|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за ліпень 2004
Unplugged Тодара | 07.07.2004 | Новая песьня "Крамбамбулі" | 07.07.2004 | BMAgroup рыхтуе новыя складанкі | 09.07.2004 | Беларуская "Atlantica" | 09.07.2004 | Басовішча-2004. Гатоўнасьць №1 | 20.07.2004 | Харызматычны гітарыст. Самае вялікае інтэрвію зь Пітам Паўлавым | 20.07.2004 | Збор тлушчу | 26.07.2004 | Падбярэскі пра "Басовішча-2004" | 26.07.2004 | "Басовішча-2004": нашая справаздача | 27.07.2004 | Фэст забаранілі | 28.07.2004 | "Палац" атрымаў незалежнасьць | 28.07.2004 | Дзьвухмоўны рэліз | 31.07.2004 | Unplugged Тодара | 07.07.2004 |
20 ліпеня Зьміцер Вайцюшкевіч дае сольны канцэрт у Палацы ветэранаў (вул.Янкі
Купалы, 21).Такім чынам музыка справіць сваё 33-годдзе. Лідэр “WZ-orkiestra” прэзэнтуе першую частку праграмы на вершы Рыгора Барадуліна. Як нам паведаміў Зьміцер, канцэрт пройдзе ў яшчэ больш камэрнай атмасфэры, чым ранейшыя ягоныя выступы: “На сцэне будзе адзін-два музыкі, мы вырашылі даць такі мінімалісцкі акустычны канцэрт”. Акрамя новых песень прагучаць ужо вядомыя творы Тодара: “У нас у абойме больш чым 50 песень, будзем граць пад настрой”, - зазначае Вайцюшкевіч. На сцэну з віншаваньнямі і сюрпрызамі таксама выйдуць вядомыя айчынныя музыкі. У госьці да Тодара завітаюць Ігар Варашкевіч, Аляксандр Памідораў, Алесь Камоцкі, Алег Хаменка, Лявон Вольскі (калі будзе ў гэты час у Менску) ды інш. Квіткі каштуюць 6000-8000 руб. Сяргей Будкін Новая песьня "Крамбамбулі" | 07.07.2004 |
З сёньняшняга дню ў свабодным доступе для праслухоўваньня знаходзіцца новы
трэк праекта “Крамбамбуля”.Песьня “Турысты” першапачаткова была напісана для дуэта з Алегам Скрыпкам, але праз вядомыя прычыны запіс з салістам “ВВ” не атрымаўся. Замест Скрыпкі ролю другога вакаліста выканаў лідар групы “Ляпіс Трубяцкой” Сяргей Міхалок. “Мне вельмі падабаецца, як у гэтай песьні сьпявае Міхалок, ён добра справіўся са сваёй роляй”, - зазначае Лявон Вольскі. Па словах таго ж Вольскага “Турысты” – гэта працяг лёгкага жанру ў творчасьці “Крамбамбулі”, пачатак якога быў закладзены песьняй “Госьці”. “Гэтая песьня для адпачынку, у ёй не варта шукаць аніякіх падтэкстаў ці схаваных сэнсаў”, - кажа Лявон. "Тузін Гітоў” жадае Вам цудоўнага адпачынку ў кампаніі “Крамбамбулі”! Аляксей Мінчонак BMAgroup рыхтуе новыя складанкі | 09.07.2004 |
"Беларуская музычная альтэрнатыва" абвесьціла пра пачатак працы
над новымі складанкамі. Усяго да канца году плянуецца выдаць чатыры новыя
рэлізы. Два зь іх - гэта працяг больш-меньш пасьпяховых "Hard Life
- Heavy Music" і "Hardcoreманія: чаду!", якія былі выдадзеныя
БМА некалькі раней. Астатнія два - эксклюзіўныя праекты.Упершыню на адным дыску будуць сабраныя беларускамоўныя панк-гурты. Працоўная назва рэліза - "Чыста Punk". Ужо дакладна вядома, што ўдзел у праекце возьмуць гурты "Nothing To Lose" з Жодзіна, "Тлуста Луста" з Гародні, "Кнот" і "Тарпач" з Менску, разглядаецца пытаньне пра ўдзел вядомых "zygimont VAZA", "Голая манашка", "Neuro Dubel", "Deviation", "КальЯн". Пра эксклюзыўнасьць чацьвертага праекту казаць цяжка... Ідэя гэтага рэлізу, відаць, нарадзілася ў "БМА" пасьля ашаламляльнага посьпеху праекта "Крамбамбуля". Гэткім чынам, лэйбл рыхтуе да выхаду "Піўны альбом" у праграму якога плянуецца ўключыць рознастылёвыя гімны бурштыноваму напою ад Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевіча, гуртоў КРАМА, NEURO DUBEL, КАМЭЛОТ, P.L.A.N., СТАРЫ ОЛЬСА і іншых. Прэзэнтацыя альбома мусіць выліцца ў вялікі піўны фэст, які адбудзецца напрыканцы лета ці напачатку восені. Узяць удзел у гэтых чатырох праектах можа любы гурт. Для гэтага неабходна даслаць фанаграмы сваіх песень на наступную адрэсу: 220085, Менск-85, а/с 5, Віталю Супрановічу. Асноўныя крытэры па якіх будуць адбірацца песьні наступныя: добрая якасьць запісу, прытрымка адпаведнаму стылю і, канешне, беларускамоўнасьць дасланага матарыялу. Аляксей Мінчонак, паводле інфармацыі BMAgroup Беларуская "Atlantica" | 09.07.2004 |
8 ліпеня ў дыскарні "Містэрыя Гуку" адбылася прэс-канфэрэнцыя
й аўтограф-сэсія музыкантаў новага беларускага англамоўнага праекта "Atlantica".
