|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за верасень 2004
Аляксандра, Руслана і Канстанцін | 06.09.2004 | Актывізацыя на экстрэмальным фроньце | 06.09.2004 | P.L.A.N. сьпеўся з "Харошкамі" | 09.09.2004 | Раман Арлоў здымае фільм | 09.09.2004 | Першае рок-дасьледаваньне | 14.09.2004 | Ляпісы" у Літве | 15.09.2004 | "Стары Ольса" вярнуўся на Радзіму. | 17.09.2004 | Рок без свабоды. | 21.09.2004 | Наша музыка ў "Алькатразе" | 21.09.2004 | "Крамбамбуля" з азіятчынай. | 24.09.2004 | Канцэрт Касі Камоцкай перанесены | 24.09.2004 | Паўлаў як манэкен | 30.09.2004 | Фанаты групы ТТ-34 абіраюць песьню для кліпа | 30.09.2004 | Аляксандра, Руслана і Канстанцін | 06.09.2004 |
Вялікі канцэрт "Зоркі Эўравізіі віншуюць Украіну" быў прысьвечаны
Дню незалежнасьці краіны і адбыўся 24 жніўня. На правах гаспадыні сьвята
выступіла ўкраінская зорка Руслана, якая нарадзілася ў Львове. Акром беларусаў
яна запрасіла іншых удзельнікаў фэсту "Эўравізія" - серба Жэлька
Ёксімовіча, македонца Тошэ Проескі і групу "Лінас і Сімона" зь
Літвы. Канцэрт трансляваўся ў прамым этэру на Львоўскім ТВ.Наш дуэт выступаў другім - адразу пасьля выступу Русланы. Як паведаміў для "Тузіна гітоў" Канстанцін Драпеза, граць сваю праграму пасьля шалёных танцаў украінскай сьпявачкі было досыць цяжка - у першыя хвіліны натоўп яшчэ клікаў Руслану, але праз некалькі кампазыцыяў вельмі цёпла вітаў кожную песьню "АіК". К.Драпеза кажа, што ў іх з Русланай наладзілася сапраўднае шчырае сяброўства: "Гэта вельмі адкрыты і шчыры чалавек, зорнасьць на ёй аніяк не адбілася. Падчас урачыстага банкету яна распавядала пра нацыянальныя стравы, вучыла нас украінскім тостам, вельмі станоўча выказвалася наконт беларускай мовы". На пытаньне, ці можа Руслана нанесьці ў адказ візыт у Беларусь ды прасьпяваць разам з дуэтам, Канстанцін адказаў, што такое магчыма, але да Новага году ў сьпявачкі дакладна распісаны графік канцэртаў, ды і цана на яе, як на сусьветных музычных зорак: "Мы ня хочам рабіць сабе піяр за кошт Русланы, проста ў нас узаемнае сяброўства, наконт творчай супольнай працы - паглядзім". Сяргей Будкін Актывізацыя на экстрэмальным фроньце | 06.09.2004 |
БМА паведаміла пра падрыхтоўку да чарговай рэінкарнацыі зборкі беларускамоўнага
цяжкага року «Hard life Heavy music III». Гэтым разам музыканты, што раней дапамагалі БМА пры зборы першых дзьвюх кампіляцыяў з гэтай назвай, выставілі ўмовы радыкальнага павышэньня якасьці канчатковага матэрыялу і большай аб'ектыўнасьці падбору песень і выканаўцаў. Для гэтай мэты пры падтрымцы сайта tam.by арганізаванае галасаваньне, каб выявіць тыя гурты, якія фэны хочуць пачуць на кампіляцыі. Зараз у гэтым спісе прыкладна паўсотні назваў. На зборнік, хутчэй за ўсё, трапяць ня больш за дваццаць. Арганізатары тлумачаць, што размова ня йдзе пра спаборніцтва і гэтае галасаваньне патрэбнае толькі як інфармацыя для прад'юсэра. Але зразумела, што тыя гурты, якімі не цікавіцца аўдыторыя, маюць мала шанцаў, каб патрапіць на зборнік. На сёньняшні дзень (галасаваньне толькі пачалося) публіка выказвае найбольшую зацікаўленасьць да гуртоў DIVINA ENEMA, SONCAVAROT i EVTHANAZIA. Таксама lдэкляруецца, што, згодна з умовамі ўдзелу, на зборнік ня будуць дапускацца недастаткова якасныя дэма-запісы. Паглядзім наколькі БМА здоліць выканаць гэтае абяцаньне. Прынамсі, другое выданьне зборніка было значна вышэйшае па якасьці за першае. Прэзэнтацыя трэйцяга выданьня заплянаваная на 19 лістапада гэтага году ў «Рэактары». паводле інфармацыі БМА P.L.A.N. сьпеўся з "Харошкамі" | 09.09.2004 |
Многіх мэляманаў ў міжнародны год блюзу (2003), зьдзівіў менскі гурт P.L.A.N.,
выдаўшы запар два паўнафарматных альбома:"Blues у канцы тунэлю"
і "Вам слова, Джон Ячмень". Здавалася можна і адпачыць? Ды не.
