|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за Жнівень 2004
Забарона на беларускую музыку | 04.08.2004 | Рок пасьля вакацыяў | 04.08.2004 | Сярэднявечнае "Басовішча": без "Троіцы", затое з "АіК" | 04.08.2004 | Адкрыцьцё новага рок-сэзону | 24.08.2004 | Сьвята для ўсіх | 24.08.2004 | "Індыгаўскія" DNI | 24.08.2004 | Палітычныя сьпевы | 24.08.2004 | Восеньскія рэлізы | 26.08.2004 | Нахабныя людзі зь "Сіверу" | 27.08.2004 | Ліцэй, Памідораў ня верыць ў цябе! | 27.08.2004 | "Палац" атрымаў незалежнасьць | 28.07.2004 | Наша музыка. Другі крок. | 30.08.2004 | Насланьнё на ліцэістах | 30.08.2004 | Забарона на беларускую музыку | 04.08.2004 |
Уціск на музыкаў - ўдзельнікаў канцэрту-мітынгу 21 ліпеня працягваецца...
Таталітарны і аўтарытарная рэжымы заўсёды засьцярагаліся ўсяго незалежніцкага, бо тое можа зьбіць грамадства з "адзінага правільнага" шляху. Таму і ціснуць "зьверху" на незалежныя сябрыны, на недзяржаўны друк, на альтэрнатыўную музыку. Музыкаў - удзельнікаў мітынга 21 ліпеня ўлада вырашыла правучыць. З усіх удзельнікаў таго канцэрту толькі гурт "Палац" належыў да дзяржаўнай структуры - УП "Белканцэрт", адкуль і быў звольнены ў поўным складзе на наступны дзень. Аднак, астатнія ўдзельнікі засталіся, на думку ўлады, "беспакаранымі". Якія захады маглі здзейсьніць чыноўнікі? Натуральна, абмяжаваць доступ да слухача. Таму на ўсе падкантрольныя аўдыёвізуальныя СМІ і была распаўсюджана дырэктыва "для службовага карыстаньня": маўляў, непажадана прапускаць у этэр творы выканаўцаў - удзельнікаў антыпрэзыдэнцкай акцыі, як "Нэйра дзюбель", "Палац", "N.R.M.", "Drum ecstasy", "Крыві" і Аляксандра Памідорава. Цікава, што "Крыві" на згаданым канцэрце не выступалі, але памылкова былі згаданыя ў артыкуле ў "Народнай волі". Падобныя цыдулкі з "чорным сьпісам" распаўсюджваліся сярод супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ неаднойчы. У 1996г. на дзяржрадыё, было нават забаронена згадваць такія гурты, як "Уліс" і "Новае неба" з іх вострасацыяльнымі творамі. Колькі разоў пад неафіцыйную забарону трапляла імя Лявона Вольскага! Але немагчыма ігнараваць чалавека, які сьведчыць пра сваю асобу несупыннай творчай працай. Да таго ж на радыё і ТВ працуюць ня толькі баязьліўцы, таму прарываюць і будуць прарываць этэр "крамольныя" песьні ў незалежнасьці ад ўсялякіх дырэктыў. Самі музыкі ставяцца да такога кшталту забаронаў даволі спакойна. "Сьцяг ім у рукі, няхай забараняюць", - кажа Лявон Вольскі. "Я ведаю, што мы ўсё робім правільна, так што такія загады застаюцца на сумленьні загадчыкаў", - заўважае Аляксандр Кулінковіч. Сапраўды, наўрад ці праз ігнараваньні на радыё такія гурты, як "N.R.M." і "Нэйра дзюбель", стануцца менш папулярнымі. Сяргей Будкін Рок пасьля вакацыяў | 04.08.2004 |
27 жніўня ў клюбе БЛІНДАЖ (ст.м. Фрунзенская, вул. Ціміразева, 8) канцэртовай
праграмай "Рок пасьля вакацыяў" БМАgroup адкрывае новы сэзон.Фактычна, гэта будзе другая спроба зьдзейсьніць праграму прэзэнтацыі альбома "Веру ў цябе/Я люблю ліцэй!", які раней быў сарваны ў "Рэактары". Выступяць гурты Zet, Garadzkija, Pomidor//off, а таксама пераможца фэсту "Басовішча - 2004" -- гурт Tarpach ды іншыя выканаўцы. Пачатак а 18-ай. Кошт квітка 7000 (танцпол), 10 000 (столік). Даведкі па тэл.: 6490888, 7662425, 4006774. паводле інфармацыі БМАgroup Сярэднявечнае “Басовішча”: без “Троіцы”, затое з “АіК”
| 04.08.2004 |
14 і 15 жніўня ў Наваградку мае адбыцца трэці фэст сярэднявечнай культуры
“Наваградскі замак-2004” – гэткае сярэднявечнае “Басовішча”. У канцэртнай
праграме, што распачнецца ў суботу а 12.00-ай зайграюць з паўтузіна гуртоў,
сярод якіх будуць і госьці зь Украіны (“Бурдон”), Расеі (“Drolls”, “Musicum