Нагодай для сустрэчы з журналістамі і прыхільнікамі стаўся выхад дэбютнага
міні-альбома калектыва. Па словах удзельнікаў праекта іх музыка збольшага скіравана на заходні рынак, але й на Беларусь яны не будуць забываць. На пытаньне "Хто вы?" першым быў адказ "Мы - беларусы". Хлопцы шчыра ўпэўненыя, што сваімі песьнямі яны здолеюць данесьці заходняму слухачу, што беларуская музыка вартая ўвагі. "Няма розьніцы на якой мове сьпяваць. Галоўнае, што мы беларусы і робім беларускую музыку", - сказаў Alex David, вакаліст групы. Дэбютны альбом уяўляе сабою пяць арыгінальных песень + 3 unplugged and instrumental інтэрпрэтацыі асноўных гітоў плыткі - песьняў "Strangers" і "Behind the destiny". Якасьць запісу трэкаў даволі добрая, нават не верыцца, што саўнд-прадусэрам калектыва выступіў Генадзь Сыракваш. Удзел у запісу некаторых песень бралі такія вядомыя беларускія музыкі як Сяргей Анцішын ("Сястра", Фінберг) і Аляксандр Гайдукевіч. Клюбная прэзэнтацыя праекта "Atlantica" адбудзецца ў пятніцу 17 ліпеня ў клюбе "Гудвін". Аляксей Мінчонак Басовішча-2004. Гатоўнасьць №1 | 20.07.2004 |
23 ліпеня ў польскім Гродеку распачнецца буйнейшы рок-фэст. У апошні момант колькасьць беларускіх удзельнікаў паменьшылася. Праз уласныя праблемы не здолее паехаць гурт “Зьмяя” (Менск) і гарадзенскія панкі “TlustaLusta”, якія прайшлі папярэдні адбор. Корань&Памідораў рэкрутавалі для ўдзелу ў конкурснай праграме гурт “Soncavarot” (Менск) за былыя заслугі. Такім чынам, сьпіс канкурсантаў зараз выглядяе так: 1. Аніма 2. Tezaurus 3. Taxi 4. Cor-Set 5. Тарпач 6. Пульс Вакол 7. Soncavarot Канкурсанты з Польшчы: 8. Н.М.Р. (Варшава) 9. 5-set-5(Гарадок) На адкрытую сцэну, згодна пададзеным заяўкам, намагаюцца выйсьці гурты: 1.Black Sugar (Пінск) 2. Drapped Fel (Беласток) 3. Fleus&Klein (Новаполацак) 4. In Extremis (Беласток) 5. The Jitters (Менск). Гэтыя пяць гуртоў уласна і адкрыюць праграму фэсту ў пятніцу. Ад’езд на фэст для гасьцёў і канкурсантаў плянуецца 22 ліпеня а 16.00 ад крамы "На Ростанях" (Менск, пл.Я.Коласа). Харызматычны гітарыст. Самае вялікае інтэрвію зь Пітам
Паўлавым | 20.07.2004 |
Хто з нас ня марыць патрапіць аднойчы ў Ватыкан? Адказ відавочны. Такія
краіны, як Ватыкан, вельмі прыцягальныя сваёй галоўнай асаблівасьцю: знаходзячыся
ў межах іншай дзяржавы, яны адрозьніваюцца ад "вялікага брата"
грамадзка-палітычнае пабудовай, эканамічнае палітыкай, культурнае спадчынай
ды шмат чым іншым. Але мала хто з грамадзянаў-беларусаў ведае, што і ў іх
роднай дзяржаве існуе такога кшталту "ўнутраная" краіна, якая
разьвіваецца ўжо дзесяць год паралельна з Беларусьсю. Незалежная Рэспубліка
Мроя (N.R.M.) - краіна з усімі дзяржаўнымі атрыбутамі: сваім гербам, сьцягам,
гімнам - для кагосьці віртуальная, для кагось рэальная. На яе музычна-ідэалагічным
падмурку вырасла амаль пакаленьне; удзельнікі гурту-краіны - улада N.R.M.
- на працягу ўсяго свайго існаваньня знаходзяцца ў стане доўгае, "Партызанскае",
вайны з афіцыйнымі ўладамі РБ. Іх палітыка "ваяўнічай дэмакратыі"
ніяк не дапасоўваецца да дзеяньняў тутэйшага чыноўніцтва. Сёньня на музычна-бізнэсовыя,
этнічна-гістарычныя, грамадзка-палітычныя, сямейна-гаспадарчыя, сучасна-моладзевыя
тэмы мы пагаворым зь "міністрам прапаганды" N.R.M., выдатным гітарыстам,
стваральнікам музычных сольных праэктаў " Pete Paff " і "HARACKIJA"
Пітам Паўлавым."...Кожную вайну на траціну выразалі нашае насельніцтва, і мы маем гэтыя рэшткі. Але мы з'яўляемся, тым ня менш, носьбітамі патэнцыяльна больш вялікага этнасу. Мы жывем у крыху віртуальнай прасторы: кожны з нас у любы момант адказны яшчэ і за трох забітых. І мы абавязаны ня толькі ад сябе, але і ад раптоўна загінуўшых прынесьці нейкую карысьць гэтаму сьвету..." - Піт, скажы, калі ласка, як склалася, што чалавек без аніякае музычнае адукацыі робіцца лідуючым гітарыстам лепшых рок-гуртоў Беларусі - N.R.M., “Крыві”, “HARACKIJA”? Няўжо на Беларусі больш няма выдатных гітарыстаў, што Піту Паўлаву прыйшлося манапалізаваць гэтую частку музычнага рынку? - Так, сапраўды, я ня маю аніякае музычнае адукацыі (хіба што паўтары клясы па акардыёне ў школе). Гісторыя майго станаўленьня як музыкі вельмі доўгая і можа заняць асобную кнігу... Скажу толькі, што ў мяне існуе жыцьцёвы прынцып: калі я аднойчы сказаў сабе, што граю на гітары, ў гэты ж момант узьнікла думка, што павінен гэта рабіць лепш за астатніх, па меншай меры ў бачнай прасторы. Пры тым я не прызначаў сабе нейкіх канкрэтных мэтаў, а адносіўся як да чарговага захапленьня. А што тычыцца майго "манапольнага становішча", дык у нас наогул бракуе сьвядомых музыкаў. Каб выканаўца быў сапраўдным творцам, ён павінен выхоўвацца ў музычных варунках, назапашваць неабходны вопыт. А далягляд, які прапануюць нашыя музычныя ўстановы, не дастатковы для таго, каб граць у музычным гурце: ён не прыдатны для творчай эстраднай дзейнасьці. Усе беларускія больш-менш вядомыя гурты маюць самаадукаваных музыкаў, бо ўстановы прадукуюць аўтаматы для выкананьня і прачытаньня нотаў, якія трапляюць у дзяржаўныя структуры, аркестры, ансамблі. - Якія ў цябе патрабаваньні да музыкі? - Музыка для мяне зараз - справа жыцьця, мэнтальная з'ява, адбітак часу, інструмэнт уплыву на маладую генэрацыю, спосаб заробку грошай, шлях кар'еры - гэта ўсё спалучылася ў адным фармаце і цікавіць мяне у розных ступенях. Калі б мяне турбавалі толькі грошы, я быў бы больш заможным, але я, напэўна, яшчэ не дарос ці ўжо перарос гэтую цікаўнасьць. Мяне больш прывабліваюць творчыя моманты. На сённяшні дзень існуючыя сусьветныя тэндэнцыі ў музыцы - гэта шчырасьць і нязмушанасьць. Вось галоўныя патрабаваньні. І на гэтым шляху заўсёды ўзнікаюць шэдэўры, якія мяне вабяць. Я іх інстынктыўна, інтуітыўна адчуваю адразу, вылучаю для сабе і прыцягваю. Потым пераапрацоўваю і ствараю штосьці зусім іншае, але пад уплывам зробленага. - Гэтыя