. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за кастрычнік-лістапад 2003


"Personal Depeche" пачуюць у Расеі| 28.10.2003 | Новы праект Кірчука | 28.10.2003 | "Uriah Heep" па-беларуску| 29.10.2003 | Куляшоў загучаў!| 29.10.2003 | "J_Mors" засьпявалю па-беларуску| 31.10.2003 | "Аляксандра і Канстанцін не паразумеліся з журналістамі| 02.11.2003 | Паўлаў ставіць на "Гарадскіх"| 04.11.2003 | Варашкевіч стаў Цмокам| 04.11.2003 | ВІзу "N.R.M." зможа атрымаць кожны| 06.11.2003 | Сьвята Піта| 09.11.2003 |


"PERSONAL DEPECHE" ПАЧУЮЦЬ У РАСЕІ | 28.10.2003 |
У лістападзе ў музычных крамах Расеі зьявіцца беларускі трыб'ют "Depeche Mode".
Яго будзе выдаваць кампанія "Містэрыя гуку" - адзін з гуказапісваючых монстраў у Расеі.
Адрозьнівацца выданьне будзе хіба што адздабленьнем - песьні на дыску разьмешчаныя тыя ж.
"Гэты файны адказ тым скептыкам, якія казалі, што уласнабеларускі прадукт неканкурэнтназдольны за межамі краіны", - кажа адзін з прадзюсэраў праекту Руслан Макараў.
Трэба нагадаць, што адна зь песьняў трыб'юту - "Бяз гучных слоў" гурта "Kriwi" - ўжо мела посьпех у Расеі.
Яна патрапіла адным часам нават у лідэры гіт-праду маскоўскай ФМ-станцыі "Наша радыё".
А між іншым , паводле зьвестак кампаніі West Records "Personal Depeche" адзін зь першых па продажам у айчынных музычных крамах. Канкурэнцыю яму складаюць "Дом культуры" "NRM" і "Крамбамбуля 1/2".
інфармацыя прэзэнтаваная кампаніяй West Records



НОВЫ ПРАЭКТ КІРЧУКА | 28.10.2003 |
Лідэру "Троіцы" Івану Кірчуку заўсёды было цесна ў рамках адной групы.
Ён ездзіць па Эўропе з тэатрам "Батлейка", выступае сольна (праграма "Варажбіт" ёсьць таму пацверджаньнем), а да таго ж яшчэ выкладае ў Менскім педунівэрсытэце.
І вось хутка мае выйсьці яшчэ адзін праект гэтага працавітага чалавека. Мае назву ён "Руны" і заарэнтаваны збольшага на расейскі музычны рынак.
"Нам прапанавалі зрабіць такі праект самі маскалі, чаму мы павінны адмаўляцца, калі ім цікавая беларуская культура?", - зазначае сам Кірчук.
Выдаўцом выступае кампанія MSH Records, вядомая па айчыннаму трыб'юту "дэпешаў", яна ў хуткім часе выпусьціць дыск адначасова ў Беларусі й Расеі.
Ад "Троіцы" гэты праект будзе розьніцца найперш электронным гучаньнем, хоць рэпертуар складаецца з тых песень, якія выконвала этна-трыё. І, канешне ж, гэты альбом зусім ня будзе падобны на тое, што Іван Іванавіч рабіў сольна - маецца на ўвазе "Спадчына загінуўшых вёсак" і "Варажбіт".
Галоўным гітом альбома абяцае стаць вэрсія песьні "Семь чарак гарэлкі", вядомая па канцэртам "Троіцы".
Сяргей Будкін



"URIAH HEEP" ПА-БЕЛАРУСКУ? | 29.10.2003 |
Яшчэ ня выйшаў другі альбом гурта "P.L.A.N." (наклад толькі адкатваецца на заводах бліжняга замежжа), а ўжо йдзе праца над трэцім.
Сябра гурта й даўні фэн "Uriah Heep" (урэшце, як і самі музыкі "P.L.A.N.у") , знакаміты рок-паэт В.Мартыненка нарэшце пераклаў геніяльны твор Кэна Хэнсьлі "Lady In Black" і гурт напісаў Кену Хэнсьлі ліст з прапановамі абмеркаваць умовы выкарыстаньня кампазыцыі ў "P.L.A.N.авай" вэрсыі.
Калі ўсё завершыцца добра, гэта будзе ўжо другі апублікаваны кавэр у творчай біяграфіі гурта "P.L.A.N.".
Першы (арыгінальная вэрсія песьні "Маё пакаленьне" by "NRM") можна будзе пачуць у жывым выкананьні 12 лістапада на прэзэнтацыі трыб'ют-альбому "Visa N.R.M." у КЗ "Менск".
інфармацыя прэзэнтаваная гуртом P.L.A.N.



