|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Васіль Шугалей
Паўтары гады разам з намі няма Васіля Шугалея. 15 год таму сабраўся "залаты" склад яго групы "Ы-Ы-Ы". Ня хочацца казаць патасных словаў і шукаць месца
для Васі на палічцы сучаснай беларускай культуры. Ён быў. І ня зьнік бясьследна. Зусім нядаўна лідэр "Браво" Яўген Хафтан падрыхтаваў для выступу ў Менску
праграму "Ветер знает". Тэкст заглаўнай песьні напісаў Шугалей, але Хафтан не хацеў афішаваць той выступ, як "канцэрт памяці". "Памяць мусіць быць унутры нас,
а не на афішах", - сказаў маскоўскі рок-н-рольшчык. Магчыма, ягоная рацыя. Шугалей жыве ў памяці сваіх добрых сяброў, якія зараз аднаўляюць запісы
яго групы "Ы-Ы-Ы", у памяці яго сваякоў, у памяці прыхільнікаў, якія працягваюць пісаць цёплыя словы ў інтэрнэт-гасьцёўні. Шугалей жыве ў сваіх адвязаных
вершах. У сваёй графіцы - партрэтах звычайных людзей канца мінулага стагоддзя зь усімі іх недахопамі. А ягоны голас "Усё нармальна мама!" чутны і сёньня.
Хаця і мала хто памятае, што менавіта Вася першым па-хуліганску перапеў элвісаўскую That's Allright Mama: "Усё нармальна, мама, я купіў штаны/Усё нармальна мама,
брукі правільнай дліны". Калі толькі ўтварылася "Ы-Ы-Ы", Вася вучыўся ў музычнай вучэльні імя Глінкі па клясу "акадэмічныя сьпевы", але ў хуткім часе вучоба яму надакучыла. На першых запісах "Ы-Ы-Ы" можна пачуць, як ён намагаецца "вакалізаваць". Пазьней Шугалей пеў, як хацеў. Кажуць, што ён прагнуў славы, таму і рабіў кан'юктурныя праекты, каб хутчэй засьвяціцца і стаць знакамітым. Сапраўды, Вася заўсёды знаходзіўся ў руху, а лёс яго зводзіў з рознымі людзьмі - ад Арцемія Троіцкага - да намесьніка міністра культуры Расеі. "Ён быў надта таварыскі чалавек і валодаў такім здаровым нахабствам", - згадвае ягоны сябра і музыка Павал Юрцэвіч. Неяк Шугалей уварваўся ў грымерку заезжага маскоўскага артыста Малініна, хутка зь ім паразумеўся і даведаўся, што ёсьць замова на групу фальклорнага кшталту для паедкі на гастролі ў Японію. Вася паабяцаў, што праз тыдзень ён будзе мець запіс "легендарнай фолк-групы, якая выконвае беларускія народныя песьні ў сучаснай апрацоўцы", хоць аніякай групы тады яшчэ не было. Так, уласна, і зарадзіўся адзін з Васіных музычных праектаў - "БазЫлькі". У Японію яны так і не паехалі. Затое ўвайшлі ў гісторыю беларускай музыкі, як першая "фолк-мадэрн" група (назву стыля прыдумаў крыху пазьней лідэр "Палацу" Алег Хаменка). "Базылькі" пасьпелі даць некалькі канцэртаў у амбасадах замежных краін, запісаць альбом "Песенька мая хароша" у маскоўскай студыі І.Замараева і ўзяць удзел у культавай праграме "А" у 1991г.
