. .
Тузін гітоў



архіў музычных навінаў за Кастрычнік 2005


Я і Ленін | 03.10.2005 | “Ліцьвінам” далі мэдаль | 04.10.2005 | “Куклы” там і тут | 05.10.2005 | Плясанаў задумаў цыкль альбомаў | 06.10.2005 | "Запяі мне песьню" | 08.10.2005 | 15-ае “Рок-кола” | 10.10.2005 | “J_Moрс” – у рэгіёны! | 10.10.2005 | Хаменка і Будкін на “Радыё Свабода” | 11.10.2005 | Рок - за баброў! | 12.10.2005 | «Крамбамбуля» абяцае «Сьвята» на Каляды | 13.10.2005 | "OSIMIRA" рушаць у Скандынавію | 15.10.2005 | Рэзыдэнты "рэвалюц-року" | 15.10.2005 | “Яр” выклікае дрыжыкі | 17.10.2005 | Дзьве гадзіны з Гіланам | 17.10.2005 | “J_Морс” – вытанчаны і пыхлівы | 18.10.2005 | МTV: No content | 20.10.2005 | “Pink Floyd” для ліцэістаў | 24.10.2005 | beZ bileta: другая экранізацыя | 24.10.2005 | “Бабры” адпелі сваё | 25.10.2005 | “Indiga” не стаіць на месцы | 25.10.2005 | “Саша і Сірожа” шукаюць герояў для кліпа | 26.10.2005 | “Рок-каранацыя” адраджаецца | 26.10.2005 | “Pete Paff” скарылі Ўроцлаў | 27.10.2005 | Міхаіл Фінберг: “Нам не хапае Асобы” | 27.10.2005 | “Зьмяя”: іх новы “ГОСТ” | 29.10.2005 | “Палац” перавыдаецца | 29.10.2005 | “Гэй-лолі” выдаецца на CD | 31.10.2005 |


Я і Ленін | 03.10.2005 |
Наш карэспандэнт на адкрыцьці музычнага сэзона ў Беларускай філярмоніі. Вершы Уладзімера Маякоўскага жывуць ня толькі ў творчасьці Вайцюшкевіча. Саліст Алег Мельнікаў пеў пра тавырыша Маўзэра, квітнеючую савецкую краіну і пакой, у якім толькі ён і Ленін. У другім аддзяленьні давалі "Малюнкі свяшчэннай Русі"...
1 кастрычніка ў дзяржфілярмоніі, у вялікай канцэртнай залі, адбылося адкрыцьцё канцэртнага сэзону 2005-2006. Заплянавана сэрыя канцэртаў пад назвай "Дырыжуе Аляксандр Анісімаў". Якраз 1 кастрычніка ва ўсім сьвеце сьвяткуюць міжнародны дзень музыкі, па-другое, гэта дзень народзінаў расейскага кампазытара Сьвірыдава.
Як высьветлілася вершы Уладзімера Маякоўскага жывуць ня толькі ў творчасьці Вайцюшкевіча, а яшчэ і ў творах Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі імя Рыгора Шырмы. Саліст Алег Мельнікаў вельмі гнеўна распавядаў "Патэтычную араторыю" на музыку Сьвірыдава, з пачуцьцём і адпаведным патасам прамаўляў: "Вам слово, товарищ Маузер!", "Я знаю, город будет, я знаю, саду цвесть, когда такие люди в стране советской есть!", "В комнате двое: я и Ленин".
Як па мне, дык гучала жудасна. Мая выпадковая суседка ўсхвалявана гаварыла свайму мужу: "Ах, ах! Я ніколі не ўспрымала Маякоўскага: ён не чытаўся... Але, ах, ах, як прыгожа ён пяецца!". Цікава, яна наогул услухоўвалася ў гэтую "прыгажосьць"?
Другое аддзяленьне. Стравінскі - "Вясна свяшчэнная: малюнкі паганскай Русі". Вясны не было і блізка. Прычым тут наогул вясна, ніхто не зразумеў. І да чаго Русь -- таксама. У брашурцы, праўда, была пазначана нагода: "Год культуры Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь".
"Для нас вельмі важна, што ёсьць свая публіка. Гэта вялікая радасьць граць гэтую музыку. Вельмі добра, што з'яўляюцца новыя маладыя людзі. Нехта прыходзіць пазнаёміцца з музыкай, нехта -- паглядзець адрэстаўраваную залю", -- гаварыў Аляксандр Анісімаў. А потым віншаваў усіх са сьвятам і казаў: "Якое ж можа быць сьвята без Пятра Ільіча Чайкоўскага!". І тут прагучала сапраўдная восень. Лёгка, шпарка, сінякрыла і дарэчы. Толькі сумна. Вельмі сумна. Нам застаецца толькі спадзявацца, што сумесны беларуска-галяндзкі музычны праект "Якаб Тэр Фэльдхаўз Golden Rush" з удзелам вялікага сымфанічнага аркестра і ўдарных інструмэнтаў з салістамі Г. Гімена і Л. Фэррандзізам пройдзе пасьпяхова (25 лістапада).
А 8 чэрвеня 2006 адбудзецца яшчэ адна значная падзея: канцэртна-сцэнічнае выкананьне опэры "Аіда", якую так любіў прафэсар Прэабражэнскі, з удзелам інтэрнацыянальнага складу салістаў, зводнага хора, сымфанічнага аркестра і ўзорна-паказальнага аркестра Ўзброеных сілаў РБ. Маю спадзяваньне, што нам ня будзе сорамна перад Булгакавым.
Марыя Грудзько, "Тузін Гітоў"




“Ліцьвінам” далі мэдаль | 04.10.2005 |
Лідэр фальклорнай групы “Ліцьвіны” Уладзімер Бербераў атрымаў на днях мэдаль. Але не ад дзяржавы. За ўнікальны унёсак у адраджэньне традыцый беларускага фальклорнага выкананьня ён узнагароджаны мэдалём Міхася Забэйды-Суміцкага. Яна ўручаецца тым творцам, якія не маюць шанцаў быць ушанаванымі дзяржавай.
Гэты фальклорны гурт вы не сустрэнеце ў сьпісах запрошаных на дзяржаўныя сьвяты, убачыць іх на тэлевізіі – вялікая ўдача, але альбомы з цудоўнымі песьнямі і інструмэнтальнымі нумарамі “Ліцьвіноў” ёсьць у фанатэках усіх прыхільнікаў беларускага фальклору. У тым, што гэтыя дыскі трапляюць да беларусаў – немалая асабістая заслуга лідэра групы Уладзімера Берберава.
На днях у Старых Дарогах адбылася важная для гістарычнай памяці нашага народа і краіны падзея – пры вялікай колькасьці гасьцей і жыхароў гораду, пры ўдзеле ваяроў клюбу “Рыцары Вялікага Княства” (кіраўнік А. Вячорка) афіцыйна адкрыты першы ў Беларусі помнік Героям Грунвальда. Манумэнт паўстаў дзякуючы намаганьням сяброў культурна-асьветнага клюбу “Спадчына” на сядзібе Музэя выяўленчага мастацтва, фонд Анатоля Белага.
Пад час афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця помніка адбылася яшчэ адна важная культурніцкая падзея – за вялікія дасьледчыя і творчыя намаганьні, за ўнікальны унёсак у адраджэньне традыцый беларускага фальклорнага выкананьня мэдалём Міхася Забэйды-Суміцкага з надпісам “Салаўю Беларускага Адраджэньня” ўзнагароджаны вядомы беларускі фальклярыст, калекцыянэр музычных інструмэнтаў, музыка і лідэр фальклорнага гурту “Ліцьвіны” Уладзімір Бербераў. Мэдаль Забэйды-Суміцкага – узнагарода грамадзкая, але пачэсная. Яна ўручаецца дасьледчыкам, выканаўцам ці калектывам па прапанове Камітэту ўшанаваньня клюбу “Спадчына” (старшыня прафэсар А. Грыцкевіч) тым творцам, якія ня маюць шанцаў быць ушанаванымі дзяржавай.
У сваёй прамове, прысьвечанай гэтай узнагародзе, Уладзімер Бербераў сфармуляваў сваё крэда так:
У творчасьці трэба арыентавацца на традыцыю, але не на нейкую “кансэрву”, трэба захоўваць у музыцы, нават самай сучаснай этна-вызначальныя рысы. Прыкладам, у пачатку ХХ стагодзьдзя пазьнейшыя ўзоры фальклору захавалі пазнавальныя старажытныя рысы. Давайце ня будзем дурнейшымі за продкаў.
Вядома, што Уладзімер Бербераў – адзін з пачынальнікаў і вэтэранаў D.I.Y.—руху (ад анг. Do It Yourself – Зрабі гэта сам) ў Беларусі. У нашай краіне гэты рух ахоплівае ня толькі панк-культуру ці хардкор, але і ўсё, што зьвязанае зь беларускамоўнай музыкай, нават фальклорных выканаўцаў. Уладзімер Бербераў сам рыхтуе дыскі гурту “Ліцьвіны” да выданьня, асабіста вядзе перамовы з вытворцамі, сам займаецца дыстрыбуцыяй альбомаў “Ліцьвінаў”.
Уладзімер Бербераў:
Так склалася гістарычна, калі ў свой час мы ўзяліся за выданьне касэты з альбомам “Голуб на чарэшні, галубка на вішні” (1992 год), я ня ведаў якія ў Беларусі ёсьць выдавецкія структуры (у той час існавала толькі фірма “Каўчэг”). Давялося саматужным шляхам наладжваць выданьне і распаўсюджваньне нашых запісаў і альбомаў. Я выконваю фальклор. Але я люблю ўсялякую добрую, таленавітую музыку. Таму прымаў прапановы да ўдзелу ў запісах ад гуртоў “P.L.A.N.” і “Зьніч”. Акрамя гэтага, я дзялюся сваім вопытам зь іншымі - дапамагаю ў выданьні альбомаў розным беларускі гуртам і выканаўцам.
Што ж тычыцца плянаў на выданьне новых альбомаў гурту “Льцьвіны”, то яны зьвязаныя зь перавыданьнем на CD-audio тых альбомаў, што былі прадстаўленыя на касэтах.
Уладзімер Бербераў:
На жаль, мы зараз “завісьлі” на перавыданьні на CD старых альбомаў, што выходзілі на касэтах - “Неба і земля” (1994) і “Пятае сакавіка” (1996). Дыскі гатовы, а вось на выданьне паліграфіі сродкаў пакуль не зарабілі. Але, зьяўленьне гэтых дыскаў на CD – справа часу. З гэтай сытуацыі мы зробім выснову – выдаваць дыскі мінулых гадоў трэба па чарзе!
Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"


“Куклы” там і тут | 05.10.2005 |
Свой новы альбом “Дисциплина хаоса” група “Куклы” прэзэнтуе ня толькі на Беларусі, але і на Ўкраіне. 14 кастрычніка ў клюбе “Рэактар” група будзе хэдлайнэрам на вялікім канцэрце з удзелам груп “Крок”, “Partyzone” і “Sok”, на канцэрт абяцае зайсьці Макс Мірны – зацяты прыхільнік творчасьці гэтай групы...
Свой новы альбом “Дисциплина хаоса” група “Куклы” прэзэнтуе ня толькі на Беларусі, але і на Ўкраіне. Заплянаваны выступы ў Менску, Віцебску, Гомелі і Кіеве. Менская прэзэнтацыя мае адбыцца 14 кастрычніка ў клюбе “Рэактар”. “Куклы” будуць хэдлайнэрамі на вялікім канцэрце з удзелам груп “Крок”, “Partyzone” і “Sok”, на канцэрт абяцае зайсьці Макс Мірны, які выявіў сваю любоў да творчасьці гэтай гард-коравай каманды яшчэ на фэсьце “Генэралы айчыннага року”. Лідэр групы Сяргей Дубовік згадвае, што пазнаёміўся са славутым тэнісістам з паўтара гады таму: “Высьветлілася, што Макс сам някепска грае на гітары і разьбіраецца ў сучаснай музыцы. Я запрасіў яго на наш выступ у межах фэсту “Генэралы айчыннага року” і яму вельмі спадабалася. Нядаўна сустрэліся і ён выявіў жаданьне прыйсьці і наш канцэрт 14-га”.
Крыху філязофіі і рок-н-ролу да цяжкіх гард-коравых рыфаў – такім атрымаўся новы альбом групы “Куклы”. Група “маўчала” тры гады – з часоў выданьня “Звукового оружия” - досыць пасьпяховага альбома, які перавыдаваўся яшчэ цягам двух год пад рознымі назвамі і ў розных краінах. У параўнаньні з той праграмай, “Куклы” пасталелі: музычны малюнак стаў куды багацейшым на фарбы, а тэксты больш удумлівымі. 20 кастрычніка “Куклы” граюць у Віцебску, 4 лістапада ў Гомелі, а 5-га адбудзецца прэзэнтацыя альбому ў Кіеве.
Калі: 14 кастрычніка, пятніца
Дзе: клюб “Рэактар”
Пачатак: 18.00
Кошт квітка: 9000 – 12000 руб.
SB




