. .
Тузін Гітоў



архіў музычных навінаў за сьнежань 2003 - Вынікі Году

Вынікі 2003 году ад трох музычных журналістаў.
Сяргей Будкін. "Рок-героі мінулага году" | Зьміцер Падбярэзскі. "Факты і тэндэнцыі" | Сяргей Балахонаў. "Запяі мне песьню" |


Сяргей Будкін. "Рок-героі мінулага году".
2003 год быў багатым на музычныя падзеі: прыхільнікі беларускай музыкі ледзьве пасьпявалі наведываць канцэрты айчынных гуртоў ды набываць кружэлкі сваіх улюбёнцаў, музычныя крытыкі вымушаны былі прыкладаць шмат высілкаў, каб адсачыць усе навінкі, а ўласна музыкантам заставалася толькі займацца сваёй справай - попыт на беларускую музыку ў гэтым годзе заўважна падвысіўся...

Альбомы
Гэты год у гісторыі айчыннае музыкі будзе пазначаны ў звязцы з вяртаньнем "Улісу", нараджэньнем беларускага шансону ды прасоўваньня музычна-алькагольнай прадукцыі ў масы.
Альбом "Улісу" пад назвай "Люстэрка" - ці ня лепшы рэліз 2003 году. Слава Корань працаваў над ім цягам двух год, і вось сёлета ён задаволіўся сваёй працай і выдаў плытку. "Люстэрка" розніцца ад твораў клясічнага "Ўлісу" пачатку 90-х, але становіцца ў адзін шэраг зь імі. Што не песьня - то шэдэўр. Альбом атрымаўся вар'яцкім у добрым сэнсе гэтага слова. Толькі вось ня можа Корань аніяк наладзіць прэзэнтацыю гэтае праграмы.
Грымнуў сваёй чарговай працай "Паравіны году" Зьміцер Вайцюшкевіч. Дзеля гэтага альбому Зьміцер нават адклаў працу над праграмай на вершы Маякоўскага. "Паравіны" - самая сур'ёзная праца музыкі, у ёй паўстаў дагэтуль невядомы Тодар. Ён адрадзіў жанр беларускага шансону й зацьвердзіў за сабой званьне лепшага мэлядыста ў айчыннай музыцы. Мабыць, зусім не жартаваў канферансье Віктар Шалкевіч на канцэрце "Сьвяты вечар", калі назваў Тодара "вядомым беларускім кампазытарам".
Сёлета беларускі музычны бізнэс выйшаў на іншы ўзровень і ахапіў масавага слухача. Вялікую ролю тут адыграў праект "Крамабамбуля 1 1/2", які заангажаваў ня толькі рок-каралей мінулых гадоў - Вольскага, Кулінковіча, Міхалка але й беларускіх спартоўцаў. Раскрутка "Крамабамбулі" прынесла плён: беларускую музыку пачалі слухаць нават тыя, хто раней не зьвяртаў на яе ўвагі. Па апошнім зьвесткам, увесь тыраж дыску "Каралі раёну" ужо амаль раскуплены.
Пяцёрка лепшых дыскаў 2003г.:
1. Уліс - Люстэрка
2. Зьміцер Вайцюшкевіч - Паравіны году
3. Крамбамбуля - Каралі раёну
4. N.R.M. - Дом культуры
5. Viza N.R.M.