Але ў яго асноўным на пачатак 90-х праекце "Ы-Ы-Ы" не было і намінкі на кан'юктуру. Праглядаючы відэазапісы тых год, можна ўбачыць, што публіцы тых часоў
Шугалей наўрад ці быў па зубох. Хоць усё было амаль у духе часу: Вася па-творчаму пераасэнсаваў антыэстэтызм Пятра Мамонава і арт-правакацыі ў стылі
Бананана з "Ассы". І, натуральна, дадаў уласных выкрунтасаў.Прасунутыя журналісты таго часу пісалі пра адзін з выступаў "Ы-Ы-Ы" адпаведным чынам: "На сцэне з дыму вынырнуў мужык, у яўна вузкім для яго касьцюме, з шырачэзным гальштукам, і стаў размахваць рукамі і дзёргацца сваім укормленым целам . "Гэта танец народаў Фрунзенскага раёну горада-героя Мінску" - абвесьціў ён. Потым хлопцы далі чаду!... Эфэкт быў такі, што гледачы іржалі, як кавалерыйскія коні, а журы скавытала ад захапленьня! "Ы-Ы-Ы" сабралася на дзень савецкай міліцыі, і пасьля трох дзён рэпетыцый скарыла град Магілёў, дзе на рок-фэсьце была другой пасьля мясцовай "Бі-2". Што пяялі апошнія - у памяці не засталося. Згадваецца толькі, што вакаліста "Бі-2" вынеслі на сцэну ў труне пад страшэнную музыку... А я ўсё ж улюбіўся ў "Ы-Ы-Ы"! Камунікатыўнасьць Шугалея завяла яго на Цэнтральнае тэлебачыньне. Дакладней, спачатку да Арцемія Троіцкага, які засмуціў беларусаў і вынес прысуд: усе іх музычныя экспэрымэнты нічога ня вартыя. Праўда, пахваліў адну зь песень Шугалея "Подруга" і даў назву стылю групы - "пато-рок". Дзякуючы Троіцкаму, Вася са сваёй групай засьвяціўся на ўвесь Савецкі Саюз: у ноч з 31 сьнежня 1990г. на 1 студзеня 1991г. (якраз на Васін дзень нараджэньня) іх паказалі на ЦТ у прасунутай праграме "А". Раней подобны гонар зь беларусаў мелі хіба "Песьняры", "Сябры" і "Верасы". Але па хуткім часе група запісала альбом "Только для девочек" на студыі Беларускага радыё і развалілася. "Вася кідаў свае праекты, калі разумеў, што больш і лепш ужо не атрымаецца", - кажа Юрцэвіч, які працаваў пазьней з Шугалеем над праектам "Чоко і Боко". Запісы тых шалёных часоў захаваліся толькі на касэтах, стужка якіх ужо асыпаецца. Цяпер былыя ўдзельнікі "Ы-Ы-Ы" займаюцца іх аднаўленьнем... Сяргей Будкін Падрабязьней пра "Ы-Ы-Ы" і Васю Шугалея - у "БДГ.Деловая газета" № 1571-1572 за 2005г. MP3: Увага! Архіўныя запісы! Азнаёмцеся з парадкам запампоўкі песьняў у разьдзеле MP3! Ы-Ы-Ы. З плыткі "Только для девочек": Подруга (2.330 Kb) Усё нармальна, мама! (2.882 Kb) Ламбада (3.005 Kb) Птицы (2.335 Kb) Ы-Ы-Ы. З плыткі "Очищение зубов": Надежда (3.622 Kb) БАЗЫЛЬКІ. З плыткі "Песенка мая харошая": Голуб во лузях (1.566 Kb) Пасею гурочкі (2.081 Kb) Сядьмо, мамка, павячэрай (2.464 Kb) Дарэчы! 21 лютага 2008г. ў гіт-парадзе "Тузіна Гітоў" прагучаў кавэр "Крамбамбулі" на песьню "Усё нармальна мама": «Крамбамбуля»: «Усё нармальна, мама!» Праект «Крамбамбуля» перасьпявала на свой манер самую вядомую песьню хулігана і шоўмэна Васі Шугалея. Песьня «Ўсё нармальна, мама!» стала ня толькі візытоўкай скандалістаў з гурта «Ы-Ы-Ы», але і пазыўнымі адной вядомай праграмы Беларускага тэлебачаньня. Лявон Вольскі: «Мы трохі перапрацавалі тэкст, але настрой застаўся тойсама. Спадзяюся, што не папсавалі:)»... вярнуцца на галоўную "Залі славы" угару - up |
|
|