. .
home
home


чырвона-банэрная рэкляма:



Сузор'е


ВІА "Сузор'е" можна лічыць першым рок-гуртом Беларусі ў поўным сэнсе гэтага слова, бо ніхто дагэтуль у нашай краіне не наважыўся граць такую "празаходнюю" музыку, пабудаваную на цяжкіх гітарных рыфах. Група арыентавалася ў асноўным на клясічныя хард-рокавыя традыцыі й сьпявала збольшага па-расейску. Хоць былі спробы зрабіць і беларускамоўныя праграмы.

Сузор'е Адна з такіх спробаў - рок-опэра паводле паэмы Міколы Гусоўскага "Песьня пра зубра".
На пачатак 80-х якраз прыпала хваля папулярнасьці гэтага твору, імя Міколы Гусоўскага было канчаткова вернута ў айчынную культурніцкую скарбонку. Запіс распачалі (запісана было ля 20 хвілінаў матэрыялу), але да канца работа не была даведзена, бо гэты праект трымаўся выключна на інтузіязме музыкаў. Да ўсяго, публіка патрабавала крыху іншых песень (прыгадайма папулярнасьць у гэты час у СССР такіх груп, як "Земляне", "Машына времени"). Але ж амаль на кожным канцэрце "Сузор'я" быў абявязковым беларускі блёк песень - акром кавалкаў з рок-опэры "Песьня пра зубра" туды ўваходзілі такія песьні, як "На шляху дзікіх гусей" (словы Максіма Танка) і "Падарожжа", а таксама некалькі тэмаў з "Полацкага сшытку".

Што цікава, гурт нават узялі на сталую працу ў Філярмонію ў 1981г., іх дзейнасьць была "ўзаконеная". Да гэтага часу з 1977г. музыкі выступалі ў асноўным у сталічнай кавярні, якое й дало назоў групе - "Сузор'е". Але ўлетку 1983г. скончылася "культурніцкая адліга", выкліканая правядзеньнем у СССР Алімпійскіх гульняў. Міністэрства культуры вырашыла выправіць становішча ў савецкай музыцы ды забараніць дзейнасьць некаторых асабліва модных сярод моладзі музычных гуртоў. Сярод усіх пад гэтую справу трапіў і менскі гурт "Сузор'е". Па словах удзельніка калектыва Андрэя Філатава супраць іх былі накіраваныя колькі "гнеўных допісаў" і групу расфармавалі на загад Мінкульта БССР. Маўляў, "музыкі правакуюць моладзь на недастойныя паводзіны". Тым не менш, на працы у самой Філярмоніі ўдзельнікі гурта маглі заставацца. Праўда пры адной умове - адмовіцца ад свайго рэпертуару і акампанаваць дзяржаўным сьпявакам. Умову прыйшлося прыняць зь вядомых прычынаў - хацелася граць на добрай апаратуры ды атрымліваць зарплату. Хто ведае, мо пры сыходзе ў гэты час у падпольле, "Сузор'е" маглі стацца групай калібру "Машины времени"...

Часова музыкі аднаўлялі дзейнасьць "Сузор'я": у 1984г. яны запісалі самы першы айчынны магнітальбом "Рок-тэрапія" - з дапамогай стужкавага магнітафона й мікшэрскага пульта "Электроніка". Цікава, што на адной зь песень - "Где мы были вчера" (яна не ўвайшла ў канчатковую вэрсію) - на губным гармоніку падыграў Ігар Варашкевіч.

У 1988г. на "Мелодыі" выйдзе кружэлка "Сузор'я" пад назвай "Сентябрьская река". На яе быў шалёны попыт - прыйшлося рабіць другі наклад.
Канчаткова "Сузор'е" распалася ў 1991г. Аляксей Казлоўскі й Валянцін Пучынскі зьехалі ў Амэрыку, тамсама жыве і дае прыватныя гітарныя ўрокі Алекс Растопчын, Андрэй Філатаў і Аляксей Казлоўскі граюць зараз у "Mojo Blues" (а Філатаў яшчэ бубнач у "Краме"), Аляксандр Брынцаў сьпявае ў маскоўскіх рэстарацыях, Нэлі Дзянісава - ці ня лепшы жаночы вакал у гісторыі беларускага року - зараз сьпявае ў царкоўным хоры, Алег Несьцяровіч займаецца шэрагам музычных праектаў (самы апошні зь іх - група "Саванна").
На сваё 25-годдзе ў 2003г. гурт сабраўся ізноў, каб даць некалькі канцэртаў у тойсама кавярні на вул.Б.Хмяльніцкага, дзе ўсё пачыналася. Але гісторыя "Сузор'я" скончылася ўсё ж на мінорнай ноце: 26 верасьня 2003г. у Чыкага на 47-м годзе заўчасна памёр Валянцін Пучынскі..

Сяргей Будкін

Аўтар выказвае падзяку ў падрыхтоўцы матэрыялу Ігару Варашкевічу.


Песьні:
Увага! Азнаёмцеся з парадкам запампоўкі песьняў у разьдзеле MP3!

Песьня пра зубра (частка 1) (3.596 Kb)
Песьня пра зубра (частка 2) (7.291 Kb)
Стары мост (4.147 Kb)


вярнуцца на галоўную "Залі славы"



угару - up







Падрабязьней пра гісторыю славутых беларускіх музыкаў у кнізе "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (можна набыць на ўправе БНФ (Менск, Варвашэні, 8) ці замовіць праз "Кнігі-поштай")

Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу



©  Менск
2003-2006
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net








каталёг песьняў