radicum”). На вялікі жаль, не выступіць група “Троіца” – найярчэйшы прадстаўнік айчыннай фольк-музыкі. Як нам паведаміў лідэр групы Іван Кірчук, ён так і не дачакаўся запрашэньня на самы буйны айчынны фольк-фэст і распусьціў калектыў “на вакацыі” : “Удзельнікі групы раз’ехаліся на час хто куды, а я цяпер ў Лідзе, адпачываю ў бацькоў”. Цікава, што недаўна сарваўся выступ “Троіцы” і на “Славянскім базары-2004”. Этна-трыё было папярэдне запрошана, але ў апошні час выкрэсьлена са сьпісу ўдзельнікаў, як і група “Палац”: “Дагэтуль ня ведаю, хто так “пастараўся” і навошта нас выключылі з праграмы”, - кажа І.Кірчук. Бліжэйшы выступ “Троіцы” – у верасьні, калі адбудзецца менская прэзэнтацыя новага альбому гурта – “Сем”. Арганізатар “Наваградскага замку-2004” Ігар Міхна, зазначыў, што бюджэт сёлетняга фэсту не такі вялікі, каб запрасіць “Тргоіцу”. Між тым, у Наваградку выступяць рэпрэзэнтанты Беларусі на “Эўравізіі-2004” – дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Яны зайграюць песьні са свайго новага дыска “Мой Галілей:Лепшае”. Група будзе даваць сольны канцэрт на цэнтральным гарадзкім пляцу ў 18.00, уваход на якую будзе вольны, а таксама возьме ўдзел у гала-канцэрце. “На падобных сьвятах заўсёды асаблівая атмасфэра, думаю, што ўсе, хто прыедзе ў Наваградак, пабачыць шмат розных цікавостак. Прэзэнтаваць новы дыск у такім месцы прыемна ўдвая”, - лічыць гітарыст калектыва Канстанцін Драпеза. Карысная інфармацыя пра фэст для гледачоў і ўдзельнікаў – на сайце www.rasa.fromby.net Сяргей Будкін Адкрыцьцё новага рок-сэзону | 24.08.2004 |
Пры канцы жніўня аднаўляюцца выступы айчынных музыкаў.Рок-сэзон 2004/05 распачнецца пры канцы жніўня перанаснымі канцэртамі. "Ліцэйскі" канцэрт мяркавался зрабіць яшчэ 14 траўня, але тады ўзьніклі праблемы з памяшканьнем. Мейсца, нарэшце знайшлося - клюб "Бліндаж" (што на вул.Цімяразева,8). 27 жніўня там можна будзе пачуць "новую генэрацыю супольнікаў" - навучэнцаў і выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэю. "Ліцэісты" прэзэнтуюць нарэшце сваю праграму "Веру ў цябе!". Падтрымліваць маладых будуць гурты "Zet", "Garadzkija" і, мажліва, "Pоmіdor/off". Цікава, што да канцэрта выкарыстаны легендарны слёган фэсту "Рок пасьля вакацыяў" (Рок па вакацыях). Тады ў менскім Парку Чалюскінцаў штогод давалі чаду усе вядомыя айчынныя рок-каманды. Ці запаляць ліцэісты так, як у свой час гэта зрабілі "Hasta La Fillsta", "Тарнада", "Мроя" - паглядзім. Пачатак у 18.00. На 31 жніўня (клюб "Рэактар") прызначаны вялікі сольны канцэрт "N.R.M.". Ад шэраговых выступаў Вольскага і Ка гэты будзе розьніцца тым, што слухачы наўрад ці засьпяваюць "Песьню пра каханьне" ды іншая добра пацяганыя гіты. Музыкі абяцаюць сыграць даволі нечаканую праграму - мяшанку абсалютна новых песень і твораў, што звычайна на канцэртах не выконваюцца. Уласна лідэр групы Лявон Вольскі адабраў гасьцей канцэрту. Перад выступам "энэрэмаўцаў" люд будуць разаграваць маладыя гурты - "Зьмяя" (яны прайшлі адбор на сёлетняе "Басовішча", але ня здолелі прыехаць) і "Крок". Пачатак у 19.00. А ўвосень чакайце вялікія сольныя канцэрты "Нэйра дзюбеля", "J-Mорса", "Крамбамбулі" прэзэнтацыю складанкі "Наша музыка", 15-ты фэст "Рок-кола"... і сьвяточны канцэрт, прымяркаваны да гадавіны "Тузіна Гітоў". Сяргей Будкін Сьвята для ўсіх | 24.08.2004 |
У суботу, незважаючы на непагодзь, траса на Наваградак была перапоўненая
- дзесяткі аўтобусаў і аўто стройнай чарадою рухаліся ў бок старажытнага
гораду. На два дні райцэнтр нібыта ізноў стаўся сталіцай - з правядзеньнем
вялікага сярэднявечнага сьвята Наваградак набывае зусім іншы статус.Фэст "Наваградскі замак" упершыню быў праведзены чатыры гады таму. Арганізатары кажуць, што тое сьвята было суцэльным эксперымэнтам: упершыню рэканструяваліся старажытныя бойкі на Замчышчы, упершыню ў навейшай гісторыі ў 30-тысячны Наваградак ехалі адусюль тысячы людзей. Мясцовыя ўлады падтрымалі фэст і эксперымэнт пераўтварыўся ў традыцыйнае сьвята, што вырашана было праводзіць раз на два гады. Сёлета Наваградак быў гатовы прыняць 50 тысячаў гледачоў, для гасьцей і гледачоў былі падрыхтаваныя ня толькі мясцовыя гатэлі і інтэрнаты (кошт начлегу 6000 руб), намётны стан побач з горадам, а таксама гасьцініцы ў суседніх гарадох - Карэлічах, Міры, Лідзе. Але прагнозы не спраўдзіліся і па ацэнкам арганізатараў сёлета на фэсьце было ня болей за 10 тыс. гледачоў. На ранейшых сярэднявечных фэстах зьбіралася да 40 тысячаў, а усе рэкорды па наведвальнасьці пабіла леташняе старажытнае сьвята ў Нясьвіжы, дзе сабралося ўдвая болей (80-90 тыс.). Падобнае сьвята - лішняя нагода для абнаўленьня гораду. Наваградак сапраўды зьзяў: фасады будынін былі пафарбаваныя і падноўленыя, вулачкі чыста падмеценыя. На Замкавай гары плянавалася ўсталяваць 500 плястыкавых крэслаў і сцэну, але гэтам плянам перашкодзіла надвор'е. Пад вечар на галоўным пляцы ўсталявалі вялікі экран: гала-канцэрт і начны бугурт люд меў мажлівасьць разгледзіць ва ўсіх падрабязнасьцях. Цэнтр гораду па вул.