|
![]() | ||||
|
архіў музычных навінаў за лістапад 2005
Яшчэ адзін канцэрт “J_Морс” у Менску | 01.11.2005 | VIP-пэрсоны з групы “ВІП” | 02.11.2005 | Этна-штурм на Познань | 08.11.2005 | Эротыка ад “Гарадзкіх” | 09.11.2005 | Шалкевіч запяе па-польску | 09.11.2005 | “Ляпіс Трубяцкой”: “Чаго з намі змагацца? Мы ж блазны!” | 10.11.2005 | “Тузін Гітоў” б’е рэкорды | 14.11.2005 | Metallection: другое дыханьне праекта | 15.11.2005 | Шаўчук заміж N.R.M. | 15.11.2005 | Ахоўнікі Вежы Багоў | 16.11.2005 | N.R.M. едзе ў Польшчу | 17.11.2005 | Рок на радзіме “:B:N:” | 17.11.2005 | “Прэм’ер Тузін” у эўрапейскім кантэксьце | 18.11.2005 | Канцэрт, які чакалі | 19.11.2005 | “Тройца” ў пошуках “Трох талераў” | 19.11.2005 | “Саша і Сірожа”: другая спроба | 21.11.2005 | ZIGZAG выступіў на Кіпры | 21.11.2005 | СС НРСМ! | 22.11.2005 | “Рок-кола” закруціцца ў Полацку | 22.11.2005 | Новае аблічча Аляксандры і Канстанціна | 23.11.2005 | Блюз памёр у Менску | 23.11.2005 | Гардкор супраць СНІДу | 24.11.2005 | “Крона” сыграе ў “Скрынку” | 24.11.2005 | Скокі пад дуду | 25.11.2005 | Хуткая культурная дапамога | 26.11.2005 | “Рок-кола” закруціцца праз тыдзень | 26.11.2005 | Гераічны эпас “Старога Ольсы” | 28.11.2005 | Як “Дзеці Сонца” скажуць | 30.11.2005 | Яшчэ адзін канцэрт “J_Морс” у Менску | 01.11.2005 |
Усьцешаны посьпехам свайго “ўсебеларускага туру” гурт “J_Морс” абяцае зладзіць
пры канцы лістапада яшчэ адзін свой канцэрт у Менску - у клюбе “Рэактар”.
А распачаты з аншляга ў КЗ “Мінск” тур па Беларусі “Маё сонца” здаецца выходзіць
цалкам пасьпяховым.Вынікае, што не абавязкова быць у струмяні размаітых правінцыйных фэстаў і “дажынак”, каб з посьпехам выступаць перад неразбэшчанай няменскай публікай. Дастаткова проста быць “J_Морсам”. І мець лепшыя продажы свайго CD ў дыскарнях за апошнія месяцы. І мець гіт “Маё сонца”, што ня сыходзіць з ратацыяў радыё-станцыяў. І мець добрую колькасьць адданых фэнаў, якія апанавалі гасьцёўню на сайце, які ўжо даўно “на рэканструкцыі”… І тады табе забясьпечаныя поўныя залі і ў Баранавічах, і ў Пінску, і ў Гародні, і ў Лідзе. І будуць табе проста на сцэне расчуленыя гледачы дарыць плюшавых зайкаў, мядзьведзікаў, кветкі й пяльмені. Прыймаюць гурт насамрэч добра - на кожным канцэрце ня меней за 500 гледачоў — лічба красамоўная. "Нашая публіка ў вялікіх і маленькіх гарадох практычна не адрозьніваецца — паўсюль гэта людзі інтэлігентныя й выхаваныя. Гэта вельмі прыемна", — прызнаецца Ўладзімер Пугач. Хтосьці адкажа, што за праграмаю “Маё сонца” крыюцца гады руплівай і не заўсёды ўдзячнай працы. Хтосьці нагадае, што посьпех канцэртаў і продажаў – гэта плён высілкаў вялікай каманды, якая зараз на ўзоры посьпеха “J_Морса” дэманструе пэрспэктыўнасьць беларускага шоў-бізнэсу й хісткасьць апраўданьняў з тэзамі пра “крывы лёс”... Скажа. І будзе мець рацыю. Болей “J_Морсаў”! Добрых і розных! А пакуль “J_Морс” у нас у аднаасобнай наяўнасьці, дык пасьпяшайцеся спрычініцца да новага беларускага цуду (і зусім не “сыліконавага” :) : 3 лістапада ў Бабруйску (клюб "Рояль"), 4-га ў Магілёве (клюб "Джокер"), 6-га ў Калінкавічах (РДК), 7-га ў Гомелі (ГЦК) і 30 лістапада ў менскім “Рэактары”. WM VIP-пэрсоны з групы “ВІП” | 02.11.2005 |
Удзельнікі новага музычнага праекту пад дзіўнавата-правакацыйным назовам
“Выпіць і паплакаць” абяцаюць разварушыць беларускі шоў-бізнэс. Фронтмэн
групы Я.Броўка: “Мы вырашылі заявіць пра сябе яшчэ да выданьня дыску. Такая
ўстаноўка нашых прадусараў: заўсёды дзейнічаць насуперак усталяваным правілам
шоў-бізнэсу”.На музычным даляглядзе зьявілася новая група пад дзіўнавата-правакацыйным назовам “Выпіць і паплакаць” (ВІП). Як высьветлілася, музыкі сабраліся толькі паўмесяцы таму, але ўжо зьнялі відэакліп і рыхтуюцца выдаць свой дэбютны альбом. “Мы вырашылі заявіць пра сябе яшчэ да выданьня дыску. Такая ўстаноўка нашых прадусараў: заўсёды дзейнічаць насуперак усталяваным правілам шоў-бізнэсу”, - кажа “ВІПаўскі” фронтмэн Яўген Броўка. Цікава, што прома-песьню – “Гузік” - новаму праекту падараваў сам Аляксандр Кульлінковіч. “А я толькі і раблю апошнім часам тое, што раздаю іншым музыкам свае песьні. Вось нядаўна прэзэнтавалi праекту “Дрозды” сваю песьню “З Новым годам!”. Тыя пераклалі яе на расейскую мову і зьбiраюцца выконваць на сваіх выступах”, - кажа лідэр групы “Нэйра дзюбель”. Але праекту “Выпіць і паплакаць” Аляксандр аддаў некалькі сваіх песень за так. “Вельмі душэўныя хлопцы, хард-рок граюць, назва іхняга праекта надта кранальная, чаму бы не дамагчы?”, - кажа А.Кульлінковіч. “Мы ўдзячныя Аляксандру за дапамогу і піяр, але на альбоме будзе нямала нашых уласных песень”, - кажа лідэр “ВІП” Я.Броўка. Прэзэнтацыя дэбютнага роліка праекту “Выпіць і паплакаць” чакаецца па самым бліжэйшым часе. SB
Этна-штурм на Познань | 08.11.2005 |
Аточаныя бюстамі Леніна, карцінамі Брэжнева і Гамулкі, пад чырвоным сьцягам
зь сярпом і молатам, і перад запоўненым да краёў клюбе засьпявала і зайграла
проста надзвычайная ў той вечар “Альтанка”. Віталь Воранаў пра польскія
канцэрты дуэта “Яр” і фолк-праекту “Альтанка”.Познань ужо можна назваць сталай пляцоўкай беларускіх гуртоў, без канцэртаў у гэтым горадзе не абыходзіцца амаль ніводны польскі тур нашых музыкаў. Нядаўна, пасьля канцэртаў у Кракаве, Лодзі і Ўроцлаве, на запрашэньне Беларускага Культурна-Асьветніцкага Цэнтра ў Познані сюды завіталі групы “Яр” і “Альтанка”. Дзявочы дуэт зайграў два пасьпяховыя канцэрты. У клюбе “Пад Міногай” яны далі больш чым гадзінны імпэтны і ўражваючы канцэрт, пасьля чаго гурт быў выкліканы на біс і разам з апантанай публікай выканаў вядомую “Гэй, лолі”. На наступны дзень дзяўчаты былі запрошаныя на выступ у “Пузоні”, што месьціцца на старамесьці ў самай цэнтральнай частцы горада. Ня меншай пасьпяховасьцю і папулярнасьцю карыстаўся выступ “Альтанкі” ў зробленым на камуністычны лад “Пралетарыяце”. Аточаныя бюстамі Леніна, карцінамі Брэжнева і Гамулкі, пад чырвоным сьцягам зь сярпом і молатам, і перад запоўненым да краёў клюбе засьпявала і зайграла проста надзвычайная ў той вечар “Альтанка”. Канцэрт доўжыўся амаль дзьве гадзіны, а музыкі трыё таксама выходзілі сьпяваць на біс. Сваю апошнюю песьню “Альтанка” прысьвяціла ўсім тым, хто апынуўся ў замежжы, тым каго не пакідае сум па радзіме. Выступы беларускіх гуртоў былі ўспрынятыя вельмі цёпла і пакінулі па сабе вялікі ладунак энэргіі і эмоцый. Ужо зараз існуе дамоўленасьць аб паўторным прыезьдзе музыкаў у Познань. Больш таго неўзабаве ў Познані плянуюцца выступы Валіка Грышко і :Б:Н:, a таксама вядомых беларускіх бардаў. Віталь Воранаў, для “Тузіна Гітоў” Эротыка ад “Гарадзкіх” | 09.11.2005 |
Піт Паўлаў абвесьціў кастынг для ўсіх ахвочых патрапіць у новы кліп групы,
які будзе мець эратычны ухіл. Піт разам з Саладухай, Хрусталёвым і Язерскай
будуць ацэньваць майстэрства прэтэндэнтак у лізаньні “чупа-чупса”, эратычных
пацалунках, танцах на стале і нават распрананьні.Лідэр групы “Gаradzkija” Піт Паўлаў акурат перад сваім днём народзінаў (7 лістапада) абвесьціў пра свае намеры адшукаць некалькі прыгожых дзяўчын. Музыка вырашыў зладзіць кастынг для ўсіх ахвочых патрапіць у новы кліп групы. Дзеля гэтага ён прыдумаў цэлы шэраг выпрабаваньняў, якія мусіць са свайго жаданьня прайсьці будучыя зоркі тэлеэкрану. “Усе прэтэндэнткі будуць мець магчымасьць прадэманстраваць сваё абаяньне, акторскае майстэрства, і, у некаторай ступені рызыкоўнасьць”, - кажа музыка. Кліп будзе з эратычным ухілам, таму Піт разам з іншымі сябрамі журы будуць ацэньваць майстэрства прэтэндэнтак у лізаньні “чупа-чупса”, эратычных пацалунаках, танцах на стале і нават распрананьні. Піт абяцае: “Усё толькі добраахвотна! Ніякага прымусу! Магчыма, што да танцаў далучацца і некаторыя сябры журы”. Сярод запрошаных у журы Аляксандар Саладуха, Ягор Хрусталёў і Элеанора Язерская. Элегантная спадарыня Элеанора, па словах Піта, была запрошана, “каб не засяроджваць усю ўвагу на сэксапільнасьці і разьняволенасьці ўдзельніц кастынгу”. Разбэшчана-элегантная акцыя адбудзецца 15 лістапада а 16-ай гадзіне ў кавярне “Дом” (Чырвонаармейская, 3). “Форма аддзеньня, як кажуць, адпаведная”, - дадае Піт. Сяргей Нятрэба, “Салідарнасьць” Шалкевіч запяе па-польску | 09.11.2005 |
Бацька “бруднага беларускага блюзу” рыхтуе да выданьня альбом “Enigmatyczne
kino Lwow” (“Таямнічы кінатэатр Львоў”). Шалкевіч на закіды ў тым, што ён
апалячыўся: “За сваё жыцьцё я столькі сьцярпеў і столькі мяне ва ўсім абвінавачвалі,
што лепей памаўчу і зраблю добры альбом!”.Здаецца, зусім нядаўна аматары беларускай бардаўскай песьні наладжвалі авацыі свайму куміру – гарадзенскаму аўтару Віктару Шалкевічу з нагоды прэзэнтацыі ягонага альбому «…за сто крокаў ад Вострай Брамы альбо Геаграфія В.К.Л. і ваколіцаў», таксама віталі выданьне ВМАgroup у “Беларускім музычным архіве” дыска Шалкевіча “Добрай раніцы”… Але прайшоў час і адчуваецца, што прыхільнікі таленту “бацькі бруднага беларускага блюзу” стаміліся ад антракту. Патрабуюцца новыя канцэрты, станоўчыя ўражаньні ад песень знанага аўтара. Але, пакуль, Віктар Шалкевіч знаходзіцца ў пастаянных канцэртных вандроўках. Гэтага вымагае складанае жыццё беларускага музыкі. Толькі ў гэтым годзе бард граў канцэрты ў Польшчы (Уроцлаў, Ольштын, Варшава) і ў Чэхіі (Прага), браў удзел у варшаўскім фэсьце “Prybyccio bardau”, дзе быў адзначаны Гран-пры. У якасьці прыза бард атрымаў магчымасьць запісу дыску. І як адзначае сам Віктар, працы і гастрольных паездак у яго робіцца ўсё болей і болей. Тым ня менш, Шалкевіч не прыпыняе сваю студыйную працу – рыхтуе да выданьня новы польскамоўны альбом. Пра тое, чаму ён вырашыў запісаць альбом па-польску і што стала штуршком для гэтай працы распавядае сам Віктар Шалкевіч: - Гэта ня я вырашыў, гэта так атрымалася. Я маю, дарэчы, вельмі шмат уласных песень на польскай мове, дык што загадаеце зь імі рабіць? Не ляжаць жа ім у стале, прыйшоў час і ім загучаць! Альбом будзе мець назву “Enigmatyczne kino Lwow” (“Таямнічы кінатэатр Львоў”). У яго праграму ўвойдуць па адной песьні на вершы Юліуша Славацкага, Цыпрыяна Норвіда, Марыі Канапніцкай, Эдварда Слонскага, Уладзіслава Кандратовіча-Сыракомлі. Астатнія песьні – уласна Шалкевіча. Па словах аўтара, альбом па сваёй танальнасьці выйдзе іранічна-лірычным. Запіс яго фундуе дырэкцыя Domu Kultury Srodmiescie ў Варшаве, яна ж прадстаўляе студыю, яе спэцыялісты робяць зьвядзеньне, мастэрынг і выданьне накладу плыты. На маё пытаньне адносна таго, што Шалкевіча могуць зьвінаваціць і ў тым, што ён апалячыўся, бард адказаў у сваім іранічна-разважлівым стылі: - За сваё жыцьцё я столькі сьцярпеў і столькі мяне ва ўсім абвінавачвалі, што лепей памаўчу і зраблю добры альбом! Што ж тычыцца творчасьці ў роднай мове, то яе Віктар Шалкевіч ніколі не пакідаў і не зьбіраецца гэтага рабіць. У пацьверджаньне сваіх намераў ён рыхтуе да выданьня беларускамоўную опэру “Galilejskaja gistoryja”, якая па словах аўтара, павінна выйсьці ў наступным годзе. А яшчэ Віктар дадае: “Гэта будзе ня проста альбом, а цэлае музычна-паэтычнае палатно”! Анатоль Мяльгуй, “Тузін Гітоў” “Ляпіс Трубяцкой”: “Чаго з намі змагацца? Мы ж блазны!”
