.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
home
home


чырвона-банэрная рэкляма:



Заля славы беларускага рок-н-ролу



Новае Неба
Новае Неба

У віртуальную «Залю славы беларускага рок-н-ролу» на «Тузіне Гітоў» уваходзіць гурт «Новае Неба», які ў 1996 годзе запісаў альбом «Мая краіна» – пэўна, што самы своечасовы альбом у беларускай рок-музыцы. У сярэдзіне 90-х беларускі рок трымаўся на трох кітах. Акром «Мроі», што ў 1995 г. стала называцца N.R.M. і ULIS у эліту трывала ўвайшоў гурт «Новае Неба» з Касяй Камоцкай на вакале — па-сутнасьці першай беларускай rock-woman.
падрабязьней



Беларускі андэграўнд 60-70-х



Крама. Хворы на рок-н-рол
Крама

У віртуальную залю славы беларускага рок-н-ролу на “Тузіне Гітоў” уваходзіць гурт “Krama”, які ў 1993 годзе запісаў альбом “Хворы на Rock-n-Roll”. Рабілася тое цішком у студыі “Песьняроў” – штоноч гукаапэратар студыі й добры сябра “крамаўцаў” Аляксандар Папроцкі праводзіў музыкаў “уціхую”. Так зьявіліся “Будзь разам з намі”, “Бяжы, хлопец” ды іншыя песьні, якія, пэўна, ніколі ня згубяць сваёй актуальнасьці. Па ягоным выхадзе каманда адразу ж сталася адной з самых запатрабавальных у Беларусі, атрымала першую “Рок-Карону”, запісала вэрсію гэтага альбому для Ангельшчыны ды паехала скараць Маскву... падрабязьней



Аркадзь Эскін
Аркадзь Эскін: проста піяніст у “Залі Славы”

У гісторыі беларускага джаза не было такога мудрага, інтэлігентнага, тонкага музыканта, як Аркадзь Эскін. Але называць яго толькі беларускім музыкам было б памылкай: гэта быў музыка сьвету, здольны ў роўнай меры прадстаўляць дадзены яму звыш талент і на Ўкраіне, і ў Расеі, і ў кожнай часцы сьвету. Паколькі быў ён сапраўдным пасланцам музычнага мастацта. Быў… На вялікі жаль, даводзіцца казаць пра Аркадзя Эскіна ўжо ў мінулым часе. Зьміцер Падбярэзскі – пра Аркадзя Эскіна, які ўваходзіць у “Залю Славы” на “Тузіне Гітоў”. падрабязьней



Тры колеры. 1986 г.
Фэстывалю “Тры колеры” – 20 год

Гэтая дата да нашага часу не занесена ў каляндар памятных падзеяў беларускай рок-музыкі, а таму й не адзначаецца гучнымі імпрэзамі, ды зь ёй не віншуюць аматараў нацыянальнага року. Але не бяды: досыць таго, што падзеі 30 красавіка – 1 траўня 1986 году зафіксаваная ў друку, у памяці прысутных...
Матэрыял Анатоля Мяльгуя пра фэстываль “Тры колеры”, які стаў адпраўной кропкай true-беларускага року – у разьдзеле “Заля Славы”. падрабязьней



Фэлікс Аксёнцаў
Фэлікс Аксёнцаў

Пра паэта Фэлікса Аксёнцава, які напісаў словы да песьні “Радыё Свабода” і ўсіх астатніх гітоў “Улісу”, дзесяць гадоў не было чуваць. У 1996 г. ён зьехаў за акіян, пакінуўшы цікаўным зборнік вершаў “Пустая карта”.
Пра яго хадзілі неверагодныя чуткі: што прыняў будызм, што працуе ў пахавальнай канторы. Мы адшукалі аднаго з самых яскравых айчынных рок-паэтаў у канадзкім Ванкувэры, каб спраўдзіць чуткі, дазнацца, чым ён жыве цяпер, і ўзгадаць рок-н-рольную маладосьць.
Такім чынам, Заля Славы, Фэліск Аксёнцаў, "Мы атрымалі сваё" ... падрабязьней