Міцкевіча і Малой Замкавай пераўтварыўся ў суцэльны кірмаш. Старшыня райвыканкама Анатоль Ліс кажа, што толькі на гандаль сувэнірнай прадукцыяй ў гэтыя дні было пададзена больш за 100 заяў. У першы дзень увесь горад "адрываўся" на Гарадскім пляцы пад старажытную музыку і фольк-мадэрн ад украінцаў ("Бурдон"), расейцаў ("Drolls") і, натуральна, беларусаў ("Яваровы людзі", "Bassdance"). Гэткімі хэдлайнэрамі музычнага сьвята стаўся дуэт "Аляксандра і Канстанцін", падмацаваны аднымі зь лепшых музыкаў краіны - скрыпачом К.Карапецянам, басістам А.Каліноўскім і бубначом К.Шэвандо. Пры канцы выступу"АіК" выканалі "эўравізійскую" два разы запар, перапрацаваўшы яе на лад песьні Сэлін Дыён з "Тытаніку". Танчылі ўсе - ад "вечна маладых і п'яных" маладзёнаў у саколках "Арыя" да бабулек сталога веку. Во яно - сьвята для ўсіх! На другі дзень цэнтр сьвята перамясьціўся на паказальную пляцоўку, што пад замкавай гарой: ваярскія бойкі без правілаў і рэканструкцыя штурму тэўтонамі Наваградскага замку (1394г.) прыцягнулі ўсю ўвагу гледачоў. Мясцовая моладзь пасьля некалькіх пляшак віна была настроена ваяўніча да тэўтонаў: маўляў, калі нашы будуць прайграваць - мы дапаможам. Добра, што крыжакі паляглі пад замчышчам, інакш бы да цяжкаўзброеных рыцараў ВКЛ далучыліся бы маладзёны "у трэніках і майках". Роў, дзе праходзіла інсцыніроўка бойкі, люд узяў у шчыльнае кола і бурна рэагаваў на кожнага зьбітага крыжака і кожны на кожны стрэл сярэднявечнай артылерыі. Не без цікавасьці за ўсім назіралі і АМАПаўцы, якія зусім не рэагавалі на бел-чырвона-белыя сьцягі і пры зьвяртаньні ўсім казалі "калі ласка". Во яно - патрыятычнае выхаваньне! У фэсьце ўзялі ўдзел 50 рыцарскіх клюбаў з Польшчы, Расеі і Беларусі. Рэжысэр сьвята Ігар Міхна наракае на невялікі бюджэт фэсту, празь які не атрымалася запрасіць "Этна-трыё Троіца" і прафэсійны рыцарскі клюб з Чэхіі (у нас усе рыцырскія клюбы - аматарскія). Адны чэхі "каштуюць" 2,5 тыс. эўра. "Адзінае, што мы пакуль можам, дык гэта забясьпечыць удзельнікам харчаваньне", - кажа сп.Міхно. Аднак кіраўніцтва гораду настроена праводзіць буйное гарадское сьвята штогод. Паводле слоў Івана Грыня - загадчыка па ідэалягічнай працы Наваградскага выканкама, людзі мусяць добра адпачываць і на адпачынак пасьля добрае працы сродкаў шкадаваць ня трэба. Цяпер вядуцца перамовы з інвэстарамі з Англіі, што зацікавіліся тутэйшымі мясьцінамі і пажадалі ўкласьці ў іх грошы. Сяргей Будкін, Менск-Наваградак "Індыгаўскія" DNI | 24.08.2004 |
Ляўрэаты БАСу'2003 выдалі альбом.Ляўрэат леташняга "Басовішча" прапануе пражыць тыдзень усяго за нейкія паўгадзіны. Паводле канцэпцыі альбому кожны трэк сымбалізуе пэўны дзень тыдня. "Дні" распальваюць адразу "Тры сонцы", аўторак напоўнены каханьнем - "Вер мне", у сераду стомленая геройка зьбягае ў цемру і здзейсьняе "Начны шпацыр", стомленасьць зьнікае толькі ў суботу, калі распачынаюцца "Танцы на краі"... У якасьці бонусу і як намінка на пераймальнасьць традыцыяў - "Цэпеліны" з рэпертуару "Новага неба". Цікава, што на бэк-вакале гэтай кампазыцыі можна пачуць і гурт "Тарпач". Альбом быў запісаны ў студыі беластоцкага радыё, такім чынам група адпрацавала свой прыз на "Басовішчы-2003", у адрозьненьні ад некаторых мінулагодніх ляўрэатаў, якія такім падарункам так і не скарысталіся. У напісаньні тэкстаў вакалістцы Русі дапамог Андрэй Хадановіч. Адметнасьць альбому - стылёвая аднастайнасьць і адсутнасьць "цягавітага" гіта. "Дні" - прадукт у вышэйшай ступені некамэрцыйны і ад гэтага ягоная вартасьць толькі падвышаецца. Кружэлка "Indiga" з тых, якія пры першым праслухоўваньні кладзеш на паліцу, а потым праз нейкі час вяртаешся, адкрываеш групу наноў і ад прайгравальніка ўжо не адарвешся. Адзінае, што "Дні" пралятаюць вельмі хутка: 8 песень - 28 хвілін. Абы гэтак жа хутка ня згасла зорка "Indiga". Сяргей Будкін Палітычныя сьпевы | 24.08.2004 |
Чаму палітыка Джорджа Буша жывіць натхненьне сусьветных музычны зорак і
