|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за чэрвень 2004
У падтрымку галодных дэпутатаў | 08.06.2004 | "Залатыя яйцы": менская прэзэнтацыя | 08.06.2004 | Героі блюзавай ночы | 10.06.2004 | "Штучнапатрыятычны" N.R.M. | 14.06.2004 | Пагроза музычнаму байнэту | 14.06.2004 | "АіК" засьпяваюць па-расейску? | 22.06.2004 | "Скрябін" замест Скрыпкі | 22.06.2004 | GARADZKIJA дзяўчынкі | 25.06.2004 | Эўравізія 2005 | 29.06.2004 | Камоцкая прадусуе фільм пра Васіля Быкава | 29.06.2004 | 15 год "Улісу" | 30.06.2004 | Нашая "фабрыка зорак" | 30.06.2004 | "Басовішча": адборачны канцэрт пад пытаньнем | 30.06.2004 | У падтрымку галодных дэпутатаў | 08.06.2004 |
7 чэрвеня - у пяты дзень галадоўкі дэпутатаў парламэнцкай групы "Рэспубліка"
Валерыя Фралова, Уладзімера Парфяновіча і Сяргея Скрабца - адбыўся імправізаваны
акустычны канцэрт. Дэпутатаў прыйшлі падтрымаць Зьміцер Сідаровіч - былы
лідэр групы "Камэлот", удзельнік групы "Стары Ольса"
і рок-князёўня, вакалістка "Новага Неба" - Кася Камоцкая. Канцэрт адбыўся ля пад'езда на Казарменным завулку, дзе жывуць галадоўнікі. Сідаровіч зайграў некалькі сваіх песень, большасьць зь якіх увайшлі ў альбом "Камэлота " пад назвай "Краіна талераў" (1995), Кася прасьпявала пад гітару свае старыя гіты - "Божа, забяры маё жыцьцё", "Мы - дзеці чорнага горада", "Мая краіна" і інш. Скрабец і Парфяновіч выказалі падзяку музыкам за падтрымку, гэнэрал Фралоў да жалю ня здолеў прысутнічаць на выступе - ён цяжэй за ўсіх пераносіць галадоўку, бо перанес калісьці інфаркт і разрыў печані. Сяргей Будкін "Залатыя яйцы": менская прэзэнтацыя | 08.06.2004
|
"Ляпіс Трубяцкой" прэзэнтаваў свой новы альбом менскай публіцы.
Кажуць, што аншлягаў і вялікіх чэргаў на ўваходзе ў клюб "Рэактар"
не было ўжо даўно. Сярод VIP-пэрсон на канцэрце былі заўважаны N.R.M., "Крамбамбуля",
"Atlantica", "Лепрыконсы", "Drum Ecstasy",
Валік Грышко, а таксама акторы Анатоль Кот і Анатоль Голуб, мадэльер Іван
Айплатаў, ды яшчэ прадстаўнікі буйных айчынных FM-станцый.Але ж галоўным госьцем стаў расейскі ды-джэй Яўген Лур'е, які колісь увайшоў у дваццатку лепшых на сусьветным чэмпіянаце ды-джэяў у Вялікай Брэтані. Лур'е - вялікі сябра групы, актыўны ўдзельнік руху "Дзеці сонца". Госьць дабавіў пазытыву і ў так вясёлую вечарыну. "Ляпісы" сыгралі новыя і амаль усе старыя гіты - не ставала хіба што "Зеленоглазого таксі". Нагадаем, што "Ляпіс Трубяцкой" рыхтуецца даць канцэрты ў Баранавічах (11 і 23 чэрвеня), Бабруйску (24-га), Маладэчне (25-га) і Магілёве (16 ліпеня). паводле West Records Героі блюзавай ночы | 10.06.2004 |
У чацьвёрты раз беларускія музыкі ўзялі ўдзел ў міжнародным конкурсе выканаўцаў-аматараў
на XIV фэсьце "Noc Bluesowa" ў польскім горадзе Рава Мазавецка.
