасьцю вакалістам яўна не згубіўся б у Менску. Два астатнія ляўрэаты - групы з рэлігіёзнай ськіраванасьцю - "Skimen" паклалі тэксты пра Бога ў сэрцы на хардкоравую плынь; "Expansy" запомніліся джаз-рокавым інструмэнталам, а ў астатнім нагадалі "Новы Іерусалім". Цікава, што"Expansy" існуе ўсяго два тыдні, яна была створана адмыслова да "Рок-кола".
Без сумневу, роля наваполацкага фэсту значная. Дзякуючы яму ў гэтых двух гарадах зьявілася якая-ніякая рокавая традыцыя, жадаючых паглядзець ды паграць на фэсьце кожны год не менее. Пры чым узрост удзельнікаў вагаецца ад 13 да 60 год. Запомніўся выступ самых старых удзельнікаў "Рок-кола-2004" ВІА "Бела Росы" - гэткія полацкія "Самацветы" зьявіліся на сцэне ў інвалідных вазках і мыліцах, каб надаць сабе больш важнасьці. Самыя маладыя ўдзельнікі 13-14-гадовыя "рокеры" з групы "Охра" ледзьве трымалі цяжкія інструмэнты, але ўжо ладна перастаўлялі акорды .
Дзіця Анісы будзе расьці далей. Улетку плянуецца зладзіць вялікае "Рок-кола" на мясцовым стадыёне: з айчыннымі рок-зоркамі і самымі лепшымі (нова)полацкімі музыкамі, якія да гэтага часу, ёсьць спадзеў, засьпяваюць па-беларуску.
Мікола Бянько, Сяргей Будкін






Рок-каранацыя. Падрабязнасьці. | 04.03.2004 |
Фэст "Рок-каранацыя" падвядзе вынікі мінулага году бліжэй да сярэдзіны году бягучага. Па словам прадусара "Рок-каранацыі" яна будзе дакладна, але чарговы раз дата яе правядзеньня пераносіцца - гэтым разам на красавік. "РК-2003" будзе крыху адрозьнівацца ад мінулых фэстаў.
Так, напрыклад, плянуецца, што пераможцаў у розных намінацыях будуць вызначаць ня толькі некалькі чалавек з журы. Да гэтай справы могуць падлучыцца ўсе жадаючыя. Галасаваньне, у прыватнасьці, будзе праводзіцца і праз сайт "Тузіна гітоў".
Вялікая ўвага будзе нададзена прадстаўнікам рэгіёнаў - першае аддзяленьне цалкам іхняе. Ужо дакладна вядома, што ў фэсьце возьмуць удзел пераможцы "Рок-кола", што надоечы прайшла ў Полацку і Наваполацку; пераможцы адборачнага тура "Рок-каранацыі" у Магілёве - група "Афазія". У самым хуткім часе высьвятляцца прадстаўнікі ад Віцебска (там канцэрт 11 сакавіка), Барысава (14 сакавіка).
Цыбін хоча зладзіць яшчэ канцэрты ў Гомлі, Горадні, Берасьце.
Другое аддзяленьне - традыцыйнае, з уручэньнем вялікіх і маленькіх рок-карон. Сярод намінацыяў ёсьць і "тузінаўская". Ёсьць спадзеў, што гэтая "Каранацыя" ня будзе нагадваць чарговыя хаўтуры па беларускаму року, а станецца яксравым і цікавым відовішчам.
Інфармацыйны фундатар Рок-Каранацыі - "Тузін гітоў".
Сяргей Будкін




Крамбамбуля: вачыма Кулінковіча | 05.03.2004 |
4 cакавіка ў КЗ "Менск" прайшоў чарговы канцэрт бадай што самага пасьпяховага айчыннага праекту "Крамбамбуля". У параўнаньні з кастрычніцкім шоў-канцэртам тут было некалькі новых цікавостак.
Так, на пачатку абодвух аддзяленьняў люд забаўляў сваімі вар'яцкімі рытмамі гурт Drum XTC. Бубначы ня зьбіліся з рытму нават калі на сцэну выйшла напалоў аголеная танцорка ды пачала матляць ва ўсе бакі сваім шыкоўным целам. У ролі прафесійнай падтанцоўкі на песьне "23 фэўраля" выступілі прадусары "Крамбамбулі" - Калмыкоў ды Драздоў разам з Сашам. Апошні, разам з Сірожам, потым яшчэ пабавіў публіку сваімі досьціпамі пра чарвякоў без твару, але з ртом, якія пад нас усіх капаюць...
Да выканаўцаў - Міхалка, Вольскага і Кулінковіча далучылася яшчэ самаўпэўненая дзяўчына Гюнэш, што надала некалькім песьням азіяцкі калярыт....
Што да "галоўных", дык тыя адпрацавалі ўвесь канцэрт як мае быць, хоць і зь вялікай колькасьцю "лаж". "Каралі раёну" часьцяком забываліся на тэкст (нават у "Гасьцёх"), блыталі словы, уступалі не з таго месца, гублялі рытм... Вольскаму не хапала толькі сівізны, у астатнім, дзякуючы грымёрным махінацыям, ён выглядаў на 20 год старэйшым, чым на канцэртах N.R.M. Міхалок знаходзіўся ў сваёй стыхіі і даводзіў гледачоў сваімі жарцікамі да гістэрыкі. Кулінковіч відавочна хваляваўся, але, як заўсёды намагаўся выглядаць максымальна шчырым. Аляксандр пагадзіўся пракамэнтаваць гэты канцэрт для "Тузіна гітоў":
"Як на маю думку, дык гэты канцэрт быў меней патасны, меней афіцыёзны, чымся кастрычніцкі, ён прайшоў у здаровым расп***зьдзяйскім стылі. Ды і для мяне ён быў больш удалы - больш песень прапеў. Лявон усё непакоіўся з прычыны таго, што мы выступ "пралажаем". У прынцыпе, так яно і было, але ж гэта была весела. "Песьню пра жэншчын" вось не вывучылі, бо амаль не рэпетавалі новы матэрыял. Да таго ж маніторы ў нейкі момант адмовіліся працаваць, так што прыйшлося арыентавацца па вуснах астатніх, каб правільна ўступіць. Нічога супраць новых песень на "трасянцы" не маю, для беларускіх слухачоў гэта ня больш чым жарт, тым больш, калі сьпявае Лявон ці я (для Міхалка ўся творчасьць - суцэльны жарт). Але вось, калі выходзіць за беларускую прастору, так, канечне, такія песьні будуць не да месца, там (у той жа Ўкраіне ці Расеі) яны ўжо могуць успрыняцца як кпін з нашае мовы.
Хачу сказаць наконт магчымых абвінавачваньняў у "апапсеньні" у мой бок (мне ўжо даводзілася такое чуць з нагоды выхаду рэміксаў на песьні "Нэйра дзюбеля") і бок Лявона: каб не стацца сэрыйнымі маньякамі, трэба часьцей усьміхацца. Творчасьць N.R.M. і "Нэйра дзюбеля" ўсё ж больш сур'ёзная, а вось "Крамбамбуля" такую магчымасьць нам дае. Усьміхайцеся і вы ..."
гутарыў Сяргей Будкін








рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!