Плясанаў задумаў цыкль альбомаў | 06.10.2005 |
Лідэр групы “P.L.A.N.” Андрэй Плясанаў: Я вырашыў запісаць свае песьні, што былі створаныя раней, у народным стылі, у акустычным варыянце. Такіх кампазыцый у мяне назьбіралася шмат і было вырашына аб’яднаць іх у сэрыю маіх сольных альбомаў пад агульнай назвай “Piosenki samotnego licvina”.
Сканчваецца праца над студыйным unplugged-альбомам вядомага беларускага блюзавага музыкі, лідэра гурта “P.L.A.N.” Андрэя Плясанава. Цяпер на яго ўласнай студыі адбываецца кампутарная апрацоўка і даводка ўсіх запісаных вакальных і інструмэнтальных партыяў. Дапамогу аўтару ў гэтай справе аказвае гукарэжысэр Генадзь Сыракваш.
Андрэй разьлічвае, што новы альбом зацікавіць аматараў беларускай рок-музыкі. На ім будуць запісаныя не зусім традыцыйныя для выканаўцы блюза і рытм-энд-блюза песьні. Кожны новы альбом групы “P.L.A.N.” – своеасаблівы крок да сусьветнапрызнаных стандартаў у гуказапісу. А тое, што настаўнік Плясанава-гукарэжысёра – Генадзь Сыракваш - зьяўляецца дарадцам на гэтым запісу, гарантуе высокі ўзровень альбому. Да таго ж, вокладку новага дыска выканалі сапраўдныя майстры беларускага плякату – У. Цеслер і С. Войчанка. І гэтая акалічнасьць дадасьць новаму дыску сапраўднага шарму!
Андрэй Плясанаў распавядае пра гісторыю стварэньня сольнай працы:
- Я вырашыў запісаць свае песьні, што былі створаныя раней, у народным стылі, у акустычным варыянце. Такіх кампазыцый у мяне назьбіралася шмат і было вырашына аб’яднаць іх у альбом “Piosenki samotnego licvina”, я наважыўся быў выдаваць цыклямі: Частка 1, Частка 2… Але мой сябра і аўтар тэкстаў шматлікіх маіх песень Вітаўт Мартыненка параіў мне больш абгрунтваны маркетынгавы ход – зрабіць назву “Piosenki samotnego licvina” агульнай для сэрыі маіх сольнікаў. А да кожнага па асобку дадаваць асобныя тытулы. Напрыклад гэты альбом мы прадстаўляем пад назвай “Znic Nadzieji”.
Наступны альбом можа быць, напрыклад, гумарыстычным, у духу “Крамбамбулі”. Але нашая бліжэйшая пасьля “Piosenеk” справа – завяршэньне запісу альбома гурта “P.L.A.N” пад назвай “Брама ў вырай”…
Трэба адзначыць што хоць сольнік Андрэя Плясанава і зьяўляецца асабістым праектам музыкі, удзел у ім прымаюць шмат запрошаных музыкаў – больш за дзесяць асобаў. Па структуры альбом будзе ўяўляць сабой своесаблівую музычную сюіту з уступам і 11 лірычных кампазыцый. Па “планаўскай” традыцыі на дыску будзе зьмяшчацца мультымэдыйная частка ў выглядзе запісаў live-выступаў на БТ– песьні “Добрай табе раніцы, Беларусь!”, “Туман-бацюхна” і “Шынкарачка”.
8 кастрычніка ў кавярні “Beatles” будзе праходзіць музычная вечарына, прысьвечаная дню народзінаў Джона Ленана. На гэтую імпрэзу запрошаны і Андрэй Плясанаў – шматгадовы прыхільнік творчасьці “Beatles” – які акрамя песень улюбёнага гурта прадставіць некалькі кампазыцый і з альбому “Piosenki samotnego licvina”.
Днямі ў групы “P.L.A.N.” зьявіўся ўласны сайт – www.p-l-a-n.com, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю групы.
Анатоль Мяльгуй, “Тузін Гітоў”




"Запяі мне песьню" | 08.10.2005 |
Беларускія музыкі аддадуць даніну павагі беларускай паэтцы Ларысе Геніюш, якой сёлета споўнілася бы 95 год. "Асоба паэткі сама па сабе ўнікальная і вартая ўвагі, а вершы, якія яна пісала - самыя песенныя і мэлядычныя ў беларускай паэзіі", - тлумачыць завадатар праекту Віталь Супрановіч.
Пасьля прысьвячэньняў "Песьнярам", "Depeche Mode" і "N.R.M." беларускія музыкі аддадуць даніну павагі беларускай паэтцы Ларысе Геніюш, якой сёлета споўнілася бы 95 год. Гэтай ідэяй запаліўся музычна-выдавецкі лэйбл "БМАgroup". "Асоба паэткі сама па сабе ўнікальная і вартая ўвагі, а вершы, якія яна пісала - самыя песенныя і мэлядычныя ў беларускай паэзіі", - тлумачыць завадатар праекту Віталь Супрановіч. Ужо вядома, што ў праект увойдуць песьні ў выкананьні Веранікі Кругловай ("Беларуска"), "Беларускіх Песьняроў" ("Краю мой родны"), "Deadmarsh" ("Родны кут"), польскай групы "Белы сон" ("У сэрца мне"). Дыск абяцае быць разнаплянавым і не абмяжаваным стылістычна: свае песьні на вершы Геніюш, напрыклад, рыхтуюць поп-праект "Южный ветер", блюзмэны з "P.L.A.N.", барды Алесь Камоцкі і Віктар Шалкевіч. Працэс збору фанаграмаў для праекту пакуль ня скончыўся, таму кожны беларускі музыка яшчэ можа зьвярнуцца са сваімі прапановамі да ініцыятараў праекту. Выхад дыску і яго канцэртная прэзэнтацыя заплянаваныя на сярэдзіну лістапада.
SB




15-ае “Рок-кола” | 10.10.2005 |

З 2 па 4 сьнежня ў Полацку адбудзецца ўсебеларускі форум рок-музыкі – юбілейны, 15-ты па ліку фэст “Рок-кола”, на якім будуць прадстаўленыя самыя моцныя каманды, што выконваюць жывую музыку. “Рок-кола” – адзіны рок-фэст у межах Беларусі, які мае такую багатую гісторыю.
З 2 па 4 сьнежня ў Полацку адбудзецца ўсебеларускі форум рок-музыкі – юбілейны, 15-ты па ліку фэст “Рок-кола”, на якім будуць прадстаўленыя самыя моцныя каманды, што выконваюць жывую музыку. “Рок-кола” – адзіны рок-фэст у межах Беларусі, які мае такую багатую гісторыю. За гэты час у Полацку выступілі ці ня ўсе вядомыя беларускія рок-каманды, менавіта з “Рок-кола” пачынаецца гісторыя такіх каманд, як “Бі-2” (Бабруйск, цяпер Масква), “Стокс” (Наваполацак, цяпер Менск), “Отражение” (Мазыр) і, канечне, беларускай рок-легенды “Мясцовы час”.
Дырэктар фэсту Сяргей Анішчанка кажа, што сёлета крыху зьмененыя правілы падачы заяваў і падвышаны патрабаваньні да выканаўчага майстэрства музыкаў. Ён плянуе правесьці юбілейнае “Рок-кола” на самым высокім узроўні.
Цікава, што ў межах фэсту будзе праходзіць унікальная выстава – “Гісторыя беларускага року”. Для агляду будуць выстаўлены асабістыя рэчы, інструмэнты легендарных беларускіх музыкаў, музычныя матэрыялы, фотаздымкі і шмат чаго іншага.
Інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” выступае інфармацыйным спонсарам 15-га фэсту “Рок-кола”. Мы будзем сачыць за навінамі фэсту.
Заявы да ўдзелу прымаюцца праз: rokash@tut.by, ralex@telegraf.by
SB


“J_Moрс” – у рэгіёны! | 10.10.2005 |
Група “J_Moрс” едзе прэзэнтаваць дыск лепшых песень “Маё сонца” туды, дзе канцэрты арганнай музыкі маюць большы попыт, чым выступы поп-зорак. Ня кожны беларускі артыст без падтрымкі аркестра Фінберга наважыцца на такое. З 16 кастрычніка па 4 лістапада група гастралюе па краіне.
Ня кожны беларускі артыст без падтрымкі аркестра Фінберга наважыцца на гастрольны тур па Беларусі. Колькі раз зрываліся канцэрты ў рэгіёнах і поп-зорак і рок-выканаўцаў. Былі выпадкі, калі на канцэрты Анафасьевай ці “Нэйра дзюбеля” у правінцыі набывалі толькі 5-6 квіткоў: ці то слабая рэкляма, ці то задарагія квіты. Групу “J_Moрс” гэтыя акалічнасьці не пужаюць: з 16 кастрычніка па 4 лістапада музыкі заплянавалі тур на гарадах Беларусі. Пачнуцца гастролі з прэзэнтацыі дыска лепшых песень “Маё сонца” ў сталічным КЗ “Мінск”, дзе з поўгады таму адбыўся самы пасьпяховы канцэрт “морсаў” у іхняй гісторыі. Празь дзень група ўпершыню выступіць на малой радзіме свайго лідэра – Уладзімера Пугача – у Пінску. “Ня ведаю нат, які з гэтых двух канцэртаў для мяне найбольш адказны. У Пінску – надта пераборлівая публіка. Канцэрты арганнай музыкі тут маюць куды большы попыт, чым выступы поп-зорак, якія часьцяком адмяняюцца. Спадзяюся, што мы здамо гэткі своеасаблівы іспыт”, - кажа Пугач. Цікава, што ў Пінску бацькі Пугача ўпершыню патрапяць на канцэрт сына. Надалей заплянаваны канцэрты ў Берасьце, Баранавічах, Горадні, Лідзе, Бабруйску і Магілёве. У некаторых беларускіх гарадах “морсы” ужо выступалі ўлетку і прыгадваюць тыя гастролі з задавальненьнем: “Падчас тых канцэртаў гледачы сьпявалі разам з намі нават грамчэй, чым у Менску. І на вуліцах нас пазнавалі. Тады мы давалі ў клюбах караценькія канцэрты, цяпер жа будзем выступаць у вялікіх залях з паўнавартаснай праграмай на дзьве гадзіны”, - апавядае Пугач. Музыка падкрэсьлівае, што канцэрты ў рэгіёнах для “J-Moрс” – справа адказная і стаўленьне да такіх выступаў ва ўсіх удзельнікаў група асаблівае, бо усе яны паходзяць зь невялікіх беларускіх гарадоў: Пугач зь Пінску, гітарыст Раман Арлоў з Навапалоцку, басіст Аляксей Зайцаў з Гомеля, а бубнач Міхал Пэнда зь Ліды.
Дакладны сьпіс канцэртаў (можа папоўніцца):
16.10 – Менск, КЗ “Менск”, 19.00
17.10 – Берасьце, Палац чыгуначнікаў, 19.00
18.10 – Пінск, Дом культуры, 19.00
19.10 – Баранавічы, Дом культуры, 19.00
26.10 – Горадня, Філярмонія, 19.00
27.10 – Ліда, Дом культуры, 19.00
3.11 – Бабруйск, клюб “Раяль”, 21.00
4.11 – Магілёў, клюб “Джокэр”, 21.00
SB