| 10.11.2005 |
Лідэр групы Сяргей Міхалок: “Не хачу зьязджаць зь Беларусі, хоць былі
такія думкі, калі нас пачалі прэсаваць. Усё ж у нас ня 37-мы год, жыцьцю
нічога не пагражае. А празь нейкіх людзей, якія ў нас там пры ўладзе,
я ня буду зьязджаць зь мясьцін, дзе мне ўтульна...” “Тузін Гітоў” б’е рэкорды | 14.11.2005 |
Tut.by паведаміў на днях: “Тузін Гітоў б’е ўсе рэкорды”: “дыск “Прэм’ер
Тузін” - першы беларускі афіцыйны рэліз такога аб’ёму. Дзякуючы гэтаму яго
можна сьмела назваць міні-энцыкляпэдыяй 2005 году ў вобласьці беларускамоўнай
музыкі”. За першы тыдзень продажаў разыйшлася палова накладу “тузінаўскага”
дыску.Папулярны музычны інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” справіў нядаўна другі год свайго існаваньня. Арганізатары парталу вырашылі адзначыць свой дзень народзінаў і падрыхтавалі да выданьня дыск “Прэм’ер Тузін”, у які ўвайшлі лепшыя кампазыцыі, што бралі ўдзел у гіт-парадзе ў сэзоне 2004-2005. Сярод іх нямала эксклюзываў. На сёньня “Тузін Гітоў” зьяўляецца адным з самых пасьпяховых сеціўных музычных праектаў у Беларусі зь сяряднесутачнай аўдыторыяй 400 чалавек. За два гады было зарэгістравана больш чым паўмільёны наведваньняў сайту, прайшлі 38 тураў гіт-параду, у якіх узялі ўдзел 138 кампазыцый. Таксама штопятніцу на хвалях “Радыё Мінск” (92,4 FM) выходзіць радыёвэрсія “Тузіна Гітоў”, якую вядзе вядомы музыка Алег Хаменка. Кампакт-дыск “Прэм’ер Тузін”, які на днях зьявіўся ў дыскарнях, можна назваць унікальнай складанкай. Яе аснову складаюць 12 песень, якія адабралі наведнікі сайту ў межах выніковага мэгатуру сэзону. У дадатак на дыску месьціцца 30 песень у фармаце mp3 — самыя яркія беларускія гіты, адабраныя кіраўніцтвам парталу. Такім чынам, на дыску разьмешчана 42 песьні — гэта першы беларускі афіцыйны рэліз такога аб’ёму. Дзякуючы гэтаму “Прэм’ер Тузін 2005” можна сьмела назваць міні-энцыкляпэдыяй 2005 году ў вобласьці беларускамоўнай музыкі. На адным дыску зьмясьцілася шмат ужо добравядомых імёнаў розных пакаленьняў (ад "Ляпіса Трубяцкога" і "Этна Трыё Тройца" да "J_Морс" і Indiga) і музычных кірункаў (Пётр Ялфімаў, Logika Metro, "Стары Ольса"), а таксама значная колькасьць малавядомых, але, безумоўна, вартых увагі выканаўцаў (“Айша”, “Vodar Susviet”, “Siver”, “UltraВожык”). Ёсьць на дыску і нямала рарытэтных сюрпрызаў — запісы легендарнага праекту Васі Шугалея “БазЫлькі”, песьні з невыдадзенага супольнага праекту на вершы Ўладзімера Караткевіча, эксклюзыўныя праекты Ігара Варашкевіча і шмат чаго іншага. Паводле news.tut.by Metallection: другое дыханьне праекта | 15.11.2005 |
“Hard life — heavy music” цяпер трэба чытаць як “Metallection”. Зьмена назвы
праекту не пацягнула за сабой зьмены канцэпцыі зборнікаў і дзейнасьці нацыянальнай
мэтал-калекцыі. Але пад цяперашняй назвай мы працуем з большым імпэтам”.
Інтэрвію прадусара складанкі і лідэра групы VIR Павала Ермака.Калі кіраўніцтва БМА group прапанавала самім музыкам заняцца складаньнем дыскаў мэтал-праекту “Hard life — heavy music”, то ў прыхільнікаў гэтай ініцыятывы ўзьніклі сумненьні адносна таго, ці захаваюцца ў новых выданьнях праекту тыя вызначальныя ідэі, зь якіх і пачынаўся “Hard life — heavy music”. Перасьцярогі адносна будучыні вядомага ў асяродзьдзі прыхільнікаў беларускамоўнай “цяжкой” музыкі збору ўзмацніліся, калі выйшла новая складанка сэрыі – “Metallection III”. “Здрада ідэі пачынаецца са зьмены назвы!” — прыблізна так канстатавалі далейшае разьвіцьцё сытуацыі некаторыя аматары старога і добрага “Hard life — heavy music”. Але цяперашні прадусар праекту, лідэр metal-гурту “VIR” Павал Ермак мае свае аргумэнты. Зь імі Павал знаёміць беларускамоўную metal-грамадзкасьць краіны: - На сённяшні дзень праект "Metallection" (ранейшая назва — "Hard life — heavy music") стаўся нашай нацыянальнай мэтал-калекцыяй. Дыскі з гэтай назвай выходзілі ўжо тройчы і цяпер мы рыхтуем чацьвертае выданьне. Ад самага пачатку існаваньня праекта мэтал-гурты перадавалі нам свае беларускамоўныя песьні, каб мы зьмяшчалі іх на штогадовых дысках. Гурты і зараз зацікаўленыя ў прамацыйных магчымасьцях БМА, якая застаецца выдаўцом гэтых зборнікаў. Працэс падрыхтоўкі "Metallection IV" працягваецца, пакуль маем больш за 20 песень ад розных гуртоў. - Якой будзе канчатковая назва новага дыска? - Мы не хацелі бы губляць натуральнай сувязі з той назвай, пад якой зборнікі выходзілі раней. Таму назва "Hard life — heavy music" будзе згадвацца на вокладцы чацьвертага дыску. Пагатоў, што зьмена назвы не пацягнула за сабой зьмены канцэпцыі зборнікаў і дзейнасьці нацыянальнай мэтал-калекцыі. Але пад цяперашняй назвай "Metallection", мы працуем больш дасканала і, шчыра кажучы, з большым імпэтам. Мы ўрэшце атрымалі шыльду, каторая адлюстроўвае сутнасьць нашае дзейнасьці. - Хто ўжо прадставіў свае фанаграмы і які іхні далейшы лёс? - Я ня буду тут пералічваць усе гурты, мы пакуль ня маем канчатковага сьпісу, бо прыманьне запісаў пакуль працягваецца. Нашая мэта - прыкладна 18 сапраўды значных песень. Але ўжо зараз мы маем новыя імёны, што ня можа ня радаваць. Цешыць тое, што многія новыя гурты пачынаюць свой шлях да слухача з дапамогаю нашых зборнікаў. Сярод вядомых гуртоў, чые запісы мы маем для "Metallection IV", можна згадаць SONCAVAROT (на фота), DIVINA ENEMA, IMPRUDENCE, ARCANUM... Уся інфармацыя наконт атрыманых песень публікуецца ў навінах сайта www.metallection.com, таму ахвотныя заўсёды маюць магчымасьць атрымаць самыя апошнія зьвесткі. Пасьля таго, як ўбачым, што маем дастаткова песень, прывабных для слухача, мы перадамо ўвесь гэты матэрыял экспэртам, якія вызначаць лепшыя песьні. Такім чынам будзе сфармаваны дыск. - Калі плянуецца выдаць гэты дыск і правесьці яго прэзэнтацыю? - Дата выхаду дыску залежыць ад музыкантаў — ад таго, як актыўна яны будуць дасылаць нам сапраўды лепшы матэрыял. Напачатку плянавалася скончыць адбор песень у кастрычніку, але цяпер мы ня маем намеру сьпяшацца за кошт якасьці. "Metallection" ня ёсьць конкурсам маладых талентаў. Слухач мае права атрымліваць лепшае, нават не зважаючы на некамэрцыйную сутнасьць праекта. - Якія асаблівасьці змогуць заўважыць на гэтым дыску слухачы? - Кожны дыск "Metallection" ёсьць асобнай зьявай на мэтал-сцэне Беларусі, бо кожны зь іх адлюстроўвае яе стан на пэўны момант часу. Калі кожны новы дыск атрымліваецца аб'ектыўна лепшым за папярэдні, гэта ёсьць сыгнал, што мэтал-сцэна ў нашай краіне разьвіваецца. - Якія пэрспэктывы выданьня дыску гурта VIR? - Цяперака VIR як раз вырашае пытаньні, зьвязаныя з фінансаваньнем студыйнай працы. Гурт існуе ўжо даўно, і нас не зразумеюць, калі мы выдадзім нешта не на тым узроўні. Якасны запіс патрабуе пэўных затратаў. Пытаньне наконт назвы дыску мы лепей вырашым у апошні момант. Мы зараз маем рабочую назву, але яна можа зьмяніцца ў працэсе запісу. Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў" Шаўчук заміж N.R.M. | 15.11.2005 |
Канцэртам у Менску расейская рок-група “DDT” завяршыла тур па гарадах Беларусі,
прысьвечаны 25-годзьдзю існаваньня калектыва. Шаўчук дзякаваў Васілю Быкаву
і захапляўся ўсёй сапраўднай беларускай культурай. “Тузін Гітоў” на канцэрце
“DDT” і за яго кулісамі.На ранейшых менскіх канцэртах Юры Шаўчук зь цеплынёй узгадваў этна-трыё “Троіца”, а ў адной з сваіх пратэстных песень замест Пуціна сьпеў пра бацьку. Цяпер Шаўчук яшчэ болей прасякнуўся Беларусьсю: падчас песьні “Родина” на вялікіх экранах Палацу спорту паказвалі Траецкае прадмесьце і праспэкт Скарыны, музыка дзякаваў Васілю Быкаву і захапляўся ўсёй сапраўднай беларускай культурай. Родныя карэньні “DDT” заўсёды рабіла шоў, нават у тыя часы, калі не было вялізных экранаў і наварочаных спэцэфэктаў. Шаўчуковы “Мір нумар нуль” – ці ня самая філязофская праграма ў гісторыі расейскага року. Магчыма тады, у сярэдзіне 90-х, Шаўчук і знайшоў ключ да сябе самога, бо зь ім адбыліся заўважныя зьмены. З бунтара ён пераўтварыўся ў філёзафа. Пасьля канцэрта, у адной з грымэрак Палацу спорту за кубачкам кавы, музыка прызнаецца, што космас у сябе дапамагае адкрыць нацыянальная культура. Нядаўна да “DDT” далучыўся фолк-дуэт “Радуйся” і новыя песьні групы набылі этна-адценьне. “Амэрыканізмы паступова надакучылі, цяпер у Піцеры вяртаюцца да нацыянальных каранёў, а ў вас гэта заўжды было”, - Шаўчук кажа пра трываласьць беларускай культуры. Песьню “Папса” на канцэрце ён прысьвяціў усім тым, хто прыніжае нацыянальныя культуры: “Гэта папсавікі-фанэрнікі, мянты і чыноўнікі”, - гарланіў музыка. Цікава, што лідэр “DDT” з год восем таму адкрыў менчукам ... беларускую групу “Тройца”, запрасіўшы этна-трыо, вядомае дзе заўгодна, але не на Радзіме, выступіць разам з “DDT”. Адным камплімэнтам Юры не абмежаваўся. Праехаўшы праз усю Беларусь, да яго прыйшла думка асесьці ў якой беларускай вёсцы ды павучыцца нашаму працалюбству – так яго ўразіла чысьціня і роўныя плоты. Дуалістычны характар вайны “Нас закатавалі алігархі, а вас – партакраты”, - крычыць Шаўчук у залю ды сьпявае песьню 20-гадовай даўніны: “Революция ты научила нас верить в несправедливость добра”. Побач два дзядзькі, з выгляду – мэнэджэры сярэдняга звяна, якія, відавочна, прыйшлі паслухаць “Что такое осень”. Першы: “А чаго гэта ён – пра рэвалюцыю пяе?”