|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за травень 2004
Як cтаць папулярным. Новыя тэхналёгіі айчыннага шоў-бізу | 21.05.2004 | "Крамбамбуля" і "Воплі Відаплясава". Паасобку. | 24.05.2004 | | Глёбус & Вольскі | 24.05.2004 | Залатыя яйцы - сымбаль Беларусі | 24.05.2004 | Юбілейнае "Басовішча" | 28.05.2004 | Прыхільнікі DM будуць прапагандаваць Беларусь | 31.05.2004 | Канцэртовы выбух.Чатыры дні - восемь канцэртаў | 31.05.2004 | Як cтаць папулярным. Новыя тэхналёгіі айчыннага шоў-бізу
| 21.05.2004 |
Канстанцін Драпеза сам цягае кайстру з дыскамі. Слава Корань адмовіўся несьці
найлепшы альбом году на FM-станцыі. "J_Moрс" дае VIP-канцэрты.
Хлястову не пашанцавала з тварам. Афанасьева й Піт Паўлаў распрануліся на
фатакамэру.Хоць ганарары айчынных зорак утрая меншыя, чым у зорак расейскіх ці ўкраінскіх і дыскі айчынных выканаўцаў не разыходзяцца стотысячнымі накладамі, але па продажах у Беларусі "Крамбамбуля" і "N.R.M." ужо не саступаюць Зэмфіры ці "Фабрыцы зорак". Чуў нядаўна ў кавярні размову двух людзей гадоў 30-ці. Адзін кажа: вось, пайшоў прыдбаць новы альбом Шаўчука, ды выпадкова пабачыў дыск з прыкольнай назвай "Крамбамбуля". "Па-беларуску, а клёва!". "Я ў тэлевізары яе кліп бачыў - сьмешны!" - адказвае другі. У гэтай кароткай гутарцы адбіліся асноўныя трэнды беларускага музычнага рынку. Адзін зь іх - выхад на масавага слухача. Раней новы альбом таго ж Кулінковіча можна было адшукаць толькі ў знаёмых у тройчы перапісаным варыянце. Літаральна летась беларускі музычны бізнэс выйшаў на іншы ўзровень: беларускую музыку можна набыць у любой дыскарні, колькасьць такіх крамак вырасла, хай пакуль толькі ў Менску, а вялікія стэнды з анонсамі канцэртаў разьмяшчаюццца ў цэнтры гораду. Рок-музыка камэрцыялізуецца, і канцэрты айчынных зорак ператвараюцца ў сапраўдныя шоў. Паралельная праца ў некалькіх праектах таксама спрыяе папулярнасьці: імёны музыкаў трымаюцца на слыху. Зрабіў сваю справу і загад міністра інфармацыі аб 50%-м напаўненьні радыёэфіру беларускай прадукцыяй. Што да тэлевізіі, то й без загадаў, дзякуючы энтузіязму некаторых супрацоўнікаў, беларуская музыка знайшла сваё месца ў сетцы вяшчаньня ("Кліп-абойма", "Кропка"). Ужо можна казаць аб правілах айчыннага шоў-бізу і перадумовах посьпеху. Іх восем. "Крамбамбуля" vs "Крама" Галоўны - наяўнасьць у калектыве штатнай адзінкі прадусара. У гэтым выпадку музыканты складаюць зь сябе абавязкі па арганізацыі выступаў, перамоў са спонсарамі, выдумваньні цікавостак ды займаюцца непасрэдна сваёй справай. Прыклад - "Крамбамбуля". У "Крамбамбулі" прадусарскімі справамі займаюцца ажно чатыры чалавекі - у выніку праект стаўся найбольшым камэрцыйным посьпехам у сучаснай музычнай гісторыі. Антыпрыклады - "Крама", "Гарацкія", Аляксандра і Канстанцін. Гэтыя выканаўцы самі сабе прадусары. Таму іх песьні не гучаць у FM-эфіры, што ў іх не стае часу занесьці дыскі, іх выступы падобныя адзін да аднаго, а дыскі прадаюцца слабавата. Перад "Эўрабачаньнем" апошнімі заняўся генпрадусар БТ Максімкаў, але пасьля эўрафіяска Канстанцін Драпеза, відаць, зноў будзе сам перапісвацца з прэсай, дамаўляцца наконт канцэртаў ды цягаць з сабой кайстру з