. .
home
home


чырвона-банэрная рэкляма:



Мясцовы час


Мясцовы час Адна з самых яркіх груп Беларусі - "Мясцовы час" - магла бы мець усё. Зрэшты, на пачатку 90-х амаль так і было. Дзякуючы шмат у чым "Мясцоваму часу", Наваполацак на караценькі прамежак часу меў ганаровы статус - сталіца беларускага рок-н-ролу. А "Мясцовы час" быў гонарам той сталіцы. Зорка зьзяла нядоўга, але музыка з шыкоўным вакалам Алеся Кузьміна засталася назаўсёды...
У віртуальную залю славы на "Тузіне гітоў" уваходзіць "Мясцовы час" з беларускім музычным дыямантам "Наша ўскраіна".


Пачынала група пад назвай "Местное время" з адпаведным расейскамоўным рэпертуарам, але пад уплывам мясцовай інтэлегенцыі (Алесь Аркуш, Сяржук Сакалоў) і знаёмства з групай "Мроя" хлопцы вырашылі сьпяваць па-беларуску. За зьменай назвы на "Мясцовы час", вакаліст групы Аляксандр Алуф узяў прозьвішча маці і стаўся Алесем Кузьміным. Кажуць, што хацеў пазьбегнуць габрэйскага цэтліку.

Узьлёт групы пачаўся з гіт-параду. Песьня "Наш шлях" скарыла слухачоў радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" і перамагла ў адным з тураў галасаваньня ў 1988г. За наступныя два гады "Мясцовы час" упэўнена стаў у шэраг лепшых беларускіх рок-каманд, выдаў міньон на фірме "Мелодия", здымаўся на БТ і на "Беларусьфільме", а ў 1991г. атрымаў прыз "Лепшая група" на фэсьце "Басовішча".
З кранальных эпізодаў у гісторыі групы - адзін зь яе акустычных выступаў адбыўся ў Полацкай Сафіі - дужа цікавы музычны праект, які не ацанілі належным чынам...

У 1991г. на студыі "Арт" у Мазыры наваполацкая група запісала свой лепшы альбом - "Наша ўскраіна". Альбом, які нікога не пакіне абыякавым. Альбом, які будзе актуальны заўжды. Паслухаўшы "Нашу ўскраіну" можна ўпэўнена сказаць, што наваполацкія музыкі на год дзесяць апярэдзілі Менск у музычным і тэхнічным пляне. Ізноў жа, гэта засталося па-за ўвагаю.

"Мясцовы час" задыхаўся ў правінцыі, прыпыняў сваю дзейнасьць на некалькі год, потым ізноў адраджаўся, пакуль лідэр групы Алесь Кузьмін не зьехаў у Нямеччыну на сталае месца жыхарства. Пры канцы 90-х "Мясцовы час" выдаў свой апошні альбом - "Халі-галі" і самараспусьціўся праз адсутнасьць перспектыў.

Залаты склад групы (1988-1991):
Алесь Кузьмін - гітара, вакал
з 2001г. жыве ў Нямеччыне, музыкай не займаецца, рамантуе лядоўныя ўстаноўкі.
Вячаслаў Макас - бас, вакал
жыве ў Наваполацку, працуе ў чыгуначным дэпо.
Валер Драко - гітара
гукаапэратар у Полацкім ДК.
Алесь Сьвідрыцкі - бубны
адбыў турэмнае заключэньне, пра далейшы лёс не вядома.
Руслан Парфёнаў - клявішы
працягвае займацца музыкай, клявішнік групы "Стокс"

Сяргей Будкін
пры дапамозе Паўла Сьвярдлова і Сяргея Анішчанкі



Мясцовы час. Наша ўскраіна Мясцовы час. Наша ўскраіна
фірма "Каўчэг", 1992, МС

1. Вецер
2. Шлях дамоў
3. Далёкі сьвет
4. Ноч
5. Ускраіна
6. Я жыў
7. Час прысьпеў
8. Ноч у Караліне

Музыка: Валер Драко, словы: 1-4, 6, 7 - Алесь Кузьмін, 5 - Алесь Аркуш, 8 - Алесь Сьвідрыцкі.

MP3:
Увага! Азнаёмцеся з парадкам запампоўкі песьняў у разьдзеле MP3!

Вецер (3.872 Kb)
Ноч (3.077 Kb)
Я жыў (2.910 Kb)
Ноч у Караліне (6.902 Kb)


вярнуцца на галоўную "Залі славы"



угару - up







Падрабязьней пра гісторыю славутых беларускіх музыкаў у кнізе "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (можна набыць на ўправе БНФ (Менск, Варвашэні, 8) ці замовіць праз "Кнігі-поштай")

Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу



©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








каталёг песьняў