. “А ён усё жыцьцё пра гэта пяе” – з асьцярогай адказвае другі. Шаўчук правёў тры дні на Майдане падчас “памаранчавай” рэвалюцыі. Кажа, што паехаў, каб разабрацца на месцы, бо да Расеі надта супярэчлівая інфармацыя даходзіла: “У іх усё на эмоцыях было пабудавана, таму шмат хто з украінскіх рэвалюцыянэраў цяпер расчараваны”. Лідэр “DDT” прыгадвае, як усе стаялі на барыкадах у Расеі ў 1991 годзе: “Мы таксама эмацыйна крычэлі: “Далоў!”, а ў выніку атрымалі напалову забітыя вёскі, лякальныя войны, старыкоў-жабракоў і алігархаў”. На яго думку трэба змагацца, маючы розум і заўжды памятаць, што рэвалюцыю робяць адны, а яе вынікамі карыстаюцца іншыя. “Мы заўжды насьцярожана ставіліся да якіх-кольвек палітычных акцыяў. Бо палітык, як пачынае, спачатку ідзе да народу, а потым праязджае міма яго на аўто з сырэнамі”. Шаўчук пэўны: у Расеі “памаранчавая” рэвалюцыя бяз гвалту ня пройдзе, таму яе ўсе так баяцца. Такая дваістасьць: творчая інтэлегенцыя настроена супраць сёньняшняй улады, але не гатова да зьменаў. “Расея стамілася ад лякальных войнаў”, - кажа Шаўчук, які ў сярэдзіне 80-х здабыў славу песьняй “Не стреляй!”. Музыка дапіў каву і запальвае чарговую цыгарэту: “Вайна мае дуалістычны характар. Я – пацыфіст, але да таго моманту, калі варожыя боты не загрукаюць у мяне пад дзьвярыма”. Юры пастаянна езьдзіць у Чачэнію – як з прыватнымі візытамі, так і з канцэртамі, хоць і кажа, што там праходзіць – “ня наша вайна”. Езьдзіць да тых салдат, твары якіх мяльцяшаць на экране падчас усіх канцэртаў “DDT”. Пра пытаньне вайны і міру задумваецца штодня: “Вельмі ўсё празрыста: нашы салдаты там ваююць, бо яны прысягнулі выконваць загады, іх туды выправіла свалата. З іншага боку, калі бы хлопцы адмовіліся ад прысягі, пачалася бы грамадзянская вайна”. Слова пра Быкава Летась Шаўчук упершыню сказаў слова пра Васіля Быкава. На канцэрце “DDT” у межах “Славянскага базару”, ён прысьвяціў пісьменьніку песьню “Родина”. Потым неаднойчы згадваў імя беларускага творцы, як геніяльнага чалавека 20 стагодзьдзя. Па прыезьдзе ў Менск ён плянаваў наведаць магілу Васіля Ўладземіравіча і сустрэцца з Ірынай Быкавай. “З Ірынай Міхайлаўнай – ветлівай і дабразычлівай жанчынай – мы гутарылі з поўгадзіны. Зайшоў у працоўны кабінэт Васіля Быкава, адразу зьвярнуў увагу на від з вакна, бо для мяне гэта надта важная дэталь. І той від мне спадабаўся”, - апавядае Шаўчук. У сёньняшніх умовах, калі беларускія рок-музыкі адлучаны ад тэле- і радыёэтэру, ня маюць магчымасьці выступіць на вялікіх пляцоўках, адказнасьць у культурным выхаваньні нашай моладзі бяруць на сябе замежныя гастралёры. Юры Шаўчук вучыў сваіх беларускіх прыхільнікаў паважліва ставіцца да сваёй культуры. 2-га сьнежня ў Менску разам зь “Ляпісам Трубяцкім” выступяць “Zdod si Zdub” і “Воплі Відаплясава”. Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў" Ахоўнікі Вежы Багоў | 16.11.2005 |
Скончана праца над трыб’ютам легендарнай гомельскай каманды “Gods Tower”.
Рэліз стане першым канцэптуальным двайніком айчыннай дыскаграфіі (2CD),
а ягоная прэзэнтацыя пераўтварыцца ў грандыёзнае пяцігадзіннае шоў. Пра
трыб’ют “Ахоўнікі Вежы Багоў” апавядае мэнэджэр яго выданьня Віталь Супрановіч.На 16 сьнежня прызначана дата афіцыйнага рэлізу чарговага беларускага трыб’юта “Ахоўнікі Вежы Багоў” (рабочая назва), прысьвечанага легендарнаму гомельскаму гурту “Gods Tower”. Менавіта ў гэты дзень у сталічным клюбе “Рэактар” адбудзецца й прэзэнтацыйны канцэрт з гэтай нагоды. На сёньня праца над праектам, распачатая ўлетку, знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Нагадаем, што гэта ўжо чацьверты трыб’ют, зроблены беларускімі музыкамі пасьля такіх эпахальных рэлізаў, як «Песьнярок», прысьвечаны ансамблю «Песьняры» (1997), «Personal Depeche», якім у 2000 ушанаваны брытанскі «Depeche Mode», «Viza Незалежнай Рэспублікі Мроя» («N.R.M.», 2001). Незвычайна тое, што вырашана ўшанаваць цяжкую каманду з нашых краёў, а самае ўнікальнае, што многія песьні гурта “Gods Tower”, якія скарылі экстрэмалаў многіх краінаў сьвету, упершыню загучаць на мове апяванага імі этнасу. Прычым, беларусізаваць англамоўныя гіты “Gods Tower” ўзяліся нават каманды зь Піцера й Масквы. Сюрпрызам беларускай фанаграфіі стане й тое, што названы рэліз стане першым канцэптуальным двайніком айчыннай дыскаграфіі (2CD), бо прыняць у ім удзел вызваліся больш за два дзесяткі калектываў зь Беларусі, Украіны, Расеі. Для саміх выдаўцоў такі падвышаны інтарэс стаў нечаканасьцю, але было нагэтулькі шмат зьмястоўных інтэрпрэтацыяў легендарнага калектыва з Гомелю, што вырашана было не займацца банальным адсейваньнем, а акурат і зрабіць першы беларускі двайнік. Мяркуйце самі: нават тутэйшыя гурты, якія пажадалі прадставіць свае варыянты знакамітых ужо твораў – не навічкі музычнага рынку, а сапраўдныя монстры цяжкой сцэны Беларусі: «ТТ-34», «Камаедзіца», «Imprudence», «Znich», «Soncavarot», «Partyzone», «Rasta». І ня толькі цяжкой: не забылі сваіх куміраў і прадстаўнікі іншых жанраў, і больш маладыя гурты «Soulsides», «zIGZAG», «MLA», «Arcanum», «Stod», «Зьмяя» (Беларусь), «Alkonost», «Навий Сонм», «Athruta», «Янтарные Слезы» (Расея). І гэта далёка не канчатковы сьпіс. Цікава, што ў трыб’це прыме ўдзел і гурт «Dragonflame», у складзе якога прыкмечаны небезьвядомы вакаліст «Gods Tower» Вячаслаў Наважылаў (той самы Lesley Knife, або Ножык). Плянуецца таксама, што менавіта ён будзе вядоўцам канцэрту. Дарэчы, невыпадковая й дата канцэрту: яе вызначыла тое, што імпрэза дый сам дыск прысьвечаны памяці заснавальнака «Gods Tower», вялікага рок-музыкі й кампазытара Аляксандра Ўракова, якога два гады няма з намі. Назву гэтага трыб’юта вызначыцца шляхам інтэрнэтнага галасаваньня, але з улікам і сусьветных традыцыяў канцэптуалізацыі такіх праектаў, дзе звычайна абыгрываюцца назвы ўшаноўваемых твораў і брэндаў. На сайце www.metallection.com кожны ахвочы можа прапанаваць свой варыянт назвы, а пасьля таго ўсе яны будуць абмеркаваныя. Аўтар брэнда-пераможцы атрымае ў падарунак новы 2CD. Такім чынам, прэзэнтацыя новага альбому адбудзецца 16 сьнежня ў менскім клюбе «Рэактар» і будзе ўяўляць сабою грандыёзны пяцігадзінны канцэрт лепшых беларускіх мэтал-гуртоў. Магчыма, што ў імпрэзе прыме ўдзел і мэтал-легенда з Польшчы «Devilyn». Першыя 300 пакупнікоў квіткоў на гэты канцэрт атрымаюць у падарунак дыск ад «БМАgroup». Даведкі праз тэлефон: 6490888, 7662425. Віталь Супрановіч
N.R.M. едзе ў Польшчу | 17.11.2005 |
У сьнежні адбудзецца сумесны тур беларускай групы і легендаў польскага року
“PIDZAMА PORNO”, якія спраўляюць свае 18-я ўгодкі. Лідэр “PIDZAMА PORNO”
К.Грабоўскі: “Мы запрасілі N.R.M., бо яны нашыя сябры. Не хаваю таго, што
мы фанаты музыкі беларускага гурта, таму нашыя ўгодкі бязь іх уявіць проста
немагчыма!”Чарговы раз зорка беларускага року гурт N.R.M. зьбіраецца на гастрольны тур. Чарговы раз канцэрты адбудуцца не ў Беларусі: на сьнежань заплянавана пяць канцэртаў у Польшчы. На працягу двух апошніх гадоў N.R.M., як і шмат іншых айчынных каманд, куды часьцей выступалі ў Польшчы, чым на Радзіме. Такая сытуацыя да спадобы польскім фанатам гурту. Палякі зь вялікай ахвотай запрашаюць N.R.M. да сябе зь некалькіх прычынаў. Па-першае, кожны гурт павінен граць канцэрты. І калі немагчыма стварыць умовы дзеля канцэртаваньня ў дзяржаве, Польшча – найлепшы варыянт. Па-другое, у польскай краіне зьяўлецца ўсё больш фанатаў N.R.M. І яшчэ адно: N.R.M. мае многа сяброў сярод польскіх рок-зорак. Сярод іх гурты PROLETARIAT, PIDZAMA PORNO , KULT і іншыя. Тур, які адбудзецца зараз у Польшчы непасрэдна зьвязаны з дзьвюма важнымі падзеямі - са сьвятам Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў у Bаршаве пад назовам “Беларускі Underground” ды са сьвяткаваннем 18-тых угодкаў з дня нараджэньня гурта PIDZAMA PORNO. N.R.M. на мерапрыемстве “Беларускі underground” выступаў ужо некалькі разоў. Калісьці ў Bаршаве ўпершыню былі прэзэнтаваныя першапачатковыя варыянты альбому "Паветраны Шар" ды "Самотніка". Сёлета канцэрт арганізаваны БАСам адбудзецца 18-га лістапада. N.R.M. выступіць з акустычнай праграмай. З гуртом PIDZAMA PORNO Лявон Вольскі пазнаёміўся яшчэ некалькі год таму. Познаньскі гурт на сваіх канцэртах выконвае нават сваю апрацоўку песьні “Тры Чарапахі”. Зараз PIDZAMA PORNO ладзіць чатыры вялікія канцэрты, у час якіх будзе супольна з запрошанымі гасьцьмі сьвяткаваць 18 гадоў існаваньня на музычнай сцэне. Як сказаў у размове з карэспандэнтам “ТГ” лідэр PIDZAMА PORNO Кшыштоф Грабоўскі: “Мы запрасілі N.R.M. таму, што гэта нашыя добрыя сябры. Не хаваю таксама таго, што мы фанаты музыкі гурта N.R.M., таму нашыя ўгодкі бязь іх уявіць проста немагчыма!”. Польскі музыка не выключае, што на канцэртах у гэтым міні-туры яны сыграюць супольна зь беларускай групай некалькі песень. Канцэрты N.R.M. сумесна з PIDZAMA PORNO адбудуцца: 10.12. – Познань, 11.12. - Уроцлаў, 15.12. - Варшава, 16.12. – Лодзь. 18.11. - Варшава, акустыка ў межах акцыі “Беларускі underground”. Плянуецца, што разам з польскім і беларускім гуртамі у канцэртах возьмуць удзел легендарны польскі музыка Лех Янэрка, лідэр гурта “MYSLOVITZ” Артур Роек і лідэр гурта “HAPPYSAD” Куба Кабалец. Лукаш Сьцепанюк, карэспандэнт “Тузіна Гітоў” у Польшчы
Рок на радзіме “:B:N:” | 17.11.2005 |
Каржакаваты вакаліст заводзіць: “На ўсім абшары смачней за ўсё кальмары!”