І другі год запар не засталіся без узнагарод: маладзюткі гітарыст і вакаліст
Аляксандр Бондараў з Гомлі здабыў спэцыяльны прыз журы. Гэтым разам беларуская дэлегацыя складалася з канкурсантаў - дуэту "1 блюз 1" і гасьцей - знанай групы MOJO BLUES, узмоцненай лідэрам групы SVET BOOGIE BAND Сьвятаславам Хадановічам. У конкурсе ўдзельнічалі 10 каманд з Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Славакіі, Германіі і Беларусі. Пры гэтым беларусам давялося на хаду мяняць склад: замест аднаго з удзельнікаў дуэту мусіў іграць настаўнік практычна ўсіх гомельскіх блюзмэнаў гітарыст Аляксандр Цыганок. Аляксандр Бондараў - адзін з ягоных вучняў, якому яшчэ ня споўнілася 17 гадоў. Аднак стаіць ён у блюзе трывала і грунтоўна, займаючыся выкананьнем пераважна карэннага рэпертуару з дэльты Місісіпі. Нягледзячы на яшчэ безумоўна малады век і адсутнасьць у біяграфіі нейкіх узрушэньняў, якія й дазваляюць ператварыць блюзавае выказваньне ў своеасаблівы маналёг пра лёс і пра сябе, ён выдатна адчувае сьпецыфіку гэтай музыкі, яе ўнутраны сьвет, мае добрае адчуваньне стылю. Сьпявае, выкарыстоўвае слайд і, што найбольш істотнае, літаральна жыве гэтай музыкай. Усё гэта ў сукупнасьці і прадыктавала выбар міжнароднага журы, якое адзін з двух спэцыяльных прызоў і прысудзіла будучыні беларускага блюза. А мясцовая FM-станцыя RSC адарыла яшчэ і наварочанай магнітолай. MOJO BLUES выступілі ў гасьцявой праграме вельмі ўпэўнена. Справа ў тым, што гэтая каманда ўжо мае трывалы аўтарытэт на польскім блюзавым рынку. Дастаткова сказаць, што па выніках анкеты польскага квартальніка "Twoj Blues" за 2003 год група апынулася на 18 пазыцыі ў намінацыі "Замежныя калектывы - адкрыцьцё году", а гітарыст Ільля Шэўчык апынуўся на 55 пазыцыі ў сьпісе найлепшых замежных гітарыстаў, што зусім нядрэнна: Джон Скофілд, напрыклад, стаіць у анкеце на дзьве пазыцыі ніжэй за Шэўчыка. Усё гэта, канешне, даволі ўмоўна, але адразу ж пасьля "Nocy Bluesowej" менчукі выправіліся на працяглую клюбную трасу па поўдню Польшчы, якая прадуглеждвала 6 ці 7 канцэртаў. А вось гэта ўжо - рэч рэальная. Сьвет і ягоны "Бугі бэнд" літаральна ў той жа дзень вярнуўся з Польшчы, каб разам са сваёй камандай выехаць у Маскву на 2 клюбныя канцэрты, а далей - паехаць у Чэхію на вельмі прэстыжны блюзавы фэстываль "Блюз у лесе". Ну і хто пасьля гэтага будзе сцьвярджаць, што нашыя музыкі на Захадзе (і крыху - Усходзе) не запатрабаваныя? Вяртаючыся да "Ноцы блюзовай", паведамлю, што конкурс гэтым разам выйграла польская каманда з Глівіц TEENAGE BEAT, другое - славакі MOJO & MAHORTU BAND, трэцяе - палякі са Шчэцына LOST IN BLUES. Сярод гасьцей фестывалю зазначыліся між іншымі Эльжбэта Мэльчарэк, якая дагэтуль не выступала амаль 20 гадоў, венгерская група ZSOLT BENKO & BLUESRIVERS. Надзвычай яскравае, энэргічнае шоў прадставіў адзін з