КУЛЯШОЎ ЗАГУЧАЎ | 29.10.2003 |
Загучаў, ды яшчэ як!
Цягам гэтага году музыкі зь менскага гурта "Аналіз" утрапёна штудуюць паэму Аркадзя Куляшова "Сьцяг брыгады", якая ўразіла іх яшчэ ў школе перадусім рытмікай вершу й сваёй трагічнасьцю.
Менавіта да гэтага твору падыйшлі музычныя напрацоўкі, і было вырашана зрабіць, ня больш, ня менш, рок-опэру паводле прыгодаў савецкага жаўнера Алеся Рыбкі.
Тым, хто не палянаваўся за школьнай праграмаю прачытаць некалі Куляшова будзе цікава ацаніць гэты рок-эскпэрымент.
Ну, а астатнім раім замест спробаў знайсьці сцэнарны стрыжань у апошняе "Матрыцы Перазагрузцы", прачытаць пра прыгоды нашага Neo Вялікай Айчыннай Вайны - Алеся Рыбкі й кампаніі (г.з. і Мофіюсаў з Трыніцямі...).
Характэрная рыса гэтага альбому - разнастылёвасьць. Адзін з трэкаў - "Гадзіньнік" - літаральна на днях быў зьведзены Генадзем Сыраквашам. У бліжэйшы час яе можна будзе пачуць у нашым гіт-парадзе.
Плянуецца, што першая частка праэкту "Сьцяг брыгады" зь 10 кампазыцыяў-расповедаў выйдзе напрыканцы 2003 году.
Вецер Механічны, Сяргей Будкін.



"J_MORS" ЗАСЬПЯВАЛІ ПА-БЕЛАРУСКУ | 31.10.2003 |
На выдадзены з год таму і амаль нікім не заўважаны ў той час максы-сынгл "Web-дызайн" гурта "J-Mors" нарэшце зьявіўся попыт. Цікавасьць да "морсаўскіх" песень сяганула такой мяжы, што музыкам прыйшлося зрабіць дадатковы наклад дыску.
Безумоўна, зрабіла тут сваю справу пастанова Міінфармацыі пра 50% напаўненьне ФМ-этэру беларускімі песьнямі - за творы "J-Mors" адразу ж схапіліся ўсе(!) існуючыя айчынныя радыёстанцыі. "Айсбергі" ці той жа "Web-дызайн" не пачуў хіба толькі лянівы.
Музыкі вырашылі не проста дадрукаваць наклад дыску. Была ідэя дапоўніць дыск новымі песьнямі, але спыніліся на тым, што перазапісалі песьню "Глядзі" па-беларуску.
Цяпер на сынгле дзьве беларускамоўныя песьні (з 6 арыгінальных). Адна зь іх - "Прапанова" - у свой час нарабіла розгаласу ў музычных колах. Памідораў сьцярджаў, што ўдзельнікі "J-Mors" скралі ягоную мэлёдыю і скарысталі яе ў "Прапанове". Справу, здаецца, утрэсьлі .
Як кажа лідэр гурта Уладзімер Пугач, хутка зьявіцца і новы альбом "J-Mors" .
Колькі там будзе беларускіх песень невядома, але хочацца спадзявацца, што хваля музычнай беларусізацыі не абміне і гэтую таленавітую каманду.
Яшчэ з навінаў, што тычацца "J-Mors". На гэтым тыдні запрацаваў сайт групы па адрэсе http://www.jmors.of.by/.
6 лістапада аб 11-й гадзіне "J-Mors" сыграе некалькі песень у рамках адкрыцьця выставы "Пэрспэктыўныя тэхналёгіі й сыстэмы" (стэнд TUT.BY)
Сяргей Будкін