Васіль Шугалей
Васіль Шугалей

Паўтары гады разам з намі няма Васіля Шугалея - бунтара, паэта і мастака, прадусара і шоўмэна. 15 год таму сабраўся залаты склад ягонай групы "Ы-Ы-Ы" - першай беларускай рок-групы, якая патрапіла на экраны ўсесаюзнага ТВ. Ня хочацца казаць патасных словаў і шукаць месца для Васі на палічцы сучаснай беларускай культуры. Ён быў. І ня зьнік бясьследна. Зусім нядаўна лідэр "Браво" Яўген Хафтан падрыхтаваў для выступу ў Менску праграму "Ветер знает". Тэкст заглаўнай песьні напісаў Шугалей, але Хафтан не хацеў афішаваць той выступ, як "канцэрт памяці". "Памяць мусіць быць унутры нас, а не на афішах", - сказаў маскоўскі рок-н-рольшчык.
Вася Шугалей са сваімі праектамі ўваходзіць у нашую віртуальную "Залю славы". падрабязьней



Мясцовы час
Мясцовы час

Адна з самых яркіх груп Беларусі - "Мясцовы час" - магла бы мець усё. Зрэшты, на пачатку 90-х амаль так і было. Дзякуючы шмат у чым "Мясцоваму часу", Наваполацак на караценькі прамежак часу меў ганаровы статус - сталіца беларускага рок-н-ролу. А "Мясцовы час" быў гонарам той сталіцы. Зорка зьзяла нядоўга, але музыка з шыкоўным вакалам Алеся Кузьміна засталася назаўсёды...
Узьлёт групы пачаўся зь гіт-параду. Песьня "Наш шлях" скарыла слухачоў радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" і перамагла ў адным з тураў галасаваньня ў 1988г. За наступныя два гады "Мясцовы час" упэўнена стаў у шэраг лепшых беларускіх рок-каманд, выдаў міньон на фірме "Мелодия", здымаўся на БТ і на "Беларусьфільме", а ў 1991г. атрымаў прыз "Лепшая група" на фэсьце "Басовішча". З кранальных эпізодаў у гісторыі групы - адзін зь яе акустычных выступаў адбыўся ў Полацкай Сафіі - дужа цікавы музычны праект, які не ацанілі належным чынам. падрабязьней



Ulis. Чужаніца
ULIS

У 1988г. Слава Корань сыходзіць з групы "Бонда" і ўтварае ўласны праект разам з басістам Сяргеям Краўчанкам. На пачатку 1989г. аскепак "Бонды" набыў свой назоў - "Уліс" і распачаў канцэртную дзейнасьць. Да Кораня з Краўчанкам далучыліся таксама перкусіяніст Валер Цыніцкі (таксама экс-"бондавец") і бубнач Кірыл Шэвандо (у 1990г. яго замяніў яшчэ адзін былы удзельнік "Бонды" Сяржук Кныш). У якасьці вакаліста запрасілі Андрэя Патрэя - раней ён працаваў грузчыкам у гурце "Сузор'е".
Першы выступ новай каманды адразу прынес посьпех - яны занялі другое месца на вельмі папулярным у тыя часы фэсьце "Тры колеры" (першай была "Мроя"). Першую праграму "Чужаніца" запісалі дзякуючы польскім сябрам. Хто ведае, калі б выйшаў першы прафесійна зроблены беларускі альбом, калі б не Яраслаў Гайда. Ён зьвёў "улісаўцаў" з Рычардам Шмітам, які праз некалькі год будзе прызнаны лепшым польскім гукарэжысэрам. Той пагадзіўся запісаць беларускую рок-каманду, хоць дагэтуль займаўся толькі сымфанічнай музыкай. падрабязьней