ветэранаў польскай блюзавай сцэны вакаліст, гарманіст і скрыпач Ірэнэўш Дудэк са сваёй камандай SHAKIN' DUDI, якая і паставіла ў праграме фестывалю яскравую і тлустую кропку. Там жа, у Раве Мазавецкай, адбыліся дзелавыя перамовы з галоўным рэдактарам часопіса "Twoj blues", вынікам якіх павінен стаць прыезд увосень у Менск з канцэртам адной з вядучай блюзавых груп Польшчы. Ня ўвесь жа час беларусам паказваць кляс у Польшчы. Варта, каб і палякі паказаліся ў Беларусі. Пачакайма восені... Зьміцер Падбярэзскі "Штучнапатрыятычны" N.R.M. | 14.06.2004 |
Прэзэнтацыя кнігі "Дом" Адама Глёбуса прайшла ў лепшых традыцыях
апошніх вечарынаў у Доме Літаратара: колькасьць тых, хто стаяў у праходах
ды за дзьвярыма вялікай залі, была ледзьве ня большая за тых, хто пасьпеў
сесьці. Арганізатары вымушаныя былі спыніць натоўп абмежаваньнем доступу
ў залю. Прычына зразумелая: сьпявалі "N.R.М". Мо таму ў залі было шмат маладзёнаў. Пры гэтым ніякіх праяваў фанатызму: пасьля саунд-чэку музыкі прайшлі праз натоўп фэнаў амаль незаўважанымі. Сьпявалі нестандартную "штучнапатрыятычную", па азначэньню саміх Піта й Лявона, праграму: "Я нарадзіўся тут" з крыху зьмененым тэкстам і вакалам Вольскага, "Ой, бярозы ды сосны" без усялякага партызанскага запалу, "Край ты мой, край", "Лалалала". Гралі "дэпрэсіўныя" (як любіць называць іх Вольскі) рэчы з "Дому культуры": "Лёгкія-лёгкія", "Фабрыка", "Маё пакаленьне"... Тыя, хто прызвычаіўся чуць гэтыя творы ў электрычным варыянце, былі прыемна зьдзіўлены магчымасьцю пачуць праграму і ў акустыцы. Несьціханыя апладысмэнты, заслона, сыход са сцэны... Хвіліна...другая... Зацятыя грамадзяне віртуальнай краіны, якія прыйшлі паглядзець на сваіх міністраў, чакаюць момант, які абавязкова надыдзе... І вось ён надыходзіць: Піт вяртаецца на п'едэстал Дома Літаратараў. За ім (як не дзіўна!) усе астатнія. І тыя слухачы-"здраднікі", якія не паверылі ў магутнасьць гурта й сышлі з залі, вяртаюцца на месцы, каб пачуць... дакладна: "Паветраны шар". Яшчэ порцыя апладысмэнтаў... і па дамох. ...Толькі Алезіс зьбірае свае барабаны, Піт разрываецца паміж любімай гітарай, любімай жонкай і любімым сынам Янам-Вінцэнтам, а Юрась з Лявонам нешта абмяркоўваюць. Напэўна, будучы канцэрт, што мае адбыцца 30 ліпеня у "Рэактары". Юрась Бусел, Сяргей Трафілаў Пагроза музычнаму байнэту | 14.06.2004 |
Справа Караленкі - стваральніка неафіцыйнага "песьняроўскага"
сайту - скончылася неяк дзіўна. З аднаго боку, суд паставіўся да "парушальніка
аўтарскіх праў" досыць лагодна: усяго тры базавыя велічыні штрафу,
як за дробнае хуліганства. Але ж па-сутнасьці быў прызнаны той факт, што