сусьветныя тэндэнцыі і падштурхнулі, напэўна, цябе да стварэньня ўласных сольных праэктаў? - Я ня мог іх не зрабіць. Было напісана некалькі песень, якія не падыходзілі да фармату ані N.R.M., ані "Крыві". І я быў упэўнены, што яны патрэбныя слухачам. Спачатку маіх песень было ня так шмат. Але калі сьвядома пачаў рабіцца альбом, то далей з'яўлялася ўсё больш і больш твораў. Прычым цікавая заканамернасьць: чым далей да канца альбому, тым лепей песьні. Магу растлумачыць гэта тым, што набіраўся пэўны досьвед сольнай творчасьці. - Неяк у інтэрв'ю Радыё Свабода ты сказаў, што Вольскі ў N.R.M. нікому не дае побач з сабою сьпяваць. Праэкты "HARACKIJA" ды Pete Paff - вынік таго, што ты адчуваеш сябе № 2 у гурце? - Здаецца, гэта не зусім мае словы, а хутчэй - хітрык Дзімы Падбярэзскага (журналіст, музычны аглядальнік - аўт.). Але адкажу, што ў N.R.M. мне сьпяваць ня варта. Ці калі і трэба, то толькі ў пэўных момантах, таму што там ёсьць харызматычны сьпявак, а я - харызматычны гітарыст. І перарабляць гэтыя ролі было б дурасьцю і ня мае сэнсу, бо тады зьменіцца НРМ. Дарэчы, так не стаяла ніколі пытаньне, бо тое, што мы маем, склалася гістарычна. Гэта мае найвялікшую каштоўнасьць для мяне. Ды як сьведчыць мой досьвед і ўсё музычнае жыцьцё: тое, што склалася само, і ёсьць самае лепшае. Усе штучныя намаганьні хутка скончваюцца, не прыводзячы да аніякага выніку. Якраз такія выпадковасьці, утаймаваныя часам, звычайна і застаюцца назаўжды. Ва ўсім сьвеце ў гісторыі музыкі ўдзельнікі папулярных гуртоў па прашэсьці доўгага тэрміну сумеснай творчасьці рабілі і робяць сольныя праэкты для таго, каб не зацыклівацца на адным. Таму што нават звышпапулярны гурт ня можа выдаваць больш аднаго альбома на год... Канешне, мы з Лявонам Вольскім здольныя і па тры песьні на дзень пісаць - такім чынам быў бы альбом на тыдзень. Але хто бы іх слухаў і набываў? Пачалося б кляніраваньне думак, вобразаў. А ў N.R.M. альбом выходзіць раз на два гады - гэты тэрмін таксама вызначаны часам. Прыхільнікі заўсёды хочуць чагосьці новага. Але новае мы прапануем у сваіх сольных праэктах, увесь час імкнемся выцягваць маладыя сілы. - Так зусім нядаўна адбылася галоўная падзея ў сьвеце рок-музыкі гэтага году - "Генералы айчыннага року", у якой прымалі ўдзел і маладыя гурты. Існуюць розныя водгукі гледачоў... А якое ўражаньне ад відовішча знутры? - Мне фэстываль спадабаўся: здаецца, гэта добрая і слушная ідэя. Крыху, можа, сама рэалізацыя недасканалая, але тут даволі цяжка было дагадзіць усім. Самае непрыемнае - было холадна як гледачам, так і выканаўцам. А недасканаласьці, на мой погляд, былі звязаныя з вялікай колькасьцю канкурсантаў і саміх генэралаў, лейцянантаў, яфрэйтараў. Пры адсутнасьці "Рок-Каранацыі" наяўнасьць фэстывалю прыкладна ў гэты час вельмі патрэбная. І тое, што пляцоўка Лядовага Палаца дазваляе мець танцпол - гэта добра, таму што людзі ўжо стомленыя рокавымі канцэртамі ў тэатральных залях, дзе яны вымушаны сядзець, што ня шчыра ў адносінах да гледачоў. - Дарэчы, сталыя прыхільнікі N.R.M. памятаюць вашыя яскравыя выступы ў клюбах напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Але такога кшталту канцэрты апошнім часам некуды зьніклі... - Сапраўды, нядаўна быў першы клюбны выступ ў Менску за 5 ці 6 год. Нарэшце аматары творчасьці N.R.M. мелі магчымасьць стаяць побач увесь канцэрт, дакранацца, пацягаць музыкаў... І мы, напэўна, будзем зараз уключаць у нашыя пляны клюбныя канцэрты, каб не пазбаўляць фанатаў гэтае магчымасьці. Бо нам заўсёды ў розных складанках-салянках урачыста прапануецца сыграць 2-3 песьні. І тым ня менш, на N.R.M. зьбіраюцца тысячныя палацы прыхільнікаў. Зараз мы пераходзім да больш агрэсіўнай музычнай палітыкі: будзем рабіць свае канцэрты самі і адмаўляцца ад удзелу ў такіх незразумелых праэктах, дзе нас выкарыстоўваюць у сваіх мэтах арганізатары. - Кіраўнік Беларускай Музычнай Альтэрнатывы, адзін з арганізатараў "Генэралаў" Віталь Супрановіч сказаў, што яны зробяць усё магчымае дзеля таго, каб гурт-пераможца фэстывалю не забыўся праз тры месяцы пасьля канцэрту. Якія ўмовы былі зроблены дзеля гэтага? - Ніякіх. Увогуле, калі нехта з нашых беларускіх прадусараў кажа, што нешта зробіць, то ён проста няшчыры. Арганізатары паабяцалі аплаціць студыю, запіс альбому. Магчыма, яны выканаюць сваё абяцаньне, толькі мне, напрыклад, зараз запіс непатрэбны. У мяне ёсьць новы, на мой погляд, выбітнейшы альбом гурта "HARACKIJA" (аднаіменны альбом "HARACKIJA" - аўт.), які трэба раскручваць, прасоўваць, каб людзі яго пачулі. Таму што калі слухачы рассмакуюць, то зразумеюць, што ён варты ўвагі. Нешта іншае маглі зрабіць арганізатары: я прасіў іх дапамагчы з канцэртам лаўрэатаў - яны, на жаль, адмовіліся гэтым займацца. Тады ў мяне і з'явілася думка правесьці такі выступ з брэсцкім гуртом "Сьцяна" у менскім клюбе NC. - Гэты выступ, як вядома, не адбыўся - не прыйшлі гледачы. Дарэчы, на працягу аднаго тыдня было заплянавана 8 канцэртаў, і на большасьць з іх прыйшло вельмі мала слухачоў. Што, на твой погляд, з'яўляецца прычынай такога крызісу наведваньня канцэртаў? - Прычыну ня трэба шукаць. Яна зразумелая: у людзей фізычна няма грошаў. Таму што нашая дзяржава знаходзіцца ў дзікім заняпадзе. Вось і ўсе прычыны, і ня трэба ад гэтага хавацца. На канцэрце N.R.M. (22 траўня у клюбе NC- аўт.) быў біток. Гэта сьведчыць аб тым, што людзі сабралі ўсе свае магчымасьці і прыйшлі. Не лічу, што восем канцэртаў на тыдзень - гэта шмат для двухмільённага гораду. Я буду працаваць над тым, каб да мяне на "HARACKIJA" і Pete Paff прыходзіла мая публіка, нават калі ў гэты дзень будзе Metallica выступаць у Палацы спорту (канешне, калі я сам не пайду на Metallica). Тым больш, кола аўдыторыі гэтых канцэртаў невялікае. Публіка ператвараецца са звышінтэлігентнае, якой я заўсёды ганарыўся, у больш сэктанскую. Я