Увесь 2004 год у многіх гіт-парадах Беларусі і на тэлеканалах, раз пораз зьяўляліся новыя і новыя гіты гурта і паралельных праектаў. Натуральна, гэта вылілася ў чарговы поўнафарматны альбом, з саркастычнай назвай "ВЯЛІКАЕ КАЛІ ЛАСКА"! Лёс сапраўднага шэдэўра Элінгтонаўскага "Каравана" і "Гершвінскага "Sumertime" адмыслоўцы прадракаюць песьні "Blues ад самоты". Характэрна, што А.Плясанаў, склаўшы вельмі прыгожую мелёдыю, да якай потым дапісаў вершы В.Мартыненка, не стаў аднак узурпаваць лідэрства,і запрасіў на дуэт вакалістку гурта "Харошкі" Юлію Гібкоўскую. Гэта была фантастычная знаходка. Мэлёдыя набыла яшчэ больш маляўнічыя адценьні. Да таго ж Юлія не засталася ў баку і прапанавала навыя ідэі ў аранжыроўцы. Магчыма, пакуль скончыцца працэс падрыхтоўкі альбома, Юлія возьме ўдзел і ў запісу іншых песень.Супрацоўніцтва працягнецца і ў акустычным праекце А.Плясанава "Piosenki samotnego licwina". Дзе побач з удзельнікамі гурта "P.L.A.N" задзейнічаны таксама навучэнцы Беларускай Акадэміі Музыкі. Рэліз абодвух альбомаў запланаваны ўжо ў гэтым годзе. Вінцук Гуненка Раман Арлоў здымае фільм | 09.09.2004 |
"Айчынны шоў-біз цяпер знаходзіцца ў стане чаканьня, калі папросту
неабходна зрабіць такі прадукт, які бы штурхануў наперад гэты самы шоў-біз",
- мяркуе вядомы музыкант і прадусар Раман Арлоў. І такі прадукт ён абяцае
выпусьціць ужо ў наступным годзе. Раман Арлоў задумаў зьняць паўнавартасны мастацкі фільм, ня больш не менш. Па яго словах, справа ўжо зайшла далей за ідэю: ужо напісаны сцэнар (аўтар - Раман і Багдан Арловы) і праведзены тэставыя здымкі на ВДНХ. Дзея фільму пад працоўнай назвай "Наша музыка" будзе адбывацца ў бліжэйшай будучыні - Беларусь, 2006г. Здымкі пройдуць ня толькі ў Менску, але ў Берасьце, Наваполацку, Салігорску і, магчыма, за мяжой. Жанр стужкі Арлоў акрэсьліў, як "псыхалягічны і дынамічны дэтэктыў". У цэнтры - гісторыя музыкантаў, якія займаюцца сваёй улюбёнай справай толькі ўвечары, а ў дзень бяруцца за любую працу, абы зарабіць грошы. Адсюль - крымінальныя перепетыі. Абяцаецца вялікая колькасьць аўтапагоняў, грошы і каханьне. Аўтары фільму вырашылі падкрэсьліць сучасную моўную сытуацыю, таму фільм будзе дзьвюхмоўны - нехта з герояў будзе размаўляць па-беларуску, нехта - па-расейску. У галоўнай адмоўнай ролі здымецца Слава Бандарэнка - вядомы радыё ды-джэй і музыкант, лідэр групы "Чэхаў", у галоўнай жаночай ролі будзе задзейнічана актрыса Тацянай Ружаўскай, якая выступіць яшчэ і сапрадусарам карціны. Месца рэжысэра пакуль вольнае, але вядуцца перамовы з Еленай Бартлавай, якая дагэтуль здымала кліпы менскім камандам. Саўндтрэк да карціны ўжо амаль запісаны. Гэтым займаліся гурты "J-Mорс" і "Чэхаў", таксама ў фільм увойдуць некаторыя песьні з двух складанак "Наша музыка". Што да бюджэту стужкі, то Арлоў плянуе ўкласьціся ў 30 000 у.