. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за сакавік-красавік 2004


Дзень Волі | 25.03.2004 | Песню "Мой Галілей" дуэта "АіК" цяпер можна не толькі пачуць, але і ўбачыць | 25.03.2004 | Будзе шоў! | 26.03.2004 | Барткевіч будзе здымаць кіно са Сьпілбергам | 29.03.2004 | Я нарадзіўся тут: рэпартаж з апошняга канцэрта | 29.03.2004 | RAP NOT DEAD | 30.03.2004 | Гэнэралы й лейтэнанты | 02.04.2004 | Народны альбом | 05.04.2004 | "Троіца" напагатове | 05.04.2004 |


Дзень Волі | 25.03.2004 |
Сёньня ў Менску замест вялікай вулічнай акцыі будзе вялікая музычная імпрэза.
25 сакавіка - для кожнага дзень сьвяточны. Айчынныя музыканты - не вынятак. Сёньня ўвечары ў Дом ветэранаў зьбяруцца выканаўцы самай рознай музыкі, каб павіншаваць усіх і адзін аднаго. Імпрэза распачнецца ў 19.00. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел фольк-тэатр "Госьціца", гурт "Стары Ольса", Зьміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, "Стары Ольса".. Чакаўся ўдзел двух Лявонаў - Барткевіча і Вольскага, але тыя - на гастролях. N.R.M. у гэты дзень грае ў Берасьце. Плянаваўся яшчэ выступ дуэту "Аляксандра і Канстанцін", але яны ня здолеюць узяць удзел у вечарыне, за што выбачаюцца перад сваімі прыхільнікамі. Вечарына абяцае быць цікавай і веснавой па-настрою. Ладзіць яе - знакаміты тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі. Квіткі будуць досыць танныя. Рэдакцыя "Тузіна гітоў" у сваю чаргу віншуе ўсіх сваіх наведвальнікаў са Сьвятам і выказвае ўпэўненасьць, што ўсё ў нас усіх будзе добра :)
Сяргей Будкін




Песню “Мой Галілей” дуэта “АіК” цяпер можна не толькі пачуць, але і ўбачыць | 25.03.2004 |

Белтэлерадыёкампанія завяршыла здымкі відэакліпа дуэта “Аляксандра і Канстанцін” на кампазыцыю “Мой Галілей”. Нагадаем, што менавіта гэтую песьню будуць выконваць першыя беларускія ўдзельнікі конкурсу “Эўравізія” ў траўні гэтага году ў Турцыі.
Здымкі відэароліка праходзілі на працягу аднаго дня ў Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры й дойлідства ў Строчыцах. Прадусаваў кліп гэнэральны прадусар Першага Нацыянальнага тэлеканала Уладзімер Максімкаў. Аўтарам ідэі й рэжысэрам выступіў Максім Носаў ...
падрабязьней на сайце дуэта "АіК"