дыскамі… Вайцюшкевіч vs Саладуха Жаночая частка аўдыторыі ўспрымае выканаўцу празь ягоны выгляд, а мужчынская частка - праз IQ. Дурні ня ў модзе. Слухачы самі вызначаюць "лепшасьць" выканаўцы. Прыкладам, Вайцюшкевіч на канцэртах нешматслоўны. Музыка складае ўражаньне прыгажуна-інтэлектуала: абавязковае хаджэньне па залі з раздорваньнем кветак жанчынам, дапаўняюць карціну рамантычная музыка і інтэлектуальная паэзія Камоцкага. Антыпрыклад - Саладуха: грубы, хіжы (з выгляду), няголены і самазакаханы. Кпіць з Саладухі ўжо сталася дрэнным тонам - хай сьпявае, калі яму падабаецца. "Тэзаўрус" vs Хлястоў Другаснасьць у дачыненьні да сусьветнай сцэны не праходзіць. Рэклямаваць сябе як "беларускі "Oazis" - заведамы правал. Затое непаўторнасьць ўзводзіць на беларускую вяршыню нават лянівых. Напрыклад, Стэфан (падобна, што з эстрадай ён завязаў) выконваў два простыя патрабаваньні - неназойлівасьць музыкі (аранжыроўкі Лявона Шырына) і захаваньне індывідуальнасьці сьпевака. Цяпер на ролю адметнасьці можа прэтэндаваць "Тэзаўрус". Калі яны зробяць стаўку на свае баляды, на "Новы Ерусалім" забудуцца. Антыпрыклады - "Partyzone", Аляксей Хлястоў. Хлопцы з "Partyzone" вырашылі зьмясьціць на вокладцы свайго "дэбютніка" выказваньне Міколы Ваўранюка пра "беларускі "Rammstein" з усьмешкай у душы", на гэтым, уласна, збудаваўшы рэклямную кампанію. Сякую-такую папулярнасьць яны здабылі, толькі вось публіка на іхніх канцэртах патрабуе прасьпяваць што-небудзь з "Rammstein'у". Хлястову проста не пашанцавала - надта ён падобны на Глызіна. Вось і даводзіцца яму змагацца з гэтым параўнаньнем усімі сіламі. Можа, па-беларуску засьпяваць? "J_Moрс" vs "Уліс" Важны складнік - добрыя адносіны з прадстаўнікамі прэсы. Прэсухі ў розных месцах з фуршэтамі, раздаваньне, з пэўнымі інтэрваламі, эксклюзіваў, запрашэньні ў госьці, званкі позна ўвечары дадому з просьбай паслухаць новую песьню адразу па тэлефоне - гэта ўсё мацуе адносіны з журналістамі. Раней ці пазьней у іх зьявіцца адчуваньне, што яны нечым абавязаны выканаўцу. Прыклад - "J_Moрс". Імідж такой "свойскай" групы, абяцаньні беларускамоўнай публіцы выдаць у хуткім часе альбом па-беларуску, VIP-канцэрты для сяброў і журналістаў. Даволі гнуткая палітыка прадусара і гітарыста групы Рамана Арлова дала свой плён - твар Пугача не зьнікае са старонак прэсы, прычым праяў непрыязнага стаўленьня да "J_Moрс" з боку пішучай браціі заўважана не было. Вынік - беспрэцэдэнтнае для Беларусі перавыданьне самотніка "Вэб-дызайн". Дагэтуль посьпеху міні-альбомаў у нас не давалі веры. Антыпрыклад - "Уліс". Выпакутаваны дыск "Люстэрка" ня тое што ня быў прэзэнтаваны, нават прэс-канфэрэнцыі не было. Так што прадукт прайшоў міма слухача, хоць рэальна прэтэндаваў на званьне "Найлепшы альбом - 2003". Паказальная фраза Кораня: "Упэўнены, што на FM-станцыях "Уліс" бы ставілі, проста я не хачу туды ісьці". "По глазам" vs "Нэйра дзюбель" "Прынцып Курэйчыка": давесьці мясцоваму люду, што ты ўжо прызнаны па-за межамі краіны. Маўляў, Табакоў засьведчылі ўжо цікавасьць да нашага прадукту… Так дзейнічае "По глазам". Кажуць, што ў гэтай маладой альтэрнатыўнай каманды неабыякія сувязі з прадусарамі Масквы й Кіева: маўляў, пісаліся ў Ступкі на грошы Фадзеева. Таму група й мае зоркавы арэол, хоць новым матэрыялам ды яркімі канцэртамі падмацаваць свой статус ня можа. Антыпрыклад - "Нэйра дзюбель". Пасьля няўдачы з прасоўваньнем групы ў Расеі Кулінковіч настойвае на тым, што яму краёў чужых ня трэба. "Ляпіс Трубяцкой" vs Сяржук Трухановіч Рэклямная прадукцыя: прыгожанькія флаеры, якія даюць іх уладальнікам перавагу над астатнімі (у музычнай краме - зьніжка, напрыклад), плякаты (чым большыя, тым лепшыя), каляндарыкі, значкі, футболкі з сымболікай гурту. Акцэнт на густоўнае аздабленьне (асабліва калі гэта дэбютны дыск). Выява можа стацца стрыжнем піяру. Прыклад - "Ляпіс Трубяцкой". Калектыў ужо некалькі год дзейнічае як самаакупная творчая адзінка. Раней ім дыктавалі свае ўмовы гуказапісвальныя кампаніі, а цяпер "Ляпісы" зьмянілі сытуацыю ў адваротны бок. Антыпрыклад - Сяржук Трухановіч. Попыт на інструмэнтальную музыку невялікі, але гітарыст "Крамы" і "Палацу" аздабленьнем свайго апошняга дыску "Нараджэньне таямніцы" рызыкуе зьнізіць яго да нуля. Афанасьева vs "Сьвята" Элемэнт скандальнасьці й "жаўціні", прысутнасьць у сьвецкіх рубрыках. Агульны прынцып - калі ты пажадаў стаць зоркай, мусіш быць падрыхтаваны да таго, што ў тваёй бруднай бялізне будуць корпацца. Праўда, беларуская сьвецкая хроніка яшчэ захоўвае цнатлівасьць: далей за навіны пра тое, што адзін партугалец набыў дыск "Крамбамбулі" за 300 эўра, гаворка не ідзе. Хіба што грамадзкасьць даведалася, што Міхалок двойчы быў жанаты, а сапраўднае прозьвішча Вольскага - Зэйдэль. А распрануліся на фатакамэру пакуль толькі Афанасьева й Піт Паўлаў. Затое абое - рашуча. І так бясконца Часовае аб'яднаньне выканаўцаў у дуэт, трыё, супольны праект ды перапяваньне старых шлягераў на новы лад. Гэты пункт быў засвоены айчыннымі выканаўцамі па максымуме. Таму супольныя праекты ў нас самыя прадавальныя. Імі Беларусь наелася, люд патрабуе зорных дуэтаў. Хочаце? Наце. Афанасьева і Смольскі, Карыяна і Нілс, Варашкевіч і Аляксандра. Але не стае такім дуэтам сэнсацыйнасьці, за выняткам пары Мірны - Алеся. Праўда, праўда, ідуць Вольскі з Скрыпкам. Сяргей Будкін, “Наша Ніва” “Крамбамбуля” і “Воплі Відаплясава”. Паасобку. | 24.05.2004
|
У пятніцу КЗ “Менск” адбыўся канцэрт груп “Крамбамбуля” і “Воплі Відаплясава”,
які быў заяўлены арганізатарамі як “вялікі і супольны”. Сапраўды, канцэрт
быў вялікім, бо цягнуўся больш за дзьве з паловаю гадзіны. А вось супольным
яго назваць ніяк не выпадае.На перадканцэртнай прэс-канферэнцыі прысутнічаў толькі Алег Скрыпка, саліст “ВВ”. Спачатку адсутнасьць на гэтым мерапрыемстве Лявона Вольскага выклікала ў журналістаў зьдзіўленьне, але пасьля першага пытаньня ўсё стала зразумела: ніякага супольнага праекта “Крамбамбулі” і “Ваплей Відаплясава” у прыродзе не існуе. Як высьветлілася, Алег Скрыпка літаральна пару дзён таму праслухаў запісы “Крамбамбулі” і ў вялікае захапленьне ад гэтыга не прыйшоў. “Ну, “Крамбамбуля” гэта такі сьмешны рок, калі ўвогуле рок. Я не артыст размоўнага жанру, як Міхалок. І я не хачу, каб “Воплі Відаплясава” фігуравалі ў некім “сьмешным” аспэкце. ВВ - гэта не цяжкарокавая Сярдзючка. Аніякай згоды на такі праект я не