вінаваціць нікога не магу - у моладзі проста няма грошай. - У апошнія дзесяцігодзьдзі беларуская вёска вымірае, а разам з ёю знікаюць і беларускія аўтэнтычныя гаворкі, песьні, тая старадаўняя спадчына. Як спыніць гэтую празьмерную ўрбанізацыю? Ды ці трэба гэта рабіць? - Спыніць немагчыма. У нашай краіне так захапіліся гэтай празьмернай урбанізацыяй, яна набыла такую сымпатыю сярод моладзі! А ва ўсім сьвеце тэндэнцыя адваротная: жыцьцё ў прадмесьці, у маленькіх вёсках - гэта прывілей заможных людзей. Напрыклад, вялікі мастак, магутны бізнэсовец, прысутнасьць якога не патрабуецца кожную сэкунду на месцы, можа сабе дазволіць жыць на ранчо: Прэзідэнт ЗША, як вядома, даволі часта бавіць час на ранчо (па-нашаму, на хутары). Але ў нас няма ніводнага кіраўніка, прысутнасьць якога не была б патрэбнай кожную сэкунду. Таму што ў нас такі бізнэс - дзікі дзяржаўны бізнэс, з селектарнымі "савешчаніямі" і г.д. Таму ўсе больш-менш уплывовыя людзі, каб рэалізавацца, вымушаны накіроўвацца ў вялікі горад Менск. У Польшчы, напрыклад, гэтая мяжа больш размытая: там можна адчуваць сябе ўдзельнікам вялікага працэсу, знаходзячыся ў вёсцы, калі ў цябе ёсьць інтэрнэт ды іншыя сродкі камунікацыі. У нас такой інфраструктуры зараз проста ня існуе. Таму спыніць немагчыма, а захаваць патрэбна - вось мы гэтым і займаемся: захоўваем, кансэрвуем. - Вядома, такім захаваньнем старажытнай спадчыны займаецца твае гурты "HARACKIJA" ды Pete Paff - вынікі спалучэньня рокавай і аўтэнтычнай беларускай традыцыяў. Як знаўца музычнага асяродзьдзя ня толькі Беларусі, але і замежжа, як удзельнік розных фэстываляў у складзе "Крыві", адкажы, калі ласка: ці каштоўнае нашае этна на Захадзе і на Беларусі? - Справа ў тым, што нашае этна адрозьніваецца ад іншых сусьветных прыкладаў. Мы маем шчасьце мець беларускую этнічную музыку захаванай. Я маю на ўвазе ня тое балалаечна-баяннае этна, а амаль тысячагадовыя мэлёдыі, тэксты - гэтага ў сьвеце застаецца ўсё меней і меней. Такой крыніцы этнічнай музыкі, як на Беларусі, магчыма, няма нідзе ў сьвеце. Так, ёсьць сусьветныя брэнды, як то ірляндзкая, індыйская, бальканская альбо жыдоўская музыка, але яны ўжо раскручаны, заангажаваны, прадстаўлены на вялікіх асобных фэстывалях. - Як ты лічыш, ці адбілася гісторыя мінулага стагодзьдзя на беларускім этнасе? - Безумоўна. Беларусь - гэта 10-мільённая краіна ў цэнтры Эўропы, але яна 10-мільённая па факце. Калі б не апошнія тры вайны, тут, па-першае, былі б большыя абшары; а па-другое, жыло б, напэўна, 30 ці 40 мільёнаў чалавек. Кожную вайну на траціну выразалі нашае насельніцтва, і мы маем гэтыя рэшткі. Але мы з'яўляемся, тым ня менш, носьбітамі патэнцыяльна больш вялікага этнасу. Мы жывем у крыху віртуальнай прасторы: кожны з нас у любы момант адказны яшчэ і за трох забітых. І мы абавязаны ня толькі ад сябе, але і ад раптоўна загінуўшых прынесьці нейкую карысьць гэтаму сьвету... Наш этнас выклікае, зразумела, цікаўнасьць у сьвеце. Напрыклад, мы з "Крыві" пераканалі ў Бэрліне ў 2000 годзе ўсіх, калі сталі пераможцамі вялікага Бэрлінскага фэсту. Там удзельнічалі мэксіканскі вялізны аркестр Эль-Марыячо, цэлае племя мурынаў - цудоўныя выканаўцы - і іншыя сусьветнага ўзроўню музыкі розных этнасаў. Але перамогу аддалі нам. Па-першае, дзякуючы выкананьню, але існуе і другая прычына. Як паведамілі члены журы, "гэта новая і іншая музыка. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць новую музыку." Менавіта дзякуючы намаганьням "Крыві", ў музычных колах Эўропы з'явілася слова "Беларусь". Раней яны выкарыстоўвалі альбо такі штамп, як "Вайс Русланд" (дакладна: "Белыя рускія"); альбо асацыяцыя была яшчэ з Белай гвардыяй часоў грамадзянскае вайны; альбо ў колах мурынаў варожае стаўленьне было да нас: нейкія "белыя рускія", значыць, ёсьць яшчэ чорныя, занядбаныя. А слова "Беларусь" не выклікае аніякіх эмоцыяў: гэта месца на мапе, прычым цэнтральнае. - Ты сказаў, што арганізатары фэстывалю ў Бэрліне былі зацікаўлены ў прасоўваньні этнічнай музыкі. А ці ня думаеш, што пашырэньне беларускага фальклёру трэба ставіць на дзяржаўны ўзровень? Гэта магло б прынесьці карысьць дзяржаве і музыкам як у культурным, так і фінансавым пляне. - (Эмацыянальна)Давайце ня будзем кранаць нашыя ўлады! Яны зацікаўлены толькі ў тым, каб пратрымацца яшчэ крыху. Усе чапляюцца зараз за свае партфелі, пасады, крэслы: адзіная мэта - дагадзіць наверх, каб толькі ня ськінулі, не зьмянілі. Амаль ніхто зараз у краіне не займаецца нічым мэнтальным, уплывовым і істотным; ніводзін чалавек, які знаходзіцца ў дзяржаўных структурах, ня здатны зараз займацца нічым канструктыўным. Гэтае пытаньне мае такі адказ: нічога не магчыма, пакуль усе "врэменьшчыкі". Калі нешта і робіцца, дык толькі дзеля таго, каб замацавацца на паперы. Адміністрацыйны рэсурс неабмежаваны: дзяржаўныя "зоркі" бясплатна маюць залі, апаратуру, час на тэлебачаньні... Таму ствараецца штучнае ўражаньне наяўнасьці нейкай дзейнасьці. Я гавару пра музычны асьпект: з'явіліся штучныя зоркі на ўсім бясплатным. Яны пры нармальнай канкурэнцыі не зьбяруць і дваццаць чалавек, але пры прыцягваньні на канцэрты рабочых з заводаў і калгасьнікаў зь вёскі яны зьбіраюць поўныя залі. Толькі гэта аніякага дачыненьня ня мае ані да музыкі, ані да мастацтва, ані, тым больш, да культуры. - Піт! Чым, па-твойму, мы можам зацікавіць сусьветнае грамадства? - Ведаеце, чым мы багатыя? У нас неабмежаваны інтэлектуальны рэсурс. На гэтым трэба будаваць. А спробы ператварыць нашую дзяржаву ў высока аграрную ці цяжка прамысловую проста сьмешныя. Трэба займацца ў першую чаргу тым, каб сюды пацягнуліся замежнікі, турысты. А яшчэ ў нас неабмежаваны рэсурс жаночы - самыя прыгожыя жанчыны ў сьвеце - ў Беларусі! (весела, але з гонарам - аўт.) Калі б я быў пры ўладзе, то не імкнуўся бы выдумляць Беларусі разьвіцьцё. Трэба ісьці за натуральным