а.. Цяпер вядзецца пошук спонсараў. Ужо існуюць папярэднія дамовы з таксапаркам "007" і адным з футбольных клюбаў. Цікава, што на апошні беларускі блёкбасцер "Настасься Слуцкая" пайшло ля 1 млн.у.а., а ў Андрэя Кудзененкі - рэжысэра стужкі "Акупацыя.Містэрыі", што сёлета брала ўдзел у Маскоўскім кінафэсьце, атрымалася зьняць якасны і цікавы фільм меней, чым за 20 000 у.а. "З дапамогай сучасных тэхналёгіяў можна зрабіць досыць таннае і сапраўды добрае кіно. У Польшчы цяпер даволі разьвіта такая плынь, калі звычайныя кінааматары здымаюць танныя фільмы. Часьцяком такое "home video" трапляе на вялікі экран і выклікае вялікую цікавасьць. Стварэньне добрага кіно - не пытаньне грошаў, а пытаньне якаснага мысленьня, цікава паказанай гісторыі", - мяркуе кінааналітык Максім Жбанкоў. Сяргей Будкін Першае рок-дасьледаваньне | 14.09.2004 |
Дбаньнямі выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага калегіюма была зроблена спроба
ўпершыню прааналізаваць беларускую рок-музыку, як зьявішча. Сёлета зьявілася
невялічкая кніжка пад назовам "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу".Гэты праект - даніна павагі і дэманстрацыі любові да гэрояў беларускага музычнага нонканфармізму. Яго галоўная мэта - вылучыць асноўныя этапы разьвіцця рок-н-рола на Беларусі. І зрабіць гэта па магчымасьці аб'ектыўна. Пад беларускім рок-н-ролам аўтары разумеюць сучасны гарадзкі песенны фальклёр (перш за ўсе - у электрычнай вэрсыі), "сынтэтычны" прадукт, што атрымліваецца ад спалучэньня беларускай музычнай традыцыі і стылістыкі сусьветнай рок-культуры: ад біг-біта і хард-рока да панка і world music. З гэтае нагоды тут ёсьць "Песьняры" - але няма "Верасоў" (100%-вы "саўковы" ВІА), ёсьць Вайцюшкевіч - і няма Шалкевіча (паэта зь гітарай, адмысловага барда - але ня рокера). Гісторыя беларускага рока найбольш дасканала адлюстроўваецца ў аўтарскім музычным прадукце - альбомах і супольных праектах, дзе па-свойму адбіваецца своеасаблівасьці часу і культурнай сытуацыі. Гэтая кніжка - рух па сьлядох эпохі, гісторыя тэкстаў, а не чалавечых лёсаў. Наватарскі стыль, аўтарскі падыход і сацыяльная значнасьць - вось тры асноўныя крытэры, па якіх альбомы траплялі у кніжку. Беларускі рок разглядаецца як арганічная частка культурнай дынамікі, адзін з дыялектаў нацыянальнай культуры. Гэта і ёсьць прычына адліку гісторыі беларускага рок-н-ролу не са зьяўленьня у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя першых беларускіх біт-гуртоў, а зь першага дыску "Песьняроў". Менавіта тады пачынае працаваць фабрыка рок-н-рола на Беларусі - стыхійная музычная творчасьць пераўтварылася ў пасьпяховы рынкавы прадукт і адмысловую культурную падзею. Гэнерацыя сёньняшніх 40-гадовых была відавочцам