Хаменка і Будкін на “Радыё Свабода” | 11.10.2005 |
Рэдактар “Тузіна Гітоў” Сяргей Будкін: “ТГ - аазыс у балоце беларускай музыкі”. Вядучы радыёвэрсыі гіт-параду Алег Хаменка: “Мне хочацца, каб ТГ быў нацыянальным беларускім гіт-парадам, як “Маладэчна” у свой час. А ў афіцыйных гіт-парадах з трыццаці песень звычайна толькі адна беларускамоўная...”
Неўзабаве спаўняецца два гады з таго часу, як у сусьветным сеціве зьявіўся новы сайт, які атрымаў назву “Тузін Гітоў”. І дагэтуль гэта адзінае месца ў Інтэрнэце, дзе раз на два тыдні сярод тузіна песень і мэлёдыяў у выкананьні беларускіх музыкаў вызначаюцца лепшыя і, адпаведна, горшыя, якіх у наступным туры зьмяняюць навічкі. Меў напачатку “Тузін Гітоў” і ўласную радыёвэрсію на хвалях менскай станцыі радыё “Рокс”, аднак кіраўніцтва радыё спыніла дамову. Ды на працягу вось ўжо больш чым дваццаці тыдняў радыёвэрсія “Тузіна” гучыць на хвалях радыё “Мінск” зь вядучым Алегам Хаменкам. А неўзабаве ў продажы павінен зьявіцца і зборны альбом з запісам таго тузіна гітоў, якія набралі большасьць галасоў на згаданым сайце паводле вынікаў музычнага сэзону 2004—2005.
Такім чынам, у студыі Радыё Свабода — журналіст сайту “Тузін Гітоў” і ня толькі Сяргей Будкін і вядучы радыёвэрсіі гэтага гіт-параду і ня толькі Алег Хаменка. Дзень добры вам, спадарства! І першае пытаньне табе, Сяргей. Ствараючы два гады таму гэтую старонку ў сеціве, вы сапраўды спадзяваліся на працяглае жыцьцё?”
(Сяргей Будкін: ) “Некалі мы ўжо былі ў студыі Радыё Свабода і дзяліліся сваімі плянамі. У іх уваходзілі і радыёвэрсія, і дыск, і таму мы проста выконваем тое, што абяцалі”.
(Падбярэскі: ) “Алег! Калі ты даў згоду выступаць вядучым радыёвэрсіі “Тузіна”, значыць, ты быў нечым зацікаўлены? Але ж чым?”
(Алег Хаменка: ) “Мне падавалася гэта даволі сур’ёзнай ідэяй, і яна сапраўды атрымліваецца. Я думаў, што змагу дапамагчы зрабіць такую радыёвэрсію, якая б паўплывала на тое, каб гэтая ідэя стала больш якаснай, больш дасьведчанай”.
(Падбярэскі: ) “Ты там выступаеш у якасьці проста вядучага ці, можа, нават выконваеш нейкія такія мэнтарскія функцыі, настаўніка?”
(Хаменка: ) “Я імкнуся ўсё ж такі, каб мэнтарскія функцыі былі самыя-самыя маленечкія. Толькі, можа быць, дзесьці сваё асабістае стаўленьне да нейкай песьні я магу выказваць. Мне падаецца, што вось такое галасаваньне, інтэрнэтнае, дае нейкі новы фармат, і калі я ўжо слухаў напрыканцы музычнага сэзону апошнія песьні, якія абіралі слухачы, — гэтыя песьні былі проста цудоўныя! Я лічу, што яны далі значную фору любым музычным складанкам Расеі ці Польшчы. Мне падабаецца, што стала больш рэгіянальных камандаў. Для мяне гэта было адкрыцьцём, таму што, канечне, больш за ўсё інфармацыі я меў зь Менску. А тое, што мы спрабавалі знаходзіць песьні з рэгіёнаў, і тое, што яны сапраўды якасныя, — гэта супэр!”
(Падбярэскі: ) “Адкажыце, калі ласка, наколькі частата зьяўленьня айчынных выканаўцаў у эфіры працуе на іх папулярнасьць?”
(Хаменка: ) “Магчыма, што колькасьць зможа перарасьці ў якасьць. Але так, як гэта было зроблена цяпер у Беларусі… Гэта было непрадумана, і сапраўды гэтыя 75% прапануюць круціць радыёстанцыям ня дзеля таго, каб раскручваць нейкіх беларускіх выканаўцаў. У першую чаргу, гэта — грашовыя моманты. Дзеля таго, каб не плаціць так званых аўтарскіх грошай па-за межы Беларусі, і прапануюць 75%. І толькі 25% аўтарскіх ідуць па-за межы. Што атрымліваецца? Зноў атрымліваецца, што мы сядзім у нейкім балоце, якое абнесена дротам”.
(Будкін: ) “Тузін Гітоў” можна назваць аазай у гэтым балоце, бо песьні праходзяць пэўную фільтрацыю. Калі ўзяць мінулы сэзон, дык спачатку галасавалі слухачы, потым, калі адабралі лепшыя песьні, — экспэрты, а па выніках экспэртных — зноў слухачы. Такім чынам, мы проста адабралі найлепшае з таго, што было. З шасьцідзесяці песень адабралі дванаццаць, якія й будуць на дыску”.
(Хаменка: ) “Я быў абсалютна згодны з тым, як прагаласавалі і слухачы, і тыя, хто разглядаў усіх на гэтым сайце”.
(Падбярэскі: ) “Сяргей! Вядома, што неўзабаве будзе выдадзены зборнік зь лепшымі кампазыцыямі мінулага сэзону...”
(Будкін: ) “Туды ўвайшлі дванаццаць пераможцаў мінулага сэзону плюс трыццаць песень у фармаце mp3, якія адбіралі мы ўжо самі па выніках двух гадоў нашага існаваньня. Атрымалася ўнікальная для Беларусі складанка, калі ёсьць і mp3, і песьні ў звычайным CD-фармаце. Плюс туды ўвойдуць нейкія рарытэтныя вэрсіі, як, напрыклад, песьня ў выкананьні Лявона Вольскага на вершы Караткевіча, якая нідзе не выдавалася, беларускамоўныя песьні “Ляпісаў” і Ірыны Дарафеевай. Абмежаваны стылёва ён таксама ня будзе. Мы ўклалі грошы свае ў выданьне гэтага дыску, але думаем, што ўсё атрымаецца”.
(Хаменка: ) “Але… Сорак песень!”
(Падбярэскі: ) “Спадзяюся, што гэтыя грошы, яны па-за межы Беларусі ня выпусьцяць. Калі заробяць… А вось цяпер хацелася б пачуць меркаваньні як з боку рэдактуры, так бы мовіць, і вядучага: а чаго, на ваш погляд, не хапае ў сёньняшнім “Тузіне”? Пэўных стыляў, геаграфіі, узроўню?”
(Хаменка: ) “Мне здаецца, што калі ўся справа будзе рухацца наперад якасна, будзе больш вопыту, і гэта паспрыяе росту якасьці ў тым кірунку, у якім гэта цяпер робіцца на радыё ў Эўропе. Мне хацелася б, каб, канечне, гэта быў усё ж такі лепшы нацыянальны парад, нацыянальны беларускі, як “Маладэчна” ў свой час. У лепшы час гэты фэстываль быў нацыянальным беларускім. Усе ж афіцыйныя музычныя гіт-парады, якія цяпер праходзяць у Беларусі, такія, што з трыццаці песень звычайна толькі адна беларускамоўная. Гэта незразумела… Творы, якія трапляюць на тэлевізійныя каналы, праходзяць праз такое сіта, што ўрэшце атрымліваецца…”
(Падбярэскі: ) “Ты, прабач, маеш на ўвазе ідэалягічнае сіта?”
(Хаменка: ) “Я маю на ўвазе не ідэалягічнае. У гэтым няма ідэалёгіі. Яны адбіраюць толькі самае-самае такое лагоднае, прыемненькае, самае просьценькае. Ці, як казаў адзін мой знакаміты сябра, — соплі з цукрам”.
(Падбярэскі: ) “Сяргей! А што ты думаеш?”
(Будкін: ) “Я заўважыў, што не стае якасных поп-твораў. Бо звычайна па-беларуску сьпяваюць збольшага рок-музыкі. Хацелася б пачуць якасную поп-музыку па-беларуску таксама”.
(Падбярэскі: ) “Чаму, на тваю думку, тыя нешматлікія выканаўцы папулярнай эстраднай песьні, якія прысутнічалі на “Тузіне”, звычайна выляталі ледзь не пасьля першага ж туру?”
(Будкін: ) “Гіт-парад праходзіць у Інтэрнэце, і ім проста не стае гэтай вось інтрэнэт-падтрымкі. Напрыклад, у Натальлі Тамэлы няма сайту, а таму і няма прыхільнікаў у Інтэрнэце. Да таго ж трэба ўлічваюць аўдыторыю. А аўдыторыя ў нас маладая, якая цікавіцца крыху іншай музыкай”.
(Падбярэскі: ) “У мяне такое ўражаньне, што гэтая аўдыторыя далёка не заўсёды можа разабрацца, дзе прафэсійнае выкананьне, а дзе, прабачце, паўаматарскае…”
(Хаменка: ) “Гэта не галоўнае. Галоўнае — даходзіць ці не даходзіць гэта да слухачоў? Ёсьць песьні, напрыклад, і цяпер у “Тузіне”, якія, на мой погляд, зусім не прафэсійныя, але яны атрымліваюць надзвычайную падтрымку. І яшчэ я паглядзеў, што адбываецца на канцэртах гэтых выканаўцаў. Сапраўды цудоўна! Таму гэта ня нам ужо вылічаць, хто гэта — прафэсіянал ці аматар? Ён дагрукаўся да твайго сэрца ці не дагрукаўся?”
(Падбярэскі: ) “На заканчэньне нашай гутаркі мушу прызнаць адно: дзякуючы “Тузіну Гітоў” фанатэка Радыё Свабода значна павялічылася. Так што мне застаецца пажадаць вам яшчэ доўгіх гадоў быцьця ў сеціве і ў эфіры адпаведна, не аднаго яшчэ выніковага альбому — і каб вашыя намаганьні прыдаліся да разьвіцьця папулярных жанраў беларускай музыкі. І, калі можна кароценька, пажаданьні самім сабе на будучыню, ну хаця б на пяць гадоў…”
(Хаменка: ) “На пяць гадоў я не загадваю… Я лічу, што на бліжэйшы год ёсьць пляны, ёсьць рэклямныя кампаніі. Думаю, што і да канцэртаў справа будзе рухацца. І трэба намагацца зрабіць, каб за бліжэйшыя год-два гэты парад зрабіўся найбольш папулярным у Беларусі”.
(Будкін: ) “Я акрэсьлю агульную такую мэту на будучыню: гэта проста пазбаўляцца правінцыйнасьці”.
(Падбярэскі: ) “Ага! Значыць, па кроплі выціскаць зь сябе правінцыйнасьць…”
Ужо пасьля запісу праграмы Алег Хаменка адзначыў: калі найлепшай песьняй году па вэрсіі тэлеканалу АНТ зрабілася “Чорны бумэр” у выкананьні Сярогі, дык па вэрсіі “Тузіна Гітоў” перамагла песьня “Белакрылы анёл” у выкананьні групы “ZET”. Красамоўна…




Рок - за баброў! | 12.10.2005 |
?? кастрычніка беларускія музыкі будуць заклікаць не паляваць на баброў. Пад лёзунгам “Рок – за баброў” у Бабруйску пройдзе пяцігадзінны фэст пры падтрымцы бровару “Сябр”. Плянавалася, што выступяць лепшыя беларускія рок-каманды “Крама”, “Нэйра дзюбель”, “N.R.M.”, “ZET”, але на іх удзел “зьверху” дазвол ня быў атрыманы.
?? кастрычніка беларускія музыкі будуць заклікаць не паляваць на баброў. Менавіта пад лёзунгам “Рок – за баброў” у Бабруйску пройдзе пяцігадзінны фэст пры падтрымцы бровару “Сябр”. Арганізатары фэсту кажуць, што такім чынам хочуць зьвярнуць увагу грамадзкасьці на лёс жывёлін. “Справа ў тым, што на пачатку мінулага стагодзьдзя бабры амаль што цалкам зьніклі ў шмат якіх краінах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Умяшальніцтва дзяржавы ў 1920-х гадах дапамагло спыніць прасэс зьнікненьня жывёл, але зь цягам часу прырост папуляцыі бабры прывёў да таго, што яго выключылі з “Чырвонай кнігі Беларусі” і дазволілі паляваць на яго”, - вядзецца ў афіцыйный рэлізе фэсту.
Склад удзельнікаў фэсту мяняўся некалькі разоў. Спачатку плянавалася, што ў Бабруйску выступяць лепшыя беларускія рок-каманды “Крама”, “Нэйра дзюбель”, “N.R.M.”, “ZET”, але на іх удзел “зьверху” дазвол ня быў атрыманы. Беларускі рок будуць прадстаўляць групы “Indiga” і “IQ-48”. Таксама заяўлены выступы груп “Flat”, Аляксея Шадзька, Svet Boogie Band, «Стокс», Madera Hard Blues. Хэдлайнэр фэсту – ВІА “Сябры”. Плянуецца, што весьці імпрэзу будзе Лявон Вольскі.
SB




«Крамбамбуля» абяцае «Сьвята» на Каляды | 13.10.2005 |
Размовы пра новую плытку “Крамбамбуля Сьвяточная” вяліся яшчэ пры канцы мінулага года. Аднак 2005-ты ўнёс свае карэктывы ў дзейнасьць папулярнага гурта. У нейкі момант здавалася, што ў стомленых беларускім шоў-бізнэсам музыкаў ужо не засталося ні моцы, ні жаданьня працаваць. Але летні адпачынак зрабіў сваю справу – з пачаткам новага сэзону крамбамбульцы зноў заселі ў студыі.
Па сваёй канцэпцыі новая плытка “Крамбамбулі” будзе нагадваць дэбютны альбом – “Паўлітра добрага настрою”. Толькі гаворка на гэты раз пойдзе не пра алькагольныя напоі, а пра знаёмыя ўсім сьвяты. Сярод іх знойдзецца мейсца як “савецкім”, прыкладам якіх зьяўляюцца ўжо вядомыя публіцы “Дарагія жэншчыны” і “23 феўраля”, так і чароўным рамантычным, як тое Дзень сьвятога Патрыка, Каляды, Новы Год і Дзень сьвятога Валянціна. Па музычнай напаўняльнасьці альбом, хутчэй за ўсё, будзе выкананы ў рок-н-рольнай стылістыцы.
- Цяжка было прымусіць сябе выканаць прадусарскую задачу, - апавядае фронтмэн і аўтар усіх тэкстаў гурта Лявон Вольскі, - не заўсёды пішацца на зададзеную тэму. Трэба было счакаць, пакуль зловіш нейкае падабенства натхненьня. Зараз ёсьць ужо пяць песень, некаторыя зь іх цалкам скончаныя. Як толькі даб’ем іх колькасьць да дванаццаці, адразу пачнецца запіс. Цяжка казаць пра пэўныя тэрміны, бо апошнім часам я вельмі нагружаны гастрольнымі разьездамі з N.R.M. Мы б хацелі пасьпець да Калядаў. Але нават калі з дыскам не атрымаецца, абавязкова зробім Калядную прэзэнтацыю, на якой выканаем ужо новы матэрыял.
Магчыма, што менавіта на “Крамбамбулі сьвяточнай” прыхільнікам гурта давядзецца пазнаёміцца й з актораска-рэжысэрскім талентам удзельнікаў “Крамбамбулі”. Па словах Лявона Вольскага, калі хопіць часу, яны абавязкова здымуць аматарскія відэаролікі, сцэнарыстамі, рэжысэрамі й акторамі якіх будуць самі крамбамбульцы.
Што тычыцца ўжо звыклых для “Крамбамбулі” сумесных сьпеваў з калегамі па творчым цэху, то Лявон Вольскі кажа пра гэта з пэўнай асьцярогай:
- З “Крамбамбуляй” атрымліваецца дзіўная сытуацыя. Мы ўжо сталі сваеасаблівай кузьняю кадраў. Пасьля нас хтосьці робіцца вядомым, хтосьці замацоўвае сваю вядомасьць, хтосьці кудысьці вырываецца. А “Крамбамбуля” па рэйтынгу застаецца на тым жа самым мейсцы. Таму фіты нейкія, можа, і будуць, але ня з тымі, з кім раней.
На дадзены момант пад кандыдатам на “ня тых, з кім раней” разглядаюцца Ўладзімер Пугач, фронтмэн гурта “J_Морс”. Цалкам магчыма, што з украінскіх сяброў эстафэту сумеснае творчасьці прыме Сашко Палажынскі, лідэр каманды “Тартак”.
Вялікую прэзэнтацыю “Крамбамбулі сьвяточнай” плянуецца правесьці на Каляды ў КЗ “Мінск”. Але ўжо зараз, на фоне забароны канцэртаў “Крамы”, “Нэйра Дзюбеля” і N.R.M., гурт глядзіць на будучыя ўласныя выступы з пэўным пэсымізмам:
- Паглядзім, якая аварыйная сытуацыя здарыцца ў КЗ “Мінск”. Хаця, “Крамбамбуля” можа й прайсьці. З гэтай камандай здарылася іншая рэч. Яна пала ахвярай не палітычных, а, хутчэй, папсовых разборак. А ў нас усе разборкі заўсёды зьвязаныя з палітыкай. Калі ў бізнэсе канкурэнта ўбіраюць, дык на яго даносяць у падатковую інспэкцыю ці ў нейкі кантрольныя ворганы, маўляў “вот этат гад укрывается ад налогаў і яшчо і бярот валютай!”. Зьлятаюцца коршакі, месяц йдзе сьледства, канкурэнт валяецца пераможаны, фірма далей працаваць ня ў стане. Гэтак было з “Радыё 101,2”, тое ж самае здарылася з “Крамбамбуляй”. Хаця мы ня граем папсу, мы граем альтэрнатыўную эстраду. Але гэта ўсё роўна ўжо тэрыторыя гэтых мэтраў і акул беларускага шоў-бізнэсу. Калісьці, прыйшоўшы да аднаго майго сябра, маэстра Фінберг крычэў: “Куда не прыедзешь, везде афішы НРМ вісят! Да што эта такое?!”. Я ня ведаю, чым ужо N.R.M. перашкаджаў ягонаму аркестру? У нас кардынальна розная публіка! І калі N.R.M. папулярныя сярод сьвядомых колаў, маладых студэнтаў-інтэлеклуалаў, панкаў, тых, хто апдэйціцца неяк, займаецца самаадукацыяй, дык “Крамбамбуля” набыла папулярнасьць, як гэта і плянавалася, у шырокіх народных масах, сярод якіх мы займаліся адукацыйнай працай. І гэтымі “Абсэнтамі” і “Гасьцямі” задушылі шмат поп-выканаўцаў. І пасьля гэтага задушылі нас. Таму, можа быць, нас таксама ўнесьлі ў гэтыя растрэльныя сьпісы з падачы маэстра аднаго, другога ці трэцяга. Самі яны, праўда, нічога нармальна зрабіць ня ў стане, што шкада. Хай бы нас забілі сапраўды супэр-канкурэнцыяй!
Алёна Скарабагатая

 

