|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Песьняры
1967-1977. Нараджэньне рок-н-ролу на Беларусі
"Ты мне вясной..." - першы альбом самага удалага айчыннага музычнага праекту. Пакуль яшчэ не пачаліся тыя шматлікія канцэрты з гастролямі па ўсяму сьвету. Пакуль "Песьняры" не працавалі шчыра на масавага слухача, але ўжо тады чаргу па квіткі на іх канцэрт можна было параўнаць толькі з чаргой па іх жа кружэлкі ў музычнай краме. Пакуль музыкі яшчэ не заграхсьлі ў распусьце й не пачалі хварэць на "зоркавую" хваробу. Джон Ленан пакуль не сказаў тае легендарнай фразы: "Песьняры? Гэта лепшае, што я чуў!", а Пол Макартні, ў сваю чаргу, яшчэ не прапанаваў Мулявіну выступіць разам у Ляс-Вэгасе. Была пакуль што толькі першая кружэлка-гігант "вокально-инструментального ансамбля под руководством Владимира Мулявина", якую потым для зручнасьці будуць называць па назвах запісаных там песень: "У полі вярба", "Касіў Ясь канюшыну", "Александрына", "Ты мне вясною прысьнілася" і г.д. Выдадзена й запісана яна была фірмай "Мэлёдыя" ў 1971г., як прэзэнт "Песьнярам" пасьля ляўрэатства на IV Усесаюзным конкурсу артыстаў эстрады. А да гэтага часу музычнае жыцьцё на Беларусі ня надта віравала: існавалі колькі калектываў, што выконвалі моладзевую музыку. У красавіку 1968 г. у Менску нават прайшоў першы біг-біт фэстываль, у якім бралі ўдзел такія легендарныя асобы, як Генадзь Старыкаў, Андрэй Плясанаў, Уладзімер Угольнік, Яўген Канавалаў. Будучы ансамбль "Песьняры" на чале з Уладзімерам Мулявіным на той час ужо два гады працаваў пры менскай філярмоніі ў рэвю "Лявоніха". Тады ў групы была дзіўная назва - "Арбіта-66", праз некаторы час "шыльду" было вырашына зьмяніць на больш прывабную - "Лявоны". Музыкі акампанавалі розным танцорам ды куплетыстам, часам гралі свае песьні (у 1968 г. яны нават запісалі кружэлку-міньён). Удзел ва Ўсесаюзным конкурсе ўзьняў іх на вяршыню. Склад, які браў удзел у запісу кружэлкі (1970-1971): Уладзімер Мулявін (вакал, гітара) - у 2003г. памёр Валер Мулявін (рытм-гітара ,труба) - у 1974г. загінуў Валер Яшкін (арган) - у 90-х гг. памёр Леанід Тышко (бас) - цяпер працуе фармацэўтам у Ізраілі Валянцін Бадз'яраў (скрыпка) - займаецца камэрнай музыкай у Нямеччыне Уладзіслаў Місевіч (саксафон, флейта) - цяпер у групе "Беларускія Песьняры" Аляксандр Дзямешка (бубны) - на пэнсіі ў Маскве. Падчас запісу да калектыву далучыўся былы ўдзельнік ансамблю "Залатыя яблыкі" Леанід Барткевіч - ён выканаў адну з самых пасьпяховых песень альбому "Александрына" на словы Пятруся Броўкі. Рок-опэру "Гусьляр" гурт запісаў калі ўжо зазнаў посьпех - у 1978 г. Яе можна лічыць адзінай беларускай рок-опэрай, хоць аўтар музыкі да "Гусьляра" Ігар Лучанок выказваўся заўсёды супраць такога цэтліка . Аўтарытэтная інтэрнэтаўская "Гібралтарская рок- энцыкляпедыя" паставіла "Песьняроў" з "Гусьляром" у адзін шэраг з такімі выканаўцамі, як Франк Запа ды "Jethro Tull". "Гэта яскравы твор: цудоўныя арнажаваньні, вялікае майстэрства музыкаў - асабліва скрыпачоў; ідэальна сьпетыя вакальныя партыі", - так выказвазваецца аўтар артыкула пра "Песьняроў". Сапраўды, "Гусьляр" - твор на ўсе часы. "Песьняры" дамагліся аркестровага гучаньня (у запісу бралі ўдзел блізу 10 чалавек), ад таго твор стаўся яшчэ больш манумэнтальней. Пры крыху іншых абставінах "Песьняры" маглі бы быць уключаны ў сапраўдную Залю славы. Сяргей Будкін Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялаў пра "Песьняроў" Уладу Місевічу й Зьміцеру Падбярэзскаму. Песьні: Кружэлка "Ты мне вясною прыснілася": (1971, Мэлёдыя) 1. Ты мне вясною прыснілася (муз.Ю. Семяняка, сл. М. Шушкевіч)
2. Касіў Ясь канюшыну (апр. Ул. Мулявіна, словы народныя)
3. У полі вярба (апр. Ул. Мулявіна, словы народныя)
4. Ой, рана на Івана (апр. Ул. Мулявіна, сл. народныя)
5. Ручнікі (муз.М. Пятрэнка, сл. В. Вярба)
6. Скрыпяць мае лапці (апр. Ул. Мулявіна, сл. Народныя)
7. Пайдзём удоль вуліцы (апр. Ул. Мулявіна, сл народныя)
8. Александрына (муз.Ул. Мулявін, сл. П. Броўка)
9. Беларусь (муз.Ул. Мулявін, Ул. Скарынкін)
вярнуцца на галоўную "Залі славы" угару - up |
Падрабязьней пра гісторыю славутых беларускіх музыкаў у кнізе "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (можна набыць на ўправе БНФ (Менск, Варвашэні, 8) ці замовіць праз "Кнігі-поштай")
|
|