Песьні
Цяжка прыгадаць, калі беларуская песьня закранала пераважную большасьць насельніцтва, калі б яна чулася адусюль - з тэлевізара й радые, з форткі суседа, з альтанкі ў двары. Такая песьня ў 2003г. была: "Панаехала гасьцей з іншаземных абласьцей", - гарланілі сёлета і малыя дзеткі, і падлеткі ў саколках "N.R.M.", і дарослыя дзядзькі, вяртаючыся з пагулянкі.
Тое, што беларуская музыка аказалася сёлета на слыху, сваю ролю адыграў загад міністра інфармацыі аб 50%-ным напаўненні радыёэфіра беларускай музычнай прадукцыяй. На FM-хвалях часьцей загучаў "Палац", "Аляксандра і Канстанцін", "Харлі" і нават "Уліс".
Іншыя песьні не настолькі авалодалі грамадскай сьвядомасьцю, але ў гіт-парадах першыя месцы трымалі - "Дзень без гарэлкі" Памідора, "Устану ранкам" Славы Кораня, "У лузе" з саўндтрэку "Настасьсі Слуцкай" ды інш.
Мыльны пухір году - песьня "Бэля" у выкананьні Вольскага, Кулінковіча і Міхалка.
Пяцёрка лепшых песьняў году:
1. Крамбамбуля - Госьці
2. N.R.M. - Лёгкія-лёгкія
3. Памідораў - Дзень без гарэлкі
4. Вайцюшкевіч - Я ішоў да цябе
5. Уліс -Устану ранкам

Відыёролікі
Сёлета было зьнята ўдвая болей кліпаў, чым у мінулым годзе (каля 40). Усе яны патрапілі ў тэлератацыю . І гэта негледзячы на тое, што кліпавае мастацтва - вельмі дарагая забава (якасна зьняты ролік каштуе блізу 6000 даляраў). Айчынныя музыкі выкручваліся з гэтай сітуацыі хто як. Так, напрыклад, група "Дай дарогу" нарэзала кадры з хранікальных і аматарскіх відыёздымкаў і зрабіла такім чынам ажно чатыры кліпа. "Без білета" у відыёроліке "нарисована" (назва пішацца менавіта з маленькай літары) без усялякіх спецэфектаў здымаюць дажджлівы праспект Скарыны з вакна таксі. Модна цяпер здымаць анімацыйныя кліпы. Гэты шлях абралі тыя ж "Без білета", "Ляпіс Трубяцкой" і "Крамбамбуля 1 1/2".
Аднак цяжка казаць пра далейшае развіцьцё айчыннага кліпмейкерства. Справа ў тым, што энтузіязму ў маладых гуртоў хапае як правіла толькі на дэбютны кліп, а потым прыходзіць усведамленне таго, што відыё здымаць невыгодна. Музыкантам лепей адзін раз зьявіцца ў эфіры хаця б "Контураў" на АНТ, чым 150 разоў пракруціць свой кліп", - заўважыў не так даўно дырэктар гурта "Харлі" Аляксандр Калтуноў.
Пяцёрка лепшых кліпаў 2003г.:
1. Крамбамбуля - Госьці
2. Ляпіс Трубяцкой - Ластаўкі
3. Стары Ольса - У карчме
4. ZET - Калгас
5. J-Морс - Вэб-дызайн

Канцэрты
Беларуская рок-музыка паступова камерцыялізуецца, і канцэрты айчынных зорак сёлета часам нагадвалі сапраўдныя шоў. Айчынныя музыкі літаральна акупавалі КЗ "Менск", у якой раней выступалі збольшага прыезджыя зоркі. Пры гэтым айчынныя канцэрты пачалі мець камэрцыйны посьпех. На сёлетніх выступах праекту "Крамбамбуля 1 1/2", "N.R.M.", супольных праектаў месца ў залі хапала ня ўсім. Больш за тое прыйшлося ладзіць дадатковы канцэрт "Народнага альбому" (у лютым). "Вар'яцкая сямейка Народнага альбому", як называе супольнікаў Аляксандр Памідораў, захапіла ладны кавалак айчыннае рок-сцэны. Трэба прызнаць, што іх канцэрты сталіся больш відовішчныя. На выступе "Крамбамбулі" у кастрычніку, вакол рок-каралей вальсавала балетная пара, скакала балерына і падпявала салістка Оперы Ніна Цішко. На "Сьвятым вечары" у сьнежні побач з рок-музыкамі высупаў хор "Арханёл".
Пяцёрка лепшых канцэртаў 2003г.:
1. Крамбамбуля - 12 кастрычніка (КЗ "Менск")
2. Народны альбом - 28 лютага (Тэатр Янікі Купалы)
3. Паравіны году - 21 лістапада (ДК Ветэранаў)
4. Я нарадзіўся тут - 20 сакавіка (КЗ "Менск")
5. Сьвяты вечар - 18 сьнежня (КЗ "Менск")
Пры канцы, нельга не згадаць тых людзей, якія сёлета назаўжды адышлі ў гісторыю айчыннай музыкі. У студзені мы разьвіталіся з Уладзімірам Мулявіным - чалавекам, які ўласна і запачаткаваў традыцыі айчыннага рок-н-ролу. У жніўні заўчасна памёр лідэр легендарнае групы "Чыстае сэрабро" Уладзімір Зялінскі - яму было 42 гады. У верасьні ў Чыкага на 47-м годзе памёр Валянцін Пучынскі - адзін з заснавальнікаў "Сузор'я" - групы, якая магла ўзысці на музычны Алімп разам з "Песнярамі", калі б яе мусова не расфармавалі па загаду Міністэрства культуры ў 1984г. І вось, днямі, заўчасны скон напаткаў Аляксандра Ўракова - аўтара тэкстаў і гітарыста групы "Gods Tower" - лепшых прадстаўнікоў айчыннай хэві-мэтал сцэны...
Сяргей Будкін

