|
| |||||
|
![]() | ||||
|
Беларускі андэграўнд 60-70-х. Cумесны праект Радыё Unistar 99,5FM і «Тузіна Гітоў» Радыё Unistar 99,5FM і вядучы праграмы «Новая зямля» Віктар Сямашка прэзэнтуюць на старонках ТГ інтэрнэт-вэрсію ўнікальнага праекту «Беларускі андэграўнд 60-70-х» у дзевяці частках. Радыёвэрсія аднайменнай праграмы выходзіла на хвалях Unistar у пэрыяд з 03-01-2008 да 28-02-2008. «Да мяне шмат хто зьвяртаўся з пытаньнем, дзе паслухаць выпускі „Андэграўнду“ ў інтэрнэце, тады я ня ведаў што адказаць, а цяпер скажу з пэўнасьцю – на „Тузіне Гітоў“», - кажа Віктар Сямашка. Цягам больш чым двух месяцаў на ТГ будуць зьяўляцца выпускі «Беларускага андэграўнду» ў мр3 з унікальнымі запісамі і камэнтарамі ўдзельнікаў тагачасных рок-бэндаў. 1. Лёндан-Варшава-Менск На ТГ стартуе інтэрнэт-вэрсія праекту Радыё Unistar 99,5FM і вядучага праграмы «Новая зямля» Віктара Сямашкі. Першая частка прысьвечаная «падрыхтоўцы» – так можна назваць пэрыяд у гісторыі беларускага рок-н-ролу з 1964 па 1966 год. Менавіта тады музыкі пачынаюць самі майстраваць электрагітары, апаратуру і спрабаваць выконваць музыку, пачутую па замежных радыёстанцыях ды зь іншых крыніцаў. Самаарганізуюцца першыя гурты – «Альгарытмы», «Індэксы», «Пінгвіны», а «Гарадняне» ў 1964 годзе зьдзяйсьняюць першы (даволі кур'ёзны) рок-выступ. У 1966 годзе прагрэсіўны ансамбаль кінатэатру «Піянэр» удзельнічае ў здымках «Беларусьфільму». Падрабязнасьці й архіўныя запісы ў mp3-файлах. 2. Вечары ў РТІ «Тузін Гітоў» працягвае публікаваць аўдыё-вэрсію ўнікальнага праекту Радыё Unistar 99,5FM і вядучага праграмы «Новая зямля» Віктара Сямашкі. Тэмаю другога выпуску гісторыі айчыннага андэграўнду стаў менскі Радыётэхнічны інстытут. Менавіта гэтая вышэйшая навучальная установа з 1966 году становіцца неафіцыйным цэнтрам свабоднае музыкі, менавіта ў РТІ штосуботу выступае адна з самых папулярных «альтэрнатыўных» камандаў таго часу – група «Альгарытмы» ў складзе вядучага гітарыста Яўгена Канавалава, клявішніка Вячаслава Ксяндзова і вугорскага сьпевака Ленхарда Ёжэфа Томаса. 3. Біт-фэст На «Тузіне Гітоў» выкладаецца чародны выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля». Тэмаю трэцяе перадачы Віктара Сямашкі на Радыё Unistar стала 40-годзьдзе фэстывалю біт-ансамбляў, што праходзіў у Менску 12-14 красавіка 1968 году. Узноўноўленыя сьпісы ўдзельнікаў, унікальныя жывыя запісы з біт-фэсту і іншыя цікавыя падрабязнасьці першага на абсягу СССР такога кшталту рок-н-рольнага фэстывалю слухайце ў mp3-файлах. 4. Танцы цагельных заводаў Чацьверты выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля» на «Тузіне Гітоў». Вядоўца Радыё Unistar Віктар Сямашка распавядае пра «клюбнаю» менскую культуру пачатку 70-х гадоў XX стагодзьдзя. Менавіта ў клюбах цагельных заводаў будуецца цагліна за цаглінай айчынная контркультура. Менавіта там Уладзімер Мулявін знаходзіць ключавыя галасы для ансамблю «Песьняры». Падрабязнасьці, жывыя запісы з танцпляцовак і рэстарацыяў ў mp3-файлах. 5. Пане-Браце Каралямі «клюбнае» культуры канца 60-ых – пачатку 70-ых прызначаюцца «Пане-Браце». Гурт на чале з двума Ўладзімерамі Пятровічамі (Кандрусевічам і Вугольнікам) грае ў культавым месцы з назовам «Біржа» на 6-тым Чыгуначным завулку. Рэпэртуар прынцыпова складаецца ці зь беларускага ці з заходняга матэрыялу… Слухайце на ТГ пяты выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля». 6. Старыя хіпаны Шосты выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля» на «Тузіне Гітоў». Вядоўца Радыё Unistar Віктар Сямашка распавядае пра тое, як у 1968 годзе беларускія хіпі ўпершыню гучна заяўляюць пра сваё існаваньне, правёўшы стыхійны марш ля Палаца спорту. А ў 1970-м адбываюцца масавыя хваляваньні зь іх удзелам. Першая ахвяра міліцыі – хіпі Вячаслаў Максакаў… Падрабязнасьці, жывыя запісы з танцпляцовак і рэстарацыяў ў mp3-файлах. 7. Дзеці Элізы На «Тузіне Гітоў» выкладаецца сёмы выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля». Тэмаю чароднай перадачы Віктара Сямашкі на Радыё Unistar стала «хіпоўская» сыстэма 70-х. Хіпі праводзяць лясныя фэсты, ствараюць летнікі ля Нарачы й Аўгустоўскага каналу. Таксама праходзяць дзьве пратэстныя дэманстрацыі хіпі ў Горадні. А тым часам у Менску выходзяць на першы плян прадстаўнікі 2-ой рок-генэрацыі… Слухайце праграму ў mp3-файлах. 8. Эпоха Агдаму У «застойны» час зь сярэдзіны да канца 1970-ых надзвычай запатрабаваным кірункам робіцца джаз-рок. Яго прадстаўнікі на Беларусі – «Мінск», «Эльфы», «Вернасьць» (Віцебск). Іншыя аб’екты пашаны таго часу з андэрграўнднае сцэны - ансамбаль Валерыя Таржэцкага, гурт In Rock, «Унівэрсытэт»… Слухайце на ТГ восьмы выпуск аўдыё-вэрсіі музычна-дасьледчай праграмы «Новая зямля». 9. Карма лабуха «Тузін Гітоў» публікуе заключны дзявяты выпуск аўдыё-вэрсіі ўнікальнага праекту Радыё Unistar 99,5FM і вядучага праграмы «Новая зямля» Віктара Сямашкі. Гэты выпуск - разгорнуты пастскрыптум усёй праграмы. Героі старога андэграўнду сёньня, іх лёсы, а таксама абмеркаваньне праблем і пытаньняў, узьніклых падчас падрыхтоўкі ўсяго цыклю. |
|
|