Заля падпявае далей: “За бульбу і за шкварку, і за гарэлкі чарку!”. Рэпартаж
зь Бярозы, дзе прайшла акцыя “Рокавая восень”. Разам гралі “:B:N:”, “IQ-48”,
“Сьцяг” і “Кальмары”.На акцыю “Рокавая восень” у Бярозу дамовіліся паехаць разам з “IQ-48”, але тыя выехалі на самым раньнім цягніку а шостай раніцы — так таньней. Я ж заплаціў лішнія тры тысячы за дзьве гадзіны сну і паехаў пазьней. Рок-канцэрты ў Бярозе праходзяць зрэдку ды на дрэннай апаратуры. Частыя госьці тут — Саладуха, Каліна, Ухцінскі, фанэрныя сьпевакі. Мясцовыя фундатары культуры, мясакамбінат, напрыклад, гатовыя плаціць за іх выступы шалёныя грошы. Рокерам — не. Апаратуру для “Рокавай восені” замаўлялі ў Берасьце за свае, а каманды гралі безганарарна. Алесь Лютыч, лідэр мясцовай каманды “:B:N:”, — мясцовая знакамітасьць. Калі група выступае ў родным горадзе, падлеткі ўсе афішы зрываюць за тыдзень да пачатку — на сувэніры. Музыка працуе на мясцовым заводзе па вытворчасьці пліткі, часьцяком адпрошваецца на канцэрты ў Польшчу. Адпускаюць з ахвотай, у ягоным пакоі — процьма афішаў з выступаў у Беластоку, Варшаве, Бельску-Падляскім, Познані. Зь Менску — аніводнай… На канцэрт прыехала старшыня Беларускай асацыяцыі студэнтаў у Польшчы Ілона Карпюк. Яна ад “:B:N:” у захапленьні: “Яны на “Басовішчы” ўжо каторы год у хэдлайнэрах. Польскія музыкі, калі заводзім размову пра беларускі рок, адразу згадваюць “:B:N:” і “N.R.M.” Побач з палацам культуры стаяць хлопцы зь яшчэ адной мясцовай каманды — “Кальмары”. Глядзяць на прывезеныя калёнкі і кажуць: “Няўжо ўпершыню на нармальным апараце сыграем?” Музыкі — у саламяных брылях, з інструмэнтамі, што прайшлі празь дзясятак рук. Каржакаваты вакаліст заводзіць: “На ўсім абшары смачней за ўсё кальмары!” Заля падпявае далей: “За бульбу і за шкварку, і за гарэлкі чарку!” Група “Сьцяг” з Пружанаў яшчэ няўмела торгае струны, а вакаліст сьпявае кшталту “Калі цябе няма, я кахаю без ума”. Аднак мясцовыя ставяцца да іх усё адно добразычліва. Свае ж і па-свойму пяюць! Сапраўднае сьвята ладзяць “IQ-48”. З кожным выступам каманда выглядае ўсё круцейшай. Годзе называць іх “маладымі і таленавітымі”! Публіка скача ў захапленьні ад “Карыды”, “Выйсьця”, “Сьвятла ў цемры”. Старэйшыя сядзяць на зэдліках і ўсьміхаюцца, калі ўся заля пад кіраўніцтвам вакаліста Сашы Ракаўца скандуе: “Сэкс! Сэкс! Сэкс!” За хэдлайнэра — “:B:N:”. Некалі яны гралі ў салянцы ў клюбе “Гудвін”, і адзін з арганізатараў папрасіў іграць цішэй, у адказ хлопцы адключылі свае інструмэнты. У гэты дзень “бярозаўцы” прасілі музыкаў сыграць гучней. Сяргей Будкін, "Наша Ніва"
“Прэм’ер Тузін” у эўрапейскім кантэксьце | 18.11.2005 |
Хоць плытка “Прэм’ер Тузін” была выдадзена толькі два тыдні таму, музычныя
крытыкі ўжо ўключылі яе ў лік лепшых дыскаў беларускага рок-н-ролу. Вашай
увазе – глава з кнігі “222 альбома беларускага року”, прысьвечаная дыску
ад ТГ – міні-энцыкляпедыі сучаснай беларускай музыкі.Калі маладыя музычныя адмыслоўцы-энтузіясты, аб’яднаныя ідэяй пашырэньня ведаў пра беларускамоўны рок, вырашылі аднавіць традыцыю правядзеньня музычных парадаў цяперака ўжо ў сусьветным павуціньні, то яны, здаецца, і самі ня поўнасьцю ўяўлялі канчатковыя вынікі сваёй задумы. Але пасьля некаторага часу існаваньня гэтага гіт-параду, які быў названы імі “Тузін Гітоў” на www.music.fromby.net, рэальны вынік не прымусіў сябе чакаць. Ён зьявіўся ў выглядзе дыска-складанкі зь лепшымі кампазыцыямі, што былі ў ратацыі на “Тузіне Гітоў” ў сэзоне 2004-2005. Вядома, што наведвальнікі інтэрнэту – людзі абазнаныя ня толькі ў палітычных, сацыяльных і гістарычных пытаньнях, але і ў шмат якіх мастацкіх зьявах – літаратуры, кіно, выяўленчым мастацтве і, канечне ж, у сучасных напрамках рок-музыкі. Мо таму дзякуючы густу і актыўнасьці карыстальнікаў сеціва на вяршыню “Тузіна Гітоў” заўсёды траплялі самыя вартыя, арыгінальныя і паказальныя кампазыцыі як маладых, так і сталых гуртоў, са сталіцы і з рэгіёнаў Беларусі. Ініцыятарам і вядучым гіт-параду заставалася знайсьці магчымасьць сабраць усе лепшыя кампазыцыі ў адну складанку, каб пазнаёміць зь імі больш шырокія колы слухачоў, для якіх інтэрнэт – справа будучыні. І вось вынік супольнай працы вядучых “Тузіна Гітоў” і выдавецкай кампаніі “Вэстрэкардс-Плюс” – дыск “Прэм’ер Тузін 2005” – у лістападзе зьявіўся ў музычных крамах Беларусі. Пасьля таго, як выніковы дыск зь лепшымі кампазыцыямі 2004-2005 гадоў патрапіць ў ваш кампутэрны прайгравальнік, вы зразумееце арыгінальнасьць і своечасовасьць задумы складальнікаў гэтай кампіляцыі. Па-першае, усё музычнае начыньне дыска “запакаванае” ў вельмі зручную мультымэдыйную абалонку. На складанцы, акрамя лідэраў муз-парада “Тузін Гітоў-2005” у CD-фармаце, есьць здымкі гуртоў, а таксама цудоўны падарунак мэляманам – запісы ў фармаце mp3 яшчэ трох дзесяткаў кампазыцый беларускамоўнай поп- і рок-музыкі, што былі ў ратацыі на “Тузіне Гітоў”, але не ўзначальвалі сьпісы лідэраў. Упэўнены, у кожнага наведвальніка “Тузіна Гітоў” на music.fromby.net ёсьць свая любімая песьня з гэтага дыска. Але якая музыка ўвогуле больш прыцягвала ўвагу беларускіх аматараў року ў гэтым годзе? На гэтае пытаньне дасьць адказ праграма, складзеная зь песень-лідэраў “Тузіна Гітоў-2005”. Відавочна, што, як і раней, беларускім слухачам былі больш да спадобы мэлядычна яркія, экспрэсыўныя песьні, у якіх тэкст уяўляе ня проста набор няўцямных рыфмаў і мэтафараў, а дае падставу для разваг, адкрывае новыя інтэлектуальныя далягляды, дае імпульс для ўнутранай палемікі. Гэтымі фактарамі тлумачыцца лідэрства такіх кампазіцыяў, як “Белакрылы анёл” гурту “Zet”, “Выйсьце” “IQ48” і А. Памідорава, “Лякарня” гурту “zygimont VAZA”. У гэтым годзе таксама віталіся ўдалыя “камбэкі”-вяртаньні. Маю на ўвазе не падобны на іншых гарадзенскі гурт “Айша” і іх песьню “Чорны барон”. Слухачы ж добра памятаюць папулярнасьць іхняй рок-футурыстычнай “Ёкагамы” са складанкі “Вольныя танцы: альтэрнатыва_by” (2001). Рамантычныя настроі слухачоў у гэтым годзе былі падмацаваныя сапраўднымі майстрамі лірычна-баляднага напрамку беларускай рок-музыкі – Зьмітром Вайцюшкевічам (“Вясновы дзень”), салістамі гуртоў “Partyzone” і “Indiga” адпаведна Д. Вячэрскім & Русяй (“Маё сэрца”), а таксама гуртом “J_Морс” і іх беларускамоўным гітом “Так-цік-так”. Затое, прагу да весялосьці задавальнялі рытмічна-саркастычнымі кампазыцыямі “Жыцьцё” і “Турысты” гурты “Neuro Dubel” і “Крамбамбуля”. Наведвальнікі парталу “Тузін Гітоў” шмат салідарнасьці і ўвагі выказвалі і творчасьці маладых беларускамоўных камандаў, бо бачылі ў іх будучыню нацыянальнага рок-руха. І іх выбарам ў гэтым сэзоне сталі песьні “Людзі” гурту “Indiga”, “Сьпіралі” “:B:N:” і адкрыцьцё гэтага дыска – кампазыцыя “Атлянтыда” музычна-правакацыйнага праекту “UltraВожык”… Калі зьвярнуцца да праграмы mp3-часткі гэтай складaнкі, то можна адзначыць, што яна – сапраўды, люстэрка музычных трэндаў, якія дамінавалі ў 2004-2005 гадох на айчыннай рок-сцэне. Па-першае, беларускія музыкі ў гэтым сэзоне ў асноўным арыентаваліся на мэйнстрым (“галоўную плынь”) беларускага рок-руху і на “Тузіне Гітоў” творы экспэрымэнтальнага кшталту зьяўляліся ня часта. Гэта тлумачыцца падсьвядомым імкненьнем да пашырэньня слухацкай аўдыторыі, да большага ўплыву на яе праз запамінальны мэлёдызм, вострыя тэксты і прыгажосьць беларускай мовы. Стылёвай карэляцыяй паміж поп-рокам і тутэйшай дзяржаўнай эстрадай можна патлумачыць зьяўленьне на “Прэм’ер Тузіне 2005” папсовых кампазыцый “J_Морс”, Ганны Мушак і Ірыны Дарафеевай, якіх часьцей можна пабачыць на заблытаных “Скрыжаваньнях Эўропы”, чымсьці сярод заўсёднікаў «Тузіна Гітоў». Вялікую долю mp3-часткі новага дыска складаюць сучасныя апрацоўкі беларускага фальклору, фолк-мадэрн-кампазыцыі і ўласныя творы ў гэтым рэчышчы ад гуртоў “Палац”, “P.L.A.N.”, “Postscriptum”, фолк-дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, “Этна Трыо Троіца”, “Старога Ольсы”. На дыску апублікаваны нават музычны рарытэт – апрацоўка беларускага фальклору “Страла” ад музыкаў праекта загінуўшага ў Маскве Васіля Шугалея “БазЫлькі”. І хоць гэтыя творы не заўсёды ўзначальвалі сьпісы папулярнасьці, слухачы “Тузіну Гітоў” ахвотна ўслухоўваліся ў тыя мэлёдыі і рытмы, што прыйшлі да нас “праз смугу стагодзьдзяў”. На дыску прадстаўлены і новыя тэндэнцыі ў фолк-мадэрне: dj-скія апрацоўкі народных мэлёдыяў і аранжыроўкі іх у модных электронных накірунках. Упэўнены, што “Медуніца” ад “Guda” ў аранжыроўцы T-Trider & Maks Retort, а таксама сумесная творчасьць дуэту “Яр” і гурту “Logika Metro” будуць слухацца зь цікавасьцю тымі, хто ведае, што такое drum-n-bas ці tech-house не па стылістычных даведніках, а па адметным гуку і рытміцы дыскатэк. Відавочна, што ўвесь гэты час, спрасаваны і адлюстраваны на дыску “Прэм’ер Тузін 2005”, айчынныя рок-музыкі працягвалі пошук шляхоў беларускай самаідэнтыфікацыі, імкнуліся зрабіць больш, каб іх песьні сталі нацыянальнымі ня толькі з моўнага пункту гледжаньня, але былі такімі глыбінна – і тэматычным, і мэлядычным строем падкрэсьлівалі нацыянальную прыналежнасьць. Нельга не адзначыць трывалыя пазыцыі як раз у тым, што ёсьць нацыянальныя арыентыры ў музыцы, нашых вэтэранаў – гуртоў “Крама” і Ігара Варашкевіча асабіста, “Ulis”, “WZ-orkiestra” і Зьмітра Вайцюшкевіча, Піта Паўлава і гурту “Garadzkija”, Валіка Грышка, Лявона Вольскага. Яны, як тыя волаты, непарушна стаяць на варце нацыянальнага ў айчынным рок-руху. І сваім “стаяньнем” дапамагаюць рушыць сучасную беларускую культуру ад згубы, у якую яе кідаюць мясцовыя “інтэгратары”. Маладым камандам “Siver”, “IceCreamoff”, “Vodar Susviet” ёсьць з каго браць прыклад і таму свой шлях ў творчасьці яны пераадольваюць больш вынікова. Таму іх музыка арганічна слухаецца на тле вэтэранаў, не саступае ім, прынамсі, у імпэце творчага руху… На прэс-канферэнцыі, прысьвечанай выхаду складанкі “Прэм’ер Тузін 2005” вядучы радыё-вэрсыі гэтага гіт-параду на FM-радыё “Мінск”, лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка параіў слухачам ставіцца да новага дыска не як да альбома, а як да складкі, а таму - слухаць кампазыцыі выбарачна: у залежнасьці ад настрою пераходзіць ад адной песьні да другой. Але, усё ж, гэты дыск дае слухачам і іншую магчымасьць - пазнаёміцца з ўсёй панарамай беларускамоўнага рок-руху. Бо менавіта так можа ўзьнікнуць разуменьне той музычнай зьявы сучаснай Беларусі, якую прэзэнтуюць выдаўцы “Прэм’ер Тузіна 2005”. Цяпер ўжо ў эўрапейскім кантэксьце. Анатоль Мяльгуй, музычны аналітык З кнігі “222 альбома беларускага року”
Канцэрт, які чакалі | 19.11.2005 |
Адны зь лепшых музычных калектываў Беларусі, Украіны і Малдовы – выступяць
2-га сьнежня ў менскім Палацы спорту. Першымі на сцэне зьявяцца “Воплі
Відаплясова”, потым “Zdob Si Zdub” і пры канцы – “Ляпіс Трубяцкой”. Кожны
будзе мець сэт працягласьцю ў гадзіну.