Мроя
Мроя

Навейшую айчынную рок-гісторыю можна ўмоўна падзеліць на два этапы - "песьняроўскі" і "мроеўска-энэрэмаўскі". "Мроя" - падмурак існаваньня "N.R.M.".
Ідэя "Мроі" паўстала ў 1981 годзе, тады яшчэ хлапчыска Леанід сьпяваў па-расейску, у 1983г. ён стаў Лявонам, а група "Фаворит" пераўтварылася ў "Мрою". Чыноўнікі былі шакаваныя "антысаветчынай" і толькі пасьпявалі забараняць ды разганяць канцэрты, покуль "Мроя" не набыла ў 1988г. атэстацыю ў гарвыканкаме з дазволам на канцэртную дзейнасьць.
У гэтым жа годзе "Мроя" выбухнула па-сапраўднаму. Тлумачыцца гэта ня толькі станаўленьнем удзельнікаў гурта, як музыкаў, але й зьнешнімі фактарамі: камсамольскія арганізацыі актывізавалі працу з моладзьдзю, рок-музыка пазбавілася ўсялякіх забаронаў, канцэрты й фэсты пачалі праводзіцца абсалютна легальна. падрабязьней



Бонда
Бонда

Гісторыя "Бонды" пачалася у "самаробнай" студыі на чацвертым паверсе Інстытута культуры. У 1985г. музыкі памянялі грувасткае "Студыя 7" на больш мілагучную "Бонду" і вырашылі сьпяваць толькі свае песьні і толькі на сваёй мове. Новую назву выбралі са сьпісу, што адмыслова склаў паэт Анатоль Сыс паводле "Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка" Вацлава Ластоўскага. Сярод прапаноў былі "Крама", "Брама", "Ронд", але ж усім спадабалася менавіта "Бонда".
Камсамольскія актывісты ўбачылі ў назве "аматарскага ВІА" крамолу - "бонда" ў іх асацыявалася з "бандай". Упэўнівалі камсамольцаў з дапамогай прафэсара Адама Мальдзіса, які даў шырокае тлумачэньне слову (гэта й луста хлеба, і кавалак зямлі, агульнае ж значэньне - частка ад цэлага). падрабязьней



Сузор'е
Сузор'е

ВІА "Сузор'е" можна лічыць першым рок-гуртом Беларусі ў поўным сэнсе гэтага слова, бо ніхто дагэтуль у нашай краіне не наважыўся граць такую "празаходнюю" музыку, пабудаваную на цяжкіх гітарных рыфах. Група арыентавалася ў асноўным на клясічныя хард-рокавыя традыцыі й сьпявала збольшага па-расейску. Хоць былі спробы зрабіць і беларускамоўныя праграмы.
Адна з такіх спробаў - рок-опэра паводле паэмы Міколы Гусоўскага "Песьня пра зубра".
На пачатак 80-х якраз прыпала хваля папулярнасьці гэтага твору, імя Міколы Гусоўскага было канчаткова вернута ў айчынную культурніцкую скарбонку. Запіс распачалі (запісана было ля 20 хвілінаў матэрыялу), але да канца работа не была даведзена, бо гэты праект трымаўся выключна на інтузіязме музыкаў). падрабязьней



Песьняры
Песьняры

Пакуль яшчэ не пачаліся тыя шматлікія канцэрты з гастролямі па ўсяму сьвету. Пакуль "Песьняры" не працавалі шчыра на масавага слухача, але ўжо тады чаргу па квіткі на іх канцэрт можна было параўнаць толькі з чаргой па іх жа кружэлкі ў музычнай краме. Пакуль музыкі яшчэ не заграхсьлі ў распусьце й не пачалі хварэць на "зоркавую" хваробу. Джон Ленан пакуль не сказаў тае легендарнай фразы: "Песьняры? Гэта лепшае, што я чуў!", а Пол Макартні, ў сваю чаргу, яшчэ не прапанаваў Мулявіну выступіць разам у Ляс-Вэгасе.
Была пакуль што толькі першая кружэлка-гігант "вокально-инструментального ансамбля под руководством Владимира Мулявина", якую потым для зручнасьці будуць называць па назвах запісаных там песень: "У полі вярба", "Касіў Ясь канюшыну", "Александрына", "Ты мне вясною прысьнілася" і г.д. падрабязьней



угару - up







Падрабязьней пра гісторыю славутых беларускіх музыкаў у кнізе "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (можна набыць на ўправе БНФ (Менск, Варвашэні, 8) ці замовіць праз "Кнігі-поштай")

Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net