Будзе шоў! | 26.03.2004 |
Галоўны "гэнэратар" айчыннага року Віталь Супрановіч - пра падрабязнасьці самаго буйнога рок-канцэрту апошніх год.
Інтэрв`ю для сайта General.by.
Здавалася, што леташні канцэрт "Генералы айчыннага року" не будзе мець працягу, але выйшла па-іншаму. З таго канцэрту вырас новы фэст - з шырокім размахам, магчымасцямі і амбіцыямі. Ідэалогія фэсту неакрэсленая - на што замахнуцца яго арганізатары? Якое месца "Генералы" зоймуць у шэрагу іншых беларускіх музычных падзей? На пытанні пра сутнасць і некаторыя дэталі імпрэзы, што адбудзецца ў "лядоўні" - Лядовым палацы - 25 красавіка - адказвае асноўны "генератар" айчыннага року - Віталь Супрановіч.
- Што робіць канцэрт "генералаў" адзіным цэлым, а не проста імпрэзай з удзелам чатырох славутых беларускіх гуртоў?
- Сёлета "Генералы айчыннага року" - гэта ня проста імпрэза, а грандыёзнае музычнае шоу, якое складаецца з конкурса маладых гуртоў, выступа гасьцей і канцэрта ўласна "генералаў". Гэтая пераемнасць пакаленняў - рух ад маладога да сталага - і робіць канцэрт адзіным цэлым. Апошняя частка шоу, падчас якой беларускія гледачы аддадуць даніну таленту зорак беларускага року - разглядаецца намі не як галоўная, а як роўная па значэнні астатнім часткам.
І галоўнае - адзіным цэлым канцэрт робяць тыя прынцыпы, якія, я думаю, аб'ядноўваюць і самі гурты. Гэта беларуская мова і альтэрнатыўная музыка.
- Якія маладыя гурты прымуць удзел у конкурсе?
- Зараз мы як раз адбіраем гэтыя маладыя гурты. На сайце "Тузін гітоў" ідзе віртуальнае галасаваньне - гэта шанец паўдзельнічаць у фэсце для кожнага чалавека, не абыякавага да лёсу беларускага року. У "Музычнай газеце" ад 18 сакавіка быў надрукаваны купон, праз які таксама можна давесьці свае меркаваньні да арганізатараў. Зараз вядуцца перамовы з іншымі выданьнямі і радыёстанцыямі. Для конкурсу будзе адабрана 5 - 7 гуртоў. Падчас канцэрца гледачы абяруць з іх адзін, які атрымае права запісаць і выдаць альбом. Дарэчы, магчыма, што яшчэ адзін гурт атрымае іншы прыз - запіс кліпа.
"Генералы" будуць адметныя яшчэ і тым, што і галасаванне, і вызначэнне пераможцаў конкурсу маладых гуртоў адбудзецца літаральна падчас канцэрту. Адразу пасьля заканчэньня першай - конкурснай часткі пачнецца галасаваньне па спецыялных кардках, якія кожны глядач атрымае на уваходзе ў Лядовы палац. Пасьля выступяць госьці - гурты, якія ужо нельга назваць маладымі, але якія яшчэ не дасягнулі статусу генералаў. Сярэднявечную культуру прадставіць гурт СТАРЫ ОЛЬСА - ён стылістычна не адпавядае азначэньню рок-музыкі. Наконт астатніх гасьцей - напэўна, выступяць ZET і P.L.A.N. Пасьля ў бой поўдуць генералы - N.R.M., НЕЙРО ДЮБЕЛЬ, КРАМА, ULIS. За гэты час адбудзецца падлік галасоў, пасьля якога выступяць пераможцы спаборніцтва.
- Што адрознівае акцыю "Генералы айчыннага року" ад "Рок-каранацыі"? Наколькі ідэнтычныя і розныя гэтыя праекты?
- Вядома ж, паміж "Генераламі айчыннага року" і "Рок-каранацыяй" існуе пэўнае падабенства. У першую чаргу - па свайму імкненьню стаць галоўнымі падзеямі музычнага жыцьця нашай краіны. Па другое, з гэтага года ў нас таксама плануецца адзначэньне удзельнікаў... Матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Зараз вядзецца распрацоўка макету статуэткі, якая будзе ўручацца генералам. З цягам часу мы плануем ператварыць "Генералы айчыннага року" ў прэмію ў галіне альтэрнатыўнай музыкі.
Асноўнае адрозьненьне ў тым, што "Генералы айчыннага року" застаюцца прэстыжным мерапрыесмствам. "Рок-каранацыя" апошнім часам, на жаль, згубіла гэты статус. Малады гурт, які пераможа на "генералах", не павінен забыцца праз 3 месяцы. Мы створым яму стварыць умовы для разьвіцьця. Так бы мовіць, адкрыем яму шлях у генералы!
- Колькі месцаў у Лядовым Палацы? Ці не занадта смелы крок для беларускіх музыкаў - канцэрт у такой вялікай залі?
- Лядовы Палац разьлічаны на тры з паловай тысячы гледачоў. Зняць такую залю - гэта рызыкоўны крок, на які б мы наўрад ці пайшлі, калі б не нашыя партнёры - кампанія БЕЛПІ - БЕЛАРУСКАЕ ПІТВО. Некалькі гадоў таму канцэрт айчынных музыкаў у к/з "Мінск" здаваўся подзвігам. Зараз мы пастаянна праводзім канцэрты ў гэтай залі. 27-га, на "Я нарадзіўся тут", будзе аншлаг, вось пабачыце!
Канцэрт 25 красавіка вызначальны асабіста для мяне. Ён пакажа, ці мае будучыню айчынны рок. Калі ўсё атрымаецца, гэта будзе велізарны крок наперад. Гэта не клуб на 500 месцаў, не к/з Менск на 1,300, гэта нават не Палац Рэспублікі на 2,500 - гэта ЛЯДОВЫ ПАЛАЦ на 3,500 чалавек. Гэта іспыт для музыкаў, для гледачоў, для БМАgroup - для ўсіх! Я веру, што мы яго здамо!!!
- Ці былі калі-небудзь выпадкі, што жадаючых трапіць на канцэрт беларускага гурта было болей, чым месцаў у глядацкай залі?
- Такія аншлагавыя канцэрты былі. Гэта першы фэст "Генералы айчыннага року", які адбыўся 15 ліпеня 2003 году ў парку Чалюскінцаў, гэта прэзентацыя альбому "Крамбамбуля", практычна ўсе сольныя канцэрты N.R.M. Сьпіс можна працягваць...
- Многіх музыкаў вы ведаеце асабіста, сябруеце з імі, і ў той жа час вядзеце з імі бізнэс. Як яны ставяцца да таго, што вы імкнецеся атрымаць прыбытак з іх дапамогай?
- Цяжкае пытаньне… Ведаеце, калі я ў 1996 годзе пачаў гэтым займацца, ні пра які музычны бізнэс у краіне не магло быць гаворкі. Я цікавіўся ўсім беларускім і ў першую чаргу хацеў задаволіць свае патрэбы. Аднак час не стаіць на месцы, і сёння мы спакойна глядзім на тое, што было нерэальным у 1996-м. Нарадзіўся шоу-біз, і я адным з першых пачаў працаваць у ім. Я раблю СПРАВУ, а ў нас, так бы мовіць, не вельмі любяць тых, у каго штосьці атрымліваецца. Заўсёды будуць добрымі тыя, хто нічога не робіць. Я не хачу зараз разважаць на гэтую тэму. Асабіста я падыходжу да музыкаў у першую чаргу як да тых, хто грае музыку, на якой я пасталеў. Я адчуваю, што не аднаму мне яна памагла знайсці ў жыцці сябе. Многіх музыкаў я лічу сваімі сябрамі. Спадзяюся яны мяне таксама…
- Ці чакаецца сярод "генералаў" папаўненне? Якія маладыя (і не вельмі) гурты маглі б стаць з імі ў адзін строй?
- Назва фэсту ў нейкім сэнсе ўмоўная. Ня трэба так сур'ёзна да яе падыходзіць. Генерал - гэта нейкае нашае ўласнае адчуваньне. N.R.M., НЕЙРО ДЮБЕЛЬ, КРАМА, ULIS - гэта стопранцэнова генералы. Думаю кожны з гэтым згадзіцца. Мне цяжка вызначыць крытэрыі, але на мой погляд (я маю права на суб'ектыўнае меркаванне, бо з'яўляюся адным са стваральнікаў імпрэзы), генерал - гэта не той гурт, што грае 25 год. І гэта не гурт у якім музыкам па 40-50 год. Гэта не гурт, які карыстаецца супер-попытам. А важны момант - гэта культавасьць гурта. Сыходзячы з гэтага можна сказаць, што і ZET, і СТАРЫ ОЛЬСА, і П.Л.А.Н. - гэта не генералы айчыннага року. Гэта госці.
- Чаму не з'яўляецца "генералам айчыннага рока" легендарны музыка гуртоў ДОКТОР МОРО і СЕСТРА Аляксей А. Шадзько, дзе генеральскія пагоны ЛЯПИСА ТРУБЕЦКОГО? Ці ня варта было б пашырыць легендарны склад "генералаў" за кошт "генеральшы" Касі Камоцкай?
- На жаль, зараз у НОВАГА НЕБА праблемы са складам. Але мы вядзем перамовы з Касяй. Магчыма, яна прасьпявае акустычна. Я вельмі хачу, каб яна ўзяла ўдзел у фэсце. Вы зноў закранаеце моўнае пытаньне, яно таксама цяжкае для мяне. Магчыма, гэтых названых Вамі музыкаў і можна назваць генераламі. Але не АЙЧЫННАГА року. Мне і да рок-музыкі некаторых з іх цяжка прылічыць. Але гэта тэма зусім іншай дыскусіі, якую мы, здаецца, вядзем сваім ладам жыцця: тым, на якой мове мы гаворым, на якія канцэтры ходзім, якую музыку даем слухаць сваім дзецям...
- "Генералаў айчыннага року" ўсяго чатыры, а кружэлка, якую плануецца выдаць падчас акцыі, вялікая. Кожны гурт дасць па некалькі песень? Як вы будзеце вызначаць склад кружэлкі?
- Кружэлка "Генералы айчыннага року" будзе складацца з новых песень генералаў: N.R.M., НЕЙРО ДЮБЕЛЬ, КРАМА, ULIS. Музыкі самі вызначаюць, якая песня будзе ўключана ў складанку. Будзе каля 5 - 7 песень маладых гуртоў. І, скажам так, генералы ў адстаўцы: БОНДА, МРОЯ, МЯСЦОВЫ ЧАС. Кожны гурт будзе прадстаўлены адной кампазыцыяй.
- Які "генерал" будзе граць болей за астатніх? Ці ў гуртоў будзе аднолькава часу для выступу?
- Падчас імпрэзы ў Лядовым маладыя гурты будуць граць па 10 хвілінаў, госьці - па 15, а генералы - прыкладна па 20. Шоу будзе цягнуцца болей за 4 гадзіны. Магчыма, нам удасца павялічыць час выступу генералаў.
- Ці плануюцца падчас канцэрту нейкія сюрпрызы, спецэфекты? Як будзе аформлена сцэна для "Генералаў айчыннага рока"?
- Тэхнічнаму забесьпячэньню сцэны надаецца вялікая ўвага. Будуць шыкоўныя гук, святло. Але выкарыстаньне спецэфектаў патрабуе дадатковых дазволаў. Калі мы здолеем вырваць іх, спецэфекты будуць. Будуць рыцары, байкеры, магчыма - лімузін, на якім выедзе адзін усім вядомы гурт.
Дарэчы, вядучымі шоу будуць славуты бард з Гародні Віктар Шалкевіч і актрыса Сьвятлана Зелянкоўская, вядомая нам па загалоўнай ролі ў стужцы "Анастасія Слуцкая".
Павел Свярдлоў, адмыслова для сайта general.by.