Зьміцер Падбярэзскі. "Факты і тэндэнцыі".
"Гарачая" дзесятка падзей 2003-а году ў галіне айчыннай папулярнай музыкі
Магчыма, упершыню з усёй на тое адказнасьцю магу сцьвярджаць, што вынікі 2003 году даюць вельмі аптымістычныя спадзяваньні: мяркуючы па ўсім, адбыўся пэўны пералом да лепшага. Прынамсі, пра гэта сьведчыць колькі фактаў. Аднак на іх фоне куды больш моцным аргумэнтам выглядаюць тэндэнцыі. Пра іх і паразважаем.
1. СТРАТЫ
Год 2003, на вялікі жаль, быў залішне "багаты" на страты. Адной сьмерці Уладзімера Мулявіна, знакавай постаці ня толькі ў маштабах Беларусі, з лішкам хапіла б на тое, каб афарбаваць адыходзячы год у самыя змрочныя фарбы. "Песьняры" ж страцілі яшчэ й барабаншчыка Уладзімера Бяляева. А вось група "Сузор'е" канчаткова набыла статус невяртальнай легенды: амаль адначасова зь Бяляевым і практычна ў тым жа веку, у той жа Амэрыцы пайшоў з жыцьця Валяньцін Пучынскі, аўтар большасьці хітоў у даробку "Сузор'я".
2. "ПЕСЬНЯРЫ" ПАТРОІЛІСЯ
Тым часам наступствы адыходу Мулявіна ўсё больш даюцца ў знакі: цяпер мы маем па сутнасьці тры калектывы, так ці інакш зьвязаныя са спадчынай "дзеда" беларускага року. Леанід Барткевіч зарэгістраваў у Расеі гандлёвую марку "Песьняры" і тым самым, падобна, назаўсёды закрыў для канцэртаў свайго бэнда Беларусь: з гэтай назвай Леаніда тут наўрад хто пацерпіць. Ёсьць жа свая, дзяржаўная капэля: нягледзячы на абвешчаны днямі першы сольны канцэрт на другараднай пляцоўцы, пакуль што казаць адносна ўзроўню гэтых (сапраўдных? афіцыйных?) "Песьняроў" казаць пакуль рана. Тым часам "Беларускія Песьняры" сваёй актыўнай працай нарэшце пераканалі стратэгаў з Мінкульта, што закрываць для "БП" Беларусь было памылкай. Хоць, падобна на тое, граблі сталі актыўным прадметам інтэр'ера прыёмнай міністэрства: тое, што рабілася яшчэ год таму ў дачыненьні да "БП", цяпер, здаецца, паўтараецца ў дачыненьні да ВІА п/к Л.Барткевіча.
3. КНІГА БАРТКЕВІЧА
Адыходзячы год пазначыўся ў гісторыі беларускай пап-музыкі і як год першага грандыёзнага скандалу, зьвязанага з прысваеньнем чужой інтэлектуальнай уласнасьці. Вось чаго не магу зразумець, дык гэта ўчынку сп-ра Барткевіча, які ўшчаміў у кніжку нібыта ўласных успамінаў пра "Песьняроў" ладныя ня тое што кавалкі - цэлыя блёкі тэкстаў, да аўтарства якіх ён ня мае аніякага дачыненьня. Трэба думаць, працяг гісторыя плагіяту атрымае ўжо ў 2004 годзе, але ў галаве ніяк не ўладкоўваецца: як можна было красьці тое, што зроблена было ў тым ліку і тваімі калегамі па ансамблю? І пры гэтым афіцыйна заяўляць, што дазвол на выкарыстаньне тэкстаў быў. Тым часам пацярпелы былы "Песьняр" Уладзімер Нікалаеў свае выкарыстаныя Барткевічам успаміны зьбіраўся выдаваць сам. Леанід дамогся аднаго: у выніку скандалу кніжка разышлася вельмі хутка. Што яшчэ раз пацьвярджае адзін з асноўных законаў шоў-бізьнэсу: хочаш быць вядомым - зрабі скандал.