рок-рэвалюцыі, што адбылася на пачатку 90-х у нашай краіне. Дзіўна, але суседзі па кварталу і століку ў кавярні - Слава Корань, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая рабілі (і робяць!) найноўшую гісторыю беларускай культуры. Час зьбіраць камяні. І дыскі братоў па эпосе. Электрычная музыка made in Belarus чакае на сваіх гісторыкаў і летапісцаў. Дадзены праект - толькі спроба вызначыць асноўныя этапы разьвіцьця гэтай музычнай галіны і прасачыць эвалюцыю актуальнага музычнага мысьленьня. Істотна, што гэта адбылася. Атрымаліся ня проста журналісцкія нататкі. Аўтары - Сяргей Будкін, Павал Сьвярдлоў і Алекс Стрэл атрымлівалі інфармацыю "зь першых рук" - непасрэдна ад музыкаў і прадусараў. Кнігу варта чытаць, калі нічога ня ведаеш пра беларускі рок-н-рол - атрымаеш цэласнае ўяўленьне. Кніжку можна чытаць, калі нечага ня ведаеш пра беларускі рок-н- рол - напрыклад, сапраўднага прозьвішча вакаліста "Мясцовага часу". Кожны дыск ацэньваецца, кожнаму падшукваецца месца, храналягічная пасьлядоўнасьць рэцэнзій - ад "Песьняроў" да трыб'юту "Depeche Mode" - дазваляе бачыць наш рок у разьвіцьці. Максім Жбанкоў (Беларускі калегіюм), Андрэй Скурко ("Наша Ніва") "Ляпісы" у Літве | 15.09.2004 |
Група "Ляпіс Трубяцкой" выступіла ў якасьці хэдлайнэра на буйным
фэсьце альтэрнатыўнай музыкі "Хлеў культуры", што праходзіў пад
Вільняй.У першы дзень хэдлайнэрамі была група з Харькава "5'nizza", у другі - беларусы. Па словам Міхалка, "выступ прайшоў проста супэр", хоць у Літве ведалі групу выключна па альбому "Ты кінула" (1998). Міхалок адмовіўся ад выкананьня "шлягераў" кшталту "Аў" і "Сочы" і засяродзіўся на апошніх песьнях калектыву, у тым ліку беларускамоўных. Новы "Ляпіс" літоўцам спадабаўся. Прадусар калектыву Яўген Калмыкоў кажа, што цяпер вядуцца перамовы па выданьню апошняга дыску каманды "Залатыя яйцы" у Літве. Тым часам "Ляпіс" узяў удзел адразу ў двух расейскіх праектах. Песьня "Красівая" увайшла ў рэгі-складанку пад назвай "Антыфабрыка", "Ляпісаў" таксама запрасілі запісаць песьню для трыб'юту амерыканскай панк-легенды "Ramones". Міхалок з радасьцю пагадзіўся, тым больш што творчасьць гэтай каманды натхніла яго на напісаньне самай пасьпяховай беларускамоўнай песьні "Ляпісаў" пад назвай "Рамонкі". Дарэчы, на гэтым тыдні на афіцыйным сайце каманды (lyapis.com) зьявіцца MP3- запіс канцэрту групы ў студыі маскоўскай FM-станцыі "Наша радыё". SB "Стары Ольса" вярнуўся на Радзіму. | 17.09.2004
|
Упершыню беларуская старадаўняя музыка была так поўна прадстаўлена на разнастайных
фэстывалях розных краін. "Стары Ольса" прэзэнтаваў беларускую