Барткевіч будзе здымаць кіно са Сьпілбергам | 29.03.2004 |
Кіраўнік ансамбля "Песьняры" Лявон Барткевіч недаўна заявіў у інтэрвію маскоўскаму выданьню "Новые Известия", што ён зьбіраецца ставіць мюзікл пад назвай "Мэлёдыі славянскага караля", у які ўвойдуць папулярныя песьні 50-х гг.
Разам з тым, будзе зьнятая і кінавэрсія мюзікла, рэжысэрам якога выступіць Стывэн Сьпілберг. Па словам Барткевіча, існуе папярэдняя дамоўленасьць са славутым амэрыканскім рэжысэрам. Канчаткова пытаньне мусіць вырашыцца днямі - зараз "Песьняры" гастралююць па Амэрыцы. На канцэрт ў Н'ю-Ёрку і запрошаны Сьпілберг.
Днямі мае выйсьці альбом "барткевічаскіх" "Песьняроў". Дыск мае дзіўны "трасянкавы" назоў - "Почему не ведаю" паводле адной зь песень Барткевіча дваццацьцігадовай даўніны. Акром яе, на дыску можна знайсьці як старыя "песьняроўскія" гіты, запісаныя наноў (будзе "Ой, рана на Йвана" і "Рэчанька"!), так і новыя кампазыцыі, напісаныя Барткевічам і Алегам Усьціновічам - гітарыстам і адным з вакалістаў калектыву. Канцэртаў-прэзэнтацыяў на Беларусі пакуль не плянуецца, а вось наведвальнікі "Тузіна гітоў", мажліва, па бліжэйшым часе пачуюць нешта з новых-старых-трэціх "Песьняроў".
Сяргей Будкін