4. ДЭБЮТЫ
Калі меркаваць па выніках апошняга "Басовішча", яркіх дэбютантаў было даволі шмат. Сапраўды, брэсцкая "Сьцяна" прыемна зьдзівіла якаснымі аранжыроўкамі, асабліва духавых інструмэнтаў. "IQ48" выдалі пару ўдалых нумароў, але што ў перспектыве? Асабліва калі музычная мода зьменіцца. Вельмі няблага выглядала сёлета група "Indigo", якая, мяркуючы па ўсім, трактуе свой занятак сур'ёзна. З блюзавых каманд, якія набіраюць абароты, назаву "Mary Long", хоць найбольш яркім дэбютам (магчыма, занадта суб'ектыўна) я назваў бы блюзава-бугавую суполку "Big Val, Svet & Al": тут і перамога ў міжнародным конкурсе, і сапраўдная актыўнасьць у клюбным жыцьці.
5. КАБЗОН НЕ ПРЫЕХАЎ
Даволі заблытаная гісторыя з адменай выступу Іосіфа Кабзона мае, па меншай меры, два тлумачэньні. Нягледзячы на ліст вядомых дзеячаў беларускага мастацтва з просьбай адмяніць канцэрт, які выпадаў на Дзень Волі, больш рэальна выглядае версыя адносна таго, што білеты на гэты канцэрт проста не "пайшлі". Зрэшты, як і на многія іншыя канцэрты раней запатрабаваных у Беларусі расейскіх зорак. Тэндэнцыя, аднак! І даволі, дарэчы, знамянальная...
6. ГУСТЫ ПАМЯНЯЛІСЯ?
Як і тое, што канцэрты беларускіх выканаўцаў зьбіраюць усё больш слухачоў. Больш за тое: аншлягі на некаторых канцэртах прымушаюць цяпер клапаціцца пра набыцьцё квіткоў загадзя. І не толькі на такія добра рэклямаваныя паказы, як "Крамбамбуля" ці "Сьвяты вечар", для якіх і "казы" на 1300 месцаў аказалася замала. А аншляг на "Грыфаманіі-2003"? Вось самы час казаць пра тую ж тэндэнцыю: беларуская музыка перастала быць модай у вузкіх колах апантаных, а пачала карыстацца куды больш шырокай папулярнасьцю.
7. СЛАВА МІНІНФАРМАЦЫІ!
Падобна на тое, што Мініфармацыі, якое сёлета вызначылася сваім гвалтоўным і нябачным раней "наездам" на недзяржаўную прэсу, у галіне папулярнай музыкі зрабіла тое, чаго ня здолелі зрабіць за ўсе гады ні прыватныя асобы, ні іншыя дзяржаўныя структруры. Загад аб рэглямэнтацыі прысутнасьці беларускай музыкі ў эфіры даў даволі прыкметны плён: прымус, безумоўна, адбіўся і на наведваньні канцэртаў, і на росьце тыражоў дыскаў. Калі Мініфармацыі пойдзе далей і зарэглямэнтуе абмежаваную прысутнасьць у эфіры трэцягатунковай расейскай папсы, справы ў беларускім шоў-бізьнэсе (а, такім чынам, і падаткавыя адлічэньні ў бюджэт) яшчэ больш ажывяцца. І выйграе ад гэтага, як кажа Аляксандр Рыгоравіч, беларускі народ. А музыканты - народ таксама.