музыку на шматлікіх фестах старадаўняй музыкі і рыцарскіх турнірах.У траўні адбыўся вялікі рыцарскі турнір у замку "Ілжа" (Польшча), дзе ўсю музычную праграму аздобіла старадаўняя беларуская музыка ў выкананьні "Старога Ольсы". Таксама ў траўні гурт граў у былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага - Вільні. У чэрвені адбыўся фэстываль у г. Вроцлаве (Польшча), дзе "Стары Ольса" выканаў 2 канцэрты, першы зь якіх складаўся з прыдворных і народных танцаў сярэднявечнай Беларусі, а другі - з камэрных твораў беларускіх аўтараў 16-17 стагоддзяў і беларускіх народных баляд. Таксама ў чэрвені прайшоў вялікі рыцарскі турнір у былой сталіцы Лівонскага ордэна - замку Цэсіс (Латвія), дзе наш гурт выступіў з надзвычайным поспехам. У ліпені з беларускай старадаўняй музыкай пазнаёміліся ўдзельнікі і наведвальнікі рыцарскіх фэстаў "Хайтабу" (Гамбург, Германія) і "Тоже битва" (Масква, Расея). На гэтых мерапрыемствах беларускія музыкі са "Старога Ольсы" наладзілі плённыя кантакты з калегамі з многіх краін. Асабліва насычаны выступамі быў фестываль "Рынкавыя плошча" ў Таліне (Эстонія), дзе "Стары Ольса" быў адзначаны ўзнагародамі. Гастрольны расклад жніўня для групы быў незвычайна напружаным: 3 канцэрты ў Генуэзскім замку ў г. Судак (Крым, Украіна), 5 канцэртаў на "Вікінг-фэсце" ў г. Волін (Польшча), канцэрт у старым горадзе ў Празе (Чэхія). З зімы 2004 г. пры гурце "Стары Ольса" быў створаны ансамбль сярэднявечных і рэнэсансных танцаў. Танцоры "Старога Ольсы" удзельнічалі ва ўсіх пералічаных фестывалях, а на "Вікінг-фэст" ў Волін прыехалі поўным складам і моцна ўзрушылі і зьдзівілі і гледачоў фэстываля старадаўнімі беларускімі народнымі і прыдворнымі танцамі і гульнямі. Удзельнікі гурта "Стары Ольса" займаюцца і даследчыцкай працай па гісторыі беларускай і эўрапейскай музыкі, таму асобныя прадстаўнікі гурта былі запрошаны ў якасьці гасьцей на фэст музыкі барока ў г. Вроцлаў (Польшча) і канфэрэнцыю па рэканструкцыі старадаўняй музыкі ў г. Яраслаў (Польшча). Скончыўся гастрольны сезон у верасьні, калі беларускія музыкі зь вялікім поспехам выступілі на фестывалі "Меч Луцкага замку" у г. Луцку (Украіна). На рыцарскім турніры ў межах гэтага фестываля беларускія рыцары занялі прызавыя месцы. Утворана сталая традыцыя: калі на рыцарскі турнір прыяджаюць беларускія ваяры, першыя мейсцы належаць Беларусі. Найбольшую колькасьць рыцарскіх узнагарод у гэтым годзе атрымаў мінскі рыцарскі клуб "Унія меч і воран".) Арганізатары ўсіх, без выключэньня, пералічаных фэстаў запрасілі выступіць "Старога Ольсу" і на наступны год. На ўсіх фестывалях гурт "Стары Ольса" атрымліваў дыпломы і ганаровыя ўзнагароды. Скончаны фестывальны сезон, пачынаецца зімовы сезон: канцэрты на Радзіме, студыйная праца, рэканструкцыя старадаўніх інструментаў у майстэрні гурта. У кастрычніку удзельнікі гурта плянуюць наведаць з візытам калегаў (знаёмыя гурты старадаўняй музыкі ў Польшчы), падрыхтаваць каляндар зь вялікім плакатам, выступіць