"OSIMIRA" рушаць у Скандынавію | 15.10.2005 |
Музыкі магілёўскага гурту "OSIMIRA" падпісалі пэрспэктыўны кантракт са скандынаўскай музычнай кампаніяй. Гэта "стандартны эўрапейскі кантракт", які прадугледжвае шчыльную працу з мэнэджэрам у краінах Паўночнай Эўропы. Беларускі фолк-мадэрн пачуе Нарвэгія, Швэцыя, Данія ды Ісьляндыя.
Музыкі магілёўскага гурту "OSIMIRA" падпісалі пэрспэктыўны кантракт са скандынаўскай музычнай кампаніяй. Гэта "стандартны эўрапейскі кантракт", які прадугледжвае шчыльную працу з мэнэджэрам у краінах Паўночнай Эўропы. Мэнэджэр будзе арганізоўваць на сваёй тэрыторыі (Нарвэгія, Швэцыя, Данія, Ісьляндыя) канцэрты, імпрэзы, запісы ў студыях, выданьні альбомаў гурту і іншай прадукцыі "OSIMIRA", а таксама займаецца ўсёй "папяровай" працай ды кантактамі з СМІ.
Да выхаду свайго дэбютнага альбому "Прошча" магілёўскі фолк-мадэрн-гурт быў даволі частым госьцем менскіх клюбаў. А вось калі зьявіўся іх дэбютны дыск, музыкі ўсё ніяк не могуць дабрацца з канцэртамі да сталіцы. Усё таму, што гурт "OSIMIRA", як адзін зь лідэраў айчыннага фолк-мадэрну, стаў больш бываць ў гастрольных падарожжах за межамі Беларусі. Гурт пастаянна запрашаюць у Эўропу, бо музыка, якую выконвае "OSIMIRA" сапраўды эўрапейскага кшталту.
Пра самыя цікавыя канцэртныя прыгоды гэтага году распавядае лідэр гурту "OSIMIRA" Андрусь Палаўчэня:
- Па-першае, мы адыгралі некалькі канцэртаў на адным з найбуйнейшых фэстаў Эўропы "Viljandi Folk" (на фота), што ладзіцца ўжо 14 гадоў у Эстоніі. Патрапіць туды, адразу папярэджваю, ня проста. За ўсе гады існаваньня фэсту, зь Беларусі, акрамя "Тройцы" ды нас, нікога яшчэ не было. Эстонцы вельмі пільнуюць узровень свайго "Viljandi Folk" і гэта вельмі добра. Для "OSIMIRA" гэты фэст стаў новай прыступкай ва ўласным разьвіцьці. Мы яшчэ лепей зразумелі, як трэба насамрэч рабіць натуральнае шоу, як слушна працаваць з нашым гукам, як нават рухацца. Бо ўзровень тых гуртоў ды капэль, якія бралі ўдзел у фэстывальных імпрэзах, быў вельмі высокім.
Па-другое, на "Славянскім базары ў Віцебску" мы адзіныя прэзэнтавалі мастацтва Беларусі на 39 асамблеі FIDOF (асацыяцыя фэстываляў, што аб'ядноўвае 320 фэстаў з усяго сьвету), якая ўпершыню прайшла ў нашай краіне. Мы скарысталіся гэтай афіцыйнай нагодай і набылі шмат кантактаў, атрымалі колькі важкіх запрашэньняў...
Да таго ж, прынялі ўдзел у цяпер ужо вядомым на ўсю Эўропу (дзякуючы рэпартажу EuroNews пра удзел у ім беларусаў) фэсьце "На скрыжаваньнях" у Польшчы, дзе разам з музыкамі "Народнага альбому" прадстаўлялі (праўда, у розныя дні) сучасную беларускую музычную культуру.
- Здаецца, што музыкі "OSIMIRA", якія сёлета загартаваліся ў фэстывальных баталіях, вырашылі таксама парадаваць сваіх прыхільнікаў і новым - і пэрфэктыўным-альбомам "Друва". Але калі чакаць ад "OSIMIRA" яго рэлізу?
- Альбом будзе завершаны ўжо ў сьнежні, а на пачатку лютага яго першае выданьне павінна ўбачыць сьвет. Заўважу, што ад дэбютнай "Прошчы" новая кружэлка будзе адрозьнівацца кардынальна. Дзеля таго, каб ажыцьцявіць гэтыя пляны, мы мусім выехаць у адну з скандынаўскіх краінаў, дзе мы заключылі кантракт. Каб не сурочыць, пакуль ня буду яе называць.
- І апошняе пытаньне тычыцца таго, у які бок мяняецца музыка гурту?
- Музыка "OSIMIRA" рухаецца ў дзьвюх плынях. Па-першае, гэта той стыль, што можна было пачуць у альбоме "Прошча", другая плынь больш грунтоўна зьвязана зь менавіта архаічнай беларускай культурай, так бы мовіць - з вонкавым бокам беларускай зямлі. І паміж гэтых плыняў і ёсьць Мы!
Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"

 

Рэзыдэнты "рэвалюц-року" | 15.10.2005 |
N.R.M. скарылі нямецкую публіку. Адразу ж па вяртаньні з Бэрліна лідэр групы Лявон Вольскі распавёў нам пра свае замежныя кантакты, эўрапейскую публіку і перспэктывы далейшага існаваньня "забароненага" калектыва: "Забароны тут паспрыялі нашаму посьпеху там, але мы ніколі не пераедзем за мяжу".
Цікавасьць у сьвеце да Беларусі апошнім часам значна падвысілася. Гэта заўважна ня толькі па артыкулах у аўтарытэтных выданьнях і тэлесюжэтах розных тэлеканалаў, але яшчэ і таму, што Лявона Вольскага цяпер зрэдчас можна засьпець дома. У верасьні група N.R.M. адыграла ў Польшчы сольныя канцэрты і выступіла ў межах акцыі, прысьвечанай 25-годдзю "Салідарнасьці", а нядаўна дала тры пасьпяховыя канцэрты ў Нямеччыне. Адразу ж па вяртаньні з Бэрліна лідэр групы Лявон Вольскі распавёў нам пра свае замежныя кантакты, эўрапейскую публіку і перспэктывы далейшага існаваньня "забароненага" калектыва.
"Посьпех пераўзышоў усе нашыя чаканьні, - адказвае Лявон на стандартнае "Як зьезьдзілі?". - Думалі, што ўсё будзе на ўзроўні ранейшых канцэртаў N.R.M. у Польшчы. Калі аніякай рэклямы, усё ціха і 15 чалавек на танцполе кілбасіцца". Нямецкія канцэрты лідэраў беларускага рок-н-ролу зладзіў журналіст Інга Пец, які неаднойчы бываў на Беларусі. Менавіта ён заплянаваў выступы на восень, каб беларусаў пабачыла як мага большая колькасьць людзей, запрасіў прадстаўнікоў лэйблаў і нямецкіх прадусараў, пісьменна распрацаваў рэклямную кампанію. Толькі ў першы дзень свайго міні-тура Лявон і Піт цягам чатырох гадзін давалі інтэрвію. На іх першы бэрлінскі канцэрт разышліся ўсе 200 квіткоў. Расейскаму "Крематорию", які выступаў у гэты ж дзень у Бэрліне, такі посьпех і ня сьніўся: па словах відавочцаў, на іх канцэрце было нешматлюдна.
Больш, чым палітыка
"Цікавасьць да нас была вялікая. Канечне, гэта найперш было абумоўлена ідыёцкай сытуацыяй, што склалася на Беларусі з рок-музыкай. Немцы прыходзілі на канцэрт, каб пабачыць, каго ж там забараняюць. На афішах наш стыль назвалі "рэвалюц-рок". Лявон прызнае, што такога ажыятажа ў Польшчы і Нямеччыне не было бы вакол беларускай групы, каб не палітычныя жарсьці. "Але справа ня толькі ў гэтым. Я бы сказаў, што тут спалучыліся адначасова палітыка, музыка і экзотыка. Людзі чуюць пра палітыку, прыходзяць на экзотыку, набываюць дыск і ацэньваюць нас ужо з музычнага гледзішча".
Па словах лідэра N.R.M., група цалкам акупіла ўсе выдаткі, зьвязаныя з паездкай, а таксама прадала прыстойную колькасьць сваіх дыскаў. Зьявіліся і дзелавыя кантакты. Адзін зь нямецкіх прадусараў разглядае магчымасьць выданьня ў Нямеччыне ня толькі каталёга N.R.M., але і іншых праектаў Вольскага, а нямецкі лэйбл, што спэцыялізуецца на выданьні балканскай музыкі, вельмі зацікавіўся "Крамбамбуляй". "Магчыма, гэтага і не было, каб не забароны. Але з іншага боку, калі б не было забаронаў, мы бы спакойна займаліся сваёй справай у сябе на Радзіме, а для мяне гэта самае важнае", - кажа Вольскі.
Пераклад з "энэрэмаўскай".
На наступны дзень Лявон даў сольны камэрны канцэрт для абранай публікі, зладжаны Amnesty International. "Немцы менш эмацыйныя за палякаў. Ня кажуць: "Бедныя, вы бедныя", баяцца закрануць, вельмі тактоўныя ў размове. Яны цікавіліся сытуацыяй на Беларусі, але немагчыма ж патлумачыць, якая ў нас сытуацыя. Яна ж ня чорна-белая, а каляровая! Хоць нейкія асноўныя рэчы пра нашую краіну ім былі вядомыя".
Трэці канцэрт N.R.M. адбыўся ў Дрэздэне, у невялічкім панк-клюбе, які зьмясьціў у сябе болей людзей, чым трэба. "Усё прайшло цудоўна, толькі ня здолелі мы паказацца ва ўсёй сваёй прыгажосьці: ніхто з нас практычна не валодае нямецкай мовай, а канцэрт - гэта ня толькі музыка, але і размова з гледачамі. А мы зь Пітам звычайна вядзем канцэрт у спэцыфічнай манэры. Аднак, выкруціліся: я завучыў прамову па-нямецку, дзе тлумачыў, што кепска валодаю гэтай мовай, таму мае словы будзе перакладаць наш гітарыст, узровень валоданьня якога таксама адносны. А далей я кажу адно, а Піт адмыслова перакладае зусім іншае. Было весела", - усьміхаецца Лявон.
Для Вольскага замежныя канцэрты - своеасаблівы інтэлектуальны абмен: "Я маю магчымасьць паглядзець на Эўропу, глыбей зразумець, якія працэсы там адбываюцца, завесьці карысныя знаёмствы. І пазнаёміць людзей зь беларускай культурай. У Нямеччыне ў культурным пляне пра Беларусь амаль нічога ня ведаюць. Можа толькі "Kriwi" і "Drum Ecstasy" там мелі нейкі посьпех. Мяркую, пры далейшых кантактах N.R.M. знойдзе там сваю аўдыторыю".
Выйсьце знайсьці
Пакуль жа беларуская група рыхтуецца да заплянаванага на сьнежань тура па Польшчы сумесна з польскай групай "Pidzamа Porno". Тамтэйшая публіка ўжо дастаткова добра ведае N.R.M., што дазваляе спадзявацца на пэўны камэрцыйны посьпех. Некаторыя палякі пасьля папярэдніх канцэртаў беларускай групы ў Польшчы зацікавіліся нашай культурай, выклікаліся рабіць польскую вэрсію сайта N.R.M. Што да "хатніх" абставінаў, то тут Лявон катэгарычны ў сваіх ацэнках: "Мы будзем шукаць нейкія крэатыўныя шляхі выхаду з гэтай глупай і глухой сытуацыі. Адзін-два чалавекі па ўласнай ініцыятыве блякуюць рок-канцэрты і прыкрываюцца ідэалёгіяй. Трэба гэтую праблему вырашыць творча. Няхай людзі ня думаюць, што мы зьмірыліся з гэтым абсалютна ненармальным разьвіцьцём падзей. Будзем зьвяртацца ў Мінкульт. Калі гэта не прынясе плёну, пойдзем вышэй". Наконт далейшага фармата існаваньня N.R.M. Вольскі ня мае аніякіх сумневаў: "У нас магчымыя пакуль толькі закрытыя канцэрты ў невялікіх памяшканьнях для некалькіх дзесяткаў чалавек. Калі так склалася, будзе рады кожнай прапанове. Сёньня мы маем унікальную сытуацыю, калі на вялікіх фэстах забараняюць выступ "Крамы" ці "Крамбамбулі". А год 20 таму "Мроя" спакойна грала канцэрты ў раённых ДК, гэта піцерцы больш тусаваліся на "кватэрніках". Так што гэта нават не вяртаньне ў савецкія часы. Але мы не пераедзем за мяжу. Мы хочам працаваць тут".
Сяргей Будкін, "БДГ. Деловая газета"
Аўтарызаваны беларускі пераклад - "Тузін Гітоў"

 

“Яр” выклікае дрыжыкі | 17.10.2005 |
Крэда групы “Яр”: “Самы галоўны крытэр – выступ мусіць выклікаць дрыжыкі, даводзіць да сьлёз. Калі музыка не выклікае такіх эмоцый, яна пустая. Мы стараемся ўзрушыць нашых слухачоў”. Нядаўна дуэт узяў удзел у двух эўрапейскіх фэстах і выступіў з шасьцю сольнымі канцэртамі ў Нямеччыне.
Група “Яр” стала вядома беларускім слухачам па сутнасьці толькі сёлета, калі дэбютавала на “Тузіне Гітоў”, “Скрыжаваньнях Эўропы” і выдала свой дэбютны альбом. Хоць аўтарка песень групы – Маша “Яр” Лагодзіч у фолк-музыцы цэлае дзясяцьцігоддзе – амаль палову свайго жыцьця. Яна пасьпела пасьпяваць ужо ў трох калектывах, выступіць з Фінбергам і навучыць немцаў беларускім сьпевам.
“Яр” не баяцца экспэрымэнтаваць і выходзіць за межы прыдуманага колісь Алегам Хаменкам “фолк-мадэрну”. Яны не выкарыстоўваюць экзатычных народных інструмэнтаў і не схіляюцца ў бок фолк-року. Сьпеў, флейта, віяланчэль, пляскі, стукі, грукі, - вось і ўвесь пералік іх “інструмэнтаў”. У верасьні дуэт “Яр” узяў удзел адразу ў двух эўрапейскіх фэстах і выступіў з шасьцю сольнымі канцэртамі ў Нямеччыне.
“Kupalinku, please!”
Сёлета “Яр” узяў удзел у чатырохдзённым фэсьце “Singetraffen”, на які зьбіраюцца музыкі з усёй Эўропы, даюць канцэрты і вучаць адзін аднаго і гледачоў сваім песьням і танцам. Маша ня першы раз праводзіла варштаты для ўсіх ахвочых навучыцца беларускім сьпевам. “Немцаў вабяць беларускія сьпевы тым, што яны непадобныя да вядомых ім народных песень. Не сустракала яшчэ немца, які б ня ўмеў сьпяваць, усе яны маюць музычную адукацыю, закладзеную яшчэ ў маленстве”. Яны хутка падхопліваюць песьні, хоць досыць цяжка навучыцца нашай манэры выкананьня, і з задавальненьнем сьпяваюць”. Маша развучыла з замежнікамі “Ой, рана на Йвана”, “Ту-ту-ту”, але гіпэр-гітом сталася “Купалінка”: “Я ўжо не магла сьпяваць гэтую песьню, а яны ўсё просяць і просяць яе выканаць”, - усьміхаецца Марыя. Ад “Singetraffen” была і ёй навука – авалодала тэхнікай эўрапейскіх танцаў. На другі фэст - “Burg Waldeck” – дзяўчыны вырашылі дабрацца пешшу: так цікавей. “Трэба было ісьці праз горы ля трох гадзін, а мы ўправіліся толькі за сем. Нас, такіх цяплічных расьлінак, гэта добра загартавала” – згадвае Маша. “Burg Waldeck” – фэст з 30-гадовай гісторыяй, праходзіць два дні. Асаблівых патрабаваньняў да канкурсантаў няма – адзінае, што ўсе творы выконваюцца ў камэрнай абстаноўцы. Выступ “Яру” выклікаў шмат спрэчак, бо на фэсьце ў асноўным былі прадстаўленыя клясычныя нямецкія “піўныя” ансамблі - кантрабас, гітара і скрыпка. Журы вырашыла адзначыць беларускую групу спэцпрызам - “За непадобнасьць да іншых”. “Для Беларусі мы – нестандартны гурт, а для Нямеччыны наогул – як зь іншага сьвету”, - Маша ставіцца з разуменьнем да нямецкай кансэрватыўнасьці.
Застой у фолку
Маша ў фолк-музыцы амаль поўжыцьця. Усё пачалося ў 1996 годзе, калі навучэнцы Берасьцейскага музычнага коледжа, стварылі фолк-групу “Кола”, а потым Маша ўвайшла ў склад групы “Ur’ia”, зь якой добра паезьдзіла па сьвеце. Тры гады таму яна і яшчэ адна вакалістка “Ur’ia” Натальля Пятровіч вырашылі заснаваць сваю групу. “Дуэт – самы прымальны для нас фармат, працаваць удваіх вельмі проста і ёсьць вялікая прастора для экспэрымэнтаў”, - тлумачаць дзяўчыны. Што праўда, летась дзяўчыны пайшлі на экспэрымэнт і зрабілі некалькі песень супольна з сынты-поп-праектам “Logika metro”. У выніку іх песьні патрапілі ў інтэрнэт-, радыё- і тэлератацыі. Зараз іх “Салдацкая” бярэ ўдзел адразу ў некалькіх гіт-парадах – на БТ у “Скрыжаваньнях Эўропы”, на music.fromby.net і радыё “Мінск”. Да спадобы Машы прыйшоўся і яшчэ адзін экспэрымэнт – выступ “Яру” з аркестрам Фінберга на фэсьце “Маладэчна”. Маша характаразуе сучасны стан беларускага “фолк-мадэрну”: “Беларускія групы ў асноўным жывуць за лік старога рэпертуара, ствараецца ўражаньне, што ўсе народныя песьні ўжо перапетыя. Але ж гэта невычэрпная крыніца”. Выконвае Маша й свае песьні. “Самы галоўны крытэр для мяне – выступ мусіць выклікаць дрыжыкі, даводзіць да сьлёз. Калі музыка не выклікае такіх эмоцый, яна пустая. Мы стараемся ўзрушыць нашых слухачоў”, - крэда дуэту “Яр”.
“Яр” хутка зайграе ў Познані. Дзяўчыны дадуць канцэрт 26 кастрычніка ў новаадчыненым (пасля поўнага рамонту) клюбе “Пад Міногай”, а ўжо празь дзень у славутым клюбе “Пралетарыят” выступіць яшчэ адзін цікавы фолк-праект - “Альтанка”. Абодва канцэрты ладзіць Беларускі Культурна-Асьветніцкі Цэнтар.
Сяргей Будкін