прызначэньнем гэтае краіны, гэтага месца. Адшукваць нейкія крыніцы моўныя, беларускія, ліцьвінскія, найбольш глыбокія, бо менавіта гэта мае сусьветную каштоўнасьць. Усе астатнія спробы да ўніфікацыі і глябалізацыі дадзенай мясьціны прывядуць да таго, што яна проста зьнікне назаўжды. І будзе асацыявацца альбо з ускраінай той Эўропы, альбо з ускраінай той Азіі, але ня як самадастатковая краіна. І гэта самае страшнае для мяне. - Адкажы на даволі цяжкае пытаньне для людзей твайго пакаленьня: ты адчуваеш сябе савецкім, беларускім ці эўрапейскім чалавекам? - Ну, я, безумоўна, эўрапеец. І я, канешне ж, дзіця савецкага выхаваньня. Але гэтая савецкасьць зрабіла з мяне найвялікшага антысаветчыка, бо я бачыў і вольную Эўропу, і дзікі савок. І тое, што тут зараз спрабуюць зрабіць - гэта дзяржаўны ідыятызм. Гэта псіхічная хвароба людзей, якія ня маюць магчымасьцяў пабачыць Эўропу, сусьвет. Яны ня ведаюць, як выглядае Бэрлін, Парыж, Варшава. Што рабіць? Трэба проста іншых абраць людзей! Якія бачылі сьвет, якія глядзяць у іншы, пэрспэктыўны бок. У нас хапае разумных, таленавітых, адукаваных хлопцаў і дзяўчат - трэба даць ім самім магчымасьць вырашаць свой лёс. - Што ты можаш параіць маладым чытачам, каб натхнёна, рознабакова і плённа жыць і працаваць? - Па-першае, нікуды не сьпяшацца. Па-другое, прыслухоўвацца да ўласнае інтуіцыі, самаадчуваньня. Але гэтая інтуіцыя павінна палягаць на сапраўдных ведах і сапраўдным досьведзе, каб упэўненасьць не будавалася на дзьвюх клясах і трох калідорах; каб была адукацыя, самавыхаваньне, цьвёрдая жыцьцёвая пазыцыя. Гэта вельмі складаныя рэчы і яны патрабуюць увагі. Я хачу параіць нашай моладзі пільнай увагі. Рабіце ўсё сьвядома і ўважліва! Часамі маладыя людзі ўдзельнічаюць у спантанных глупствах, кшталту "Усе пайшлі, і я пайшоў!" Калі пасядзець хвіліну і паразважаць, то разумееш: ня ўсё тое добра, што робяць усе. А якраз самыя цікавыя рэчы знаходзяцца там, дзе ты сам-насам са сваім уласным досьведам. Маладыя людзі заўсёды здатныя, здольныя, і трэба ўвесь час сачыць за сабой, быць уважлівым і давяраць самому сабе. І гэта прынясе найвялікшы плён. - Некалькі асабістых пытаньняў. Чым ты любіш займацца ў вольны час, калі такі існуе? - Я вельмі люблю чытаць: як айчынную, так і замежную літаратуру. Мне здаецца, калі чалавек не чытае, ён праз пэўны час ператвараецца проста ў спажыўца. Пакуль што сусьветная мудрасьць знаходзіцца ў друкаваных кнігах. Тэлевізія, інтэрнэт - гэта павярхоўныя рэчы. Згусткі мудрасьці можна ўбачыць у рокавых тэкстах, але гэта больш маніфестальныя рэчы. Кнігі - гэта магчымасьць паразмаўляць з мудрымі людзьмі, якіх у цябе няма шансу сустрэць у жыцьці. На Беларусі людзі вымушаны карыстацца варожай мовай, нават ня ведаючы пра існаваньне моўнага шчасьця. Гэта той прыкры фэномэн, які хацелася б нейкім чынам выправіць. Ня ведаю, ці хопіць майго жыцьця і маіх намаганьняў уласных ды нашых агульных, каб гэта выправіць. Нават маніфэставаць наяўнасьць з'явы - і тое было б добра. Для гэтага і існуюць рок-гурты, што яны дазваляюць нейкім чынам дакрычацца. Галоўныя ў мове - гэта пісьменьнікі і паэты, але першыя, хто можа маніфэставаць з'яву - гэта рок-музыкі. Вось мы і ствараем поле дзейнасьці самі для сабе і для тых, хто прыйдзе пасьля. Я ўдзячны свайму лёсу за тое, што ёсьць. Канешне, ня без прытэнзіяў, але ўдзячны. - Якія пляны на бліжэйшы час? - У сярэдзіне лета ў парку Чалюскінцаў мы плянавалі аграмадны канцэрт N.R.M. і маладых сяброў, якіх прыдбалі падчас гастролей па Беларусі. Але зараз пляны крыху памяняліся: напрыканцы жніўня, у "Рэактары" адбудзецца магутны канцэрт N.R.M. Прыходзьце абавязкова! - На адным з канцэртаў ты сьпяваў разам са сваім сынам Янам-Вінцэнтам. У яго вельмі незвычайнае імя... - Гэтае імя я лічу лепей за звыклыя Саша, Дзіма і г.д. Да таго ж, яно мае дадатковую прыгажосьць, таму што такія імёны традыцыйна былі ў беларусоў, і даволі вядомых. Акрамя таго, нас з жонкай двое: мне больш падабалася імя Ян, а ёй - Вінцэнт. І кампраміс быў дасягнуты, на мой погляд, проста геніяльна. - А у якім асяродзьдзі гадуецца сын і якую будучыню для яго бачыць бацька? - Лепей асяродзьдзя, у якім знаходзіцца Паўлаў-малодшы, няма ў сьвеце. Праўда, можа яму і не хапае крыху пагодкаў: у яго ёсьць кляса, сэкцыя спартовая (ён займаецца каратэ) і замежнае мовы, але гэта пакуль выпадковыя дзіцячыя калектывы. Галоўнае, канешне, гэта яго дарослая сфэра. Мы заўсёды бярэм сына з сабою ва ўсе вандроўкі: ён разоў 20 за сваё жыцьцё быў у Нямеччыне, Баўгарыі, Польшчы, Парыжу. А яшчэ Ян-Вінцэнт, напрыклад, уласна знаёмы з Лявонам Вольскім, з Адамам Глёбусам, Алезісам Дземідовічам, Уладзімерам Цэсьлерам, Зояй Ліцьвінавай - з усімі, хто прыходзіць у маю кватэру-студыю. А тут бываюць усе лепшыя людзі краіны! (з гонарам - аўт.) Ён заўсёды пры стале, чуе гаворкі і, я спадзяюся, матае на вус. Таму будучыню прадказваю сыну актыўную! Яму прыйдзецца разграбаць гэтыя завалы мэнтальныя, страшныя, у якіх знаходзіцца нашая маладая і хісткая дзяржава. Я ўпэўнены, што нашыя дзеці будуць мець магчымасьць ствараць тое, чаго мы не маем. Юрась Бусел Збор тлушчу | 26.07.2004 |
Віктар Сямашка, журналіст "Радыё Бі-эй", удзельнік гуртоў