у канцэрце, прысьвечаным роськвіту культуры Беларусі 16 стагоддзя (30 кастрычніка ў ДК "МАЗ"). На лістапад прызначана вялікая прэзэнтацыя чарговага, насычанага каштоўнымі знаходкамі альбома "Старога Ольсы". Альбом названы "Скарбы літвінаў" і будзе цалкам адпавядаць сваёй назве па колькасьці адноўленых шэдэўраў: гімн Вялікіга княства Літоўскага мілітва "Багародзіца" 14 ст., "Песьня пра князя Вітаўта" 15 ст., песьня "Бітва пад Воршай" 16 ст. з арыгінальнай мэлёдыяй, прыдворныя танцы з Полацкага і Віленскага сшыткаў, творы беларускіх кампазытараў 16-17 ст., баляда "Едзе рыцар збройны" 17 ст. і шмат іншага. Альбом будзе падвойны, выйдзе дзвума часткамі ў асобных скрынках і будзе разьбіты храналягічна: "Сярэднявечча" і "Рэнэсанс". На жаль, посьпех "Старога Ольсы" за мяжой праходзіць на тле поўнай абыякавасьці да сваёй старадаўняй культуры на Радзіме. Мэнэджеры гурта маюць вялікія праблемы з арганізацыяй канцэртаў "Старога Ольсы" на Радзіме, на той зямлі, музыку якой гурт грае. Сёлета "Стары Ольса" у 3 разы больш канцэртаў адыграў за мяжой, чым на Беларусі. Але ўдзельнікі "Старога Ольсы" поўныя аптымізму і надзеі на вяртаньне нашай забытай музычнай спадчыны. На сьнежань і студзень прызначаны гастролі гурта на Сардзініі і Італіі. Вялікую падтрымку ў працы "Стары Ольса" атрымлівае ад Згуртаваньня беларусаў свету "Бацькаўшчына". Падрабязную інфармацыю пра гурт "Стары Ольса"(відэа, фота, дасье, ноты, тэксты, інструмэнты, музыка, кантакты) можна атрымаць на сайце staryolsa.com альбо па тэлефоне (029) 66-36-879 . Зьміцер Сасноўскі Рок без свабоды | 21.09.2004 |
Ад акцыі "Рок за свабоду", што прайшла 17 верасьня на пл.Бангалор
чакалася большага. Здавалася, канцэрт ставіў сабе на мэце прыцягнуць увагу
да беларускіх музыкантаў, якіх прыціскаюць апошнім часам рознымі загадамі
і дырэктывамі, звальняюць з працы і ігнаруюць на ТВ і радыё. Плюс яшчэ лічба
"17" прымушала задумацца. Але належнага плёну не дасягнулі і блізка. Уся ўвага гледачоў была ськіраваная на расейскай рок-зорцы Вячаславе Бутусаве, які ані слова не сказаў пра свабоду, пра беларускіх музыкаў, слоў падтрымкі таксама чуваць не было. За некалькі хвілін да пачатку канцэрту, мікрааўтобус з Бутусавым пад аховай амапаўцаў пад'ехаў ушчыльную да сцэны. Якраз у гэты час на сцэне "таўпіліся" некалькі "забароненых" беларускіх музыкаў (Філ з "Drum Xtc", Белякоў з "Палацу", Вольскі, Памідораў). Іхняе агульнае пасланьне наконт таго, што беларускую песьню ня зломіш, наўрад ці дайшло да асноўнай часткі глядацкай аўдыторыі, бо тая клікала на сцэну лідэра "Наўтілуса Пампіліўса". І вось загучаў вядомы гіт "Гібралтар-Лабрадор" з блёкбастэру "Брат". Беларуская песьня ў гэты момант была забытая. Тыя, хто прыпазьніўся на тры хвіліны (гэтулькі цягнуўся выступ беларускіх