 

Дзьве гадзіны з Гіланам | 17.10.2005 |

Ян Гілан: “Мяркую, што мы наведаем Беларусь па хуткім часе, на жаль не заглядаў яшчэ ў наш канцэртны графік, але ў наступным годзе павінны быць у вас дакладна”. “Тузін Гітоў” быў запрошаны на закрытую вечарыну з удзелам лідэра Deep Purple, прысьвечаную выхаду новага альбома клясыкаў року.
Афіцыйная дата рэліза новага альбома Deep Purple - “Rapture Of The Deep” 21 кастрычніка, але кампанія-выдавец дыска “Edel Records” сумесна з кампаніяй “Союз” вырашылі прэзэнтаваць яго ў Расеі на тыдзень раней. У межах гэтай акцыі ў Маскву наведаўся Ян Гілан. “Тузін Гітоў” быў запрошаны на закрытую вечарыну з удзелам лідэра Deep Purple.
Ля кавярні “Bobby Dazzler” таўчэцца некалькі дзесяткаў журналістаў. Гілан крыху спазьняецца, бо на адкрытую аўтограф-сэсію ў адным з маскоўскіх гіпэрмаркетаў сабралося болей за тысячу ягоных прыхільнікаў. Пакуль люд абмяркоўвае, хто з абяцаных арганізатарамі “першых асобаў гораду” наведаецца на вечарыну, і ці будзе Гілан сьпяваць.
Нарэшце, чорны “Мэрсэдэс” заязджае на вузкі завулак, дзе месьціцца кавярня, фатографы расьпіхваюць усіх прысутных, каб злавіць на сваю камэру ўсьмешку рок-зоркі. Гілан абсалютна спакойны, на ўсе вітаньні і камплімэнты скрыжоўвае далоні і крыху нахіляецца да суразмоўцы. Падчас прэсавай канфэрэнцыі ён нягучна адказвае роўным голасам. Са стану раўнавагі яго не выводзяць нават пытаньні наконт Рычы Блэкмара. Калі нейкі няўважлівы журналіст паўтараецца ў пытаньнях, ён зусім не раздражняецца і спакойна паўтарае свой адказ.
Гарманічны альбом
“Rapture Of The Deep” – 18-ты альбом легендарнай каманды, запісаны пасьля двухгадовага перапынку, які прайшоў з часу выданьня альбому “Bananas”. На меркаваньне Гілана, удзельнікі Deep Purple вельмі добра пачуваюцца разам. Два гады таму групу напаткалі чарговыя зьмены: замест клявішніка Джона Лорда ў групу прыйшоў Дон Эйры. Гілан кажа, што Эйры за гэты час выявіў сябе, як асоба і стаў уплываць на музыку групы. “Новы альбом стаўся больш гарманічным, чым папярэдні, шмат у чым дзякуючы клявішам Дона”, - кажа Гілан. Задавальняе яго і гітарыст Стыў Морс, які ўвайшоў у склад групы 11 год таму. Сталыя прыхільнікі групы спачатку ня надта ветліва паставіліся да яго. Морс паступова адмовіўся ад капіяваньня ігры Блэкмара і музыцы Deep Purple гэта пайшло толькі на карысьць. Гілан прызнаўся журналістам, што і з Морсам былі ўнутраныя міні-канфлікты праз тое, што ён надта ўскладняў музыку групы: “Стыў мае востры аналітычны розум і часам надта нагрувашчвае свае сола, але мы даўно паразумеліся і зараз працаваць нам разам вельмі лёгка”. Сёньняшні склад групы можна лічыць амаль залатым, бо ў групе дагэтуль граюць басіст Роджэр Гловэр і бубнач Ян Пэйс – удзельнікі яшчэ першага склада групы. Натуральна, шкадаваньні што да Блэкмара будуць выяўляцца заўсёды. І пытаньні датычныя былога гітарыста Deep Purple Гілану будуць задаваць вечна. У Маскве яго пыталі пра стаўленьне да праекту “Blackmore’s Night”. “Рычы – вельмі добры гітарыст, але я не магу зразумець, навошта ён гэтым займаецца”, - адказаў Гілан. Канфлікт Гілана і Блэкмара пачаўся яшчэ ў 1973 годзе, калі група знаходзілася на самай вяршыні посьпеху. Таму “паспрыяла” фізычная перанапружанасьць пасьля інтэнсыўнага сусьветнага тура.
Сёлета вакаліст Deep Purple адзначыў сваё 60-годзьдзе, але кажа, што адчувае сябе вельмі бадзёра і з музыкай завязваць не зьбіраецца. Больш за тое, акрамя Deep Purple ён яшчэ працуе са сваім сольным праектам: “Музыка “пёрплаў” вымагае пэўных стандартаў, мы ня можам дазволіць перайсьці, напрыклад, да фанку. Для гэтага ёсьць сольны праект, у якім вялікая прастора для эксперымэнтаў”. У лютым 2006 году мусіць выйсьці сольны альбом Гілана, у які ўвойдуць запісаныя наноў улюбёныя песьні самога музыкі, выкананыя ім за 40 год у розных калектывах. Мяркуючы па ўсім, аніякай увагі свайму ўзросту рок-зорка проста не надае: “А 60-годзьдзе сваё я адзначыў у стаматоляга. Залячыў усе свае зубы, пайшоў дамоў і лёг спаць”.
Хутка ў Менску
Па сканчэньні прэс-канфэрэнцыі, Гілан забраўся ў дальні кут кавярні. “Мяркую, што мы наведаем Беларусь па хуткім часе, на жаль не заглядаў яшчэ ў наш канцэртны графік, але ў наступным годзе павінны быць у вас дакладна”, - кажа Гілан, падпісваючы дыск для “Тузіна Гітоў”. У гэты час на пляцоўку выходзіць мясцовы бэнд “Green Down”, які спэцыялізуецца выключна на творах клясычнага року. Яны сьведама правакуюць вакаліста Deep Purple, граючы адзін у адзін усе старыя гіты ягонай групы. На першых акордах “Soldier of Fortune” на іх пшыкаюць: “Што вы граеце, гэта ж Кавэрдэйла песьня!”, але тыя працягваюць. Калі запас песень Deep Purple сканчваецца, бяруцца за “бітлоў” і “пінкфлойдаў”. Гілан у гэты вечар так і не прасьпяваў, але музыкі стараліся ня марна. Пры канцы вечарыны Гілан паціснуў кожнаму зь іх руку і сфоткаўся разам зь імі. Вось яно – сапраўдная чалавечае шчасьце! Гілана не адпускалі доўга, пакуль кожны з прысутных зь ім ня сфоткаўся. Адзін з журналістаў прынахабнеў больш за ўсіх: зацягнуў рок-зорку на свой матацыкл і ўстроіў зь ім фотасэсію. На твары ў Гілана – ні каліўца стомленасьці ці раздражнёнасьці. Сапраўды, белыя апранахі яму куды болей пасуюць, чым скураное адзеньне.
Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"

 

“J_Морс” – вытанчаны і пыхлівы | 18.10.2005 |
Карэспандэнтка “Тузіна Гітоў” здолела прабіцца на аншлягавы канцэрт групы “J_Морс” і прааналізавала выступ самай топавай беларускай групы з двух бакоў: “Яны вытанчаныя і запатрабаваныя, але лірыка іх часам кульгае і адчуваецца недарэчная эстраднасьць савецкага тыпу”.
Тры гады таму ў сталічным Тэатры эстрады плянаваўся супольны канцэрт “J_Морс” і “Чехов”. Аднак праз хваробу Ўладзімера Пугача “J_Морс” ня выйшаў на сцэну. І ніхто надта не сумаваў з гэтае нагоды - “Чехов” і ў адзіноце здолеў задаволіць усіх прысутных. Зараз гэткая сытуацыя падаецца амаль неверагоднай. У той час, як адзін праект з удзелам Рамана Арлова знаходзіцца, здаецца, у летаргічнай дрымоце, другі купаецца ў авацыях перапоўненай залі КЗ “Мінск”. А яшчэ тыя ж тры гады таму ўсе няспынна скакалі ў той жа "казе" на канцэрце N.R.M…
Квіткі на прэзэнтацыю дыска “Мое солнце: Правдивая история 2000-2005” 16 кастрычніка 2005 года адсутнічалі ў сталічных касах ужо за чатыры дні да імпрэзы.. Кажуць, што непасрэдна перад менскім канцэртам, кошт перапрадзеных квітоў сягаў да 60 тысячаў рублёў.
Частка першая: фармальная
Плюсы “J_Морс”, якія выявіў канцэрт:
1. Запатрабаванасьць.
2. Якасьць (прафэсыяналізм).
3. Гітовасьць.
4. Беларускамоўныя песьні (у тым ліку новая – “Паветра” - вельмі добрая!).
5. Стварэньне мэйнстрыму “ў чалавечым абліччы”.
6. Здольнасьць падаць-прадставіць сябе (элемэнт шоу, граматная піяр-палітыка).
7. Добрае сцэнічнае выкананьне.
Мінусы “J_Морс”, якія агаліў канцэрт:
1. Творчая непасьлядоўнасьць (забываюцца на сябе і стылістычна зьбіваюцца).
2. Месцамі адчуваецца недарэчная эстраднасьць савецкага тыпу, раз-пораз нават рэстараннасьць.
3. Арыентаванасьць на “офісную радыёаўдыторыю”.
4. Невыразныя ўдарныя.
5. Месцамі безгустоўнасьць.
6. Звышуважлівасьць да паравінаў году (пыхлівая рамантычнасьць).
7. Аднастайнасьць музычнага матэрыяла.
Частка другая: лірычная
Такім чынам, акультываваны брэнд "J_Морс" адыграў вялікі канцэрт. На шчасьце, гэтым разам на разагрэве былі не "Клёндайк", а запісы папулярнага гурта "Keane". На сцэне можна было заўважыць ўнушальны гонг! Гэта прыемна, таму што калісьці ў 1984 годзе такі ж гонг выкарстоўвалі непараўнальныя "Talking Heads". Але, на жаль, гонгу чуваць амаль не было. Затое было чуваць лямант дзяўчат! Агеньчыкі ў залі успыхвалі і губляліся (з-за пільных ахоўнікоў). Кволыя і рамантычныя істоты прыносілі кветачкі, якія У.Пугач акуратненька складваў на падлозе. Лідэру “J_Морс” нават мядзьведзяня падаравалі! На навамодных экранах у самыя адказныя моманты зьяўляліся пранізьлівыя позіркі ўдзельнікаў "J_Морс". А таксама дзьмухаўцы і іншыя прыродныя цуды, разам з стандартным наборам "вінампаўскіх" псыхадэлічных заставак... Па лесьвіцах бегала дзяўчынка і нікому не шкадавала каляндарыкаў, на якіх усё было сказана вельмі ляканічна: "J_Mopc - Respect; Respeсt - J_Mopc".
З недарэчнасьцяў: месцамі лірыка кульгае - каламбуры-знаходкі кшталту "это мозаика, зайка!" падаюцца зусім невыноснымі.
З прыемнасьцяў: запал, сьвяточнаць, агульная атмасфэра, якую стварылі творцы, арганізатары і, безумоўна, заўсёды вясёлыя дзяўчаты!
Зьнешне ўсё вельмі прыгожа, вытанчана, выкшталцона... Але не дае спакою думка, што ў той час як тут - гэткае шалёнае сьвята, недзе там туліцца па засьценках шчырая "Крама".
Гэтым канцэртам “J_Морс” распачалі буйны тур па гарадах Беларусі. У Берасьці ўчора група замацавала свой посьпех, сабраўшы мясцовы Палац культуры чыгуначнікаў (800 месцаў). Сёньня “J_Морс” выступае на малой радзіме свайго вакаліста – у Пінску. Тур працягнецца канцэртамі ў Баранавічах, Горадні, Лідзе, Бабруйску, Магілёве. Вядуцца перамовы наконт выступаў у Сьветлагорску, Гомелі, Маладэчне і Барысаве. Цікава, што першы наклад дыска групы “Моё солнце”, які выйшаў літаральна днямі, ужо прададзены і тэрмінова дадрукоўваецца другі наклад.
Марыя Грудзько, "Тузін Гітоў"

 