8. НАШЫ НА "ЭЎРАБАЧАНЬНІ"
Паколькі "Беларусьбачаньне" прыцягвае (за рэдкім выключэньнем) адно што загартаваных мазахістаў, цікавасьць да іншых каналаў узрастае. Мастацкі ўзровень конкурсу "Эўрабачаньне", канешне, надзвычай саступае камэрцыйнаму. Вось чаму на ім варта проста "засьвяціцца". Дэбют у дзіцячым конкурсе 2003 году для Беларусі аказаўся надзвычай пасьпяховы: першы раз - і адразу на 4 пазыцыю. Ніхто ня можа гарантаваць, ці зробіць кар'еру прафесыйнай сьпявачкі Вольга Cацук, але перапалоху яе ўдалы выступ нарабіў. Як пройдзе дэбют Беларусі ў больш узроставай катэгорыі - пабачым ужо неўзабаве. Колькі той зімы!
9. MUSIC.FROMBY.NET
Бадай, найбольш удалы і дынамічны з усіх новых музычных праектаў у беларускім сеціве. Робіцца апэратыўна, з выдумкай, інфармацыйна насычаны, нягледзячы на ўсе "хваробы росту". Адно што пачынае турбаваць: як бы стваральнікі гэтага сайту не замкнуліся ў пераважна рокавай прасторы. Бо свая аўдыторыя ў сайта ўжо маецца, а яна, як паказала практыка, дастаткова агрэсыўна выступае супраць іншай (ды хоць бы папсовай) стылістыкі. Між тым задача гэтага рэсурсу - папулярызаваць усю палітру таго, што мы маем у музыцы. І, пажадана, бяз моўнай і стылёва-жанравай дыскрымінацыі.
10. У ВЯДОМЫЯ - БЯЗ ВІЗЫ?
Год прынёс трэці ў гісторыі беларускай музыкі трыб'ют. Гэтым разам перапетай аказалася групы "N.R.M.". Можна, канешне, спрачацца адносна мастацкай вартасьці зробленага і разважаць, ці надышоў час для адліцьця прыжыцьцёвага бронзавага бюсту Вольскага і кампаніі, закладкі ганаровай зоркі каля той жа "казы", аднак кіравацца ўсё ж варта рынкам: калі трыб'ют гэты набываецца, значыць, права на жыцьцё мае. Разам з тым выданьне гэтага альбому пацьвярджае, што абсягі "легендарнасьці" ў нашым музычным шоў-бізьнэсе пашыраюцца. Вось толькі ня ўпэўнены, што працяг гэтага праекту можа быць гэткі ж пасьпяховы: па-першае, паўтор рэдка калі ідзе на лад; па-другое, варта памятаць выслоўе адносна таго, у што ператвараецца гісторыя, якая паўтараецца.
Я сьвядома не спыняўся на выдадзеных на працягу году альбомах: своеасаблівую "гарачую" дзесятку лепшых можна вызначыць і шляхам апытаньня чытачоў "НН". Гэтым разам хацелася найперш прасачыць тэндэнцыі. А іх, яшчэ раз паўтаруся, суцяшальных і аптымістычных, было ў 2003 годзе як ніколі шмат. З чым вас усіх і віншую!
Зьміцер Падбярэзскі