даваў ”. Прадусарка "Крамбамбулі" Ганна Вольская кажа, што заява Скрыпкі была досыць нечаканай для беларускага боку, бо папярэдняя дамова з украінскім выканаўцам усё ж існавала. Таксама на прэс-канферэнцыі Алег Скрыпка распавёў журналістам пра занядбаны стан украінскага шоў-бізнэсу, у якім ад “уласна ўкраінскага засталася толькі назва”. Алег кажа, што ўкраінскія FM-станцыі і музычныя каналы зь вялікай неахвотай ставяць у ратацыю музыку на ўкраінскай мове, замяняючы яе на ўкраіскую, але расейскамоўную, ці ўвогуле на расейскую. “Сродкаў у расейскіх выканаўцаў больш, таму яны здольныя праплаціць за этэры на радыё і тэлебачаньні. Калі тры гады таму ўкраінскамоўнай музыкі на радыё было каля 10%, то цяпер толькі 1,5 %”. Лідэр “ВВ” зазначыў, што магчымае аб’яднаньне высілкаў беларускіх і украінскіх музыкантаў можа дапамагчы спыніць анэксію расейскай культуры на рынкі абодзьвух краінаў. “Песеньная культура ў нашых краінах значна глыбейшая й прыгажэйшая, чымсьці ў Расеі. І таму калі разам рабіць нейкія праекты, то гэта будзе вельмі добра”, - адказаў Алег Скрыпка на пытаньне аглядальніка “Тузіна Гітоў”. Але ў лідэра ВВ два патрабаваньні да такога супольнага праекту: ён мусіць быць сур'ёзным і фолькавым. А праз гадзіну пасьля прэсухі быў канцэрт, на якім “Крамбамбуля” выступіла ў якасьці апэрэтыва (чытай разагрэва). Песьні, якія плянаваліся засьпяваць супольна з украінскімі гасьцямі Вольскі сьпяваў адзін, крыху дапамагаў яму Кулінковіч, Міхалок удзел не браў. "Настрой у музыкаў быў папсаваны, таму было вельмі цяжка выступаць", - зазначае Г.Вольская. Між тым, новыя песьні "Суседзі" і "Турысты" усё ж будуць запісаныя з украінцамі. Па словам прадусараў "Крамабамбулі", жаданьне паўдзельнічаць у праекце выявілі ўкраінскія групы "Мандра" і "Скрябін". "У выпадку са Скрыпкам мы зрабілі памылку, бо перамовы вялі з гуказапісваючай кампаніяй, а не зь імі непасрэдна", - лічыць Яўген Калмыкоў. Адзін з прадусараў "Крамбамбулі" зьбіраецца ў чэрвені наведаць разам з Лявонам Вольскім суседнюю краіну і пагутарыць з зацікаўленымі ў праекце ўкраінскімі музыкамі. Аляксей Мінчонак, Сяргей Будкін Глёбус & Вольскі | 24.05.2004 |
9 чэрвеня адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Адама Глёбуса. Адна з частак праграмы
- выступ "N.R.M."Сам Глёбус сваіх кніг ужо даўно не лічыць. Кажа проста - чарговая. Хоць "Дом" адрозьніваецца ад ягоных ранейшых кніг ужо хаця б таму, што твор напісаны ў жанры рамана. Раней Глёбус пісаў што заўгодна, але толькі не раман."Дом" можна лічыць ня толькі першым буйным творам пісьменьніка за больш чым 20 гадовую творчасьць, але і першым айчынным інтэрнэт-раманам. Тэкст твору паступова, на працягу трох год, друкаваўся на літаратурных віртуальных форумах, іх наведавальнікі мелі магчымасьць адразу падзеліцца сваімі меркаваньнямі, і нават паўплываць на далейшую хаду падзей. Часткі "Дому" друкаваліся і ў перыядычным друку. "Я б сказаў, што ад папярэдніх маіх кніг, гэтая розьніцца перадусім гіпэррэалістычнай падачай матэрыялу", - заўважае пісьменьнік. Каб давесьці гэтую гіпэррэалістычнасьць, сп.