"АЛЯКСАНДРА І КАНСТАНЦІН" НЕ ПАРАЗУМЕЛІСЯ З ЖУРНАЛІСТАМІ | 02.11.2003 |
Падаецца, яшчэ зусім нядаўна дуэт "Аляксандра і Канстанцін" дэбютаваў са сваім альбомам "За ліхімі за марозамі", а між тым прайшло ўжо амаль два гады.
За гэты час "А і К" асвойталіся ня толькі ў сябе на Радзіме: шмат паездзілі па сьвеце - ад Казахстана да Нямеччыны. Дарэчы, зусім нядаўна ўзялі ўдзел у днях беларускай культуры ў ДЦКЗ "Расея". Кажуць, што той выступ так спадабаўся масквічам, што тыя адразу зьмялі дэбютны альбом дуэту.
Ну, і ўжо паўтары гады Аляксандра і Канстанцін зьяўляюцца артыстамі Дзяржаркестра РБ.
Днямі ў нацыянальным прэсавым-цэнтры адбылася прэзэнтацыя другога альбома музыкаў - "Сойка". На ім АіК вырашылі цалкам адмовіцца ад перапеваак блюзавых стандартаў - на кружэлцы можна пачуць дзевяць народных і адну аўтарскую песьню.
Аляксандра на прэс-канферэнцыі прапанавала журналістам разам выканаць загалоўную песьню (яна выконваецца толькі пад ляскат далоняў), але тыя адказалі сьцятым маўчаньнем. Ужывую Аляксандра ўсё ж прапела - "Сена", што сёлета ўзяла прыз за лепшую аранжыроўку на буйным фэсьце ў Астане.
Сваю разынку - мінімалісцкае гучаньне - АіК на альбоме пакінулі. Хоць ёсьць і эксперымэнты, дзеля якіх да запісу былі прыцягнуты вядомыя музыканты. У трох песьнях можна пачуць скрыпку Карэна Карапецяна ("Харлі", "Крыві"), гітару і бубны Віктара Маўчанава, флейту й сітар італьянскага музыкі Люцыяна Весялоўскага , на "Едзе сястра к брату" падыграў нават акардыяніст "Лепрыконсаў" Уладзімер Федарук.
На альбоме сабраныя ледзьве ня ўсе распаўсюджаныя народныя песьні -веснавыя, абрадавыя, жніўныя, валачобныя, любоўная лірыка. Да некаторых зь іх ("Пчолка", "Пара дамоў") музыку напісалі самі Аляксандра і Канстанцін. Галоўнага музыкі дабіліся - манера выкананьня адметная, можна казаць, што "А і К" сталі ў пачэсны шэраг разам з "Троіцай", "Крыві", "Палацам";.
Ужо па добрай завядзёнцы на альбоме айчыннага выканаўцы можна знайсьці кліп. Відыёрад да песьні "Пчолка" быў зьняты на сьвітанку, пасьля Купалаўскай ночы пад Ракавам, на рацэ Іслач. Зноў ж такі па-мінімалісцку, але з густам.
Музыканты прадаставілі для нашага гіт-параду песьню "Едзе сестра к брату" Пачуць яе можна ўжо ў трэцім туры.
Сяргей Будкін



ПАЎЛАЎ СТАВІЦЬ НА "ГАРАДЗКІХ" | 04.11.2003 |
Піту Паўлаву цяжка вызначыць, што для яго важней - "N.R.M." ці "Garackija", але сёньня ён усё ставіць на апошніх.
У пятніцу, 7 лістапада, "Гарадзскія" прэзэнтуюць свой альбом зь неафіцыйным назовам "Нэлегал". У канцэрце таксама возьмуць удзел: адзін з пераможцаў "Басовішча-2003" гурт "Індыга", "Куклы" і "Імпэтт".
Дарэчы, Дана - салістка "Імпэтт" - прыняла ўдзел у запісу "Нэлегала".
У свой праект Піт таксама запрасіў Алезіса Дземідовіча (бубнач "N.R.M."), маладых музыкаў Дзяніса Савіка й Аляксея Рудава, выкарыстаў духавую сэкцыю й цымбалы.
Канцэрт мае адбыцца 7 лістапада ў 19.00. у клюбе "Рэактар". Кошт квіткоў - у папярэднім продажу 4000 руб. (танцпол), 7000 руб. (столік), у дзень канцэрта - 5000 руб. (танцпол).
Яшчэ адна цікавостка - у гэты дзень Піт сьвяткуе свой дзень народзінаў, так што ёсьць магчымасьць павіншаваць яго уласна й непасрэдна.
З далейшымі захадамі па раскрутцы альбому Піт яшчэ не вызначыўся. "Можа здымем кліп на песьню "Плюшчыла-калбасіла", хоць гэта яшчэ ня пэўна".
У далейшым Паўлаў плянуе заакцэнтаваць увагу на яшчэ адным сваім праекце - "Pit Paff".