пакідае абыякавымі айчынных выканаўцаў.Калі год таму антысадамаўская кааліцыя атакавала Ірак, сусьветны музычны шоў-бізнэс скаланула. Абавязак заняць пэўную пазыцыю адчулі найбуйнейшыя зоркі. Чым бліжэй ад Багдаду знаходзіліся амэрыканскія войскі, тым больш зьяўлялася песень антываеннай тэматыкі. Пацыфіскія дэклярацыі выдавалі прадстаўнікі самых розных плыняў - ад "R.E.M.", Лэні Кравіца і нью-мэталічнай групы "System Of A Down" да выканаўцаў кантры. Апошнім, зрэшты, давялося заплаціць за гэта надта высокую цану. Амэрыканскае асяродзьдзе прыхільнікаў кантры традыцыйна вельмі кансэрватыўнае. Крытыка палітыкі Джорджа Буша-малодшага большасьцю аматараў была прызнана непатрыятычнай і вартай ганьбы. Таму жаночае трыё "Dixie Chicks", каб ня страціць прыхільнікаў, вымушана было даваць шмат тлумачэньняў адносна закідаў у адрас прэзыдэнта, якія яно дазволіла сабе на гастролях у Вялікабрытаніі. Вілі Нэльсан, аўтар антываеннай баляды "Whatever Happened To Peace On Earth", нічога тлумачыць не зьбіраўся, таму да сёньняшняга дня многія амэрыканскія кантры-радыёстанцыі байкатуюць яго песьні. Краявід з СГЦ Вайна ў Іраку мабілізавала нават тых выканаўцаў, якія неахвотна карыстаюцца ў сваёй творчасьці палітычнымі лёзунгамі. Хіп-хоп-трыё "Beastie Boys", якое па-за сцэнай ангажаванае ў разнастайныя палітычныя ініцыятывы, але ў сваіх альбомах імкнецца пазьбягаць адназначных дэклярацый, гэтым разам запісала кампазыцыю "In A World Gone Mad" адкрыта антыбушаўскага характару. "Найперш вайна з тэрорам, цяпер вайна з Іракам - // Мы даходзім да пункту, пасьля якога ня будзе вяртаньня", - рэпавалі "Beasties". Група не абмежавалася адным творам. На выдадзенай некалькі дзён таму пласьцінцы "To The 5 Borougs" поўна палітычных "штучак". Правакуе ўжо яе вокладка, на якой мы бачым панараму Нью-Ёрку напярэдадні 11 верасьня 2001 году зь вежамі Сусьветнага гандлёвага цэнтру, якія кідаюцца ў вочы. Усё выглядае так, нібыта "Beasties" хацелі б павярнуць час назад і выкрасьліць некалькі апошніх гадоў з гісторыі. "Джордж У., мы мусім пазбавіць яго ўлады", - агітуюць сьпевакі ў кампазыцыі "That's It That's All". Новы парадак Найвастрэйшую атаку на Буша ўчыніла група "Ministry". Найноўшы альбом легенды індустрыяльнай музыкі "Houses Of The Mole" цалкам "прысьвечаны" кіруючаму прэзыдэнту ЗША. Кожная кампазыцыя на пласьцінцы мае назву, якая пачынаецца літарай "W": "Worthless", "Wrong", "Worm". Адзіная песьня, якая выбіваецца з гэтай пасьлядоўнасьці, гэта "No "W". У аранжыроўках аж цёмна ад сэмплаваных фрагмэнтаў прэзыдэнцкіх прамоў. "Ministry" здаўна не ў ладах з усёй сям'ёй Бушаў. Дванаццаць год таму група падобным чынам выступіла супраць Буша-старэйшага, запісаўшы кампазыцыю "N.W.O." ("New World Order" - "Новы сусьветны парадак"). Паці Сьміт прысьвяціла апошнім часам палітыцы Буша песьню "Radio Baghdad". Гэта адна з наймацнейшых пазыцый яе сьвежавыдадзенага альбому "Trampin". Наймацнейшых у музычным пляне, бо тэкст гэтай кампазыцыі працягласьцю ў дзесяць зь лішкам хвілін, поўны натхнёных апісаньняў пакутуючага Багдаду і адсылак у гісторыю гораду, выглядае досыць наіўна. "Багдад, цэнтар сьвету, горад пажарышчаў, - заводзіць Паці. - Вы хочаце прыйсьці сюды і абакрасьці калыску цывілізацыі". Куды цікавей глядзіцца зьмешчаная на новай, вельмі ўдалай пласьцінцы "Nurse" авангарднай групы "Sonic Youth" песьня "Peace Attack", сьціплы і сьціслы тэкст якой атакуе Буша не такім прымітыўным спосабам. "Halliburton" масавай сьвядомасьці Найбольшае ўражаньне робіць, аднак, брытанская група "Faithless". Ужо вокладка яе новай пласьцінкі "No Roots", зь якой паглядаюць дзеці (ірацкія? аўганскія?), не пакідае сумненьняў адносна тэматыкі. Нягледзячы на гэта, песьня "Mass Destruction", якая адкрывае альбом, уражвае. Група апавядае ў ёй пра вайну, убачаную вачыма дзіцяці, бацька якога пайшоў на фронт. У прыпеве, аднак, пачынаецца гульня слоў, якія бамбардуюць нас апошнімі часамі са сродкаў масавай інфармацыі: "Ці браня далёкага радыюсу дзеяньня, ці саманаводныя бомбы // нікчэмны розум ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці // ці ты "Soaraway Sun", ці "BBC One" // дэзінфармацыя ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці // ня можаш быць Каўказам ці беднай Азіяй // расізм ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці // ці інфляцыя, ці глябалізацыя // страх ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці // Ці "Halliburton", ці "Enron", ці што-небудзь іншае // хцівасьць ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці // Мы мусім знайсьці адвагу перамагчы // бязьдзейнасьць ёсьць бранёй масавай сьвядомасьці". Ірацкі канфлікт раптам траціць даслоўнасьць і робіцца мэтафарай сучаснага сьвету. Вайна прасочваецца на ўсе франты і неабавязкова азначае дзьве арміі, якія зьнішчаюць адна адну. Беларуская блякласьць На гэтым фоне нечакана блякла выглядае айчынная прадукцыя. У беларускіх тэкстах наогул практычна не сустракаецца падобнай тэматыкі. Беларускія музыканты не лічаць, што выконваць песьні пратэсту супраць бушаўскай палітыкі, справа вартая. "Заўважце, што падобныя песьні-маніфэсты ня надта распаўсюджаны сярод славян, бо мы маем зусім адрозны мэнталітэт ад астатніх народаў. У нашых песьнях усё больш завуліявана, па-мойму проста біць фразамі ў лоб не варта. Я з задавальненьнем, у першых шэрагах, вазьму ўдзел у антыбушаўскай акцыі, калі такая будзе ладзіцца, але ж песень пад яе пісаць ня буду", - кажа лідэр групы "Нэйра дзюбель" Аляксандр Кулінковіч. "Безумоўна, на чужы боль трэба адгукацца, але каб атрымаўся падобны твор, неабходна, каб апаведны настрой меў паэт, кампазытар і выканаўца. Гэтага дасягнуць цяжка, тым больш, што тая праблема нас ня надта кранае", - кажа Генадзь Бураўкін, на вершы якога быў створаны не адзін хіт. "У нашай краіне ёсьць чалавек значна горшы за Буша. Рабіць шаржы на амэрыканскага кіраўніка і баяцца сказаць слова пра таго, хто тут праводзіць ганебную палітыку, - гэта прызнак дрэннага густа", - зазначае Піт Піўлаў. "Невялікую долю песень антыбушаўскай ськіраванасьці можна патлумачыць тым, што ў нас палітычная актыўнасьць ніжэйшая, чым у разьвітых краінах Эўропы і ў Амерыцы, а ў поп-музыцы сацыяльная тэматыка наагул зьява рэдкая", - мяркуе Юры Саваш. Прадусара і аўтара тэкстаў да песень Ірыны Дарафеевай больш непакоіць тое, што моладзь губляе свае карані. Сп. Саваш недаўна напісаў песьню "Пульс маіх хвілін", дзе заклікае зьвярнуцца маладых людзей да сваіх вытокаў, не забывацца на сваю Радзіму. "Сьпяваць нейкія антыпэрсанальныя песьні справа неўдзячная, бо пэрсона адыходзіць, а зьява застаецца", - лічыць Аляксандр Памідораў. Зь імі пагаджаецца Слава Корань: "Антыбушаўскія песьні сьпяваць ня буду, бо трэба ведаць праблему знутры, глупа крычаць на кожным завугольле пра тое, што ты пачуў ад кагосьці. Пацыфісцкія творы - іншая справа." Сяргей Будкін, для “Нашай Нівы” Восеньскія рэлізы | 26.08.2004 |
Восень абяцае быць багатай на музычныя навінкі. У верасьні-лістападзе выйдзе
больш за 20 дыскаў айчынных выканаўцаў.Восеньскія рэлізы можна падзяліць на тры групы: плыткі з абсалютна новым матэрыялам, складанкі - мяшанкі з гітоў і перавыданьні старых альбомаў. Будуць Таnkі Што да навінак, то тут галоўнай падзеяй мусіць стаць выхад даўгачаканага альбому "Нэйра Дзюбелю" пад назвай "Tanki". У дыскаграфіі "першых айчынных панкаў" ён будзе 13-м па ліку, але першым беларускамоўным. Некаторыя песьні зь яго ("Сёма", "Пацалунак", "Таварыш Чэ") прыхільнікі групы маглі пачуць на сольных канцэртах групы ды на фэстах "Генэралы айчыннага року" і "Басовішча". Галоўнае адрозьненьне "Tankаў" ад папярэдніх альбомаў палягае ня толькі ў моўнай плыні. Альбом абяцае быць больш разнастайным па музыцы - у гукавы арнамэнт, акром традыцыйнага складу інструмэнтаў, уплецена дуда, на гуку адаб'ецца таксама тое, што склад групы падчас запісу абнавіўся (былі замененыя гітарыст і басіст). Але ж пазнавальны стыль - гэткі прыхардаваны панк-рок - застанецца. Канцэпт, вокладка і нават лягатып для фірмовых саколак ужо прыдуманы. Матэрыял - у працэсе падрыхтоўкі. Кулінковіч піша песьні несупынна (нядаўна зьявілася рэгі пад назвай "Не хапае у.а."), таму ўсе песьні ўціснуць будзе праблематычна. Лідэр групы лічыць, што "Tanki" будзе лепшым альбомам групы. Рэліз прызначаны на канец кастрычніка. У першых чыслах кастрычніка мусіць выйсьці міні-альбом ад "Крамбамбулі", у які ўвойдзе рэшта новых песень, напісаных для будучых дыскаў - "Сьвяточнага" і "Інтэрнацыянальнага". Амаль усе гэтыя песьні можна было пачуць на канцэртах шоў-праекта - "23 феўраля", "Дарагія жэншчыны", "Турысты", а таксама "Кураняткі" у выкананьні Гюнэш Абасавай. Адзін з сюрпрызаў сынглу - "Суседзі", якую Вольскі засьпявае дуэтам з Кузьмой з украінскай групы "Скрябін". Прычым, украінская рок-зорка будзе сьпяваць па-беларуску, а Лявон - па-украінску. З прэзэнтацыяй дыску будзе складаней: плянам "Крамбамбулі" праехацца па беларускім гарадам і мястэчкам можа перашкодзіць уведзеная зь верасьня г.