Я нарадзіўся тут: рэпартаж з апошняга канцэрта | 29.03.2004 |
Па вясне беларускія музыкі пакідалі свае сольныя праекты, каб узнавіць супольныя. 27-га сакавіка, у атмасферы ўсеагульнага кахання, якая ахінула к/з "Мінск", гледачам у чарговы раз быў прэзентаваны праект "Я нарадзіўся тут".
Караценькае слова - "тут" - яднае ўсіх тутэйшых, але ў кожнага за ім схавана нешта сваё, роднае. Альбом "Я нарадзіўся тут" выдадзены ў 2000 годзе. Ён аб'ядноўвае беларускія творы, якія ў розныя часы былі маршамі, гімнамі нашае краіны - "Магутны Божа", "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Пагоня" - з патрыятычнай творчасцю нашых сучаснікаў. Таму гучанне праграмы адначасова і настальгічнае, і актуальнае. Голас Лявона Вольскага ўзрываецца на крычалцы "Але-але", але падчас "Малітвы" становіцца нязвыкла слабым і пяшчотным. Працінае сэрца наскрозь "Крывавае свята", якое Аляксандр Памідораў выканаў пад акустычную гітару. Узрушае, узнімае гледачоў з крэслаў "Паланэз" Агіньскага.
На фоне раста-пана Вольскага і кветачкі Кругловай Памідораў і Вайцюшкевіч - мястэчковыя людзі ў чорным - выглядаюць змрочна. Але калі чорнае адзенне Памідорава павявае варожсцю, дык чорны колер Вайцюшкевіча - колер самоты і смутку... Пасля заканчэння імпрэзы Лявон Вольскі з'ехаў з Мінску, каб працягнуць тур N.R.M., астатнія пахаваліся па студыях, ізноў заняліся сваімі справамі. Аднак гэта не надоўга, бо літаральна тыдзень застаўся да чарговай супольнай імпрэзы - "Народнага альбому".
Павал Сьвярдлоў