ВАРАШКЕВІЧ СТАЎ ЦМОКАМ | 04.11.2003 |
Пакуль удзельнікі групы "Крама" ездзяць на падпрацоўкі ў краіны няблізкага замежжа, лідэр калектыву Ігар Варашкевіч займаецца пабочным праектам удваіх зь вядомым беларускім гітарыстам Віктарам Маўчанавым. Музыканты запісалі пакуль тры песьні (усе ведаюць, што Варашкевіч ня любіць сьпяшацца): дзьве зь якіх ужо актыўна ратуюцца на радыёстанцыях ("Баба Лена" і "Я інакш не магу").
Тэксты напісала Настасься Гулак - вядомая рок-паэтка, музыку - Маўчанаў. Праект было вырашана назваць "Цмок і малыш", паводле аднаго з апавяданьняў Джэка Лёндана. У перспектыве плянуецца запісаць цэлы альбом беларускіх рок-н-ролаў.
А вось паслухаць Варашкевіча можна хіба толькі на сваёй сідзічцы ці ў нашым гіт-парадзе, бо чакаць на выступ ці "Цмокаў" ці "Крамы" у бліжэйшы час пакуль не выпадае.
Як паведамілі нашыя сябры з www.smotritel.com, сёлета спаўняецца ажно 15 год першаму беларускаму кліпу - "Ура" у выкананьні варашкевіцкай "Бонды".
Сяргей Будкін



Візу N.R.M. зможа атрымаць кожны | 06.11.2003 |
12 лістапада ў КЗ "Менск" адбудзецца прэзэнтацыя супольнага праэкту "Віза Незалежнай Рэспублікі Мроя". У той жа дзень у продажы зьявіцца кампакты й касэты з запісамі праэкту.
Удзел у кампіляцыі ўзяў 21 выканаўца, некаторыя зь іх па-беларуску засьпявалі ўпершыню, як то "Краскі", "J_морс".
Трэба сказаць, што ўдзел у "Візе..." "беларусізаваў" і астатнюю творчасьць некаторых гуртоў. Напрыклад, гурт "J-морс" пераклаў на беларускую мову сваю песьню "Смотри" ды склаў яшчэ адну новую.
Але ня ўсе знакамітыя айчынныя выканаўцы патрапілі на дыск. Так, напрыклад, "Ляпіс Трубяцкой" папросту не пасьпеў зрабіць сваю кавэр-вэрсію. Аналягічная сытуацыя ізь "Нэйра дзюбелям", Валікам Грышком і некаторымі іншымі. Не ўвасобіліся ідэя зрабіць трыб'ют інтэрнацыянальным: "Triquetra" з Польшчы, "Тартак" і "Танок на майдане Конга" з Украіны таксама не пасьпелі зрабіць песьні да вызначанага тэрміна.
Музыкі, якія выканалі песьні N.R.M. на трыб'юце могуць выкарыстоўваць іх на сваіх альбомах і канцэртах. Так ужо зрабілі гурты "Краскі" (песьня "Тры чарапахі") ды "P.L.A.N." ("Мае пакаленьне"). Дарэчы, з гуртом "P.L.A.N." праз гэта здарылася неспадзяванка: спонсар альбому - піўны брэнд "Аліварыя" - адмовіўся далей фінансаваць выпуск новага альбому. Кіраўніцтва заводу ўбачыла ў "Маім пакаленьні" палітычна неблаганадзейны тэкст.
Яшчэ адна прыемная навіна для прыхільнікаў N.R.M. ад стваральнікаў трыб'юту. Кожны, хто набудзе дыск зможа атрымаць візу Незалежнай Рэспублікі Мроя. Для гэтага трэба выразаць з CD-буклету пусты бланк візы, запоўніць яго ды адаслаць на пазначаную там адрэсу. У адказ вы атрымаеце зарэгістраваную візу з унікальным номерам, пячаткай ды подпісамі міністраў.
Гэтая акцыя сталася працягам "пашпартызацыі" грамадзян Незалежнай Рэспублікі Мроя, якая праводзілася падчас выпуску альбому "Пашпарт грамадзяніна N.R.M." на пачатку 1999 году. Але ж тады пашпарты атрымалі ня ўсе фаны гурту, таму што акцыя праводзілася ў абмежаваныя тэрміны.
Дык вось ініцыятыва па легалізацыі знаходжаньня ў Незалежнай Рэспубліцы Мроя працягваецца...
Аляксей Мінчонак