зв. "цэнзура на канцэрты", паводле якой дазвол на выступ мусіць даць мясцовая ўлада. Сярод астатніх восеньскіх навінак варта вылучыць дыск "Вандроўка" менскай групы "Postcriptum". Першы альбом групы ("Дом на сініх халмах") выйшаў шчэ ў 1998г. - тады яшчэ ў P.S. сьпявалі тры вакалісткі. У 2001г. група выдала самотнік "Шчодры вечар" з трыма песьнямі і прыціхла. Дзьве з трох вакалістак сыйшлі па справах прыватных, ідэолаг групы гітарыст Вадзім Марголін з'ехаў за мяжу... Ад старога складу ў групе засталіся толькі вакалістка Юлія ды басіст Віктар Галавачэнка, да іх далучыліся Аляксандр Івашкевіч (гітара) і Мікалай Белановіч (бубны). У альбом увойдзе 12 трэкаў, сярод якіх і вядомыя ўжо па выступах гурта песьні ("Шчэдрык", "Званы"), так і зусім новыя ("Мела мамка тры сыночкі", "Ізноў"). Свой трэці альбом пад назвай "Пульс маіх хвілін", у які ўвойдуць 14 песень на беларускай мове, створаных за апошнія тры гады, запісала Ірына Дарафеева. На паліцах дыскарняў ён мусіць зьявіцца ўжо ў верасьні. Ня менш чаканым будзе альбом ад групы "Siver", якія запісалі музычныю частку рок-опэры "Сьцяг брыгады" паводле Аркадзя Куляшова, празаічную ж - ад імя Алеся Рыбкі агучыць Аляксандр Кулінковіч. "Partyzone" урэшце рэшт апрацаваў свой прыз за выступ на "Басовішча-2002" і запісаў альбом на польскай студыі. Плытка пад назвай "Сьмерці няма" хутка пабачыць сьвет. Абяцаюць хутка скончыць працу над сваім альбомам гомельскія мэталеры з "ТТ-34", што засьвяціліся ў саўндтрэку да расейскага блёкбастэру "Начная варта". Пейце піва, музыкі Пры канцы жніўня ў продажы зьявіцца складанка "Наша музыка. Частка два", што рэпрэзэнтуе айчынных выканаўцаў радыёфарматнага кшталту. Ухіл робіцца на попс-рок - "J-Mорс", "Стокс", "Мэдуза", "Таксі", "Stillout" ды ім падобныя. Сумесная складанка БМА-груп і інтэрнэт-парталу "Тузін гітоў" зьявіцца з двайной нагоды - у кастрычніку праекту "Вольныя танцы" - 5 год, "Тузіну" - год. У дыск увойдуць самыя апошнія гіты на беларускай мове. Рэліз - кастрычнік-лістапад. БМА таксама плянуе працягнуць традыцыю і выдаць некалькі тэматычных музычных зборнікаў: "Хард лайф - хэві мюзік" (частка 3), "Гардкорманія:чаду!" (частка 2) і "Чыста панк!" (частка 1), а таксама "Піўны альбом", прымеркаваны да 140-годдзя бровара "Аліварыя" з гімнамі, што апяваюць бурштынавы напой. Свае песьні пагадзіліся даць "Крама", "Нэйра дзюбель", Тодар, "Крамбамбуля" ды інш., а "Лепрыконсы" запісалі кавэр на твор "Пейце піва" ВІА "Сябры". Творчая суполка "Дзеці Сонца" рыхтуе сваю складанку. Канцэпцыя - пазытыўная, вясёлая і сьмешная музыка. Канчатковы сьпіс выканаўцаў будзе зацьверджаны на пачатку верасьня. Кампілятары зборніка вітаюць музыку розных кірункаў - ад цыганскіх напеваў да гіп-гопу, але дэкляруюць, што рускаму року, хард-н-хэві ды іншай "цямрэчы" там ня месца. Хэдлайнэры дыску - "Ляпіс Трубяцкой", "Крамбамбуля", "Саша і Сірожа", а таксама замежныя госьці - Карл Хламкін, "Забароненыя бубначы", "Cabernet Deneuve". Восень перавыданьняў Гэтая восень адзначыцца і вялікай колькасьцю перавыданьняў. Старыя альбомы перавыдаюць з розных нагод. Так, бокс-сэт "Ulis" з легендарнымі "Чужаніцай", "Краінай доўгай белай хмары" і "Танцамі на даху" будзе прымеркаваны да 15-годдзя "вялікага вандроўніка". "Жорсткае самазабойства ўнівэрсальнай нарэзкай Бэрнэра" ды "Паляўнічы і сайгак" "дзюбелей" выйдуць упершыню на дысках ды яшчэ з мультытрэкамі. "Весначуха" ад "Юр'і" вытрымае другі наклад, бо першы стаўся ўжо рарытэтам. "Крама" перазапіша свае старыя гіты і выдадзе пад назвай "The Best". Таксама зьявіцца на дысках канцэрт "Крамы", запісаны ў 1996г. у Наваполацку, калі гурт быў на ўздыме. Менавіта на гэтым дыску можна пачуць фірмовы гук групы, якога Варашкевіч і Ка аніяк ня могуць дамагчыся ў студыі. Шукайце ў дыскарнях гэтыя ды іншыя альбомы айчынных выканаўцаў. Сяргей Будкін Нахабныя людзі зь "Сіверу" | 27.08.2004 |
Завочна пляскаю ў ладкі з нагоды здаровага нахабства ўдзельнікаў калектыву.