"Князь Мышкін", "Кузнец і Семаня".Стан, у якім зараз апынулася беларуская музыка, можна назваць менавіта так - збор тлушчу. Ці прасьцей - інэрцыя, бражэньне... Значнасьць найбольш вядомых іменаў у нашае культуры нельга перацаньць. Яны ўжо зрабілі багата. Але цяпер творчасьць, напрыклад, Вольскага, Вайцюшевіча, пачала развівацца ў шырыню. Колькасна, але ня якасна (і маецца на ўвазе ня трывіяльная якасьць гуку). Наагул, у беларускай музыцы зараз вельмі не хапае трансцэндэнтнасьці, Божага пачатку. Энергіі, кіпучай крыві не хапае! Вайцюшкевіч, нажаль, увяз у вобразе шансанье. Хаця яму наадварот падыходзіць пастаянная сьмена масак, як і Вольскаму. У душы абодва - самыя сапраўдныя сюрэалісты. У цэлым, на беларускай сцэне неяк занадта прынізілася значнасьць кожнага асобнага гуку і слова. Канцэрты - з большага, жывое паўтарэньне студыйных запісаў адзін ў адзін ці адрэпетаваныя да болі ў пальцах, як у музычнай школке, новыя аранжыроўкі. Справа робіцца пад дэвізам: "Паўтарыць усе бяз лаж - вось вышэйшы пілатаж." У чым тады сэнс канцэрту? У мастацкім дачыненьні нясьмела ўсе чамусьці. Няўжо ўсю адвагу перакрывае беларуская ідэя? Вяртаючыся да разрастаньня ў шырыню, скажу неколькі словаў пра старасьвецкую і фолк-музыку. Гурты такога напрамку пачалі ўзнікаць нібы грыбы: прычым, з адным рэпертуарам, аранжыроўкамі... Матэрыял бярэцца з касэт папярэднікаў-фалькларыстаў. Тым часам, ключавым асобам і калектывам у беларускім фольку - Алесю Ласю, Ліцьвінам - надаецца недастаткова ўвагі. Выбітныя запісы Ксюшы Мінчанкі (сольнік "Паглядзі"), Крыві (есьць запіс, зроблены ў Нямеччыне ў наваджазавым гучачьні - фартэпіяна, труба, таблы, бас) не распаўсюджваюцца, не знаходзяць слухача. Чаму на Беларусі не шануецца унікальнасьць? Няўжо прычына толькі у прывітым суседзямі комплексе малодшага брата? Працягваю далей. З першымі крокамі таго, што лічацца шоу-бізнесам, андэграўндныя гурты апынуліся яшчэ глыбей, чым былі, і пачалі шукаць аудыторыю па-за межамі краіны (Князь Мышкін, Нагуаль). Прычым, пошукі даволі пасьпяховыя. Нягледзячы на тое, што гэта далека не Ляпіс Трубяцкі і, тым больш, не Лепрыконсы. У Нагуаля - фанаты ў Маскве, Растове. "Мышкіны" альбом выдаюць у расейкай сталіцы на лэйбле "Геометрия". Трэкі апошніх круцяць радыестанцыі Таронта, Чыкага, Лілю (зразумела, ў спецыяльных праграмах). Дадам, што насуперак усяму на Беларусі існуе такая цікавая з'ява, як калекцыянаваньне айчыннай музыкі. Завітайце, калі ласка, на сайт ratking.narod.ru. Чаго там толькі няма?! Якія цудоўныя барды, клясыкі, фалькларысты , авангардысты... Колькі ў нас яркай электроннай музыкі (emusic.tochka.by)... Нажаль, вялікую колькасьць сапраўды ўнікальных, патэнцыяльна значных для беларускіх гуртоў ведаюць толькі іх удзельнікі. Страшна падумаць, што будзе, калі ўсе гэта "выйдзе шчыльнымі радамі"... Так. Зараз мае быць пэўнае зацішша. Ва ўсіх сьферах. Але упэўнены, што гэта з'ява часовая, і таму ўсе сказанае мной, прызнаюся, ня мае вагі. Гэта зацішша перад бурай! Падбярэскі пра "Басовішча-2004" | 26.07.2004
|
Сваімі ўражаньнямі ад фэсту дзеліцца з нашым карэспандэнтам вядомы журналіст
і музыказнаўца Зьміцер Падбярэскі.Параўнаць "Басовішча-2004" з мінулагоднімі фэстамі я да жалю не магу, бо як не дзіва, наведаў гэты фэст сёлета ўпершыню. Вельмі ўсьцешыла нармальная рокавая атмасфэра, вельмі хацелася б, каб фэст такога ўзроўню і арганізацыі быў і ў межах нашай краіны. Выступы канкурсантаў не надта парадавалі, бо сярод маладых назіралася стылёвая аднастайнасьць: уся музыка зводзілася да двух стылёвых напрамкаў - цяжкі кор і тое, што называюць "індэпендэнт". Так і не пачуў у конкурснай праграме аніводнага добрага сола на гітары, хоць, канешне, ад маладых музыкаў цяжка патрабаваць яскравай індывідуальнасьці. Сярод выступоўцаў вылучыў бы гурт "Таксі" і "Сонцаварот". Апошнія даволі ўдала увелі сола на флейце ў свае цяжкія рытмы. Каб узровень канкурсантаў з кожным годам не зьніжаўся, можна было б пашырыць стылёвыя рамкі "Басовішча": хацелася, каб са сцэны ў Грудэку гучаў і блюз, і поп-рок. У далейшым фэст можа камэрцыялізавацца. У гэтым выпадку пашырыцца і прадстаўніцтва музыкаў, і колькасьць гледачоў, што, безумоўна, будзе спрыяць папулярызацыі нашай музыкі. Гутарыў Сяргей Будкін "Басовішча-2004": нашая справаздача | 27.07.2004
|
Дзень першы.Вольная сцэна. Малітва за Беларусь. У гэтым годзе ўпершыню за ўсю пятнадцацігадовую гісторыю існаваньня "Басовішча" тыя гурты, што не змаглі прайсьці перадконкурснага адбору атрымалі ўнікальную магчымасьць выступіць па-за рамкамі фэста на "Вольнай сцэне". Каманда "Black Sugar" з Пінску, што распачала гэтую частку фэсту была бадай адзіным гуртом, які запомніўся з усяго вялікага шэрагу ўдзельнікаў "Вольнай сцэны". А адмеціўся калектыў тым, што амаль увесь свой рэпертуар склаў з кавер-вэрсіяў вядомых гітоў ансамбля "Песьняры". Гэткім чынам, першай песьняй, якая прагучала на "Басовішчы-2004" была "Малітва" на словы Янкі Купалы. Дзень першы. Госьці. Фестываль рэмэйкаў. Праз колькі хвілін пасьля заканчэньня "Вольнай сцэны" каардынатар і вядучы "Басовішча-2004" Аляксандр Памідораў разам са старшынёй "БАСу" Ілёнай Карпюк абвесьцілі пра афіцыйнае адкрыцьцё фестывалю. Першым на сцэну выйшаў гурт "Indіgo", які прэзэнтаваў слухачам свой новы альбом, запісаны дзякуючы пермозе на мінулагоднім "Басовішчы". Акрамя гэтага "Indigo" выканала два каверы: першы на песьню "Цэпеліны" ад "Новага неба", а другі на "Come Together" ад "Beatles". Наступным на сцэну выйшаў познаньскі гурт "Triquetra". Нарабіўшы шмат шуму на мінулым "Басовішчы" хлопцы й на гэтым не ўдарылі тварам у бруд. Публіка сустрэла "Triquetra" даволі цёпла, шмат хто нават сьпяваў разам з вакалістам. Выступ "Triquetra" таксама не абыйшоўся без кавэра: была выканана песьня "Прастора" гурта "N.R.M." Агульнае уражаньне ад гурта даволі пазытыўнае: хлопцы добра валодаюць не толькі сваімі інструмэнтамі, але яшчэ й здольны заахвоціць публіку сваёй манэрай трымацйца на сцэне. Застаецца спадзявацца, што іх музыка атрымае большы распаўсюд на Беларусі. По сьпявае гурт па-беларуску. Берасьцейская "Сьцяна", якая зьявілася на сцэне пасьля "Triquetra", крышачку расчаравала сваім выступам. Але гэта былі не праблемы прафэсыйнасьці музыкаў, а хутчэй праблемы наладкі й выстройваньня гуку. На sound-chek'у "Сьцяна" гучала значна лепш, чым непасрэдна падчас свайго выступу. Гэты гурт таксама выканаў кавер на песьню "Я еду" ад "N.R.M". Пасьля "Сьцяны" сваю праграму публіцы прэзэнтавалі бярозаўцы з "Б.