“Тройца” ў пошуках “Трох талераў” | 19.11.2005 |
Этна-трыё “Тройца” піша музыку да тэлесэрыялу “Тры талеры”, які ствараецца
пад патранатам прэзыдэнта РБ. Фільм апавядае пра пошукі беларускімі падлеткамі
скарбаў Напалеона, якія, паводле паданьняў, былі згубленыя францускімі войскамі
пры пераправе празь Беразіну.Музыкі этна-трыё “Тройца” падпісалі кантракт на запіс саўндтрэку да новага чатырохсэрыйнага фільма, што здымаецца паводле аповесьці беларускага пісьменьніка Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер”. Новая стужка ствараецца пад патранатам прэзыдэнта РБ на базе Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і Першага нацыянальнага каналу і мае назву “Тры талеры” (рэжысэр Ігар Чацьвярыкоў). Калі дзеля паралеляў у сытуацыі ўспамінаю часы забароны рок-музыкі ў СССР, заўсёды згадваю той факт, што тагачасныя дзеячы расейскай культуры нават ва ўмовах партыйна-намэнклятурнай дыктатуры выказвалі творчую салідарнасьць са сваімі рок-музыкамі. Што б не казалі ў прэсе пра рок-музыку, савецкія кінарэжысэры не баяліся запрасіць іх запісаць саундтрэк да той ці іншай стужкі, мастацкай, ці мультыплікацыйнай. Зь цягам часу дзіцячая мульт-“Карусель”, якая стала “запасным аэрадромам” для многіх расейскіх рокераў і “забароненых” сымфанічных кампазытараў (Ш. Калош, Э. Арцем’еў, А. Шнітке, “Автограф”, “Воскресенье”, “Бумеранг”), перарасла ў этапную для расейскіх рокераў “Ассу”. Гэта давала расейскім рок-музыкам магчымасьць, па-першае, неяк зводзіць канцы з канцамі матэрыяльна, па-другое, спрыяла папулярнасьці выканаўцаў. А ўдзел рокераў у фільмах гарантаваў большую наведвальнасьць кіназаляў... Такім чынам выкрышталізоўвалася карпаратыўная салідарнасьць у творчым асяродзьдзі расейскай культуры. Беларускія ж кінарэжысэры амаль ніколі не зьвярталі ўвагу на творчасьць айчынных фолк- ці рок-музыкаў. “Патрыятызму” хапала на тое, каб уставіць некалькі кадраў з удзелам тутэйшых рок-гуртоў ня самага лепшага гатунку (як было з групай “7 Гэрц” у стужцы “Мяне завуць Арлекіна”)... Часы незалежнасьці прынесьлі, здаецца, іншыя арыентыры. Стала зразумела, што патрэбна нацыянальнае кіно, якое б уключала і выкарыстаньне нацыянальнага музычнага прадукту для стварэньня саунд-трэкаў. Дый і эканамічная сытуацыя дыктавала неабходнасьць запрашаць да ўдзелу ў стварэньні фільмаў менавіта беларускіх выканаўцаў, бо “кошт”, напрыклад, расейскіх стаў значна вышэйшы. Усе мы добра памятаем удзел “Палаца” ў ня спраўдзіўшым надзеі на беларусізацыю тутэйшага кінэматографа “блёк-бастэры” “Анастасія Слуцкая”. Былі свае ўдачы тут і ў былога гарадзенскага рок-музыкі, а цяпер сябра Саюзу кампазытараў Беларусі У. Кандрусевіча, музыкаў гурту “Kriwi”... Этна-трыё “Тройца” таксама стварыла арыгінальнага кшталту саундтрэк да дзіцячай камэдыі кінастудыі “Беларусьфільм” “Маленькія ўцекачы” (рэжысэр Рэната Грыцкова). Дарэчы, у гэтай стужцы ў ролі дзядулі Ягорыча зьняўся лідэр калектыву Іван Кірчук. І ў тым, што стужка “Маленькія ўцекачы” атрымала галоўны прыз у конкурсе дзіцячага кіно на сёлетнім кінафэстывалі “Залаты Віцязь” (Чэлябінск) ёсьць немалая заслуга музыкантаў “Тройцы”. Як паведаміў “Тузіну Гітоў” Іван Кірчук, ня так даўно музыкі падпісалі кантракт на запіс саўндтрэку да новага чатырохсэрыйнага тэле-фільма, што здымаецца паводле аповесьці беларускага пісьменьніка Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер”. Новая стужка ствараецца пад патранатам прэзыдэнта РБ на базе Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і Першага нацыянальнага каналу і мае назву “Тры талеры” (рэжысэр Ігар Чацьвярыкоў). Размову працягвае музыка этна-трыё “Тройца” Юры Паўлоўскі, які непасрэдна займаецца ўладкаваньнем спраў з кінавытворцамі: - Працу над саундтрэкам да гэтага фільма мы вядзем паралельна зь іншымі праектамі – запісамі новых кампазыцый, гастрольнымі паездкамі і канцэртамі. Паводле кантракту ўвесь саундтрэк будзе працягласьцю каля 108 хвілін і для яго мы створым і запішам чыста інструмэнтальныя п’есы. Але з прычыны таго, што “Тры талеры” – стужка шматсэрыйная, некаторыя музычныя эпізоды будуць паўтарацца (напрыклад, музыка “пад цітры” і г.д.). Асноўныя ж музычныя моманты саундтрэку – тыя, што выбраў для свайго фільма рэжысэр Ігар Чацьвяракоў паводле прадстаўленых яму для праслухоўваньня і адбору альбомаў этна-трыё “Троіца” “Журавы”, “Сем”, сольных праграм Івана Кірчука. Плянуецца, што нам прыйдзецца запісаць і зусім новыя музычныя кампазыцыі. Што ж, застаецца спадзявацца, што новая прыгодніцкая стужка, якая распавядае пра пошукі беларускімі падлеткамі скарбаў Напалеона, якія, паводле паданьняў, былі згубленыя францускімі войскамі пры пераправе празь Беразіну, стане сапраўды беларускай і паводле зьместу, і паводле музыкі, і паводле мовы. Чакаць вынікаў засталося не так шмат – прэм’ера “Трох талераў” адбудзецца ў пачатку наступнага году, падчас зімовых канікулаў беларускіх шкаляроў. Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"
“Саша і Сірожа”: другая спроба | 21.11.2005 | Праект “Саша і Сірожа” вырашылі зрабіць яшчэ адну спробу, каб прэзэнтаваць
свой дэбютны альбом “Ска-ты!” у Менску. “Сірожа” – Сяргей Міхалок кажа,
што для яго надта важна правесьці канцэрт праекту на радзіме: “У якім бы
стане я не прачнуўся”, - дадае музыка.Праект “Саша і Сірожа” вырашылі зрабіць яшчэ адну спробу, каб прэзэнтаваць свой дэбютны альбом “Ска-ты!” у Менску. Нагадаем, некалькі месяцаў таму афіцыйная прэзэнтацыя альбому ў клюбе “Рэактар” не адбылася, хоць і быў атрыманы дазвол на яе правядзеньне: пасьля таямнічага тэлефанаваньня (па неправеранай інфармацыі, з адміністрацыі прэзыдэнта) кіраўніцтва клюба вырашыла не праводзіць мерапрыемства. Гэтым разам, “Саша і Сірожа” плянуюць прэзэнтаваць свой альбом у межах пазытыў-акцыі – першай з сэрыі канцэртаў такога кшталту. Акром “СаСі” на сцэну выйдуць яшчэ дзьве групы, якія граюць у падобнай стылістыцы: “Разьбітае сэрца пацана”, папулярнасьць якой ужо выходзіць за межы ўнівэрсітэта культуры. Хлопцы здабылі сабе вядомасьць на студэнцкіх капусьніках песьнямі на трасянцы (“Ты не званіш, не тэлефануеш – рэўну-у-у-уеш!”). Трэці выступоўца – гурт “Срэбранае вясельле” прэзэнтуюць сябе, як прадстаўнікоў прыгараднага шансону сацыяльна-інтымнага характару. “Сірожа” – Сяргей Міхалок кажа, што для яго надта важна правесьці канцэрт праекту на радзіме: “У якім бы стане я не прачнуўся”, - дадае музыка. Справа ў тым, што перад гэтым “Ляпісы” выступяць на вялікім канцэрце ў Палацы спорту разам з групамі “Здоб шы здуб” і “Воплі Відаплясова”. Пазытыў-канцэрт з удзелам “Сашы і Сірожы” адбудзецца 3-га сьнежня ў менскім Палацы мастацтваў у 18.00. Сяргей Нятрэба, “Салідарнасьць” ZIGZAG выступіў на Кіпры | 21.11.2005 | Як паведаміў “Тузіну Гітоў” лідэр групы Ігар Загумёнаў, ZIGZAG выступіў
на фэсьце ў Нікасіі і даў клюбны канцэрт на курорце Ларнака. “Замежных гасьцей
так зачапіла гэта песьня, што яны падыходзілі і пыталі, як перакладаецца
рэфрэн “Хоё-Хэё” зь беларускай мовы!”, - усьміхаецца І.Загумёнаў.Група ZIGZAG працягвае прапагандаваць беларускую музыку за мяжой. Як паведаміў “Тузіну Гітоў” лідэр групы Ігар Загумёнаў, ZIGZAG надоечы выступіў на гала-канцэрце ў сталіцы Кіпра Нікасіі са сваёй “Песьняй хвалі”. Гэта ўжо іх трэці выступ за апошні час на міжнародных фэстах (раней яны гралі ў Кеніі і Шатляндыі). Тамсама – на Кіпры, на курорце Ларнака, адбыўся і клюбны канцэрт беларускай групы ў межах международнай канфэрэнцыі “Bridging Cultures and Identities”. Сярод іншых песень, Загумёнаў засьпяваў “Купалінку” і кавэр-вэрсію на “Policy Of Truth” (Depeche Mode). Сам выканаўца кажа, што посьпех быў ня меншы, чым на нядаўнім выступе групы ў менскім клюбе “Экстрым”, дзе яму падпявала ўся заля. У Кіпры ZIGZAG “абкатаў” кампазыцыю “Стрэлы Сонца” (“Rising Arrows”) – кавэр славутых беларускіх мэталістаў Gods Tower. “Замежных гасьцей так зачапіла гэта песьня, што яны падыходзілі і пыталі, як перакладаецца рэфрэн “Хоё-Хэё” зь беларускай мовы!”, - усьміхаецца І.Загумёнаў. У Менску ўпершыню “Стрэлы Сонца” група пакажа ў межах прэзэнтацыі трыб’юта Gods Tower 16 сьнежня ў клюбе “Рэактар”. SB
СС НРСМ! | 22.11.2005 | “Тузін Гітоў” наведаўся на першую сустрэчу N.R.M. са сваім фэн-клюбам.