распаўсюд музычных файлаў у Інтэрнэце - ёсьць правапарушэньне. Нарэшце тэхналягічны прагрэс дайшоў і да Беларусі! Падобныя пытаньні турбавалі цывілізаваны сьвет у сярэдзіне 90-х, калі зоркі шоў-бізу падзяліліся на дзьве суполкі: адны казалі, што распаўсюд іх твораў праз Інтэрнэт (няхай і без дазволу) будзе толькі спрыяць папулярнасьці, другія, як напрыклад "Metallica", былі катэгарычна супраць, называючы разьмяшчэньне іх твораў у фармаце mp3 ня іначай, як пірацтвам. Натуральна, што зьяўленьне музыкі ў Інтэрнэце балюча ўдарыла па буйным лэйблам, бо зьявілася альтэрнатыва СD: цяпер кожны, што мае выхад у сусьветную павуціну, амаль за бясплатна мог запісаць сваю складанку. Колькасьць сайтаў з музыкай у mp3 няўмольна расла і нават склала канкурэнцыю порна-сайтам. Музычная грамадскасьць мусіла з гэтым фактам папросту зьмірыцца, некаторыя ж зоркі нават пачалі запісваць інтэрнэт-альбомы. Зусім нядаўна, напрыклад, Джордж Майкл абвясьціў, што яго новыя песьні можна будзе знайсьці толькі ў Інтэрнэце, на дыску выдавацца яны ня будуць. Зыск РУПІУ да pesniary.com. мог быць выкліканы адсутнасьцю попыта на двайны дыск "Песьняроў" (песьні на вершы Ігара Лучанка), які ў менскіх дыскарнях каштуе 25 т.руб. "Гэтыя ж песьні можна было спампаваць на сайце Караленкі абсалютна бясплатна, а таму можна казаць пра нанясеньне матэрыяльнай шкоды", - так напэўна разважалі прадстаўнікі юрыдычнай канторы. Хоць не ўлічылі таго, што якасьць трэкаў нізкая (чым ніжэй якасьць - тым хутчэй песьня пампуецца), а некаторыя творы былі выкладзеныя для апазнаньня. Так што, відаць, справа не ў інтэрнэце, а ў "кусачай" цане. "Калі нехта занатуе ў гасьцявой кнізе якой сталовай верш вядомага паэта, ці будзе гэты паэт падаваць у суд за незаконны распаўсюд", - такі прыклад хацеў прывесьці суду Юры Зісер - старшыня савета дырэктароў Tut.by. Сапраўды, інтэрнэт выконвае найперш азнаямляльную функцыю, бо па бліжэйшым часе інтэрнэт-выданьні не здольныя замяніць друкаваныя часопісы і газэты, а файлы ў mp3 - дыхтоўна аздоблены СD. У нашых жа варунках - распаўсюд музыкі, літаратуры, інфармацыі праз Інтэрнэт справа ня толькі патрэбная, але і карысная. Так што справа Караленкаі не цягне нават на дробнае хуліганства. Дарэчы. Пяцёрка самых папулярных інтэрнэт-сайтаў, дзе можна знайсьці mp3 айчынных музыкаў (паводле akavita.by): 1. music.tut.by 2. music.fromby.net 3. westrecords.by 4. tvr.by/rus/crossparad 5. pesniary.com Карыстайцеся пакуль... Сяргей Будкін "АіК" засьпяваюць па-расейску? | 22.06.2004 |
Як нам паведаміў Канстанцін Драпеза, нягледзячы на няўдачу дуэта на “Эўравізіі”,
цікавасьць да іх творчасьці не згасла, таму было вырашына сумесна з “Вэст
рэкардз” выдаць дыск з лепшымі песьнямі. Туды ўвойдуць некаторыя песьні з двух нумерных альбомаў калектыва – “За ліхімі за марозамі” і “Сойка”, а таксама “Мой Галілей”, “Каляда-калядзіца” (яна ратавалася толькі на “Тузіне гітоў”) і тры расейскамоўныя творы. Сп.Драпеза абверг чуткі, што дуэт пераходзіць на расейскамоўную творчасьць: “Гэтыя тры песьні – «Лети», «Девочка-весна», «Отпусти» - былі напісаны яшчэ падчас працы над першым дыскам, але ў нашыя альбомы яны не ўваходзілі, таму мы вырашылі паказаць іх публіцы”. Даць вялікі сольны канцэрт дуэт плянуе ў верасьні, калі распачнецца новы канцэртовы сэзон. Сяргей Будкін “Скрябін” замест Скрыпкі | 22.06.2004 |