Сяргей Балахонаў. "Запяі мне песьню".
музычныя вынікі году
2003 год стаўся пераломным для сучаснае беларускае музыкі. Калі й незусім пераломным, дык паваротным дакладна. На высокім дзяржаўным ўзроўні было заяўлена пра мусовасьць падтрымкі айчыннага музычнага (вы)творцы. Зь ліпеня радыёстанцыі Беларусі абавязаныя выстаўляць у этэр 50% белмузпрадукту. Гэтая забавязанасьць, што выконваецца няцалкам, з рыпам і скрыпам, усё ж дала мажлівасьць прарваць заганнае кола моўчадзі, што подаўна існавала на радыёстанцыях у дачыненьні да нашых родненькіх музыкаў. Шэраг беларускіх музычных праектаў зрабіўся лёгка пазнавальным між розных катэгорыяў слухачоў ("Крамбамбуля", Зьміцер Вайцюшкевіч і "WZ-orkiestra", Аляксей Хлястоў, "Цягні-штурхай"). Нельга не адзначыць супольны тэлерадыйны захад з назовам "Беларуская абойма". У ім залучаюцца тры гіт-парады ("Кліп-абойма" на БТ, "Муз-абойма" на Радыё-1, "Топ-абойма" на Радиус-FM) з выразнай задачай прэзэнтаваць найперш беларускіх выканаўцаў. У навінавых блёках "Кліп-абоймы" нават зьнікла інфармацыя пра заходні, а галоўнае пра расейскі шоў-біз. Яе заступілі размаітыя паведамленьні пра дасягненьні шоў-бізнэсу наскага, які пачынае троху шаволькацца.
Пры ўсім гэным дужа няўцямна выглядае пазыцыя дырэкцыяў бальшыні FM-станцыяў дачынна да беларускае мовы. Напрыклад кіраўнік "Би-Эй" у інтэрвію з нагоды дня заснаваньня гэтага радыё, абсалютова без застрэму сумленьня распавядаў, як удаецца адольваць праблему 50%, у т.л. і за кошт "в первую очередь рускоязычной беларускай музычнай прадукцыі". Рэдкасным шанцаваньнем трэба валодаць, каб напаткаць беларускую мову ў этэры "Радиус-FM". Вялікі (20 пазыцыяў) радыюсаўскі гіт-парад "Чарт пабірай" фармуецца наагул без слухацкага ўдзелу. Часьцей мову пачуеш на "РОКС", але зазвычай пасьля апоўначы, калі чамусьці хочацца спаць нават вельмі сьведамым беларусам. Роксаўскі гіт-парад, дзе прысутнічала толькі заходняя й беларуская музыка пад восень кудысьці зьнік. Радыё-вэрсія інтэрнэт-праекту "Тузін гітоў" на "РОКСЕ" покуль дужа сырая.
Пра гэткі бэнкартоўскі (ублюдачны) праект як "Русское радио в Белоруссии" ўжо й рот раскрываць няварта. ""Русское радио" - больше, чем радио!" - цьвердзіць іхняя застаўка. Пра вашую особую миссию, господа, мы даўно ў курсе. Адна радасьць, што морыце нас "Руками вверх" ды іншымі шакаладнымі зайцамі, а ня танкамі і спэцпадразьдзеламі.
Дзівіць, што й на Радыё-1 у "Муз-абойме" сярод прапанаваных на спабор песьняў (а іх ад пачатку праекту прагучэла парадку 30-40) толькі 5-7 былі ў беларускай мове, дый тое пераважна фальклёрныя. Ігнараваньне сучасных белмоўных гуртоў пачынае выдаваць на дамэтную этэрную палітыку. Праграма Надзеі Кудрэйкі "Тры акорды" на той самай станцыі незаўжды гэтае даймо нэўтралізуе, хаця почасту дае станоўчыя ўражаньні ад цікавых сустрэч (Л.Вольскі, П.Паўлаў, гурт "BN", Зьм.Сасноўскі).