Міністры азнаёміліся са Статутам СС НРСМ і падпісалі адпаведную дакумэнтацыю.
Міністар працы і абароны Лявон Вольскі: “Мы былі вельмі ўзрушаныя падрыхтоўкай
НРСМ! Пасьля такога нам проста сорамна ня скласьці Канстытуцыю”. - Мы былі вельмі ўзрушаныя падрыхтоўкай НРСМ! – падзяліўся ўражаньнямі
музыка. – Пасьля такога нам проста сорамна ня скласьці Канстытуцыю. Прычым,
прачытаўшы Статут і дэкрэты, я зразумеў, што яе спакойна можна аддаваць
на дапрацоўку і рэдагаваньне нашаму фан-клюбу. За справу ўзяліся вельмі
ініцыятыўныя людзі, якія проста так ад ідэі не адмовяцца. Мы, са свайго
боку, абяцаем стоадсоткавае супрацоўніцтва і дапамогу.
“Рок-кола” закруціцца ў Полацку | 22.11.2005 | Сяргей Анішчанка ізноў грае ў сваю гульню: “Бачу, што ў Менску адбываецца
з музыкай – зьнікаюць апошнія рок-фэсты, адмяняюцца канцэрты, не зьяўляюцца
новыя імёны, і гэта заахвочвае да працы тут”. У 15-ты раз у Полацку пройдзе
фэст “Рок-кола”. Інтэрвію з заснавальнікам фэсту.Вялікая колькасьць фэстывалей прайшла ў апошнія годы існаваньня БССР і першыя часы існаваньня незалежнай Беларусі. Самыя трывалыя – “Тры колеры”, “Рок па выкацыях”, “Рок-купальле” – пратрымаліся некалькі год. “Рок-каранацыя” самаліквідавалася на восьмым гаду свайго існаваньня. Выжылі і прайшлі праз усе выпрабаваньні толькі “Басовішча” і “Рок-кола”. Апошняму – асаблівы гонар, бо праводзіцца ён на тэрыторыі Беларусі. 2-4 сьнежня ў Полацку мае адбыцца 15-ты па ліку фэстываль “Рок-кола”. Пра гісторыю і будучае фэсту, легендарныя полацкія калектывы і сваё стаўленьне да беларускага року, нам апавядае дырэктар “Рок-кола” Сяргей “Аніса” Анішчанка. Якім было “Рок-кола” і якім сталася? — Фэстываль мае сваю гісторыю, якой можна ганарыцца. У нас выступілі ўсе знакавыя беларускія калектывы, а некаторыя пачыналі свой шлях менавіта з “Рок-кола”. Дастаткова ўзгадаць “Мясцовы час”, “Стокс” і “Бі-2”. Штогод адкрываюцца новыя імёны. У апошні час на нашым фэсьце па-новаму адкрыліся такія групы, як “Фляўс і Кляйн”, “Таксі”, “Скімэн”. Сёлета фэст будзе адрозьнівацца разнастайнасьцю стылей. Арт-рок, панк, джаз, ска, - усё, што душы заўгодна. Прычым узровень некаторых удзельнікаў зь Віцебску, Ліды, Воршы будзе куды вышэй за некаторыя вядомыя менскія каманды. Толькі вось мэтал і поп-музыка ў нас прадстаўлены ня будуць: фэстаў падобнай скіраванасьці – процьма. Конкурсная праграма – гэта цікава, але не для ўсіх. Якімі хэдлайнэрамі будзеце прывабліваць люд? — Мы разаслалі запрашэньні тузіну самых вядомых беларускіх рок-калектываў. Цяпер з кожным размаўляем пэрсанальна. Магу сказаць, што на адкрыцьці фэсту 2 сьнежня плянуецца выступ менчукоў з IQ–48 і групы з Стаўрапалю “Магістрат”. На закрыцьці плянуюцца “Стокс”, “Мадэра хард блюз” і J_Moрс. А як жа “забароненыя” музыкі? — Не магу ўцяміць, хто забаронены, кім і калі. Чуў, што ў Менску адмянялі канцэрты “Крамы”, N.R.M, “Нэйра дзюбеля”. Літаральна ўчора зайшоў у наш КГБ. Там кажуць: ніякіх сьпісаў “забароненых” ня маем. Сярод іх нават прыхільнікі N.R.M. ёсьць! Зьвярнуліся ва ўпраўленьне культуры Віцебскага гарвыканкама. Калі будзе аналягічны адказ, а Вольскі і Варашкевіч пацьвердзяць свой удзел – ласкава запрашаем! Хадзілі чуткі пра рэанімацыю “Мясцовага часу” да 15-годзьдзя “Рок-кола” — У тым “залатым” складзе такое немагчыма, хоць ідэя такая сапраўды была. Размаўляў нядаўна з Фулай (Алесь Кузьмін – вакаліст групы). Ён чацьверты год жыве ў Нямеччыне, працуе майстрам лядоўных установак. Алесь працягвае пісаць песьні. Але яго вяртаньне магчыма толькі з новым складам. А што здарылася з астатнімі ўдзельнікі полацкай рок-легенды? — Былога гітарыста Валера Драко перасьледуюць нэрвовыя цікі, граць ён ужо ня можа. Басіст Слава Макас даўно забыўся на музыку і займаецца бізнэсам. Бубнач Алесь Сьвідрыцкі адсядзеў у турме восем год таму і зь ім даўно няма ніякага кантакту. Наколькі цяжка працаваць з рок-музыкай у рэгіёнах? — Штогод мы апынаемся перад фінансавай праблемай. Груп хапае, ледзьве ня круглы год паступаюць заяўкі на выступ. Прычым ня толькі з розных гарадоў Беларусі, але і з Расеі, напрыклад. Сёлета падалі заявы групы з Омску, Смаленску, Уладзіміра, Піцера. А вось аплаціць іх удзел мы ня можам. Сёлета тая ж карціна, таму прыйшлося напісаць у “Палажэньне аб фэстывале”, што да ўдзелу ў ім дапускаюцца толькі тыя, хто згодны прыехаць за свой кошт. Гэта і ёсьць адзіная ўмова. На жаль... Не прасьцей было гінуць гэту загібелую справу і пачаць зарабляць рэальныя грошы? — Практычна ўсе, з каго пачынаўся полацкі рок, так і зрабілі. А я не магу, таму што “Рок-кола” – гэта частка майго жыцьця. Калі жадаеце, мой дзіцёнак, якога я не магу выкінуць на вуліцу, хоць ён і становіцца дарослым. Я хачу бачыць на нашай сцэне музыкаў, якія намагаюцца тут выступіць. Я хачу граць у гэтую гульню. Бачу, што ў Менску адбываецца з музыкай – зьнікаюць апошнія рок-фэсты, адмяняюцца канцэрты, не зьяўляюцца новыя імёны, і гэта заахвочвае да працы тут. Чаму вы самі не выходзіце на сцэну ў якасьці музыкі? — З маёй групай “Грунвальд” такая ж сытуацыя: усе яе ўдзельнікі з узростам згубілі цікавасьць да музыкі з той простай прычыны, што яна не прыносіла грошай, а забірала іх, а таксама час, здароўе, а ў некаторых – сем’і. Яны заняліся бізнэсам і ў бок “Рок-кола” цяпер нават глядзець ня хочуць. Атрымліваецца, што падставаў для аптымізму не так і шмат? — Тыя, хто ўпершыню заходзіць у маю кватэру, заўсёды зьдзіўляюцца: “Аніса, у цябе, як у музэі!”. На сьценах у пакоях – усё маё жыцьцё: афішы, плякаты, фота. Шмат людзей, зьвязаных з усім гэтым, ужо няма з намі, некаторыя проста зьніклі з майго жыцьця. А я ўсё яшчэ тут, хаця мне падаецца, што пражыў ужо 100 год, ня меней. І тое добра – мець такое працяглае жыцьцё. Рок-н-рол працягваецца! Даведка Сяргей “Аніса” Анішчанка нарадзіўся 24 лістапада 1963 году ў Наваполацку. З уласных успамінаў, першыя канцэрты адыграў перад сваякамі. У год 8-9 Аніса разам з братамі выконваў песьні з мультфільмаў. Заміж бубнаў былі картонныя каробкі, заміж талерак “Амаці” – бляшанкі ад селядца івасі, заміж маракасаў – пустыя мэталёвыя бляшанкі з-пад зялёнага гарошку. Гітар, натуральна, не было. Ганарар за адзін канцэрт – 10 кап. У 1978 годзе Аніса становіцца гітарыстам наваполацкай каманды Scale, якая намагалася граць, як Deep Purple. У 1982 годзе ўваходзіць у склад групы “Поиск”, якая ў 1986 годзе не без уплыву яшчэ аднаго наваполацкага музыкі – Сяржука Сокалава-Воюша становіцца “Пошукам”. У 1987 годзе ў Наваполацку зьяўляецца свой рок-клюб – па аналёгіі з ленінградзкім – і Аніса становіцца ягоным дырэктарам (да распаду ў 1992 годзе). Паралельна грае ў групе “Рокаш” (1988), “Кадэцкі корпус” (1990), “Грунвальд” (1991-1993) і зьяўляецца дырэктарам групы “Мясцовы час” ад яе ўтварэньня да распаду. У 1991 годзе – заснавальнік рэспубліканскага рок-фэстывалю “Рок-кола”, у 1996 годзе – дзіцячага рэспубліканскага музычнага фэстывалю “Халі-лало”. З 1999 да 2003 праводзіць у Віцебску фэстывалі “Рок апоўначы” у межах “Славянскага базару”. Зь верасьня 1993 году кіруе творчай майстэрняй “Зьніч”. Запісаў 6 альбомаў, два зь якіх – “Ночной капитан” (1998) і “Мне сьніўся сон” (2001) - былі выдадзены на CD. Сяргей Будкін, “БДГ. Деловая газета” (bdg.press.net.by) Аўтарызаваны беларускі пераклад – "Тузін Гітоў"
Новае аблічча Аляксандры і Канстанціна | 23.11.2005
| Яны прайшлі доўгі шлях ад выступаў у барысаўскіх начных барах да “Эўравізіі”.