рок-зорак), так і не зразумелі, што такое дзеецца на Бангалоре. Нашыя музыкі пасьля прамовы рушылі ў бок Д/с Кульман і больш іх бачна не было. Затое беларускіх палітыкаў на акцыі была процьма: Лебедзька, Калякін, Сіўчык ды інш. сноўдалі туды-сюды, а Бутусаў млява сьпяваў пра маторную любоў. Праз дзьве гадзіны ўсе разышліся зь песьняй на вуснах. Праўда, песьня тая была ня наша. Зьмешваць музыку і палітыку справа рызыкоўная, хоць часьцяком рок-песьні маюць палітычную афарбоўку, а музычныя акцыі праводзяцца ў самыя пераломныя моманты навейшай гісторыі - дастаткова прыгадаць рок-канцэрт у Маскве пасьля путчу, музычную акцыю ў Н'ю-Йорку, прысьвечаную 11 верасьня, рок-канцэрт у цэнтру Тбілісі адразу пасьля перавароту, музычны марафон на НТВ пасьля трагедыі ў Беслане... Згаданыя акцыі абуджалі да дзеяньня, да змагарства, да непрымірэньня, да новага жыцьця. Музыканты абуджалі самімі творамі, словамі між песьнямі, сваёй энэргетыкай. Канцэрт "Рок за свабоду" у Менску не да нічога не абуджаў. Шэраговы выступ расейскай зоркі. Сяргей Будкін Наша музыка ў "Алькатразе" | 21.09.2004 |
24 верасьня ў клюбе "Алькатраз", што ў Доме прафсаюзаў,мае адбыцца
прэзэнтацыя складанкі "Наша музыка-2" - першы зборны канцэрт айчынных
музыкаў у новым сэзоне. Арганізатар вечарыны Раман Арлоў абяцае, што выступяць асноўныя хэдлайнэры зборніку - "Indiga", "J_Moрс", "Iq-48" ды іншыя. Арлоў зьбіраецца "ўздыхнуць вольна" толькі пасьля выступу апошняга ўдзельніка: "Здарыцца можа ўсё што заўгодна, але будзем спадзявацца, што канцэрт адбудзецца і аніякіх праблем ня бдузе" . Пачатак а 19-ай. Кошт квітка 7000 руб, у дзень канцэрту - 9000 руб. SB "Крамбамбуля" з азіятчынай. | 24.09.2004 |
1 кастрычніка праект "Крамбамбуля" прапаноўвае кожнаму адпачыць
ад шчымлівай рэчаіснасьці ды крыху разьняволіцца пад добрую музыку.У кюбе "Рэактар" а 19-ай распачнецца выступ праекту. Па словам удзельнікаў "Крамбамбулі" - гэта будзе "нармальны клюбны канцэрт з малым складам музыкаў". Будуць зайграныя песьні з максы-сынглу "Крамбамбулі", што выйдзе 15 кастрычніка, а таксама абсалютна новыя, мала кім яшчэ чутыя, творы, такія як "Сьв.Патрык", "Рыкша" ды інш. Па словам прадусаркі праекту Ганны Вольскай, будзе значна пашыраны азіяцкі блок, у канцэрце возьме ўдзел музыкант з Ірана Німа, таксама чакаюцца конкурсы, аўкцыёны. Да таго ж, паміж 1-ым і 2-ім аддзяленьнем абяцаецца сюрпрыз. Разам з Вольскім засьпяваюць Гюнэш Абасава і Аляксандр Кулінковіч. Сяргей Будкін
Канцэрт Касі Камоцкай перанесены | 24.09.2004 |
Анансаваны на 7 кастрычніка выступ у Доме літаратара Касі Камоцкай і Славы