На правялікі жаль не паменшала ў этэры расейскіх выканаўцаў. Дырэкцыі бальшыні FM-станцыяў абсалютова ня дбаюць аб прапагандзе каштоўнасьцяў беларускага сувэрэнітэту, ставячы ў ратацыю сумнеўнага зьместу пясьнюлькі із словамі кшталту "забери меня Москва", "давай за нас - и за Сибирь, и за Кавказ", "Зажигай! Сделано в России". І гэта лічыцца нечым нармальным, самсобку зразумелым. Але - забіце мяне гарачым блінам - я аніяк не дабяру розуму: чаму песьня "Любэ" пра расейскія карныя фармаваньні ў Чачні ("Давай за") - гэта фармат, а філязафічная і проста прыгожая песьня NRM - пра наш непераадольны экзыстэнцыйны жах ("Лёгкія-лёгкія") - ужо нефармат? Спадарству час адфарматаваць собскія глузды ды весьці ўраўнаважаную этэрную палітыку, каб урэшце звацца ня толькі бізнэсоўцамі, але яшчэ й людзьмі.
Не зважаючы на ўсе "спагадлівыя" перапоны, беларуская мова гучэла сёлета з вуснаў выканаўцаў самых розных стыляў і кірункаў. Для некага гэта быў адно першы нясьмелы крок ("Краскі", "Лепрыконсы", Аня Багданава), а для кагосьці дастаткова мужны прарыў зь іншамоўнасьці ("DEADMARSH", "P.L.A.N."). Сваёй мудрай збалянсаванасьцю ў моўным пытаньні ўражваюць хлопцы з "Начнога парцье". Гурт сьпявае ў трох мовах (украінская, беларуская, расейская) ды імкнецца, каб найбольш гітовыя кампазыцыі мелі рознамоўныя варыянты (напр., "Час залишати"). Набліжаецца да чагось падобнага і гурт "J_МОРС". Кампазыцыя "Смотри", што цягам амаль году круцілася ў радыёэтэры, урэшце ператварылася ў "Глядзі", чаго так упорыста чакалі белмоўныя прыхільнікі. Спадзяюся, што гэта быў ня толькі падарунак да пяцідзесяцігодзьдзя Ўладзімера Арлова ад сыноў Рамана й Богдана, але й спаважная заяўка на далейшую беларусізацыю рэпэртуару калектыва. Маладая каманда "Харлі" (намінант "Залатога шлягера") упэўнена абвясьціла пра сваё творчае крэда, мала не цытуючы Францішка Багушэвіча. Сьпяваюць натхнёна і па-наску. Хацелася, каб яшчэ хоць троху жвавасьці й весялосьці, бо і ў песьні пра піва і ў "Танцах на палянцы" адчуваецца некаторая ненатуральная замаркочанасьць.
Досыць бянтэжліва выглядаюць разьлікі прадусараў гурта "Indigo" (адзін зь пераможцаў сёлетняга "Басовішча"): рыхтуюцца адразу два ідэнтычных альбомы ў беларускай і расейскай мовах адпаведна. Апошні варыянт імкнуцца прапіхнуць у Расею. Цікава, чаму "Океан Ельзи" ня робіць нічагуткі такога, а для ўсіх сьпявае па-украінску? І мае папулярнасьць нават сярод "клятих москалей". Што праўда, вакал салісткі "Indigo" нараджэнкі "супэрмэгаполіса Церахоўка" Русі зьявішча ў нашай рок-музыцы ўнікальнае.
Музычная беларусізацыя сёлета жадным чынам не зачапіла (прынамсі, навочна гэтага агледзіць не прыпала) каманды "Любовь и спорт", "Мадера Хард Блюз", "Стокс". Франтмэны калектываў на столькі наіўныя ў сваім цьверджаньні, што па-беларуску іх слухаць ніхто не пажадае, ажно з дубу ляснуцца можна. Хочам, паночкі, хочам. Ці народзіць наш попыт вашу прапанову? Змагайцеся за пашырэньне кола сваіх слухачоў.
Музычным прыколам года "Беларусь сегодня" пасьпяшалася абвесьціць трыб'ют NRM "Viza Незалежнай Рэспублікі Мроя". Насамрэч гэта не прыкол, а хутчэй прыклад імавернага этэру нейкага "Беларускага народнага FM" - рознастылёвы, шматнастраёвы і аднамоўны. Як бы ад гэтага кагось не перасмыкала...