Сьвята Піта | 09.11.2003 |
Рэпартаж з "Рэактара".
Гісторыя паказвае, што 37 для песьняра - вельмі складаны ўзрост. Аднак Піт Паўлаў пакуль не засмучаецца.
Наадварот, свой чарговы Дзень народзінаў гітарыст N.R.M., як сапраўдная супэрзорка, адзначыў канцэртам - прэзэнтацыяй свайго чарговага сольнага праекту. Хаця, кажучы праўду, гурт Піта "Garackija" крыху згубіўся паміж гуртамі, якія прыйшлі павіншаваць яго - IMPATT, INDIGO і КУКЛЫ.
Абвясьціўшы, што хутка на сцэне зьявіцца IMPATT, Паўлаў са сцэны зьнік. Пакуль Дана адцягвала ўвагу гледачоў, Піт незаўважна прайшоў праз танцпол і сеў за адзін са столікаў. Дзіўна, але ні на яго, ні на астатніх музыкантаў, якія раз-пораз зьяўляліся ў залі, гледачы ўвагі не зьвярталі. Няўжо не цікава??? Не разумею...
Сьпеўшы колькі ўласных песень на ўсіх дзяржаўных мовах нашай краіны, IMPATT на дэсэрт падалі кавэр на "Чыстая-сьветлая" з трыб'юта N.R.M., які днямі мае выйсьці. Адны зь пераможцаў сёлетняга "Басовішча" - INDIGO - ня вельмі адрозьніваліся ад папярэдніх выступоўцаў. Хіба што пры канцы сваёй часткі канцэрту сьпелі кавэр не на N.R.M., а на "Zepeliny" НОВАГА НЕБА. "Garackija - лепшыя людзі ў горадзе", - заявіў Піт, і ўсе чакалі лепшых людзей. Здаецца, нават Зьміцеру Падбярэзскаму, што сядзеў праваруч, надакучыла шукаць дзесяць адрозьненьняў паміж IMPATT і INDIGO. Каб час не праходзіў дарэмна, экспэрт "Тузіна гітоў", як усе, набыў бутэлечку "Балтыкі".
Garackija зьявіліся трэцімі. У гурце некалькі сэсыйных музыкаў - з большага гэта ўдзельнікі PETE PAFF. У ролі бэк-вакаліста дэбютаваў Алезіс. Побач з Паўлавым зьявіліся духавая сэкцыя й цымбалы. Менавіта бясконцае перасоўваньне цымбалаў зь месца на месца й стала асноўнай разынкай выступу каманды Паўлава.
Нейкі час усіх па-сапраўднаму "калбасіла й плюшчыла", асабліва моцныя ўражаньні пакінуў "Сіні апэльсін". Відавочна, Глёбус быў п'яны, калі пісаў гэты верш. Раю ўсім прыдбаць альбом, бо пра "Сіні апэльсін" немагчыма напісаць так, каб вы зразумелі.
Пасьля выхаду апошняй групы КУКЛЫ ўсе канчаткова зьехалі з глузду,. Апошняй, значыць - у якасьці хэдлайнэраў. Гэта дзіўна, калі ўзгадаць пра нагоду, зь якой людзі прыйшлі ў "Рэактар". Але такі расклад можна патлумачыць яшчэ й тым, што пасьля вар'яцкіх танцаў пад сьпевы Sanki зьнясіленым падлеткам больш ніякай музыкі ня трэба. КУКЛЫ выклаліся на поўную, таму, калі гледачы выходзілі зь клюба, няшмат хто зь іх узгадваў пра Піта Паўлава і гурт Garackija.
Павал Сьвярдлоў a.k.a. Hattiphnat,
www.smotritel.com, адмыслова для "Тузіна гітоў"





рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!