Кораня не адбудзецца. Але пачуць Касю можна будзе 29 верасьня. На 7 кастрычніка ў Доме літаратара быў заплянаваны канцэрт Касі Камоцкай і Славы Кораня. "Хочацца зрабіць культурную вечарыну з вялікім акустычным канцэртам", - дзялілася плянамі сьпявачка. Як паведаміў для "Тузіна гітоў" арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч, канцэрт пераносіцца на іншы тэрмін, хутчэй за ўсё на 30 кастрычніка. "Атрымалася так, што кіраўніцтва Дому літаратара на адзін дзень дала дазвол на правядзеньне двух вечарын адначасова. Мы пайшлі насустрач інстытуту Гётэ, што заплянаваў у гэты дзень нейкую канферэнцыю і перанесьлі дату канцэрта", - кажа сп.Супрановіч. Між тым, Касіны песьні можна будзе пачуць 29 верасьня ў тым жа Доме літаратара. Яна, разам з іншымі беларускімі бардамі, возьме ўдзел у вечарыне прысьвечанай 15-годдзю Таварыства беларускай мовы. Граюць таксама Алесь Камоцкі, Э.Акулін, Б.і Г. Вайханскія. Пачатак а палове на 19-ую. Уваход вольны. SB
Паўлаў як манэкен | 30.09.2004 |
Заўчора ў клюбе "Сфэра" Піт Паўлаў і яго група "Гарадзкія"
прэзэнтавалі кліп на песьню "Як манэкен". Відыё зьявілася дэбютным ня толькі для Піта, але і для рэжысэра Віталя Чыжова. Ён справабаў зьняць ролік для "N.R.M." на песьню "Лёгкія-лёгкія", але справа далей за ідэю так і не пайшла: "За 700 даляраў "Зоркавыя войны" не здымеш". У вытворчасьці кліпу на "Як манэкен" Паўлаў сыходзіў зь мінімальнага ўкладаньня грошаў, здымалі відыё за адзін дзень, былі задзейнічаны калегі, сябры і родныя ўдзельнікаў праекту. У выніку - атрымалася няблагое чорна-белае відыё, якое Чыжоў ацаніў на "моцную чацьверку". Пры расповядзе пра гісторыю здыманьня , Піт пакпіў: "Мы запрасілі зьняцца аднаго з ўдзельнікаў "Крамбамбулі", каб Вольскі ізашоўся рознымі выдзяленьнямі". Хутка і гледачы могуць ацаніць гэты кліп: ён патрапіў у ратацыю "МУЗ-ТВ". Пры канцы адбыўся невялічкі акустычны канцэрт "Гарадзкіх". Пасьля выкананьня песьні "Так ці не?" Паўлаў заклікаў усіх прысутных зайсьці на "Тузін гітоў" і прагаласаваць за гэты твор: "Там усе накручваюць, а мы чэсна прагаласуем і выйграем!". Сяргей Будкін
Фанаты групы ТТ-34 абіраюць песьню для кліпа | 30.09.2004
|
Зварот да ўсіх фэнаў групы ТТ-34 і аматараў мэталічнага пазытыву!Каманда цяжкой музыкі ТТ-34 прапануе Вам абраць песьню для здымкаў відэакліпу са свайго дэбютнага альбому "Грубый помол", які мусіць зьявіцца на людзях напрыканцы кастрычніка. Дзеля гэтага Вам трэба зайсьці на афіцыйны сайт гурта - www.tt34.com - ды ў разьдзеле "Выбирай, на что снимать клип" спампаваць ды праслухаць прэзэнтаваныя ў ім трэкі. Натуральна, за найбольш упадабаную песьню можна прагаласаваць. Менавіта на тую кампазыцыю, што ў выніку назьбірае найбольшую колькасьць галасоў, і будзе зьняты ролік. Галасаваньне будзе доўжыцца да 15 кастрычніка. Гэткім чынам менавіта ВЫ маеце магчымасьць стаць адным з суаўтараў відэа! Пазытыўную цяжкую музыку -- у кожны тэлевізар! ОК
рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|