RAP NOT DEAD | 30.03.2004 |
8 красавіка мае адбыцца самая буйная акцыя беларускіх рэпераў за апошнія некалькі год.
Нарэшце беларускія рэперы масава засьпяваюць па-беларуску. 8 красавіка мае адбыцца вялікая рэпавая вечарына. У 18.30 у клюбе "Рэактар" зьбярэцца блізу 10 камандаў, каб прэзэнтаваць складанку беларускага рэпу пад назовам "ПАСАДЗІЎ DEAD RAPку - RAP NOT DEAD". Сярод выступоўцаў: Аляксандр Памідораў пад "мінусоўку", "Нестандартны варыянт", вядомы з кавэру Вольскага "Паветраны шар", "Please, mr.Shtal" - рэпавы праект блюзмэна Андрэя Плясанава, "Пан Жыжма" - цікавы праект экс-вакаліста "IQ-48" Фрэйда.
Апошні праект выклікае асаблівую цікавасьць, бо прэзэнтуе зусім новы для Беларусі кірунак - фольк-рэп. Так, адна зь песень "Пана Жыжмы" зроблена на сэмпл "Ліцьвінаў". Таксама можна будзе паслухаць такія каманды , як "B.G.S.", "Чыманок", "Наша справа", "Сындыкат рыфмы".
Большасьць зь іх упершыню будуць сьпяваць па-беларуску, і арганізатары вечарыны спадзяюцца, што гэты дыск зварухне айчынных рэпераў на далейшую беларускамоўную творчасьць.
На складанцы ёсьць яшчэ песьні польскага гурта "Step" і ўкраінскага "Танок на майдані Конго", але ў іх не атрымаецца выступіць на гэтай вечарыне. Гэта самая буйная акцыя беларускіх рэпераў за апошнія некалькі год.
Папярэдне квіток на яе каштуе 5500 руб., у дзень канцэрта - 6500 руб.
Сяргей Будкін



Гэнэралы й лейтэнанты | 02.04.2004 |
Вызначыліся пераможцы галасаваньня, заарганізаванага БМА-груп і "Тузінам гітоў".
Паводле яго вынікаў, гонар узяць удзел у фэсьце "Гэнэралы айчыннага року" 25 красавіка атрымалі наступныя гурты: Znich, B:N:, Тэзаўрус, Куклы, Garadzkija, Сьцяна, Partyzone.
Арганізатар фэсту Віталь Супрановіч зазначыў, што пры вызначэньні лепшых карысталіся ня толькі вынікамі інтэрнэт-галасаваньня, што праводзілася цягам дваццаці дзён на "Тузіне гітоў". Таксама былі падлічаны галасы, атрыманыя маладымі гуртамі ў адмысловых купонах, што друкаваліся ў "Музычнай газэце" (усяго іх было даслана 60). Паводле газэтнага галасаваньня першым аказаўся гурт "Partyzone" (42 галасы), Garadzkija (41), Куклы (38), Znich (30), B:N: і Сьцяна (па 27), Тэзаўрус (20), Сонцаварот (12)... Атрымалася, што лепшая "газэтная" сямёрка амаль супала з лепшымі паводле інтэрнэт-галасаваньня. Толькі "Крок" і "Куклы"памяняліся месцамі. БМА-груп вырашыла пытаньне на карысьць апошніх, бо за тыя атрымалі колькі галасоў і на нашым сайце, і праз "МГ", у той час, як за "Крок" галасавалі толькі праз Інтэрнэт. Тым не менш, пытаньне з гуртом "Крок" пакуль адкрытае. Мажліва, яны будуць у якасьці "запасных".
Сяргей Будкін