Як паведамляе WR, на днях Лявон Вольскі разам з прадусарскім штатам “Крамбамбулі”
(Вольская, Калмыкоў, Драздоў) правелі перамовы ў Кіеве зь лідэрам гурта
“Скрябін” Андрэям “Кузьмой” Кузьменкам і буйнейшым украінскім лэйблам Lavina
Music. Прадстаўнікі рэкард-кампаніі, што выдае альбомы “Океана Эльзы”, “Воплей Відоплясова”, Ані Лорак ды інш., пацьвердзілі сваю зацікаўленасьць у супрацы з беларускім бокам. Што да Кузьмы, той даў згоду на ўдзел у праекце “Крамбамбуля”, папярэдне праслухаўшы новыя песьні Вольскага. У прыватнасьці, ён засьпявае разам з Лявонам песьню “Суседзі”, прэм’ера якой адбылася ў Менску на сумесным канцэрце з “ВВ”. Раней плянавалася, што ў гэтай песьні будзе гучаць вакал Алега Скрыпкі, але той адмовіўся ад удзелу ў “Крамбамбулі”. “Прыемна, што ў нас з Кузьмой даволі шмат агульнага на ўзроўні музычных цікавасьцей. Так, напрыклад, мы абодва – вялікія прыхільнікі польскага року, і ў прыватнасьці легендарнай групы “Proletariat", – распавёў Лявон. Цяпер “Крамбамбуля” чакае на прыезд у Менск вакаліста “Скрябіна”. GARADZKIJA дзяўчынкі | 25.06.2004 |
Гурт GARADZKIJA распачаў плённую працу над новым відэа на песьню “Каўбасіць
ды плюшчыць”.Па задуме сцэнарыста, у якасьці якога выступіў сам вакаліст гурта Піт Паўлаў, асноўнымі дзеячымі асобамі кліпу павінны стаць прадстаўніцы жаночага полу. Аднак у адрозьненьні ад калег па творчаму цэху, музыкі вырашылі адмовіцца ад паслуг прафэсыйных мадэлей ці актрыс. Па словах Піта, удзельніцай здымак можа стаць абсалютна любая дзяўчынка – ніякіх крытэрыяў адбору няма. Адзінае, што патрабуецца – зацікаўленнасьць і добры настрой. 27 чэрвеня а 13й гадзіне ў страўні “Камяніца” адбудзецца сустрэча Піта Паўлава з усімі жадаючымі паўдзельнічаць у “відэажыцьці” гурта. Рок-музыка правядзе больш за гадзіну ў кампаніі прыгожых дзяўчынак і асабова абярэ некалькі шчасьлівіц, твары якіх у хуткім часе з’явяцца на экранах тэлевізараў. Эўравізія 2005 | 29.06.2004 |
Кіеў рыхтуецца прыняць юбілейны конкурс песьні "Эўравізія 2005".Ужо вызначана, што сталіца Ўкраіны будзе прымаць "Эўравізію 2005". Гэтая навіна ўжо прымусіла карэктаваць свае пляны кіеўскі муніцыпалітэт а таксама зактывізаваць свае бізнэсы гатэлевых апэратараў. Чакаючы на пэрспэктыўнае нашэсьце турыстаў, частка інвэстараў ды дэвэлёпераў ужо удакладняе свае пляны завяршэньня будаўніцтва й рэканструкцыі цэлага шэрагу гатэляў. А пераможца конкурсу "Эўра 2004" сьпявачка Руслана працягвае спажынаць плён сваёй вікторыі. Утроп за нематарыяльнымі стымуламі (заслужаная артыстка Ўкраіны, дарадца прэзэдэнта па культуры), Руслана днямі атрымала й стымул цалкам матарыяльны - ключы ад новай кіеўскай кватэры. Wiecier Mechaniczny Камоцкая прадусуе фільм пра Васіля Быкава | 29.06.2004