Адам запросіць на прэзэнтацыю ўсіх герояў раману. А гэта - жонка Алена, брат Міраслаў, маці Ніна, дачка Ядзя і ўнук Вовачка. Глёбус хоча наладзіць не аматарскую прэзэнтацыю: "Усё павінна быць прафэсійна, гэта ня будзе шэрая літаратурная вечарына з бардаўскімі сьпевамі". Менавіта таму прэзэнтацыя будзе складацца з двух частак: літаратурна-мастацкай і музычнай. У першай гледачы пазнаёмяцца з героямі "Дому", таксама выступяць Андрэй Дынько, Зьміцер Вішнёў, Лявон Вольскі і Ўладзімер Арлоў. У другой - выступ гурта "N.R.M.". Лявон Вольскі лічыць Глёбуса адным з літаратурных прафесіяналаў, што жыве з літаратуры і кажа, што выступаць на вечарыне такога "літаратурнага зубра" вельмі пачэсна."N.R.M." да выступу мяркуе прэзэнтаваць колькі новых песень, у прыватнасьці "Ой, бярозы ды сосны" на вершы Адама Русака, вядумую са складанкі "Генэралы айчыннага року". Такім чынам, Глёбус хоча працягнуць старую і добрую традыцыю літаратурна-музычных імпрэзаў: "Калісьці на прэзэнтацыі кнігі Максіма Танка гралі "Песьняры", бацька таксама на прэзэнтацыю "Чужой Бацькаўшчыны" запрашаў прафэсійных актораў, танцораў і сьпевакоў". Вечарына пройдзе ў вялікай залі Дома пісьменьніка 9 чэрвеня. Пачатак у 19.00. Уваход вольны. Сяргей Будкін Залатыя яйцы - сымбаль Беларусі | 24.05.2004 |
Пераможцы "Тузіна гітоў" давядуць гэта 3 чэрвеня ў клюбе "Рэактар".Не так даўно ў Міры курыца зьнесла самае вялікае ў сьвеце яйка вагой 160г., у той жа час беларускія птушкафабрыкі засвойваюць тэхналёгію вытворчасьці "залатых" яек, што ўзмацняюць мужчынскасьць. "Ляпіс Трубяцкой" вырашыў працягнуць гэткі лягічны шэраг і выдаць дыск "Залатыя яйцы", прэзэнтацыя якога адбудзецца 3 ліпеня ў клюбе "Рэактар". Усе новыя гіты, у тым ліку беларускамоўныя, прагучаць у гэты дзень. Праўда, ня будзе аркестра міністэрства ўнутраных спраў, які падыграў Міхалку ў "Любові капец". Але ад гэтага канцэрт ня будзе меней вясёлым. Жарцікі Міхалка, беларуская мова Булатнікава, кіслотная музыка ды-джэя Лур'е (спэцыяльны госьць з Масквы) і, натуральна, ска-панк-фольк-рэгі-шансонны "Ляпіс". Пачатак заплянаваны ў 20.00. Квіткі каштуюць 15000 руб. (танцпол) і 22000 руб. (столік). Дарэчы, "Ляпісы" вярнуліся нядаўна з Малдовы, дзе выступалі на цэнтральнай плошчы ў Тыраспалі разам з мясцовымі зоркамі са "Здоб шы здуб". Потым музыкі здзейсьнілі экскурсію на мясцовы кан'ячны завод, дзе прагуставалі розныя напоі вытрымкай ад 5 да 50 год. Кажуць, што пасьля дэгустацыі вырашылі затрымацца ў гасцінных гаспадароў яшчэ на пару дзён. Акрамя менскага канцэрту "Ляпісы" плянуюць у бліжэйшы час яшчэ адзін беларускі канцэрт - у Віцебску. Група таксама выступіць у Віцебску 2 чэрвеня (амфітэатр, пачатак а 20.00-ай), у Баранавічах - 11 і 23 чэрвеня (першы канцэрт плянуецца ў клюбе "New Sound", другі ў ДКТ). Група таксама плянуе заехаць у Бабруйск, Маладэчна і Магілёў (24-га, 25-га і 16 чэрвеня адпаведна). Сяргей Будкін Юбілейнае "Басовішча" | 28.05.2004 |
Распачалася падрыхтоўка да рок-фэсту "Басовішча", які традыцыйна