Ператрывалі зьдзекі і кпіны, пачалі ўсё з нуля і даказалі, што яны сапраўдныя
прафэсыяналы. Дуэт “Аляксандра і Канстанцін” прэзэнтуе свой новы альбом
і зьяўляецца перад слухачамі ў іншым абліччы.У шкуры Айвэнга Мы размаўляем з Аляксандрай і Канстанцінам ва ўтульнай менскай кавярні. Яны заўсёды адкрытыя ў размове, але напярэдадні нашай сустрэчы папрасілі абмінуць палітычную тэму і “Эўравізію”. Па абмеркаваньні новага дыску, беларускага шоў-бізнэсу ды іх жыцьця, усё роўна няўхільна натыкаемся на “забароненую” тэму. Што не кажы, а цяпер гісторыя дуэта падзяляецца на два пэрыяды – да ўдзелу ў “Эўравізіі” і пасьля яго. Саша і Косьця ганарацца тым, што вытрымалі ціск, нэрвовую напругу і выйшлі з гэтай сытуацыі пераможцамі: “Нам давялося расплочвацца за чужы непрафэсыяналізм, ахвяраваць нэрвамі і здароўем, але нас гэта добра загартавала”. У час падрыхоўкі да фэстываля “АіК” патрапілі ў аўтааварыю пад Жодзіна. Прэса тады паведаміла, што яны не пацярпелі, аднак у Косьці быў пералом трох костак, а ў Сашы – пашкоджаны твар. Празь дзень яны ўжо стаялі на здымачнай пляцоўцы. “Я пабываў у шкуры свайго ўлюбёнага ў дзяцінстве пэрсанажа - Айвэнга”, - згадвае Канстанцін. З таго часу, як гледачы БТ прагаласавалі за “АіК” на беларускім адборы на “Эўравізію” да іх зьявілася шмат прэтэнзій. У незалежнасьці ад іх пасьпяховасьці на самім фэсьце, яны мусілі даводзіць сваю грунтоўнасьць і адпавядаць новаму для сябе “зоркаваму” статусу. Цяпер заміж начных бараў Барысава і Менску іх запрашалі выступаць на VIP-вечарыны (“АіК” былі гасьцямі на вясельлі Макса Мірнага) і буйныя канцэрты (сумесна з Русланай яны гралі ў Львове перад 40 000 гледачамі), а іх новыя песьні загучалі на радыёстанцыях Італіі, Партугаліі, Баўгарыі, Мальты, Эстоніі. Але працягваліся і напады – па сёньня раз-пораз у прэсе кідаюць крытычныя стрэлы ў іх бок. Каб даказаць самім сабе і слухачам, чаго яны вартыя, “АіК” пераехалі ў Менск і зачыніліся ў студыі. Альбом, які мае працоўную назву “Па-за аблокамі” – плён іх гадавой працы. “Гэтая назва адпавядае нашаму душэўнаму стану – мы ня ўпалі ўніз, а ўзвысіліся па-над усім”, - кажа Канстанцін. Па прызнаньні “АіК”, яны пайшлі на зьмяненьне стылю дзеля пашырэньня аўдыторыі: ад інтымных камэрных твораў яны сяганулі ў этна-фьюжн – больш танцавальны музычны напрамак. “Ня хочам, каб нас называлі “шырокавядомыя ў вузкіх колах”, і сама душа прасіла ўскладненьня аранжыровак, больш яркую палітру, бо так лягчэй выразіць свае думкі”. Але база – беларуская этніка – засталася. “Нават у сваіх англамоўных песьнях мы намагаемся захаваць беларускі пачатак - у пройгрышы “Stairs of Separation” можна пачуць мэлёдыю “Лявоніхі”, а ў “Money & The Mountains” гучыць акарына – падарунак нашай магілёўскай прыхільніцы”. Акром беларуска- і англамоўных песень на новым альбоме ёсьць і песьня па-літоўску – “Антылопа”, зь якой дуэт стаў ляўрэатам на фэсьце “Palangos gaida 2005”. Аляксандра кажа: “За мяжой выступаць прыемна, але мы хочам найперш, каб нас разумелі тут”. Мэола – не перашкода “АіК” – сталыя ўдзельнікі ўсіх музычных тэлепраектаў і адны зь нешматлікіх прадстаўнікоў беларускага попа, хто прэзэнтуе беларускую песьню. “АіК” – ці не адзіныя сёлета, хто зьняў кліп на беларускую песьню. Пра астатніх – другасных і калькаваных – кажуць: “Яны разьвіваюцца па сваіх законах, а мы – па сваіх”. Аднак, у гэтай тусоўцы пачуваюцца камфортна: “Плячмі не штурхаемся”. Праца ў нацыянальным канцэртным аркестры не абмяжоўвае іх творчую свабоду. Кіраўнік аркестру Міхаіл Фінберг абнадзеіў дуэт пасьля “Эўравізіі” і сказаў: “Відаць, я буду адзіны з нямногіх, хто вас ня будзе пінаць”. Фінберг запрасіў “АіК” у аркестр напярэдадні “Славянскага базару-2002”. Да гэтага дуэт ужо меў перамогу ў конкурсе “Зорная ростань” і адзін альбом - “За ліхімі за марозамі”, выданьне якога падтрымаў БЕЛАЗ. Попыт на гэты дыск з кожным годам толькі ўзрастае, а кіраўніцтва заводу дагэтуль прэзэнтуе яго ў якасьці падарунку сваім замежным кліентам. Сем год – і на сцэне, і па жыцьці – на Аляксандру і Канстанціна ня ціснуць: “Пакуль ёсьць пачуцьці і жаданьне ствараць – будзем разам”. Яны пазнаёміліся ў 1998 годзе, вырашылі зрабіць некалькі песень для выступа ў менскім “Стар-клюбе”. Канстанцін граў дагэтуль у групе “Sam Grey” разам з Сяргеям Трухановічам і Стэфанам, а Аляксандра якраз скончыла музычную школу па клясе фартэпіана. Так і засталіся разам. Ім хапае цярпеньня, яны падстрайваюцца адно пад аднаго, па чарзе бяруць на сябе лідэрскія функцыі. Канстанцін: “Канечне, мяне крыху раздражняе, калі я слухаю запісы раньняга Мэолы, а яна кажа, што ў яго гітара ня строіць”. Аляксандра: “Калі б нашыя густы цалкам спалучаліся, то мы бы ня здолелі быць разам. А калі я чую Мэолу, я проста выходжу ў іншы пакой”. Сяргей Будкін
Блюз памёр у Менску | 23.11.2005 | Тры гады старшыня менскага блюзавага “Стар-клюбу” Генадзь Старыкаў анансаваў
чарговы фэстываль “Блюз жыве ў Менску”. І вось нарэшце ён адбыўся. Але пры
гэтым пакінуў больш недаўменьня, чым асалоды. Піша Зьміцер Падбярэскі.Здавалася б, трох гадоў было дастаткова для таго, каб да рэанімаваньня фэстывалю падрыхтавацца як сьлед. Тым больш што аншляг у канцэртнай залі “Менск” сьведчыў: менская публіка па блюзе засумавала. Але дзіўная рэч — склалася ўражаньне, што фэстываль быццам выцягнулі з савецкіх часоў, а за прапушчаныя тры гады ў беларускім блюзе амаль нічога не зьмянілася. Безумоўна, шараговыя аматары блюзу адкрылі для сябе трыё “White Night Blues” зь Бялыніч. Яно хоць і выступіла па-аматарску, але засьведчыла пра заслужанае лідэрства гітарыста Юрыя Несьцярэнкі. Значна лепш, чым на дэма-запісах, паказалася група “Technic Sun Blues” з Гародні. Менская група “40+-” прадставіла ня столькі арыгінальны рэпэртуар, колькі вельмі ўпэўненую тэхніку выкананьня. Усе гэтыя тры калектывы, як і “Боўлінг джэк”, былі з шэрагу новых імёнаў і не расчаравалі. Але вось другое аддзяленьне канцэрту выклікала прынамсі ў мяне нейкі неспакой. Аніякіх прэтэнзій да “Мадэра-хард-блюз” няма: калектыў сыграны, кожны музыка разумее калегу з паўслова, а таму “Мадэра” сёньня — гэта фірмовая блюзавая “фішка” з доўгатрывалай гарантыяй. А група “Blues Street”… Толькі пазьней стала вядома, што асноўны вакаліст захварэў, што ў выканаўцы на пэркусіі былі нейкія сямейныя справы. А ў выніку, выступаючы на блюзавым фэстывалі, калектыў пасьпяхова здолеў пазьбегнуць выкананьня нават адной уласна блюзавай тэмы. Навошта выходзіць на сцэну менавіта на такім фэстывалі?! Не зьявілася на сцэне разрэклямаваная група “Apple Tea”. У такіх выпадках гледачы, якія прыйшлі паслухаць калектыў, могуць сьмела зьвяртацца ў суд з нагоды несумленнай рэклямы і патрабаваць вярнуць грошы за набытыя білеты. Трэцяе аддзяленьне. Чэргі да бараў сьведчылі: слухаць было мала чаго. Воклічы з залы “Давай другое адзьдзяленьне!” пацьвярджалі гэта. І прычынай зрабіўся сам Генадзь Старыкаў. Падчас ягонага выступленьня было поўнае адчуваньне таго, што слухачоў запрасілі ў падарожжа ў савецкае эстраднае мінулае. Выдатныя, але яўна не сыграныя разам музыканты, памкненьне зрабіць шоў у стылістыцы таннага кабачка, бэк-вакал, які тырчаў на сцэне нібы доўбня на лёдзе. І што гэта за інфатыльны прымітыў — песьня, прысьвечаная ахвярам урагану “Катрына”? Было такое адчуваньне, што ня тры гады мінула з апошняга фэстывалю, а ўсе трыццаць. Ну і быў спэцыяльна запрошаны госьць — Мікалай Аруцюнаў. Прыехаць, прасьпяваць вельмі будзённа некалькі папулярных блюзавых шлягераў — вялікага майстэрства ня трэба. Аруцюнаў і ня ўразіў, і ня ўзрадаваў. Адно што аддзячыў, назваўшы зборную Беларусі па блюзе “Беларускай “Лігай блюзу”. Цягам пяці апошніх гадоў дзьве беларускія групы выйгралі міжнародны блюзавы конкурс у польскай Раве-Мазавецкай. Але ні менскага квартэту “Svet Boogie Band”, які рэгулярна выступае ў найлепшых маскоўскіх клюбах, ні “Al Narrator Orchestra” з Гомелю, музыкі якога нарабілі шуму на апошніх “Zaduszkach bluesowych” у Беластоку, гэтым разам на радзіме так і не пачулі. Прычын ня ведаю, але сам па сабе факт — даволі скандальны: найлепшым маладым музыкантам ходу не далі. Іх блюз у Менску памёр… P.S. На канцэрце не было аніякай акрэдытацыі журналістаў. Хацелі прадаць больш білетаў? Здымкі рабіла Тацяна Заміроўская, якая таксама набыла квіток. Зьміцер Падбярэскі, “Наша Ніва”
Гардкор супраць СНІДу | 24.11.2005 | 2 сьнежня ў менскім клюбе “Рэактар” адбудзецца 5-гадзінны фэст “АнтыСНІД
– гардкор-сэйшн”. Адзін з арганізатараў акцыі лідэр гурта “Куклы” Сяргей
“Sanki”: “Слэм і гардкор дапамогуць нам быць у абойме. Адрывацца можна ня
толькі ад наркотыкаў, але і ад добрай айчыннай музыкі!”“1 сьнежня - Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам. Праблема ВІЧ актуальна і для нашай краіны. Нашым фэстам мы хочам паказаць моладзі, што адрывацца па-сапраўднаму можна ня толькі ад наркотыкаў, але і слухаючы добрую айчынную музыку. Трэба любіць сябе, сваё і тых, хто вакол нас”, - кажа адзін з арганізатараў акцыі лідэр гурта “Куклы” Сяргей “Sanki”. 2-га сьнежня ў “Рэактары” выступяць лепшыя гард-коравыя гурты краіны “ТТ-34”, “Куклы”, “Рыкашэт”, а таксама “Зьмяя”, “Partyzone”, “Пнэўманія” ды інш. Да арганізацыі канцэрту падлучылася і Беларуская музычная альтэрнатыва (БМА-груп). Арганізатары плянуюць падараваць першым 300 чалавекам музычны часопіс пра альтэрнатыўную музыку Post'r, а таксама кожнаму наведніку прэзэрватыў разам з тэматычнай літаратурай. У межах фэста пройдуць конкурсы па антысьнідаўскай тэматыцы. “Мы лічым сваім абавязкам інфармаваць, хаця б раз на год, аб тым, што трэба сачыць за сабой і быць асьцярожнымі”, - кажа кіраўнік БМА-груп Віталь Супрановіч. “Нельга дапусьціць, каб ВІЧ і далей распаўсюджваўся, ствараючы галімую рэчаіснасьць вакол нас, у якой мы ня хочам жыць. Разам нам будзе прасьцей змагацца з гэтым злом. А самае галоўнае - папярэдзіць пра небясьпеку найбольш актыўную частку нашага грамадзтва - моладзь. Хто мае веды - той абаронены. Галоўнае - захоўваць уласнае жыцьцё дзеля будучага нашай краіны. Слэм і гардкор дапамогуць нам быць у абойме”, - працягвае Sanki і запрашае ўсіх на канцэрт. Калі: 2 сьнежня, пятніца Дзе: клюб “Рэактар”, 17.00 – 22.00 Даведкі: 6490888, 7662425 SB, паводле інфармацыі БМА-груп
“Крона” сыграе ў “Скрынку” | 24.11.2005 | Лідэр групы “Крона” Аляксей Паўловіч, пайграўшы ў групах “Новае Неба”, “ULIS”
і “Indiga” задумаў стварыць альтэрнатыву “беларускай альтэрнатыўнай музыцы”.