Паставіць перад сабой задачу пакласьці на музыку тэкст праграмнай паэмы
Аркадзя Куляшова азначае, што амбіцыі "сіверных" людзей сягаюць
самых высокіх планак кшталту рэкордаў Бубкі ў скачках з тычком.Але амбіцыі амбіцыямі, ды часы на вуліцы іншыя. Мода на буйныя музычныя формы ў папулярнай музыцы адышла ў мінулае, радыйныя фарматы дыктуюць свае калецкія стандарты. Такім чынам, група "Siver" быццам патрапіла са зробленым ёю не ў свае часы, значна спазьніўшыся нарадзіцца. Хоць, калі б яна прапанавала нешта прынцыпова новае... Але, на жаль, гэтага няма. Праўда, запісаныя кампазыцыі ў цэлым няблага, што нечакана як для пачаткоўцаў. Ды вось музычны бок пакідае жадаць большай разнастайнасьці. Складаецца ўражаньне, што гучыць адна і тая ж мэлёдыя, якую музыкі спрабуюць разнастаіць за кошт рытмічных малюнкаў ды гукавых эфэктаў. Аднак мэлядычнага матэрыялу не хапае, музычныя вобразы асобных песень надта ж расплывістыя, і таму выслухаць усё да канца ня проста. Так што адным нахабствам, хай сабе і самым здаровым, адной брыгадзе ўзьняць над паэтычнай крэпасьцю сьцяг складана. Нагадаю, што яшчэ ў самым пачатку 80-х за "Сьцяг брыгады" браліся Мулявін зь "Песьнярамі", аднак з наскоку не адолелі, адышлі на загадзя падрыхтаваныя пазыцыі. Паўторнага штурму не здарылася. Мо і ў гэтым выпадку ня варта было грудзьмі ды проста на амбразуры? Сьцягнуты Слухач, "Наша Ніва" Ліцэй, Памідораў ня верыць ў цябе! | 27.08.2004 |
Адзін з заяўленых удзельнікаў рок-акцыі "Веру ў цябе!" Аляксандр
Памідораў за дзень да правядзеньня канцэрту адмовіўся браць у ім удзел.На сваім пэрсанальным сайце pomidoroff.net, выканаўца патлумачыў сваё рашэньне шэрагам прычынаў: "Па-першае, абурае нахабства, у тым, што тычыцца назоваў акцыі "Рок Пасьля Вакацыяў" і "адкрыцьцё канцэртовага сэзону". Па-другое, арганізатары паведамілі пра плянуемы ўдзел толькі пасля таго, як панаразьвесілі рэклямныя біг-борды. Па-трэцяе, пры заяўленай "дабрачыннасьці" акцыі, існуе абсалютная няяснасьць з накірункамі гэтай "дабрачыннасьці". Арганізатары нешта ў адказ на гэтыя пытаньні незразумела мармычуць. Дык што прабачце за тое, што без нашага і асабіста майго, А.Памідорава, ўдзелу, зьявілася рэкляма гэтага канцэрту, і нехта з вас купіўся на маё прозвішча ў афішы, і набыў даволі нятанны (што таксама дзіўна!) квіток. Нас там ня будзе". Арганізатары імпрэзы патлумачылі словы Памідорава наступным чынам. "БМА-груп узялася за правядзеньне канцэрта "Веру ў цябе" пасьля забароны яго ў "Рэактары". Папярэдняя дамоўленасьць з гасьцямі-музыкамі існавала ў ліцэістаў, таму тыя музыкі, што далі папярэднюю згоду і былі разьмешчаны ў рэкляме. Грошы выступоўцам за гэты выступ ніхто не плоціць, таму што акцыя дабрачынная, а даволі высокі кошт квітка (7000 руб. на танцпол) абумоўлены вялікай колькасьцю выдаткаў на гэты канцэрт. Што да назвы імпрэзы: фэст, які калісьці праводзіўся напачатку верасьня, называўся "Рок па вакацыях". Паколькі канцэрт "Веру ў цябе"- першы пасьля летняга перапынку, мы вырашылі напісаць падобны слёган (не блытайце, гэта не назва акцыі) - "Рок пасьля вакацыяў",- патлумачыў кіраўнік лэйбла "БМА-груп" Віталь Супрановіч. Прадусар праекту "Веру ў цябе" Франак Вячорка паставіўся да адмовы Памідорава з разуменьнем: "Сп.Аляксандр - знаны музыка, таму можа дыктаваць свае ўмовы і мець свае прычыны на тое, каб адмовіцца ад выступу. Наконт "няяснасьці" і "нятаннасьці" акцыі, мушу зазначыць, што гэты канцэрт выходзіць значна даражэй за плянуемы калісьці ў "Рэактары", таму што тады мы намагаліся рабіць імпрэзу на правох дыскатэкі, для правядзеньня выступу 27-га жніўня прыйшлося набываць гастрольнае пасьведчаньне, плаціць за арэнду залі, аплочваць паслугі за ахову мерапрыемства і г.д., - адсюль і такі кошт за ўваход". Разьбіраўся Сяргей Будкін
"Палац" атрымаў незалежнасьць | 28.07.2004
|
За выступ на мітынгу 21 ліпеня на наступны ж дзень група "Палац"
у поўным складзе была звольнена са сваёй афіцыйнай работы ва ўнітарным прадпрыемстве
"Белканцэрт", дзе працавала цягам чатырох год. Афіцыйная матывіроўка