адбудзецца ў польскім Гарадку.Паколькі гэты фэст будзе юбілейным - 15-м па ліку, арганізатары зьбіраюцца звузіць конкурсную праграму і зрабіць стаўку на запрошаных гасьцей. Ужо вядома, што ў якасьці гасьцей у Польшчу паедуць "IQ-48", "БН", "Zet", "Нэйра дзюбель", "Крама", "Уліс", "Pamidor/off", "Сьцяна", Кася Камоцкая. З польскага боку выступяць: "Zero-85", "Triqietra", "Rima" ды інш. Пад пытаньнем удзел леташніх пераможцаў - групы "Індыга". Як нам паведаміў беларускі каардынатар "Басовішча-2004" Аляксандр Памідораў, у конкурсе возьме ўдзел 7 беларускіх камандаў і 2-3 рок-гурта з Польшчы (раней у конкурсе брала ўдзел да 20 каманд). Зараз вядуцца перамовы з гуртамі ня толькі зь Менску, але і з Гомеля, Магілёва, Наваполацка наконт іх удзелу ў "Басовішчы". Вызначаць вартоўных будуць таксама наведвальнікі музычнага інтэрнэт-парталу "Тузін гітоў", але апошняе слова застанецца за журы начале з Памідоравым і Славам Коранем. Свае дыскі (30 хвілін музыкі, фота, кантакт) можна дасылаць да 20 чэрвеня.на адрэсу: 220050, Менск, вул.Інтэрнацыянальная, д.9, кампутарны клюб "О'К", А.Памідораву ці проста пакінуць дыск у гэтым клюбе на яго імя. Памідораў і Корань абяцаюць вызначыцца з канкурсантамі да 1 ліпеня. Потым у адным зь менскіх клюбаў пройдзе паказальны канцэрт будучых удзельнікаў "Басовішча-2004". Як заўважае сп.Аляксандр, сёлета на "Басовішча" будзе вельмі зручна паехаць, бо вядуцца перамовы з турыстычнымі агенцыямі. Яны будуць ладзіць адмысловыя "туры на Басовішча" й загарантуюць хуткае атрыманьне візаў ды вырашэньне іншых пытаньняў. Дарэчы запрацавала ў сеціве афіцыйная старонка фэсту на www.basowiszcza.org. Сяргей Будкін Прыхільнікі DM будуць прапагандаваць Беларусь | 31.05.2004
|
Беларускія прыхільнікі творчасьці брытанскага гурта Depeche Mode цяпер маюць
магчымасьць даведацца аб сваіх кумірах на сайце www.depechemode.by. Сайт
запрацаваў дзякуючы дапамозе менскага фан-клюба прыхільнікаў легендарнага
гурта. На старонках сайту можна пазнаёміцца зь гісторыяй і дыскаграфіяй
гурта, паглядзець фота музыкаў, пачытаць тэксты песьняў і інш.Аўтары праекту плянуюць шмат цікавых ідэяў, рэалізаваць якія яны зьбіраюцца ўжо, у т.л. працяг праекту "Personal Depeche". Таксама на сайце прысутнічаюць тэматычныя разьдзелы. Адзін зь іх прысьвечаны менскаму фан-клюбу DM. На старонках гэтага разьдзелу можна даведацца аб арганізацыі, удзельніках і мерапрыемствах клюба. А ў раздзеле, прысьвечаным беларускім музыкам, якія іграюць synth-pop на Беларусі, можна бліжэй пазнаёміцца зь іх творчасцю, праслухаць фрагмэнты песьняў, паглядзець фотаздымкі ўдзельнікаў. Сайт мае на мэце ня толькі канцэнтрацыю зносінаў спаміж беларускімі прыхільнікамі музыкі Depeche Mode і synth-pop напрамку ў сеціве Internet. Аднэй з задачаў рэсурса таксама з'яўляецца папулярызацыя беларускай культуры і сучаснай Беларусі. Для гэтага матэрыялы сайта першапачаткова рабіліся (што й будзе працягвацца ў далейшым) на трох мовах - беларускай, ангельскай і расейскай. Сайт мае запамінальны дызайн, зразумелую навігацыю й будзе цікавы не толькі прыхільнікам творчасці гурта Depeche Mode. Паводле www.depechemode.by Канцэртовы выбух.Чатыры дні - восемь канцэртаў | 31.05.2004
|
Прыхільнікі айчыннай музыкі мусілі выбіраць паміж "Крамай" і Памідоравым,
паміж Вайцюшкевічам і "Гарадзкімі" са "Сьцяной", мелі
мажлівасьць паслухаць аўтэнтычныя сьпевы "Гуды" ці фолькавыя эксперымэнты
ад "Pete Paff", зарадзіцца энэргіяй ад "Тэзаўруса"...