“Тое, што мы запісалі, розьніцца ад ўсяго, што зроблена на цяперашні момант
у беларускім року”, - кажа музыка.Хоць гурт “Крона” быў створаны ў 2003 годзе, назваць яго маладым не выпадае. Напрыклад, лідэр каманды Аляксей Паўловіч пачынаў ў гуртах “Новае Неба” і “ULIS”, граў у групе “Indiga”. Дый іншыя ўдзельнікі – вопытныя музыкі, якія прайшлі выканаўчую школу ў вядомых беларускіх гуртах “Млын”, “Exist”, “P.L.A.N.”… У 2004 годзе музыкі “Кроны” запісалі дэма-альбом “Cristal” і прапанавалі яго для праслухоўваньня замежным прадусарам. Вынікам гэтага знаёмства стала запрашэньне гурту на буйны рок-фэст у Галяндыю. На жаль, пэрспэктыўная паездка не адбылася з-за таго, што нямецкая амбасада адмовіла беларускім рокерам у візе... Але гэтая недарэчнасьць ня стала прычынай спыненьня існаваньня каманды. Наадварот, музыкі гурту “Крона” ўпэўніліся ў сваіх сілах і працуюць над сваім дэбютным альбомам “Скрынка”. Распавядае лідэр гурту “Крона” Аляксей Паўловіч: - Праца над плытай знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Запісаны асноўны матэрыял, а таксама фірмовыя бубны Масуда Талібані, народныя духавыя інструмэнты Яраша Малішэўскага, дадаецца “электроніка”. Адзінае, што нас турбуе сёньня – гэта каму даверыць зьвядзеньне запісанага матэрыялу. Многія слухачы, нашы прыхільнікі пытаюцца: куды зьнікла “Крона” ці можа растварылася і ўвогуле дзе яна выступае? На самой справе, мы тут, напэўна, занадта рупліва займаемся гэтым запісам. Але нам ня будзе сорамна за вынік! Аляксей ўпэўнены, што першы альбом гурту “Крона” будзе “альтэрнатывай беларускай альтэрнатыўнай музыцы”. На ягоную думку, альбом адрозьніваецца ад ўсяго, што зроблена на цяперашні момант у беларускім року як па ідэях, так па гуку і выкананьні. Тэксты для альбому “Скрынка” былі напісаны вакалістам гурту “Parason” Андрэем Карповічам (які, дарэчы, ў 2003 годзе быў разам з А. Паўловічам ля вытокаў стварэньня “Кроны”). Расповед працягвае Аляксей Паўловіч: - Андрэй вельмі вясёлы чалавек, і ў пляне чалавечых адносінаў зь ім вельмі лёгка. У яго вельмі цікавыя музычныя ідэі і свая манэра выкананьня. Тое ж можна казаць і пра іншых удзельнікаў гурту “Крона” – гітарыста Юрася Купрашова, бубнача Паўла Мамантава, выканаўца на народных духавых інструмэнтах Яраша Малішэўскага. Дарэчы, Яраш ня так даўно ў дуэце зь Пітам Паўлавым запісаў сваю кампазыцыю “Нехта ноччу” на верш Ларысы Геніюш для музычнага праекту, прысьвечанага 95-й гадавіне з дня народзінаў гэтай паэткі-змагаркі. Да таго ж, мы зь Ярашам працуем над афармленьнем дэбютнай плыткі. Для Аляксея Паўловіча “Крона” – гэта лягічны працяг таго, чаму ён навучыўся, граючы разам са Славам Коранем і Касяй Камоцкай. Мо таму Аляксей імкнецца працягваць тыя творчыя і сяброўскія традыцыі, якія былі сфарміраваныя пачынальнікамі беларускага рок-руху: - Мае адносіны да гурту больш чым проста як да творчага працэсу. Напэўна, я быў так выхаваны, калі прыйшоў зусім маладым музыкам ва “ULIS” і “Новае Неба”. Тады чалавечыя і сяброўскія адносіны вызначалі ўсё. Напэўна, таму я імкнуўся перанесьці гэтыя традыцыі ў “Крону”. Мы разам адзначаем сьвяты, ходзім у лазьню. Адпачываем на моры. І ў нас ёсьць агульнае хобі – рыбалка.” — зазначае на завяршэньне размовы Аляксей Паўловіч. Адна з новых песень групы “Крона” возьме ўдзел у бліжэйшых турах на “Тузіне Гітоў”. Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"’
Скокі пад дуду | 25.11.2005 | Танчыць можна ня толькі пад дыскатэчныя "бу-бу" і сярэднявечныя
бубны, але й пад Алесеву дуду. І гэта ня той выпадак, калі "Саўка ды
Грышка ладзілі ду-ду". 25 лістапада адбудзецца танцавальная вечарына
"Скокі пад дуду", зладжаная Алесем Ласём, чалавекам, які першы
прыдумаў і змайстраваў дуду.Танчыць можна ня толькі пад дыскатэчныя "бу-бу" і сярэднявечныя бубны, але й пад Алесеву дуду. І гэта ня той выпадак, калі "Саўка ды Грышка ладзілі ду-ду". 25 лістапада адбудзецца танцавальная вечарына "Скокі пад дуду", зладжаная Алесем Ласём, чалавекам, які першы прыдумаў і змайстраваў дуду. Чым прыкметны гэты чалавек ветліва распавяла сакратарка ТБМ і арганізатрка імпрэзы Ірына Марачкіна: "Алесь Лось - вядомы этна-музыка, мастак, графік з вядомай сям'і. Яго маці - саломапляцельшчыца. Яго сёстры таксама мастачкі. Алесь шмат гадоў правёў за мяжой, працаваў у Эўропе. Падарожнічаў па Францыі, Нямэччыне. Ён вандроўнік, зьбіральнік этна-музыкі". Ірына кажа пра вечарыну: "Падобныя акцыі мы праводзім ужо даўно! Традыцыйна праводзіцца. Гэткая жывая танцавальная вечарынка ў кавярні. Алесь Лось у нас ужо ў другі раз". Цікава, што Алесь у нейкім сэнсе зьяўляецца музычным першаасноўнікам! "Аднойчы Алесь Лось пачаў сам вырабляць музычныя інструмэнты. І ён першы прыдумаў і змайстраваў дуду. Зараз вельмі многія гурты выкарыстоўваюць гэтую ягоную дуду", - гаворыць Ірына. На вечарыне Алесь будзе граць музыку канца 19-га стагодзьдзя. Назва імпрэзы гучыць вельмі захапляльна й шалёна: "Скокі пад дуду". Мусіць быць весела. Такім чынам, зьбірайцеся ў хаду і не забудзьцеся на дуду! Калі: 25 лістапада, пятніца Дзе: Менск, кавярня Палацу моладзі (Старавіленскі тракт, 41) Пачатак: 18.00 Кошт квітка: 4 000 руб. Даведкі: 262–02-90, 8 029 2530795 Марыя Грудзько, "Тузін Гітоў"
Хуткая культурная дапамога | 26.11.2005 | 11 сьнежня ў Менску адбудзецца фэст “Культура, на дапамогу!”. Завадатар
акцыі, лідэр групы “Нагуаль” Л.Паўлёнак: “У этнічных культурах, дзякуючы
старадаўняму паходжаньню й шчыльнай сувязі з пабытовымі рэаліямі, закладзены
базавыя прынцыпы арганізацыі нашага жыцьця”.11 сьнежня ў Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3) пройдзе фэст этнічнага руху “Культура, на дапамогу!”. Назва імпрэзы сёньня актуальная, як ніколі: недахоп культуры ў грамадзтве – рыса нашай сумнай рэчаіснасьці. Адзін з арганізатараў фэсту, лідэр гурта “Нагуаль” Леанід Паўлёнак прапануе “акультурваць” соцыюм пры дапамозе музычнай архаікі, і ня толькі беларускай. Курдзкі музыка Масуд Талібані дапаможа гледачам зазірнуць у сусьвет этнікі Бліжняга Ўсходу, а расейскі гурт “Наеховичи” пазнаёміць з клезьмерскай музыкай – неад’емнай часткай габрэйскага фальклёру. Спробу аказаць хуткую культурную дапамогу гледачам зробяць таксама зорачкі айчыннай этнікі: “Recha”, “GUDA” й “Нагуаль”. “Этніка, як піраміды ў Эгіпце, захоўвае ў сабе асаблівую эстэтыку, – распавядае Леанід Паўлёнак. – У этнічных культурах, дзякуючы старадаўняму паходжаньню й шчыльнай сувязі з пабытовымі рэаліямі, закладзены базавыя прынцыпы арганізацыі нашага жыцьця. Гэта й біяэтыка, і гісторыя, і здароўе. Калі выканаўца дакладна “падключыцца” да песьні, калі ён яе адчувае – яна робіцца рэальнай крыніцай інфармацыі, што перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне”. Ствараючы фэст пад назвай “Культура, на помощь!”, беларускія этна-музыкі зьвяртаюцца да людзей праз сваю творчасьць з мэтай папоўніць іх веды, адкрыць для іх новыя культурныя сусьветы й навучыць лаяльней ставіцца адзін да аднаго. Падрабязьней пра кожнага з удзельнікаў фэсту: Масуд Талібані (Курдыстан) – выканаўца народных курдзкіх песень на дафе, танбеке, сазе. Ўжо шэсьць гадоў Масуд жыве на Беларусі. Доўгі час супрацоўнічае з гуртамі “Kriwi”, “Ur’ia”, а таксама Пітам Паўлавым. Масуд Талібані – ўдзельнік міжнароднага этнічнага фэсту “Музыка мира” (Масква, 2005). “Наеховичи” (Масква) – праект клярнэтыста Алега Драбінскага й гітарыста Івана Жука, вядомага па супрацоўніцтве зь Ірынай Багушэўскай, Фёдарам Чысьцяковым, гуртом “Умка и Броневичок”. Іх стыль – гэта народны й уласны, кранальны клезьмер панк-джаз. “Нагуаль” (Менск) – ансамбль псыхафолька. У аснове іх творчасьці – сусьветная народная культура й псыхафізіка чалавека. Яскравыя моманты – гэта мова выкананьня (пэўная паэзія гукаў, дзе можна пачуць і галасы прыроды, і філялягічныя рэбусы), а таксама спалучэньне клясычных музычных інструментаў зь незвычайнымі. Ансамбль неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных фэстах і канцэтах у Расеі, Польшчы, Прыбалтыцы, Беларусі. “GUDA” (Менск). Аснову рэпэртуару гурта “GUDA” складаюць абрадавыя песьнi – найбольш архаiчны пласт традыцыйнай беларускай народнай культуры. Выканаўцы практыкуюць голасны сьпеў (тэрмін уведзены этнамузыколягам З.Я. Мажэйка), якi паходзiць ад гучнага сьпеву на адкрытым паветры. У 2005 годзе гурт узяў удзел у вялікім міжнародным фесце “Baltika” (Літва). У траўні гэтага года ў Менску прайшла прэзэнтацыя праекту "Ігры багоў" – канцэптуальнай праграмы, створанай паводле асноўных матываў дахрысьціянскай міталёгіі ўсходніх славян. Падрыхтаваў Павал Сьвярдлоў, для Тузіна Гітоў
“Рок-кола” закруціцца праз тыдзень | 26.11.2005
| Легендарны полацкі фэстываль пачнецца 2-га сьнежня. За тры дні на сцэну
гарадзкога ДК выйдуць 40 груп. Фэстываль адкрые Ігар Варашкевіч і IQ-48,
а на закрыцьці сыграе N.R.M. Усе падрабязнасьці юбілейнага, 15-га “Рок-кола”,
на “Тузіне Гітоў”.
Гераічны эпас “Старога Ольсы” | 28.11.2005 | Самы “крывавы” альбом “Старога Ольсы” “Гераічны эпас. Сьпевы літоўскіх
рыцараў і шляхты” ўжо гатовы да выданьня. Лідэр групы З.Сасноўскі: “Нашы
продкі былі зусім ня “вялымі сэрцам”. І дзякуючы гэтаму яны змаглі стварыць
такую дзяржаву, як Вялікае княства Літоўскае.
Як “Дзеці Сонца” скажуць | 30.11.2005 | Дырэктар творчага аб’яднаньня “Дзеці Сонца” Віталь Драздоў працуе цяпер
ува Ўкраіне, дзе прасоўвае беларускую музыку і паралельна займае пасаду
праграмнага дырэктара самай буйной украінскай радыёсеткі “ХітФМ”. Прадусар
апавядае нам пра прычыны ад’езда і сваю творчую адысею.
рэкляма. чырвоная й банэрная:
угару - up |
мы рэклямуем: ![]() мы рэклямуем:
|
|