Н.". Гучалі хлопцы добра, публіка прымала іх з вялікім імпэтам. Як і варта было чакаць, "безназоўнікі" прасьпявалі песьню "N.R.M" пра Дзеда Мароза. Выступ гасьцей "Басовішча-2004" працягнулі "гаспадары" фэсту - хлопцы з грудэкаўскага гурту "Rima". Было відавочна, што калектыў карыстаецца дома вялікім посьпехам, хоць большасьць ягонага рэпертуару складаюць песьні на беларускай мове: амаль на ўсіх сьценах Грудэку напісана назва гурта. Даволі цікава ў выкананьні "Rima" прыгучала беларуска-польска-украінская песьня "За туманам" падчас выкананьня якой на сцэну выйшлі дзьве кабеты ў нацыянальных беларускіх строях. У хуткім часе адна зь песень гурта "Rima" зьявіцца на "Тузіне Гітоў", сачыце за аднаўленьнямі. Завяршаў праграму першага дню "Басовішча-2004" беларускі ва ўсіх сэнсах гэтага слова гурт "Neuro Dubel". Куллінковіч & co прэзэнтавалі публіцы свой новы беларускамоўны альбом "Танкі", выканаўшы ўсяго некалькі старых гітоў. Узровень ігры "дзюбелей" быў нечакана нізкі, але гэта тлумачыцца тым, што амаль палова складу гурта папросту не змагла патрабіць на "Басовішча" праз праблемы з афармленьнем належных дакумэнтаў. На гітары ў "Neuro Dubel" іграў Сяргей Трухановіч, які прыўнёс у гучаньне гурта блюзаўска-крамаўскае адценьне, а "блудны сын" Макс Івашын зноў вярнуўся ў свой "бацькоўскі" калектыў. Мяркуючы па выступу новы альбом гурта мусіць быць даволі добрым, але для канчатковага вэрдыкту трэба ўсе ж дачакацца афіцыйнага рэлізу плыткі. У сваю фестывальную праграму "Neuro Dubel" таксама ўключылі адзін кавэр - была выканана песьняроўская "Волагда". Пасьля таго, як "Neuro Dubel" закрылі праграму першага дню фэсту на вялікім экране паказвалі адрыўкі з мінулых "Басовішчаў", але глядзець на рарытэты засталося няшмат людзей, бо змораныя доўгаю дарогаю й зьдзекамі польскіх памежнікаў усе хацелі спаць... Дзень другі. Конкурс. Здрадніцкая аднастайнасьць. Другі дзень "Басовішча-2004" распачаўся традыцыйным конкурсам маладых гуртоў з Беларусі й Польшчы. У гэтым годзе ўдзел у ім прынялі ўсяго дзевяць гуртоў, яшчэ дзьве каманды не змаглі патрапіць на фэст праз розныя прычыны: у кагосьці бубнача ў войска забралі, а камусьці штамп у пашпарт паставіць забыліся. Гэткім чынам семь беларускіх і два польскіх гурта сыйшліся ў жорсткай музычнай бойцы за голаўны трафэй "Басовішча" - 90 гадзінаў запісу ў студыі беластоцкага радыё. Конкурс распачалі хлопцы з ужо добра вядомага "Басовішчу" гурту "Tezaurus", які "штурмаваў" сьцены гэтага фэсту ўжо ў трэці раз.Забягаючы наперад трэба сказаць, што, на вялікі жаль, зноў безпасьпяхова. Далей былі польскія "5set5", "HMP" і менскія "Puls Vakol", "Taxi", "Anima", "Cor-Set", "Soncavarot", "Tarpach". Простаму слухачу было цяжка адрозьніць адзін гурт ад іншага, бо амаль усе яны граюць ў даволі папулярным зараз у Эўропе цяжкім стыле выкананьня. Розьніліся канкурсанты адзін ад аднаго хіба што моваю выкананьня ды сваімі адмысловымі "фішкамі": у "Taxi" гэта наяўнасьць пэўнай лёгкай мэлёдыкі ў музыцы, а ў "Anima" і "Soncavarot" - выкарыстаньне этнічных матываў. Трэба думаць такая аднастайнасьць абумоўлена тым, што адбор канкурсантаў у гэтым годзе ажыцьцяўляўся вялікімі прыхільнікамі цяжкай музыкі Аляксандрам Памідоравым і Вячаславам Коранем. Пасьля заканчэньня конкурсу журы ў складзе таго ж Вячаслава Кораня, Ілёны Карпюк, Лявона Тарасэвіча і Макса Івашына трэба было зрабіць свой выбар, пры гэтым не абразіўшы слухачоў і не пакрыўдзіўшы моцна канкурсантаў. Гэткім чынам самы каштоўны прыз "Басовішча" атрымаў менскі гурт "Tarpach". У наступным годзе трэба чакаць зьяўленьня ў продажы новага альбому гэтай каманды, які будзе запісаны ў студыі радыё "Беласток". Дарэчы частыя вандроўкі зь Менску ў Беласток і друк тыража запісанай плыткі таксама аплоцяць арганізатары. Застаецца спадзявацца, што на "Басовішчы-2005" можна будзе пачуць сапраўдную разнастайнасьць музычных стыляў і накірункаў. Бо вытрываць такі слэм і драйв напрацягу трох з паловаю гадзінаў непадрыхтаванаму чалавеку цяжка - даволі часта прыходзіцца бегаць за півам адрываючыся ад праслухоўваньня. Дзень другі. Госьці. Усё па-старому. Пасьля заканчэньня выступу ўсіх канкурсантаў перад публікай выступілі ганаровыя госьці юбілейнага "Басовішча-2004", якіх у гэтым годзе было значна больш чым у мінулым. Адкрылі гэтую частку фэста "IQ-48", якія даволі добра растармашылі пачынаўшую засынаць публіку. Прагучала кавер-вэрсія песьні "Кумба" ад "N.R.M". На нашае пытаньне ці было выкананьне адной зь песень гурта "N.R.M" абавязковай умовай удзелу ў "Басовішчы" Аляксандр Памідораў адказаў, што ўсе арганізатары адно толькі кпяць з гэтага, маўляў у гэтым годзе "Басовшча" ператварылася ў фестываль кавераў "N.R.M". Працягнуў выступ гасьцей адзін з самых старэйшых беларускіх гуртоў "Zygimont Vaza". Але нягледзячы на тое, што каманда існуе ўжо амаль трынадцаць год на "Басовішчы" яны выступілі ўпершыню. Пасьля быў польскі гурт "Hope On", які працягнуў пачатую "Zygimont Vaza" цяжкую лінію гучаньня. Канчаткова дабіў слухачоў менскі гурт "Pomidor/off" з усім вядомым фронт-мэнам. Але гучалі "памідораўцы" на гэты раз значна горш чым, скажам, на сваім травеньскім канцэрце ў "Рэактары". А потым на сцэну выйшаў Ігар Варашкевіч і ягоная "Крама", якія "прагналі" з танцполу ўсіх польскіх пакнаў і нефармалаў, прымусіўшы іх саступіць мейсца аматарам мэлядычнага блюзу й року. У паветры пачало лунаць больш бел-чырвона-белых сьцягоў ды й народу ля сцэны прыбавілася. Давялося нават адчуць нейкі гонар за родную беларускую музыку. "Крама" выканала сваю клясычную праграму: "Слуцкая брама", "Падае дождж", "Будзь разам з намі" і г.