- група не зьбірае належную колькасьць гледачоў на сваіх канцэртах.Прадстаўнікі УП "Белканцэрт" паведамілі, што іх генэральны дырэктар Аляксандр Грабар сышоў у адпачынак да верасьня і нікога не ўпаўнаважыў адказваць за яго. Лідэр "Палацу" Алег Хаменка адно толькі разводзіць рукамі: маўляў, пры жаданьні прычыну можна прыдумаць заўсёды. Апошнія выступы "Палацу" у чэрвені-ліпені прайшлі ва ўсіх абласьцях Беларусі. Група выступіла ў Смургонях, Маладэчне, Паставах і іншых гарадах. Адзін з удзельнікаў гурту Юрась Белякоў кажа, што афіцыйная прычына звальненьня папросту сьмешная: "Людзі заўсёды прыходзілі нас паслухаць ". 11 ліпеня "Палац" на запрашэньне лідэра групы "Воплі Відаплясава" Алега Скрыпкі ўзяў ўдзел у буйным фэсьце "Краіна мрой", што праходзіў на Сьпеўным полі ў Кіеве . На "Славянскім базары" сёлета група ня выступіла. Ужо трэці год запар "Палац" у апошні момант выкрэсьліваюць са сьпісу выступоўцаў. Затое гурт зайграў на мітынгу апазыцыі 21 ліпеня і з гэтай нагоды быў празь дзень згаданы Лукашэнкам. Усе аглядальнікі аднадушныя: гэта і паслужыла прычынай звальненьня. Група і надалей будзе актыўна канцэртаваць, выдаваць альбомы і г.д., адно што яе ўдзельнікі будуць лічыцца беспрацоўнымі. 7-8 жніўня гурт выступіць у рамках фэсту "Спасаўскія запусты", што адбудзецца ў Мельніку пад Бугам. Сяргей Будкін
Наша музыка. Другі крок. | 30.08.2004 |
Наша музыка-2, Arlo music, 2004
Насланьнё на ліцэістах | 30.08.2004 |
Наша музыка-2, Arlo music, 2004Другі раз канцэрт-прэзэнтацыя музычнага праекту навучэнцаў, выпускнікоў і выкладчыкаў Беларускага ліцэю "Веру ў цябе!" адмяняецца. Нейкае насланьнё ляжыць на ліцэістах. У траўні ў апошні момант прэзэнтацыю іхняга дыску зьнялі з праграмы клюбу "Рэактар". Гэтым разам ліцэісты падыйшлі да арганізацыі імпрэзы больш грунтоўна. "У "Рэактары" мы намагаліся зрабіць прэзэнтацыю на правох дыскатэкі, для правядзеньня выступу ў "Бліндажы" нам давялося набыць гастрольнае пасьведчаньне, плаціць за арэнду залі, аплочваць паслугі за ахову мерапрыемства і г.д., - адсюль і даволі высокая цана за ўваход, што сягала 10 тысячаў руб. ", - кажа прадусар праекту Франак Вячорка. За дзень да канцэрту ў ім адмовіўся граць адзін з гасьцей - Аляксандр Памідораў. У якасьці гасьцей у імпрэзе яшчэ мусілі ўзяць удзел гурты "ZET", "Garadzkija", а таксама героі "Басовішча-2004" - "Тарпач". Падчас падрыхтоўкі да канцэрту кіраўніцтва клюбу "Бліндаж" забараніла згадваць пра падпольнае існаваньне ліцэю і ладзіць канцэрт у форме тэатралізаванага шоў "Партызанская школа", якое ўжо было адрэпэтаванае ліцэістамі: "Гэта павінен быць звычайны рок-канцэрт, без палітыкі". За дзьве гадзіны да саўндчэку (настройкі музыкаў), дырэктар клюбу сп.Петкевіч прыняў рашэньне канцэрт не праводзіць. Ён спаслаўся на тэлефанаваньне з аддзелу культуры адміністрацыі Фрунзенскага раёну: маўляў, папрасілі "зьвернуць мерапрыемства". Міні-прэзэнтацыя пад вершы і гітару Андрэя Хадановіча прайшла ля ўваходу ў клюб пад моцнай залівай. Як нам паведаміла загадчыца адделу культуры адміністрацыі Фрунзенскага раёну Ірына Канапелька, ані яна асабіста, ані хто зь яе падначаленых не тэлефанавалі ў "Бліндаж" і ніякіх загадаў што да адмены канцэрту не давалі. "Канцэрт маглі зьняць з праграмы хіба што з ініцыятывы самаго кіраўніцтва клюбу. На маё меркаваньне, калі выкананы ўсе правілы бясьпекі і ўсё нармальна з дакумэнтацыяй, імпрэзу адмяняць не павінны", - зазначыла сп.Канапелька. Такім чынам, кола замкнулася. Шэф лэйблу "БМА-груп" Віталь Супрановіч, які ўзяўся дапамагчы ліцэістам у арганізацыі канцэрту мяркуе, што кіраўніцтва клюбу ў апошні момант дазналася "усю праўду пра ліцэй", таму вырашыла не рызыкаваць ды адмяніць мерапрыемства і каб хоць неяк апраўдаць свой учынак, спаслацца на адміністрацыю Фрунзенскага раёну. Знайсьці па "гарачых сьлядох" дырэктара "Бліндажу" не атрымалася. Як нам патлумачылі ў самім клюбе "дырэктар чалавек вельмі заняты". Але ліцэісты аптымізму не губляюць. "Прэзэнтацыя ліцэйскага дыску ўсё роўна адбудзецца. Будзем шукаць новае месца для правядзеньне канцэрту", - кажа Ф.Вячорка. Сяргей Будкін
рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|