Амаль усе канцэрты пачыналіся адначасова і некаторыя арганізатары панесьлі
ў сувязі з гэтым страты.Так, канцэрт у "NC" 27-га траўня з удзелам "Гарадзкіх" і берасьцейскіх гасьцей - гурта "Сьцяна" прыйшлося адмяніць, бо заля клюба была пустая. Піт стаяў на ўваходзе цэлую гадзіну і асабіста вітаў кожнага наведвальніка. Паціснуў руку ён ня больш чым дзесяць разоў... Арганізатары прызналіся, што прагарэлі з рэклямай. "Тэзаўрус" гэтым апраўдацца ня мог, бо рэклямная кампанія ў іх была даволі моцная. Канцэрт хрысьціянскі рок-гурт усё ж такі даў. Але колькасьць запрошаных гасьцей перавышала колькасьць тых, хто набыў квіткі. Цікава, што "Гуда" сабрала ці не найбольш гледачоў, чымсі ўсе айчынныя рэперы разам узятыя. Заля Тэатра эстрады была запоўнена практычна дарэшты: былі там і падлеткі, і выкладчыкі ВНУ, і музыкі - у прыватнасьці дуэт "Аляксандра і Канстанцін" са сваім новым дырэктарам. Акром сьпеваў, гледачам яшчэ была прэзэнтаваная сьмелая праграма -лекцыя па паганьству. У "Гуды" атрымалася зьнітаваць увесь канцэрт нядрэннай сцэнарнай прапрацоўкай. Падзялілі між сабой аўдыторыю і Памідораў з Варашкевічам. Тыя, хто хацеў больш культурна адпачыць - абралі "Рэактар". Там можна ня толькі паслухаць музыку, але і някепска пад'есьці ды выпіць. Каму да спадобы камэрныя вечарыны - пайшлі ў гэты час у Тэатр юнага гледача на "Краму". Такіх аказалася болей, хоць невялічкую залю ТЮГа ўсё роўна не запоўнілі негледзячы на тое, што гэта быў першы ў гісторыі гурта акустычны выступ. Што цікава, госьці Памідорава - Алег Хаменка і Юлія Сеўрук усё ж абралі канцэрт "Крамы". Тамсама быў Іван Кірчук, які перад канцэртам уласна прадаваў у файе новы альбом "Троіцы". Варашкевіч прыгадаў ня толькі гіты, які па манэры падачы ня надта адрозьніваліся ад электрычных вэрсій, але і кампазыцыі з "Хворага на рок-н-рол" і "Камэнданта", які не выконваліся амаль дзесяцьцігоддзе ("Выпі са мной", "Малдаванка", "Паходняя"). Дзеля гэтага ў гурт часова (на пару песень) вярнуўся басіст з таго залатога "крамаўскага" складу - Руслан Праўда. Памідораў, як і абяцаў, адыграў свой канцэрт неглядзячы не на што. Гледачоў было нешмат, але ўсе ўдзельнікі вечарыны былі да гэтага падрыхтаваныя. На вечарыне можна было пабачыць Лявона Вольскага з жонкай, Макса Івашына. Выступ Памідорава - бадай што самы энэргетычны на тыдні. Тыя, хто абраў "Сьвята пакрадзенае" - не пашкадавалі. А надалей хочацца спадзявацца на тое, што арганізатары будуць разумней плянаваць імпрэзы. Сяргей Будкін рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|