|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
ULIS (1989 ...)У 1988г. Слава Корань сыходзіць з групы "Бонда" і ўтварае ўласны праект разам з басістам Сяргеям Краўчанкам. На пачатку 1989г. аскепак "Бонды" набыў свой назоў - "Уліс" і распачаў канцэртную дзейнасьць. Да Кораня з Краўчанкам далучыліся таксама перкусіяніст Валер Цыніцкі (таксама экс-"бондавец") і бубнач Кірыл Шэвандо (у 1990г. яго замяніў яшчэ адзін былы удзельнік "Бонды" Сяржук Кныш). У якасьці вакаліста запрасілі Андрэя Патрэя - раней ён працаваў грузчыкам у гурце "Сузор'е". Першы выступ новай каманды адразу прынес посьпех - яны занялі другое месца на вельмі папулярным у тыя часы фэсьце "Тры колеры" (першай была "Мроя"). Першую праграму "Чужаніца" запісалі дзякуючы польскім сябрам. Хто ведае, калі б выйшаў першы прафесійна зроблены беларускі альбом, калі б не Яраслаў Гайда. Ён зьвёў "улісаўцаў" з Рычардам Шмітам, які праз некалькі год будзе прызнаны лепшым польскім гукарэжысэрам. Той пагадзіўся запісаць беларускую рок-каманду, хоць дагэтуль займаўся толькі сымфанічнай музыкай. Вельмі дапамог у фінансавым пляне Ян Максімюк - перакладчык знакамітага твору Джэймса Джойса "Уліс" на беларускую мову - ён сабраў большую частку грошаў, патрэбных для запісу. Увосень 1989г. гурт прыехаў на некалькі дзён у горад Ольштын, каб запісаць альбом, які ў далейшым вызначыць узровень айчыннага рока пачатку 90-х. Хоць часу на запіс было вобмаль - усяго тры дні - музыкі зрабілі 11 песень. На "Чужаніцу" патрапілі па розных прычынах тэхнічнага кшталту толькі восем. Астатнія былі ўпершыню выдадзены на СД-выданьні "Чужаніца" да 15-годдзя гурта ў 2004г. Касэтны варыянт хадзіў па рукох беларускіх мэляманаў ажно два гады, пакуль у 1991г. фірма "Мэлёдыя" не выдала "Чужаніцу" масавым накладам на кружэлцы. Вокладку ў стыле мінімалізм аформіў мастак Міхал Анемпадыстаў. Альбом выбухнуў і з галавой накрыў усё, што была да яго. Адам Глобус у сваіх нататках пра гурт у 1991г. назваў "Чужаніцу" наогул Першым беларускім альбомам, празь які была пяройдзеная мяжа, што падзяляла зборкі песень і ўласна альбомы. Што праўда, знакавасьць "Чужаніцы" дайшла да масаў не адразу. На пачатку было прызнаньне за мяжой - у той жа Польшчы, Эстоніі, Нямеччыне. "Навошта нам садраныя "U-2", калі лепей паслухаць арыгінал", - пісаў магілёўскі часопіс "Окарак". "Іх рок сапраўды нічога не варты для вушэй, якія не чуюць гармоніі", - а дказвала на гэта нямецкая прэса. Арцемій Троіцкі назваў "Уліс" у адным зь інтэрвію адной зь лепшых групаў Саюзу. Наступныя два альбомы "Уліса" - "Краіна доўгай белай хмары" й "Танцы на даху" ня горшыя, а ў нечым нават лепшыя за "Чужаніцу", але менавіта першы альбом "Уліса" кранае найбольш. Як тут не прыгадаць яшчэ раз Глобуса: "Чужанiца" для многiх застаецца лепшым рок-творам : як першае каханьне, як першае слова, што скажа тваё дзiця". "Чужаніца" - гэта сапраўдны тэстамэнт, яшчэ належным чынам неацэнены ды непрачытаны. "Уліс" узору 1989г.: Слава Корань (гітара), С.Краўчанка (бас), А.Патрэй (сьпеў), В.Цыніцкі (пэркусія), К.Шэвандо (бубны), Ф.Аксёнцаў (тэксты). Сяргей Будкін Адмысловая падзяка ў падрыхтоўцы матэрыялу Славе Кораню
Уліс. Чужаніца.самвыдат, 1989, МС фірма "Мэлёдыя", 1991, LP фірма "Каўчэг", 1996, MC БМА-груп, 2004, CD 1. Краіна ў кратах 2. Пляц Францыска 3. Гэстапа 4. Іржавыя дні 5. Акторка 6. Чужаніца 7. Калі імперыя зьнікне 8. Пакуль сьпяваю 9. Мы прыйдзем сюды 10. Цягнік на Нясьвіж 11. Канкістадоры MP3: Увага! Азнаёмцеся з парадкам запампоўкі песьняў у разьдзеле MP3! Краіна ў кратах (3.423 Kb) Пляц Францыска (4.272 Kb) Цягнік на Нясьвіж (3.739 Kb) вярнуцца на галоўную "Залі славы" угару - up |
Падрабязьней пра гісторыю славутых беларускіх музыкаў у кнізе "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (можна набыць на ўправе БНФ (Менск, Варвашэні, 8) ці замовіць праз "Кнігі-поштай")
|
|