|
Як паведамляе "Белорусская газета", беларуская рок-князёўня, лідэрка
гурта "Новае Неба", Кася Камоцкая выступае ў ролі кінапрадусара
фільма "Васіль Быкаў. Вяртаньне". Рэжэсэрам фільма стаў Віктар Корзун, а сам фільм складаецца з фрагмэнтаў інтэрв`ю пісьменьніка й кадраў яго пахаваньня. Згадваючы на пахаваньне Быкава, Кася адзначае, што яе ўразіла колькасьць людзей, якія прыйшлі разьвітацца зь пісьменьнікам. "Тады здавалася, што людзі ў нашай краіне ёсьць" - кажа сьпявачка. Свой удзел у стварэньні фільма Камоцкая характарызуе наступным чынам: "Галоўнае для прадусара ў любой краіне - грошы й уменьне казаць "не". Дзе можна будзе пабачыць фільм "Васіль Быкаў. Вяртаньне"? "Па БТ яго, натуральна, не пакажуць. Прыйдзецца распаўсюджваць на відэа. Шкада, але інакш у нашай сытуацыі немагчыма" - кажа прадусар. Паводле матарыялу "Белорусской газеты"
15 год “Улісу” | 30.06.2004 |
Сёлета айчыннай рок-легендзе групе “ULIS” будзе 15 год: за гэты час гурт
выдаў дзьве кружэлкі і з дзесятак альбомаў, пайграў у лепшых канцэртных
залях Эўропы, зьмяніў некалькі вакалістаў, падавалася, што распаўся, але
выжыў дзякуючы намаганьням бясьсменнага гітарыста каманды Славы Кораня,
які вырашыў засьпяваць сам пасьля сыходу чарговага вакаліста.
Нашая “фабрыка зорак” | 30.06.2004 |
Крама музычных інструмэнтаў “MUZZONE” вырашыла заняцца пошукам музычных
талентаў.
“Басовішча”: адборачны канцэрт пад пытаньнем | 30.06.2004
Як нам паведаміў беларускі каардынатр “Басовішча-2004” Аляксандр Памідораў,
адборачны канцэрт да фэсту можа не адбыцца, бо так і не знойдзена месца
правядзеньня.У гэтым выпадку, А.Памідораў і В.Корань адбяруць з 13 прэтэндэнтаў на паездку васьмёрку лепшых сваім “валявым рашэньнем” па самым бліжэйшым часе. Тым часам скончылася галасаваньне за прэтэндэнтаў на “Тузіне гітоў”. Паводле яго, васьмёрка лепшых выглядае так. 1. Tesaurus (50 галасоў) 2. S.K.D (36 галасоў) 3. Тарпач (34 галасы) 4. Крок (33 галасы) 5. Пульс Вакол (24 галасы) 6. Taxi (20 галасоў) 7-8. Cor-Set, Zvik, Deadmarsh (па 19 галасоў) Галасаваньне праходзіла напрацягу трох дзён. Усяго ўдзел у галасаваньні прынялі 290 чалавек. Канчатковыя вынікі можна праглядзець на гэтай старонцы: http://voter.land.ru/view.php?pl=40494 Аляксандр Памідораў дапускае, што гэтыя вынікі могуць супасьці з рашэньнем каардынатараў, але апошняе слова застаецца за імі. “Цікава было паглядзець якія каманды вызначыць інтэрнэт-грамадскасьць і наколькі гэты выбар супадзе з нашым”, - зазначыў сп.Памідораў. Канчатковы сьпіс удзельнікаў “Басовішча-2004” зьявіцца ў самыя бліжэйшыя дні на “Тузіне гітоў”. Сяргей Будкін
рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|