Народны альбом | 05.04.2004 |
"Канцэрт "Народнага" - той жа спэктакль, які кожны раз бачыш наноў", - кажа бацька праекту Міхал Анемпадыстаў. Выступ "народнікаў" хоць раз-два на год ужо стаўся традыцыяй, нааагул жа гэта пятнаццаты выступ беларускіх музыкаў у рамках "Народнага альбому".
Менавіта гэты праект паклаў пачатак гэтак званай "супольнасьці". Суцэльны альбом-п'есу, у якім узялі б удзел усе тагачасныя зоркі беларускага рок-н-ролу задумаў яшчэ ў 1994г. мастак Міхал Анемпадыстаў, у навейшай музычнай гісторыі Беларусі вядомы як дызайнэр вокладак для альбомаў "Кожны з нас" "Бонды" й "Чужаніца" "Улісу", а таксама аўтар песень для гурта "Новае неба".
"Нашай задачай максымум было стварэньне культуралягiчнага мiту "Заходняя Беларусь. Мiжваенны перыяд" як праявы iснаваньня Беларусi ў несавецкай традыцыi", - так скажа потым Анемпадыстаў пасьля выхаду НА ў 1997г.
Так ці іначай, у НА узялі ўдзел больш за 20 чалавек. У абсалютнай большасьці песень удзельнічалі Лявон Вольскі з рытм-секцыяй N.R.M. (Ляўкоў і Дземідовіч), Кася Камоцкая і баяніст Сяргей Ахрамовіч. Былі яшчэ Слава Корань, Аляксандр Памідораў, Зьміцер Вайцюшкевіч... Іх усіх можна будзе пабачыць на сцэне КЗ "Мінск" на Вялікдзень - 11 сакавіка.
Сёлетні канцэрт плянуецца запісаць і выдаць асобным дыскам. "Даўно лунала ў паветры гэтая ідэя, і вось нарэшце мы наважваліся запісаць "Народны" ужывую. Думаю, канцэртная вэрсія будзе не менш цікавай за студыйную, бо на жывых выступах песьні гучаць зусім па-іншаму", - кажа Міхал Анемпадыстаў. Канцэртны дыск плянуецца выдаць сёлета, у верасьні-кастрычніку.
Сяргей Будкін




"Троіца" напагатове | 05.04.2004 |
"Праз 2,5 гадзіны новы альбом "Троіцы" будзе гатовы", - сказаў нам па тэлефону ў пятніцу ўвечары новы прадусар гурта Валер Мазур.
Дыск атрымаў назоў "Сем", ягоны рэліз прызначаны на травень, тады ж адбудзецца і менская прэзэнтацыя трэцяга альбома "Троіцы".
Сёе-тое зь яго могуць у хуткім часе пачуць берасьцейцы - 17 красавіка група мае даць канцэрт у мясцовым Тэатры драмы й музыкі (пачатак у 19.00).
Ініцыятыўны ды амбітны новы прадусар "Троіцы" хоча ўваскрасіць і фольк-спэктакль Івана Кірчука "Варажбіт", які быў паказаны толькі аднойчы з год таму. Плянуецца, што пройдзе ён у Тэатры юнага гледача, рэпетыцыі распачнуцца праз некалькі тыдняў.
Што да шоў-праекта "Руны", то тут пытаньне з выданьнем дыску завісла. Зараз матэрыял знаходзіцца ў Маскве і нямаведама, калі яго давядуць да розуму. Падобна на тое, што імпэт расейцаў што да беларускай музыкі крыху згас... А вось наведвальнікі "Тузіна" адзін з трэкаў "Рунаў" змогуць прадэгуставаць ужо ў бліжэйшым туры нашага гіт-парада.
Сяргей Будкін








рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!