МTV: No content | 20.10.2005 |
У беларускага MTV праблема: няма беларускамоўных вядучых. Першая акцыя тэлепраекту прайшла безь вялікай помпы. Насуперак абяцаньням, што вяшчаньне будзе весьціся па-беларуску, чулася балбатня расейскамоўнага ві-джэя ды дэманстраваліся расейскамоўныя застаўкі.
Прэзэнтацыя тэлепраекту MTV у Беларусі прайшла безь вялікай помпы. У суботу 15 кастрычніка на вялікім экране на сталічным Кастрычніцкім пляцы, канал упершыню выйшаў у этэр. Насуперак абяцаньням, што вяшчаньне будзе весьціся па-беларуску, чулася балбатня расейскамоўнага ві-джэя ды дэманстраваліся расейскамоўныя застаўкі.
Вяшчаньне пачалося кліпам “Аляксандры і Канстанціна”, затым прагучалі “Стокс”, “Нео” і “Сініца”. Удзельнікі апошніх дзьвюх груп адмыслова прыехалі на плошчу ды здымаліся на фоне экрану, на якім трансьляваліся іх кліпы. Паводле слоў намесьніка галоўнага рэдактара беларускага MTV Валіка Грышка, канал будзе падтрымліваць музыкаў, якія сьмела экспэрымэнтуюць і робяць цікавую музыку. “Натуральна, яны павінны мець якаснае відэа, на жаль гэта агульная бяда, большая частка альтэрнатыўных каманд ня маюць кліпаў належнага ўзроўню”, - кажа Грышко. На пытаньне наконт ратацыі выканаўцаў з т.зв. “чорнага сьпісу” Грышко не адказаў.
Прычынай таго, што на канале пакуль адсутнічае беларуская мова, намесьнік рэдактара назваў тое, што маўленьне ві-джэяў (Ночэ і Каці) пакідае жадаць лепшага: “Вядучы нашых праграм мусіць добра глядзецца на экране, быць артыстычным і ня мець праблемаў з вымаўленьнем. Апошняе патрабаваньне пакуль што ніхто належным чынам ня выканаў”. У тэлеэтэры канал мусіць зьявіцца ў лістападзе, але на пачатку працы каналу адсотак уласнага вяшчаньня будзе мізэрным: 30-сэкундная праграма “No content” (аналяг “No comments” на “Euronews”), прысьвечаная клюбнай культуры Менску. Паўнавартасная прэзэнтацыя каналу пройдзе ў сьнежні.
Паступова плянуецца ўстаўляць у сетку вяшчаньня “MTV у Расеі” блёкі навін і агляды сусьветных музычных падзей. Будуць і беларускія кліпы. Апроч таго, кіраўніцтва каналу яшчэ некалькі месяцаў таму абвясьціла пра папярэднюю дамоўленасьць з “MTV у Расеі” на экспарт беларускіх кліпаў у расейскую сетку вяшчаньня. Найлепшы, паводле вынікаў галасаваньня, беларускі кліп кожнага месяца убачыць больш як 70-мільённая аўдыторыя.
Сяргей Будкін, "Наша Ніва"




“Pink Floyd” для ліцэістаў | 24.10.2005 |
“Another Brick In The Wall” стала сапраўдным гімнам навучэнцаў і выкладчыкаў нязломнага Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія вядуць змаганьне за сваё канстытуцыйнае права на атрыманьне адукацыі па-беларуску. Група “Parason” па-свойму пераасэнсавала гэты твор.
Беларуская фанатэка кавэр-вэрсіяў песень сусьветнавядомых рок-гуртоў папоўнілася яшчэ адной спробай пераасэнсаваньня знакамітых твораў. Малады менскі рок-гурт “Parason” запісаў кампазыцыю “Another Brick In The Wall” з альбому “The Wall” гурту “Pink Floyd”. У нашай краіне гэтая песьня стала сапраўдным гімнам навучэнцаў і выкладчыкаў нязломнага Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія вядуць змаганьне за сваё канстытуцыйнае права на атрыманьне адукацыі па-беларуску. Мо тому яна знойдзе месца на альбоме ліцэйскага праекту “Партызанская школа”. Мяркую, калі б музыкі “Pink Floyd” даведаліся пра мэты, зь якімі быў створаны гэты кавэр, то падтрымалі маладых беларусаў з салідарнасьці...
Распавядае гітарыст гурту “Parason” Віталь Зыблюк: "Мы выбралі гэты твор невыпадкова, бо ён адлюстроўвае сытуацыю, якая мае месца зь Беларускім гуманітарным ліцэем. Наш гітарыст і паэт Андрэй Карповіч напісаў беларускамоўны тэкст паводле “Another Brick In The Wall”. Але гэта ня проста кавэр. Гэта спроба асэнсаваць усю творчасьць “Pink Floyd”. Дзеля гэтай мэты мы спалучылі розныя элемэнты і ідэі, характэрныя музыцы “Pink Floyd”: пазнавальныя гітарныя сола, цытаты з розных песень гурту, выкарысталі ўступ з кампазыцыі “In The Flesh”. Таму гэты кавэр мае назву “Пінк Флойд”."
З гэтым кавэрам тэматычна зьвязана і іншая песьня, запісаная гуртом “Parason” – “Адукацыя”. Зразумела, што ў ёй таксама закранаюцца праблемы навучаньня ў нашых школах і ВНУ праз адлюстраваньне сацыяльнага кантэксту з’явы. Дарэчы, у ёй выкарыстоўваліся запісы школьных гукаў – званкі на перапынак, школьны гул падчас завяршэньня заняткаў, галасы настаўнікаў і вучняў...
Вядома, што музычны праект “Партызанская школа” – неаднародны, у якім прысутнічаюць творы розных стылявых накірункаў: рэп, ска, дыска, сьцёбныя песьні Хадановіча, кампазыцыі выкладчыка ліцэю і былога “камэлотаўца” Войніча, кампазыцыі гурту “Parason”. Але, усе творы праекта аб’ядноўвае ідэя ліцэя.
Чаму ж у “Партызанскай школе” ўдзельнічае “Parason”?
Адказвае Віталь Зыблюк: "Па-першае, я сам былы ліцэіст, выпускнік. І ад пачатку нараджэньня ідэі музычнага праекту, я удзельнічаў у ім у якасьці гітарыста. Разам з праектам я ўдзельнічаў у запісу дыска “Веру ў цябе”. І цяпер працягваю супрацоўніцтва зь ліцэістамі: разам ствараем песьні, аранжыруем іх, запісваем. Я выконваю функцыі музычнага прадусара праекта."
Плянуецца, што прэзэнтацыя праекту “Партызанская школа” адбудзецца пры канцы лістапада. Гурт “Parason”, як партнэрскі калектыў, будзе ўдзельнічаць у ёй, а таксама ў гастролях па Польшчы, куды ліцэісты запрошаныя сёлета. Такія канцэрты ў “Партызанскай Школы” адбыліся вясной. І музыкам “Parason’a” вельмі спадабалася гэткая форма выступаў. Бо ліцэйскі праект – гэта сяброўскі калектыў, і ўдзельнікі яго – таленавітыя і энэргічныя маладыя людзі, якім цікава працаваць разам.
Трэба адзначыць, што запісаныя кампазыцыі “Пінк Флойд” і “Адукацыя” – адпраўны пункт для пачатку запісу дэбютнага альбома гурту “Parason”. Па рэакцыі публікі на гэтыя песьні ўжо можна будзе меркаваць пра ступень іх пасьпяховасьці, каб потым вырашыць, ці варта пакінуць усё як ёсьць, ці зьмяніць нешта ў гучаньні. Цяперашнія запісы - першая студыйная спроба гурту “Parason”, якую яны ажыцьцявілі на студыі Беларускага тэлебачаньня і на студыі “Мэцца-фортэ”.
Адна зь песень групы “Parason” возьме ўдзел у бліжэйшых турах на “Тузіне Гітоў”.
Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"

 

beZ bileta: другая экранізацыя | 24.10.2005 |

Ролік "Две лодки" можна назваць унікальным для беларускага кліпмэйкерства. Таму што ў Беларусі звычайна ня робяць дзьве вэрсыі аднаго кліпа. На захадзе, між тым, гэта даволі распаўсюджана. Некаторыя музыкі, напрыклад, робяць асобныя вэрсыі кліпаў для UK і для USA.
Сёмым па ліку кліпам рыхтуецца папоўніць сваю ўнушальную відэаграфію гурт "beZ bileta". У бліжэйшыя месяцы будзе здымацца ролік на песьню "Две лодки", новую вэрсыю ўпадабанага многімі гіта каманды. Гэтая кампазыцыя ўжо была экранізаваная ў сюжэтным кліпе "Лодочки", які ў 2003 годзе зьняла рэжысэр Тацьцяна Кушнер. Ён меў посьпех і некалькі месяцаў трымаўся на вышэйшых пазыцыях нацыянальнага тэлевізыйнага гіт-парада "Клип-обойма". Аднак "beZ bileta" ўпэўненыя, што патэнцыял гэтае песьні яшчэ ня вычарпаны.
"Две лодки" сталіся візытнай карткай гурта, ёю стала цікавіцца ўсё большая колькасьць людзей, у тым ліку і з краінаў-суседзей, - распавядае лідэр групы Віталік "Артыст". - На жаль, праз тое, што кліп быў зьняты на DV, многія музычныя каналы ня здолелі ўключыць яго ў ратацыю. Праз некаторы час мы атрымалі прапанову зьняць новае відэа, з удзелам актораў і выкарыстаньнем прафэсыйнае тэхнікі. Вельмі своечасова, бо за гэты час я нарэшце дапісаў песьню да канца, і зараз яна гучыць у скончанай вэрсыі. Ужо завершана падрыхтоўчая частка работы над кліпам. Паколькі гэта будзе не малабюджэтнае відэа, вырашана таксама прыцягнуць спонсарскую падтрымку".
Рэжысэрам відэа на песьню "Две лодки" стане Мацьвей Сабураў, вядомы па кліпах "Ласточки" ("Ляпис Трубецкой"), "Госьці " ("Крамбамбуля"), а таксама па рабоце над кліпамі і скэтчамі праекта "Саша і Сірожа". Ролік будзе зьняты на тэхнічнай базе менскай студыі "CUBA". У якасьці харэографа і пастаноўшчыка трукаў запрошаны Вячаслаў Іназемцаў, заснавальнік і рэжысэр пластычнага тэатра "ИнЖест". У кліпе будуць задзейнічаны акцёры гэтага тэатру.
Ролік "Две лодки" можна назваць унікальным для беларускага кліпмэйкерства. Таму што ў Беларусі звычайна ня робяць дзьве вэрсыі аднаго кліпа. На захадзе, між тым, гэта даволі распаўсюджана. Некаторыя музыкі, напрыклад, робяць асобныя вэрсыі кліпаў для UK і для USA. А ірляндцы U2 у свой час наогул зьнялі тры вэрсыі кліпа на песьню "One".
Поўная вэрсыя песьні "Две лодки" зараз ратуецца на большасьці менскіх FM-станцыяў. Яе таксама можна паслухаць на афіцыйным сайце гурта.
Марыя Грудзько, паводле інфармацыйнай агенцыі "beZ bileta newZнаю"

 

“Бабры” адпелі сваё | 25.10.2005 |
У Бабруйску з другой спробы адбыўся фэстываль "Рок за баброў". Фэстываль акрэсьліў цікавыя пэрспэктывы, прынёс масу станоўчых уражаньняў і нават сэнсацыйную навіну. Зьміцер Падбярэзскі пабываў на канцэрце, пакаштаваў мясцовага піва і дазнаўся нештачкі яшчэ.
Спроба правесьці гэты фэстываль рабілася яшчэ ў чэрвені, аднак з многіх прычын "Рок за баброў" адклаўся амаль на паўгады і быў перанесены ў Бабруйск — туды, дзе зьмяшчаецца вытворчая база ініцыятара гэтага фэсту, бровару "Сябар", які апошнім часам вырабляе гатунак піва "Бобров". Менавіта па прыкладзе знаных расейскіх піўных брэндаў, якія ўкладаюць грошы ў рок-музыку, бабруйскі бровар вырашыў зрабіць нешта падобнае, адно што ў дачыненьні да айчынных музыкантаў. А паколькі вось-вось на рынак выйдзе новы гатунак пад назваю "Сябар", адкрываў сямігадзінны канцэрт на плошчы ля бабруйскага Палаца мастацтваў ансамбль "Сябры".
"Сябры" былі адзіным калектывам, які пасьля ўзгадненьня мясцовымі інстанцыямі сьпісу ўдзельнікаў канцэрту быў ухвалены. Рэшта была выкрасьлена. Сярод непажаданых аказаліся "Нейро Дюбель", "Крама", "N.R.M." і нават нявінная "Крамбамбуля". Пры гэтым вельмі адукаваныя чыноўнікі ад культуры далі дазвол на тое, каб канцэрт вёў Лявон Вольскі. І толькі пасьля таго, як з Міністэрства культуры быў атрыманы афіцыйны дакумэнт, што чыноўнікі нічога ня маюць супраць прадстаўленага сьпісу выканаўцаў, перад "Бабрамі" запалілася зялёнае сьвятло. Быў нават дадзены дазвол на выступ групы "ZET", але адбылося тое літаральна за дзень да канцэрту. Зразумела, што ў такіх умовах разгарнуць сякую-такую асэнсаваную рэклямную кампанію было проста немагчыма. Праўда, публікі сабралася даволі шмат, хоць сама плошча зусім не надаецца да рок-канцэртаў: гук адбіваўся ад дому насупраць, а таму нармальна слухаць музыку было толькі пад самай сцэнай.
Удзельнікаў канцэрту чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: лёзунг са словамі "За Беларусь!", прымацаваны на авансцэне. Аляксей "Стокс" рашуча заявіў: "Мы прыехалі выконваць музыку, а не выступаць пад нейкімі лёзунгамі". Сапраўды, рок быў за баброў, а не за незразумела якую Беларусь. Як вынік, перад пачаткам канцэрту лёзунг такі зьнік...
Праўду кажучы, назоў "фэстываль" падаецца пакуль што авансам таму, што адбывалася, а таму варта спадзявацца, што наступным разам ён пройдзе мінімум на месяц раней, калі ня летам, будзе працягвацца як мінімум два дні ды суправаджацца іншымі мерапрыемствамі. Вось тады мы і атрымаем сапраўдны рок-фестываль.
Гэтым жа разам на бабруйскай сцэне, ратуючы баброў, якіх пазбавілі месца ў Чырвонай кнізе, выступалі "Indiga", Аляксей Шадзько з "Сестрой", "Мадэра хард-блюз", "Slang", "Flat", "IQ-48", "Svet Boogie Band" i "Стокс". У цэлым канцэрт атрымаўся вельмі прыстойны па ўзроўні і, што галоўнае, — разнастайны па стылістыцы. Праўда, падалося, што бабруйская публіка, за выключэньнем апошніх, практычна ня ведала музыкантаў. Рэагавала яна даволі стрымана, разварушыць яе атрымалася хіба што ў музыкаў групы Сьвета, якія паказалі сапраўдные сцэнічнае шоў. А канцэрт правёў ў незвычайнай і непаўторнай манэры Лявон Вольскі, які прыбыў у Бабруйск уначы з Гомлі, дзе — увага! — "N.R.M." мелі цалкам легальны канцэрт. А яшчэ Лявон прасьпяваў з "IQ-48" знакамітую "Кумбу".
Выснова: усё залежыць ад людзей на месцах. Там, дзе імкнуцца перастрахавацца, культурнае жыцьцё атрымлівае пэрспэктывы наогул згаснуць. І наадварот: дзякуючы "Року за баброў" бабруйская публіка адкрыла для сябе шмат новых назваў ды адначасова ўпэўнілася, што і ў беларускай рок-музыцы ёсьць што паслухаць. Прынамсі, пасьля канцэрту натоўп моладзі акружыў аўтобус, у якім прыехалі музыканты, па аўтографы.
Адносна пэрспэктыў гэтага фэсту. Бабруйскі бровар імкнецца да галоўнага: каб якасьць піва "Бобров" не саступала якасьці айчыннай рок-музыкі і адначасова жывіла яго. Я атрымаў магчымасьць прайсьці па цэхах бровару, які праводзіць грунтоўную рэканструкцыю, што называецца, з колаў. Цалкам шчыра мушу адзначыць: піва "Бобров" сёньня — гэта далёка ня тое, што было яшчэ літаральна ў траўні. Новае абсталяваньне, цалкам запраграмаванае, абсалютна выключае суб'ектыўны ўплыў на варку піва. "Бобров" цяпер — вельмі добрае, смачнае піва, якое разьліваецца ў адмыслова вырабленую тару. Дарэчы, эскіз этыкеткі распрацоўваў асабіста старшыня назіральнага савету кампаніі Сяргей Левін разам з Віктарам Корзунам. Праўда, назва "Баброў" глядзелася б больш натуральна, чым "Бобров"...