Камэрцыйным посьпехам года стала безумоўна паўтаралітроўка "Крамбамбулі" ад Лявона Вольскага і сяброў. Гэты кампакт нават давалі ў падарунак новым абанэнтам аднае з кампаніяў мабільнае сувязі. Цешыць. Аднак узьнікае засьцярога, ці не перашкодзіць тое спадару Лявону ў наступным сьпяваць пра бел-чырвона-белае й "Пагоню". А хацелася б рэактуалізацыі музычнага даробку часоў Шушкевіча. Там жа былі спрэс гіты, якія ляжаць цяпер у архівах тэлерадыёкампаніі мёртвым грузам.
Своеасаблівым контрвысьпеткам па камэрцыялізацыі беларускае музыкі стаўся сёлетні альбом "Lusterka" культавай каманды "Ulis". Бальшыня кампазыцыяў на кружэлцы - наўмысьля негітовыя. Гэткі творчы сьцёб з Залюстроўя незусім уцямны, бо тыя 11 вар'яцкіх песьняў ня ў сілах выслухаць нават адданыя прыхільнікі. Больш эфэктыўна Слава Корань мог бы прасьцябацца, стварыўшы які-небудзь атожылкавы праект з назвамі кшталту "Крупнік" ці "Менская-5. З водарам апэльсына".
Сярод музычных паразаў 2003 года слушна будзе прызнаць творчыя пошукі гурта "Безь білета". Грозячыся заваяваць сусьветную сцэну (гэтак пры кожнай нагодзе сур'ёзьнічае лідэр), белмову адфутболілі, а на іншых языках ды languages нічога путнога стварыць ня здолелі. "Моя краина Белорусь" - значылася на афішках аб гомельскім выступе гэнага гурта. А прыз за адметную посткаляніяльную плюгату ў сукупнасьці з прэтэнзіямі на ўласную боскасьць заслугоўвае сёлета Кірыл Слука за шлягерочак-шлягерок "Белоруссия". Гэткім кандыбоберам хутка прычакаем працягаў накшталт "Западная Россия" ці "Северо-Западный край". Малпаваненьнем года без шкадобы варта паменаваць поп-групу "Шоколадки", якія ўбогенька капіююць стылістыку бясконцых расейскіх слашчавых дзевачак. Пра якую-кольвек арыгінальнасьць, апрычонасьць, індывідуальнасьць тутака і блізка няма базару. Недалёка ад іх шпацыруе праект Жанэт. Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Бурбалкі году - патугі раскруціць ангельскамоўную пяюшку Карыяну з касавураньнем на сьцежку "Эўравізіі". У выніку краса дзеўчына паціху спаўзае ў расейшчыну, сьпяваючы пра тое, што масква сьлязам ня верыць. Знаем-знаем, "рускае радзіва" казала.
Што да рэальных прэтэндэнтаў на выступ у конкурсе "Эўравізія-2004" ад Беларусі, дык справа глядзіцца надта цьмяна. Умовы нацыянальнага спабору досыць расплывістыя. Баюся, што ўжо зараз прэтэндэнты вызначаныя і рыхтуюцца да выступу ў Турэччыне (калі, канечне, дзеля пагрозы тэрактаў шоў не перанясуць у іншую краіну). Мяркуючы з узьнятай апошнімі месяцамі інфармацыйнай хвалі, гэтым выступоўцам ёсьць гурт "Краскі". Так ці ня так, але да Аксаны Кавалеўскай толькі адна просьба: "Запяі нам песьню". Малюпаська Волечка Сацюк на дзіцячай "Эўравізіі" ўжо запяяла і някепска.
Сяргей Балахонаў







рэкляма. чырвоная й банэрная:
банэр 100х100    банэр 100х100


угару - up



мы рэклямуем:
Руся & Indiga. Фэн-сайт
мы рэклямуем:
Новы дыск Gudy!




©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








Тузін Гітоў на Радыё Мінск
Тузін Гітоў 2005 на CD
Basowiszcza на Тузіне Гітоў
Энцыкляпэдыя беларускай папулярнай музыкі

Слушная афіша на Тузіне!