д. Адыграўшы, "Крама" саступіла мейсца палякам з "Zero-85", за імі быў "Уліс", які прэзэнтаваў "Басовішчу" свой апошні альбом "Люстэрка". А потым прыйшла чарга "N.R.M.". Ля сцэны сабралося з тысячы дзьве народу і стала канчаткова зразумела, што некаторыя прыехалі ў Польшчу толькі дзеля таго, каб паслухаць гэты гурт. Ніякіх адметнасьцяў у выступу "N.R.M." заўважна не было, хіба што запомнілася незразумелыя прапановы Вольскага сыйсці са сцэны пасьля дзьвух-трох песень. Дарэчы, Вольскі і таварышы выконвалі песьні са складанкі "Справаздача". Народ лікаваў, чарговы раз паверыўшы ў сьветлую будучыню беларусшчыны дзеля таго, каб праз некалькі гадзін зноўку перастаць верыць у яе... Пасьля монстраў белшоўбізу на сцэну выйшаў польскі гурт "Judy-4", але я яго ўжо амаль не слухаў, бо Аляксандр Памідораў загадаў усім беларусам, якія ехалі на "Басовішча" аўтобусамі арганізатараў тэрмінова сабрацца ля адпаведных транспартных сродкаў. Агульныя адчуваньні. Арганізавана "Басовішча-2004" было на дзесяць балаў. Усесь пэрымэтр пляцоўкі быў агароджаны, так што ніхто зь "левых" патрапіць у наметовы лягер не мог. Прафэсыйная ахова даволі добра выконвала свае функцыі, зьпіхваючы са сцэны пьяных фанатаў і не прапускаючы на закрытыя тэрыторыі людзей без дазволу арганізатараў. Гук на фэсьце маль ніколі не падводзіў ні музыкаў, ні слухачоў. Асьвятленьне й аздабленьне сцэны таксама былі на вышыні. Дадаваў калярыту й вялікі экран на які прадуцаваля ўсё тое, што адбывалася на сцэне. А нацыянальны польскі "общепит" даволі смачны, калі не думаць пра шкоднасьць гэтай ежы для маладога сталеючага арганізму. Вялікі дзякуй каардынатару "Басовішча-2004" з беларускага боку Аляксандру Памідораву, які падчас усёй вандроўкі ні на хвіліну не забыўся на свае абавязкі. Аляксей Мінчонак Фэст забаранілі | 28.07.2004 |
Полацкія раённыя ўлады не далі дазвол на правядзеньне буйнога музычнага
фэсту "АЯ-Кэмп", што меўся прайсьці ў Лучна 30-31 ліпеня ўжо ў
чацьверты раз.Як зазначылі ініцыятары акцыі полацкая група "Ozon", яны сутыкнуліся са сьцяной неразуменьня і бюракратыі. Чыноўнікі кажуць, што для выступаў музыкаў ёсьць "Славянскі базар", маўляў, у глубінцы не павінны праводзіцца фэсты такога маштабу. На фэсьце меліся выступіць гурты з Менску, Полацку, Наваполацку, Віцебску, Магілёву. Сярод гасьцей - "Крама", "Млын", "Partyzone". Адзін з арганізатараў фэсту Мікалай Буслаеў кажа, калі даведаліся , што фэст пад пагрозай, знайшлі падтрымку ў Наваполацкага гаркома БРСМ. Тыя адгукнуліся і падтрымалі, а намесьнік старшыні Наваполацкага гарвыканкама нават даслаў афіцыйны ліст да старшыні Полацкага райвыканкама з просьбай дазволіць правядзеньне акцыі, але і гэта не зьмяніла сытуацыю.Сп.Буслаеў кажа, што арганізатары "АЯ-Кэмпа" думаюць падаць у суд на Полацкі райвыканкам за нанясеньне маральнай шкоды. Сяргей Будкін
"Палац" атрымаў незалежнасьць | 28.07.2004
|
За выступ на мітынгу 21 ліпеня на наступны ж дзень група "Палац"
у поўным складзе была звольнена са сваёй афіцыйнай работы ва ўнітарным прадпрыемстве
"Белканцэрт", дзе працавала цягам чатырох год. Афіцыйная матывіроўка
- група не зьбірае належную колькасьць гледачоў на сваіх канцэртах.Прадстаўнікі УП "Белканцэрт" паведамілі, што іх генэральны дырэктар Аляксандр Грабар сышоў у адпачынак да верасьня і нікога не ўпаўнаважыў адказваць за яго. Лідэр "Палацу" Алег Хаменка адно толькі разводзіць рукамі: маўляў, пры жаданьні прычыну можна прыдумаць заўсёды. Апошнія выступы "Палацу" у чэрвені-ліпені прайшлі ва ўсіх абласьцях Беларусі. Група выступіла ў Смургонях, Маладэчне, Паставах і іншых гарадах. Адзін з удзельнікаў гурту Юрась Белякоў кажа, што афіцыйная прычына звальненьня папросту сьмешная: "Людзі заўсёды прыходзілі нас паслухаць ". 11 ліпеня "Палац" на запрашэньне лідэра групы "Воплі Відаплясава" Алега Скрыпкі ўзяў ўдзел у буйным фэсьце "Краіна мрой", што праходзіў на Сьпеўным полі ў Кіеве . На "Славянскім базары" сёлета група ня выступіла. Ужо трэці год запар "Палац" у апошні момант выкрэсьліваюць са сьпісу выступоўцаў. Затое гурт зайграў на мітынгу апазыцыі 21 ліпеня і з гэтай нагоды быў празь дзень згаданы Лукашэнкам. Усе аглядальнікі аднадушныя: гэта і паслужыла прычынай звальненьня. Група і надалей будзе актыўна канцэртаваць, выдаваць альбомы і г.д., адно што яе ўдзельнікі будуць лічыцца беспрацоўнымі. 7-8 жніўня гурт выступіць у рамках фэсту "Спасаўскія запусты", што адбудзецца ў Мельніку пад Бугам. Сяргей Будкін
Дзьвухмоўны рэліз | 31.07.2004 |
Пад Познанем ўжо амаль скончаны запіс новага альбому польскай каманды "Triquetra".
Ужо запісаныя ўсе інструмэнтальныя партыі, засталося толькі прапісаць вакал
і зрабіць зьвядзеньне й мастэрынг матэрыяла. Студыю для запісу гурту прадаставіў
вядомы ў Польшчы дзіцячы калектыў "Ноеў Каўчэг". Альбом плянуецца выдаць адразу ў дзьвух вэрсіях. Адна зь іх будзе арыентавана на беларускую аўдыторыю, другая ж на польскую. Розьніцца паміж сабою гэтыя варыяцыі будуць толькі моваю, на якой сьпявюцца песьні. Усяго ў рэліз увойдуць 12 песень, дзьве зь якіх ужо вядомыя прыхільнікам "Triquetra". Гэта "Скандал" зь першага альбому і кавер песьні "Прастора" гурта "N.R.M.". Дарэчы апошняя была прэзэнтаваная публіцы на нядаўняшнім фэсьце "Басовішча-2004". Акрамя альбому трык'етраўская вэрсія "Прасторы" увойдзе таксама ў другую частку "Vizy N.R.M." Па словах лідара "Triquetra" Кубы Падольскага ў новым альбоме слухачы змогуць заўважыць значныя зьмены ў агульным саўндзе гурта. "Вакал і ўсе інструмэнты сталі гучаць больш мілагучна. Спадзяюся, што нашыя прыхільнікі гэта заўважаць", - сказаў нам Куба. У падтрымку новага альбому мэнэджмэнт гурта плянуе арганізаваць адмысловы тур па беларускіх гарадох. А ў хуткім часе "Triquetra" можна будзе ўбачыць на беларускай тэлевізіі. Кліп на песьню "На прагул" ужо зьняты й даволі хутка зьявіцца ў этэры вядучых рэспубліканскіх тэлеканалаў. Аснову кліпу складае выстпуп хлопцаў на мінулагоднім "Басовішчы", а таксама кадры з польскага фільму "Васемнадцатка". Аляксей Мінчонак рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|