Пакуль працуе толькі адна лінія разьліву, таму пакаштаваць гэтае піва і пераканацца, наколькі яно сапраўды добрае, будзе ня так лёгка. Але, думаецца, да наступнага фэстывалю такі шанец прадставіцца, што, спадзяюся, паўплывае і на колькасьць публікі.
І, нарэшце, пра сэнсацыю. Як паведаміў мне дырэктар "Класс-клуба" Генадзь Шульман, які непасрэдна ўдзельнічаў у правядзеньні фэсту, "Рок-каранацыя" можа аднавіцца пасьля двухгадовага перапынку. Да Юрыя Цыбіна, уладальніка правоў на ідэю цырымоніі, і "Класс-клуба" як яе арганізатара, напэўна дадасца і кампанія "Сябар". Адной з прычын, якія змусілі адрадзіць цырымонію, Генадзь Шульман назваў той факт, што за два гады на айчыннай сцэне зьявілася значная колькасьць цікавых калектываў. Прынамсі, для яго сапраўдным сюрпрызам сталі выступы "IQ-48" і "Svet Boogie Band", а таксама групы "Стокс". Адносна апошняй згодны зь ім цалкам: "Стокс" зусім невыпадкова закрывалі канцэрт пад гукі шыкоўнага фейервэрку, паказаўшы, што тэлевізыйнае ўвасабленьне калектыву і ягонае сапраўднае канцэртнае аблічча — рэчы вельмі розныя.
Дзьмітрый Падбярэзскі

 

“Indiga” не стаіць на месцы | 25.10.2005 |
“Indiga” ўжо рыхтуе афіцыйны сынгл - прадвесьнік другога альбому гурта. А тым часам 22 кастрычніка яна ў адзін дзень дала два канцэрты ў двух гарадах. У Бабруйску перад імі выступілі “Сябры”, а ў Менску – сапраўдныя растаманы з “Kalahari”.
Так супала, што канцэрт Indiga ў “Графіці” быў прызначаны на той жа дзень, калі ў Бабруйску адбыўся міні-фэст “Рок – за баброў!” зь індыгаўскім жа ўдзелам. Гурт ад гэткай выпадковасьці, здаецца, зусім не пацярпеў і пачуваўся вельмі добра: клюб на завулку Калініна увечары 22-га быў набіты народам, прагнымі да музыкі сваіх улюбёнцаў.
У “Графіці” Indiga разагравалі, канешне, не “Сябры”, але ня менш выбітны гурт Kalahari. Сапраўдныя растаманы Kalahari лёгка й ненавязліва адыгралі некалькі сваіх песень, хоць і не абыйшлося без праблем з гукам гітары, якая траскатала і вымушала гітарыста чырванець ды выбачацца за абодвух. “Спадзяюся, мне больш пашанцуе, чым табе, дружа,” – адкаменціў Д.Дзямідаў і заступіў на пост. Пашанцавала, амаль. Праграму адыгралі на адным дыханьні. Акрамя звычайнай праграмы з “Dni” музыкі выканалі “Заеньку”, дарэчы бяз І.Варашкевіча, які таксама быў тут, але засьпяваць з Русяй не схацеў з прычыны сваёй татальнай дыпрэсіі, і прэзэнтавалі дзьве новыя кампазыцыі. Зрэшты, як адзначылі прысутныя, усё было міла і па-хатняму.
Дарэчы, напрыканцы гэтага году мусіць выйсці афіцыйны сынгл, які стане прадвесьнікам другога альбому папулярнага альтэрнатыўнага гурта. Indiga не стаіць на месцы і актыўна рыхтуе новую праграму. А на пачатку лістапада Русю можна будзе пабачыць на “Залатым шлягеры”. Разам са сваімі сябрамі з “Консул бэнд” яна возьме ўдзел у конкурсе “ВІА імя Мулявіна”.
Аліна Крушынская, "Тузін Гітоў"

 

“Саша і Сірожа” шукаюць герояў для кліпа | 26.10.2005 |
Вядомы тэледуэт паступова можа экранізаваць увесь свой дэбютны альбом “Ска-ты!”. Хутка зьявіцца ўжо чацьверты відэаролік. Гэтым разам на песьню “Новы год”. Вядома, што ў кліпе будзе прысутнічаць сцэна масавай фіззарадкі і “СаСі” запрашаюць у ёй зьняцца ўсім ахвочым.
Тэледуэт “Саша і Сірожа” рыхтуецца да экранізацыі чацьвертай па ліку кампазацыі са свайго дэбютнага альбому “Ска-ты!”. У адпаведнасьці з паравінай году яны для гэтых мэтаў абралі песьню “Новы год”.
Як звычайна, здымачную групу ачоліць Мацьвей Сабураў, адказны за ўсё кліпы “СаСі”. Сцэнар пакуль трымаецца ў сакрэце, але вядома, што ў кліпе будзе прысутнічаць сцэна масавай фіззарадкі. Менавіта для яе патрабуюцца дабраахвотнікі, прычым з рознымі тварамі. “Ня бойцеся, калі вы не тэлегенічныя – мы таксама некалі саромеліся камэры і баяліся, што нас не пажадаюць паказваць па тэлевізары”, - кажуць Саша і Сірожа. Здымкі кліпа пройдуць у Менску. Свае фотаздымкі “СаСі” просяць дасылаць да 1 лістапада на e-mail klip@lyapis.com
Прэсавая служба “СаСі”

 

“Рок-каранацыя” адраджаецца | 26.10.2005 |
Ініцыятар адраджэньня “Рок-каранацыі” Г.Шульман: “Будзе вельмі шкада, калі “забароненым” музыкам не дазволяць выступаць. У любым выпадку мы будзем шукаць кропкі сутыкненьня па гэтым пытаньні з уладнымі структурамі, у тым ліку і з Адміністрацыяй прэзыдэнта”.
На пачатку 2006 году ў Менску пройдзе дзесяты па ліку і першы пасьля трохгадовага перапынку фэстываль “Рок-каранацыя”. Ініцыятарам яго адраджэньня стаў дырэктар прадусарскага цэнтру “Клас-Клуб ДжазКрафт” Генадзь Шульман. Ён зазначыў, што на яго паўплываў фэст “Рок за баброў”, які прайшоў днямі ў Бабруйску.
“Я убачыў, што за апошні час у Беларусі зьявілася шмат цікавых альтэрнатыўных каманд, - кажа Г.Шульман, - пры гэтым наш шоў-бізнэс заарэнтаваны на поп-праекты, якім аддадзены і этэр, і канцэртныя пляцоўкі, а вось альтэрнатыўныя музыкі застаюцца збоку. “Рок-каранацыя” заклікана дапамагчы заявіць пра сябе. Цалкам верагодна, што існуючы раней фармат цырымоніі будзе пашыраны”.
Шульман кажа, што канцэпцыя абноўленай “Рок-каранацыі” будзе гатова да сьнежня, а сам фэст пройдзе пры канцы зімы. Ці здолеюць узяць удзел у “Рок-каранацыі” “забароненыя” музыкі, большасьць зь якіх неаднойчы атрымлівалі “Рок-карону”? “Будзе вельмі шкада, калі гэтым музыкам не дазволяць выступаць, - адказвае Г.Шульман. – У любым выпадку мы будзем шукаць кропкі сутыкненьня па гэтым пытаньні з уладнымі структурамі, у тым ліку і з Адміністрацыяй прэзыдэнта”.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы “Рок-каранацыі-2005” возьме адзін з заснавальнікаў і прадусар фэсту Юры Цыбін, які яшчэ на пачатку году казаў пра сваё жаданьне адрадзіць мерапрыемства: “Пра дэталі казаць яшчэ зарана. Адзначу толькі, што ёсьць пляны па ўвядзеньні некалькіх новых намінацый”. Па словах Ю.Цыбіна, уладальнікаў “Рок-карон”, як і раней, будуць вызначаць сябры аўтарытэтнага журы – журналісты, прадусары і музычныя адмыслоўцы.
Нагадаем, што першапачаткова “Рок-каранацыя” задумвалася, як фэстываль беларускамоўнай рок-музыкі. Аднак ужо ў 1996 годзе лепшай групай была прызнаная “Rouble Zone”, а ў 1997 годзе “каранавалі” расейскамоўны “Ляпіс Трубецкой”. Апошняя “Рок-каранацыя” прайшла ў 2003 годзе і была прысьвечаная памяці Ўладзімера Мулявіна.
“Калі нас паклікаюць, з задавальненьнем возьмем удзел у “Рок-каранацыі”, - кажа лідэр групы “Нэйра дзюбель” (уладальніка “Рок-кароны” ў 1999 годзе) Аляксандр Кульлінковіч. – Апошнім часам я бачыў, што фэст меў шэраг недахопаў. Аднак галоўнай каштоўнасьцю “Рок-каранацыі” заўсёды было тое, што яна дазваляла музыкам адчуць сябе адзіным цэлым. А гэта вельмі важна”.
Віктар Пазьнякоў, naviny.by

 

“Pete Paff” скарылі Ўроцлаў | 27.10.2005 |
Этнічны праект Піта Паўлава ўзяў удзел у прадстаўнічым фэсьце ў Польшчы. Музыкі адыгралі ўсе песьні са свайго альбому, які неўзабаве зьявіцца ў продажы. Выступ доўжыўся паўтары гадзіны, два разы музыкаў выклікалі на біс, былі прададзены амаль усе прывезеныя кружэлкі.
Капэля “Pete Paff”, этнічны праект Піта Паўлава, вярнулася з аднаго з найбуйнейшых эўрапейскіх фэстываляў. “Pete Paff” далі два канцэрты ва Ўроцлаве, куды была запрошаны дзеля ўдзелу ў міжнародным Вышэградзкім фэстывалі. Разам зь “Pete Paff” у ім ўзялі ўдзел такія польскія музычныя зоркі, як “Kult”, “Pidzama Porno”, “Voo Voo” ды інш.
Першы сольны канцэрт прайшоў 17-га кастрычніка ў клюбе “Lykend”. Музыкі адыгралі ўсе песьні са свайго альбому, які неўзабаве зьявіцца ў продажы, а таксама шмат іншых вядомых песень і некалькі кавераў (у тым ліку “Песьню пра каханьне”). Выступ доўжыўся паўтары гадзіны, два разы музыкаў выклікалі на біс, былі прададзены амаль усе прывезеныя кружэлкі.
Другі канцэрт адбыўся 19-га, у “Вытворні фільмаў фабулярных”. Капэля грала разам з Jamie Clarke’s Perfect (England/Ireland/Bosnia), гуртом гітарыста легендарнага Pogues і пераможцамі сёлетняга Сопату польскім Zakopower. “Pete Paff” быў вельмі цёпла прыняты вроцлаўскай публікай, апошняя песьня “Зялёны сад вішнёвы” сьпявалася разам з усёй заляй. Падчас удзелу ў фэстывалі завязаліся новыя кантакты і былі зробленыя цікавыя прапановы на далейшае супрацоўніцтва.
Па вяртаньні на Радзіму музыкі заняліся графічным аздабленьнем свайго першага студыйнага альбому “Паглыбленьне”, музычная частка якога практычна гатова.
Прэс-служба “Pete Paff”

 

Міхаіл Фінберг: “Нам не хапае Асобы” | 27.10.2005 |
Кіраўнік Нацыянальнага аркестру: “Бывае няёмка і сорамна, калі ў студэнцкай аўдыторыі пытаюся пра беларускую музыку, а ў адказ – цішыня. Трэба зацікавіць маладых і вярнуць іх з начных клюбаў у канцэртную залю”. Размова зь Міхаілам Фінбергам пра беларускі поп, групу “Палац”, джаз і Купалу.
Кіраўнік Нацыянальнага аркестру пагадзіўся на гутарку пры адной умове: калі “Наша Ніва” прынясе прабачэньні за колішні матэрыял пад назвай “Ня ўсё так добра ў аркестры Фінберга”. “Надта вы мяне закранулі нават адным загалоўкам”, - сказаў дырыжор. Дамовіліся сустрэцца ў нядзелю – кіраўнік аркестру працуе і ў выходныя.
Мы - найлепшыя
Як маецца аркестр?
Працуем у двух кірунках: эстрадная/джазавая і акадэмічная музыка. Ладзім фэстывалі ў малых гарадах. Ужо ў 11-ты раз правядзем музычны фэстываль у Нясьвіжы, 6-ты – у Заслаўе, у Тураве, у Стоўпцах, па традыцыі, у Маладэчне і Віцебску. Усяго аркестрам – у лютым нам спаўняецца 20 год - было арганізавана 62 фэстывалі. На іх стараемся спалучаць мастацтва і навуку - у межах фэстываляў праводзяцца навукова-практычныя канфэрэнцыі. Наш аркестр – найлепшы ў краіне. Пра гэта сьведчыць і самае высокае званьне, якое можа атрымаць творчы калектыў у Беларусі. У жніўні нас надзялілі статусам “нацыянальны”.
Якое месца ў вашых праграмах займае беларуская музыка?
На 90% - гэта беларускія творы. Вялікую ўвагу надаем айчыннай музыцы. Стварылі цыкль аўтарскіх праграм на вершы Міцкевіча, Багдановіча, Коласа, Купалы, Караткевіча і шэрагу сучасных паэтаў. Амаль нікога, хто напісаў варты верш, не забылі. У лютым усё падсумуем у праграмах “Анталёгія”.
Вы не сказалі пра джазавы фэстываль
У 15-ты раз мы даем магчымасьць паслухаць джаз усім цікаўным, бо ладзім фэст пры дзяржаўнай падтрымцы. Таму і квіткі прадаюцца па нізкіх коштах. 15 000 руб. – нармальны кошт для канцэрта, які задавальняе ўсіх. Лічу хуліганствам, калі прыязджаюць нейкія артысты, працуюць пад фанаграму і бяруць з гледачоў куды большыя грошы. Мы заўсёды граем ужывую.
Джаз больш запатрабаваны, чым Купала
У якіх адносінах вы знаходзіцеся з Прэзыдэнцкім аркестрам – таксама адным з галоўных дзяржкалектываў. Ці не замінаеце адзін аднаму?
У нашай краіне 28 аркестраў. І кожны займае сваю нішу. Прэзыдэнцкі аркестр запатрабаваны ў цырыманіяле, пратакольных справах. Мы ж езьдзім па краіне, выступаем па-за межамі, найперш у Маскве – у канцэртнай залі “Россия” і Крэмлёўскім Палацы зьездаў.
Але Прэзыдэнцкі аркестр таксама гастралюе па краіне. Як вы ставіцеся да ідэі зьліцьця гэтых двух калектываў?
Няхай будзе нават 100 аркестраў, галоўнае, каб яны былі прафэсыйныя і запатрабаваныя. Прэзыдэнцкі і наш аркестр ня могуць злучыцца, бо, калі ёсьць пэўны набор і колькасьць інструмэнтаў, удвая болей іх быць ня можа.
Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаецеся?
Усе творчыя праблемы мы ліквідуем на рэпетыцыях. Непакоіць тое, што цяжка сабраць поўную залю. Калі на джаз-фэстываль квіткі распаўсюджваюцца за два дні, то на канцэрт, прысьвечаны Купалу, куды марудней.
Чаму так?
Вінаватыя не выканаўцы, вінаватыя слухачы. Кожны чалавек мусіць займацца самавыхаваньнем, цікавіцца сваёй культурай, паэзіяй. Кажуць, што не стае беларускай музыкі. Калі ласка, на нашых канцэртах яе ўдосталь. Трэба любіць сваё нацыянальнае, бачыць пазытыў. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для творчага выяўленьня. Некаторыя артысты абіраюць самы лёгкі шлях – зробяць адну песеньку і танчаць пад яе на трох тэлеканалах. Глыбокі і зьмястоўны твор зрабіць куды цяжэй. Моладзь больш ходзіць у начныя клюбы, трэба зацікавіць маладых і вярнуць іх у канцэртную залю. Акрамя музыкі танцавальнай, ёсьць музыка сур’ёзная, да якой трэба цягнуцца. Бывае няёмка і сорамна, калі ў студэнцкай аўдыторыі пытаюся пра беларускую музыку, а ў адказ – цішыня.
Ці існуе праблема недахопу музычных кадраў для аркестру зь Беларусі?
Аркестар на 99% складаецца з музыкаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў Беларускай акадэміі музыкі. Узровень нашай музычнай адукацыі – вельмі высокі. На жаль, некаторыя выпускнікі зьязджаюць за мяжу. Ня ведаю, якія ў іх матывы, але тым самым яны падманваюць сваю дзяржаву, якая дала ім бясплатную адукацыю. Разьлічыся – і зьязджай, калі так вырашыў.
Артыстаў шмат, выніку ніякага
Год восем таму Вы прарочылі групе “Палац” славу “Песьняроў”. Ці спраўдзіліся вашыя чаканьні?
Я быў адзін зь першых, хто заўважыў гэту групу і запрасіў на фэстываль у Маладэчне. “Палац” сапраўды гучна пра сябе заявіў. Датычна іх выканаўчых характарыстык ня маю аніякіх прэтэнзій. Але, каб замацавацца трэба болей канцэртаваць, рабіць новыя праграмы і заўсёды імкнуцца наперад. Ужо некалькі год я нічога ня чуў пра гэтую групу.
Якое вашае стаўленьне да таго, што музыкі фактычна падзелены на два лягеры?
Не магу прыняць гэты выраз – “падзяленьне”. Ведаю адно: музыкі ёсьць прафэсыйныя і непрафэсыйныя. Той, хто хоча, той працуе: у нас ёсьць філярмонія, іншыя канцэртныя арганізацыі. Пра ніякія падзяляньні я нічога ня ведаю, ніякіх папер ня бачыў.
Каго ж Вы цяпер вылучылі на сучаснай беларускай сцэне?
Выканаўцаў шмат, але я ня бачу ніякага выніку. Дзе іх праграмы? Нельга ж бегаць з адной і той жа песьняй па ўсіх радыёстанцыях і тэлеканалах. Я запрашаў у Маладэчна і поп- і рок-артыстаў, і на другі раз яны прыходзілі з тым жа матэрыялам, што і ў першы. Цяпер мне цяжка назваць нейкага выбітнага артыста, бо ўсе яны – аднолькавыя. Цяпер не хапае Асобы
Няўжо загад аб 75% ня выратаваў?
Гэты загад даў магчымасьць беларускім музыкам больш плённа працаваць. Чым болей будзе гучаць беларускай музыкі, тым болей шанцаў, што зьявяцца вартыя ўвагі. Але недастаткова прагучаць некалькі разоў на FM-станцыі. Гэта музыкант аднаго дня, ці аднаго году. На болей часу яго не хапае. Таму большасьць такіх музыкантаў зьнікае, бо ім няма ўжо чаго сказаць публіцы.
Чаму айчынная папулярная музыка находзіцца цяпер ў такім стане?
Таму што сёньняшнім поп-сьпевакам і сьпявачкам не стае музычных ведаў. Абавязкова трэба мець адукацыю. Бязь ведаў – ня створыш нават поп-твор. Сёньня ў іх атрымліваюцца звычайныя калькі.
Дык якой павінна быць якасная беларуская папулярная песьня?
Магу прывесьці ў прыклад творы ў выкананьні PrimaVera і Натальлі Тамэлы, якія я ўзяў у рэпэртуар аркестра, бо яны адказваюць усім патрабаваньням. Маюць глыбокі тэкст, гармонію (абавязковыя музычныя знаходкі), правільную канструкцыю і чыстае інтанаваньне.
Размаўляў Сяргей Будкін, “Наша Ніва”

 

“Зьмяя”: іх новы “ГОСТ” | 29.10.2005 |
Адзін зь ляўрэатаў “Басовішча” – група “Зьмяя” - сьвядома ідзе на ўскладненьне музычнай мовы. Вакалістка Зоя: “Мы адмовіліся ад “куплетна-прыпеўнай” схемы, цяпер мы пішам міні-рок-опэры!”. Новы альбом “Зьмяі” атрымае назву “ГОСТ”.
Некаторыя маладыя гурты - вялікія майстры па частцы сюрпрызаў. Вось гурт «Зьмяя» нечакана зьдзівіў сваім радыкалізмам: не пасьпелі слухачы прасякнуцца кантэкстам і музычнымі “разынкамі” іх дэбютнага альбому «Усё дзеля вас», як музыкі гурту нечакана заявілі пра карэннае зьмяненьне гучаньня каманды…
Якое яно будзе гэтае новае гучаньне і ці будзе яно рэальна нейкім чынам адрозьнівацца ад дыска «Усё дзеля вас», пакажа новы альбом гурту «Зьмяя», што пачаў запісвацца на студыі Х-Noise Factory Генадзя Сыракваша.
І хоць музыкі ўжо даўно далі назву свайму новаму дыску – «ГОСТ», з рэлізам альбому яны не зьбіраюцца сьпяшацца. Яго зьмест будзе больш строга вывярацца, а музыка і якасьць запісу будуць удасканальвацца, магчыма, аж да наступнага «Басовішча».
Пра хаду студыйнай працы (запісана ўжо траціна назапашанага музычнага матэрыялу) над новым альбомам гурту «Зьмяя» распавядае гітарыст Уладзімер Сахончык:
- За той пэрыяд, які прайшоў ад часу рэлізу дыска «Усё дзеля вас», нашы музыкі вырасьлі прафэсійна. Таму мы паставілі сабе за мэту ствараць такую музыку, якую не выконвалі яшчэ ў Беларусі, каб мы не выглядалі музыкамі «па ГОСТу» - чарговымі клонамі заходніх ці мясцовых рок-зорак. Вось чаму ў нашых новых кампазыцыях можна будзе адчуць уплыў і адгалоскі ня толькі nu-metal, hardcore, але і фолка, джаза і блюза.
Тэму новага альбому працягвае аўтарка тэкстаў і вакалістка гурту “Зьмяя” Зоя Каральчук:
- Каб дасягнуць тых мэтаў, пра якія распавядаў Уладзімер, мы адмовіліся ад не задавальняючай нас кампазыцыйнай “куплетна-прыпеўнай” схэмы ў песьнях. Таму яны сталі больш складанымі і разгорнутымі. Цяпер гэта сапраўдныя міні-рок-опэры! Ды і самой мне прыходзіцца сьпяваць то ў фальклорнай стылістыцы, то пераходзіць у традыцыйны вакальны дыяпазон, то выкарыстоўваць “мэталічны” гроул, ці, увогуле, зьвяртацца да арыенталісцкіх, усходніх матываў і гармоніяў.
Музыкі гурту “Зьмяя” ідуць на ўскладненьне музычнай мовы сьвядома і асэнсавана. Бо вераць у тое, што калі са сваімі творамі імкнуцца несьці слухачам станоўчыя эмоцыі і энэргетыку, то іх новая музыка знойдзе разуменьне па той бок сцэны. Адна зь песень з новага альбому “Зьмяі” прагучыць у бліжэйшых турах на “Тузіне Гітоў”.
Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"

 

“Палац” перавыдаецца | 29.10.2005 |

Легендарны дэбютнік групы “Палац”, што зьявіўся роўна 10 год таму, упершыню выдаецца на CD. З-за пэўных паліграфічных прыколаў першых выдаўцоў назвай альбома стала пампезнае абазначэньне на вокладцы ягонай стылістыкі – “Folk Modern”, але ж яно прыжылося...
Яшчэ нядаўна беларуская папулярная музыка магла пахваліцца толькі сваімі першапраходцамі: першая дэнс-кампіляцыя “Вольныя танцы”, першая фірменная CD-сэрыя “Беларускі музычны архіў”, першыя заводзкія тыражы дыскаў бардаўскай песьні (В.Цярэшчанка, С.Сокалаў-Воюш, В.Шалкевіч, Э.Акулін). Але колькі адкрыцьцяў прынесла нядаўна распачатая традыцыя перавыданьняў самых эпахальных альбомаў: то ў галяндцаў перакупілі ўсе чатыры альбомы менскага этна-гурта “Troitsa”, то ў брытанцаў адшукалі эпахальны крамаўскі” рывок у Эўропу – іхні ангельскі альбом “Гарэлка на лёдзе”, а потым легендарны “ULIS” знайшлі і на Захадзе, і на Ўсходзе.
У 2005 годзе ўвогуле пачалася татальная чарада юбілейных перавыданьняў легендарных беларускіх музычных альбомаў (“Ліцьвіны”, “Kriwi”, “Znich”, “Народны альбом”). Самае апошняе з падобных перавыданьняў – дэбютны альбом легендарнага “Палаца” – упершыню выдадзены роўна 10 год таму. З-за пэўных паліграфічных прыколаў першых выдаўцоў (“Каўчэг”, “Vigma”) назвай альбома стала пампезнае абазначэньне на вокладцы ягонай стылітстыкі – “Folk Modern”, але ж прыжылося. Дый якія нацыянальныя эвэргрыны ён увабраў: “Ой долам, долам”, “Страла”, “Новая канюшня”… Тузін цудоўных мэлёдыяў у віртуозным выкананьні музыкаў першага складу “Палацу” (акрамя Алега Хаменкі, Зьміцера Карабача, Юрася Белякова былі там яшчэ тады Юры Выдронак і Зьміцер Вайцюшкевіч).
Прапаноўваючы ўпершыню гэты рэліз на кампакт-дысках, новы выдавец (“БМАgroup”) палічыў магчымым аздобіць праграму кружэлкі пэўнымі дадатковымі падарункамі: адмысловымі бонус-трэкамі сталі некалькі ўзораў папулярных дэнс-апрацовак палацаўскага рэпертуару, зробленыя ў нашумелым ды-джэй праекце “Palace & Ray Хвісевіч”. Так што пэўныя песьні альбома прагучаць тут ажно ў дзьвюх вельмі розных вэрсыях.
Юбілейным выданьнем “Палаца” не завершыцца традыцыя цікавых перавыданьняў нацыянальнага архіва поп-музыкі, бо чакае новага выхаду ў сьвет творчасьць легендарных гуртоў “Бонда”, “Мясцовы час”, “Мроя”.
Вітаўт Мартыненка


“Гэй-лолі” выдаецца на CD | 31.10.2005 |

Традыцыя аднаўленьня беларускай музычнай спадчыны працягваецца. Убачыла сьвет перавыданьне першага альбому групы Kriwi - “Гэй-лолі”. Праграма была запісаная амаль дзесяць год таму ў зорна-узорным складзе: Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч і Юры Выдронак.
Сьледам за першай праграмай групы “Палац”, упершыню на CD пабачыў сьвет яшчэ адзін легенарны беларускі фолк-альбом. “БМА-груп” перавыдала самы першы альбом групы Kriwi - “Гэй-лолі”, якому налета споўніцца 10 год. Справа ў тым, што гэты альбом даўно стаў рарытэтам ды існаваў толькі на касэтах. Гэтая музыка, напэўна, ніколі ня згубіць сваёй актуальнасьці. Але дадзены рэліз цікавы ня толькі запамінальнымі гітамі, але і сваім зорна-узорным складам. У той час у Kriwi уваходзілі Вераніка Круглова (лідэр-вакал), Зьміцер Вайцюшкевіч (мультыінструмэнталіст) і Юры Выдронак (кампазытар і кіраўнік групы). На дыску – студыйныя запісы, зробленыя ў Бэрліне (“Гэй-лолі”, “Я скакала, я плясала”, “Мяцёлка” ды інш.), а таксама канцэртныя – з колішніх эўрапейскіх выступаў (“Лося”, “А ці дома, дома”, “Сьвяты Ляксей”). На дыску захаванае арігінальнае аздабленьне, дзе можна пабачыць брэндавую ўжо ілюстрацыю – старэнькую бабулю ў вялікіх навушніках – і паглядзець на маладыя твары Веранікі, Зьмітра і Юрыя.
SB



 


рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!